ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Ён меў прыроджаную душу паэта…”: ці памятаеце вы герояў твораў школьнай праграмы па беларускай літаратуры?
Мір і бяспека для ўсіх народаў

«Маладнякоўскі» Бялінскі

«Маладнякоўскі» Бялінскі
Іншыя навіны

Да 120-годдзя Адама Антонавіча Бабарэкі.

Віртуальны праект «На хвалі часу, у плыні жыцця», прымеркаваны да 100-годдзя Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк», які распрацоўвае Нацыянальная бібліятэка Беларусі пры ўдзеле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, працягвае знаёміць маладых чытачоў «М» са знакамітымі «маладнякоўцамі».

Адам Антонавіч Бабарэка – празаік і паэт, удумлівы філосаф, першы крытык, які распрацоўваў метадалагічныя пытанні літаратуразнаўства, – адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў літаратурна-мастацкіх згуртаванняў «Маладняк» і «Узвышша». «Маладнякоўскі» Бялінскі – так называлі яго ў 1920-я гады.

Ён мала пражыў, але за кароткі тэрмін працы паспеў аказаць вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры, намагаючыся падняць яе на новы ўзровень. Так атрымалася, што адзін з выбітных літаратуразнаўцаў 1920-х гадоў не выдаў ніводнай сваёй кнігі крытыкі: артыкулы яго засталіся рассыпанымі па перыядычных выданнях – «Савецкай Беларусі», «Маладняку» і «Узвышшы». Ён загінуў у 1938-м – памёр у лагернай бальніцы, і яго асабовую справу здалі ў архіў 139-й.

Асоба таленавітага крытыка доўгі час была мала вядомая. Аднак пасля 1960-х даследчыкі гісторыі беларускай літаратуры не маглі не звяртацца да яго творчасці. Без спасылак на А. Бабарэку не абыходзіліся работы Ю. Пшыркова, Н. Перкіна, С. Карабана, М. Мушынскага. Але для шырокага кола чытачоў ён яшчэ доўгі час заставаўся ў цені. Выхад у 2011 годзе шыкоўнага Збору твораў Адама Бабарэкі быў падрыхтаваны дачкой пісьменніка Алесяй Бабарэка, а таксама Ганнай Запартыка і Віктарам Жыбулем. У двухтомніку сабраны паэзія, проза, публіцыстыка, філасофія, дзённікі, лісты, літаратурна- крытычныя працы. Цікавая гісторыя захавання рукапісаў: падчас ператрусу, які пачаўся ўслед за арыштам, чэкісты іх не знайшлі, а ўсё дзякуючы таму, што жонка пісьменніка схавала дакументы ў ложку, на якім нібыта спала дачка.

Што за чалавек Адам Бабарэка, якую спадчыну ён пакінуў? Вельмі добра пра гэта расказвае выстаўка дакументаў і фотаздымкаў, прадстаўленая Віктарам Жыбулем падчас працы XIX Узвышаўскіх чытанняў у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, прымеркаваных да юбілею пісьменніка. Экспазіцыя ахапіла перыяд ад яго нараджэння да ўшанавання памяці тымі, хто разумеў, якой цяжкай і напружанай мусіла быць яго праца ў той час – у самым пачатку станаўлення савецкай літаратуры. Асабіста на мяне Адам Бабарэка як крытык і даследчык робіць вялікае ўражанне. Яго імпэт выклікае і добрую зайздрасць, і моцнае жаданне імкнуцца працаваць больш, як рабіў гэта ён.

Маладняк.png

«Маладняк». У першым радзе: М. Чарнушэвіч, А. Бабарэка, А. Вольны, Я. Пушча, А. Александровіч; у другім радзе: А. Гурло, М. Зарэцкі. 1925-1926 гады. З фондаў БДАМЛМ

Вельмі яскрава згадвае Адама Бабарэку Янка Скрыган: «Ён вельмі добры і ад гэтай дабраты сваёй нават крыху меланхалічны. Ён любіць слухаць, трошкі набок схіліўшы галаву, гаворыць ціхім, кволым голасам, як бы баючыся, каб не пакрыўдзіць цябе… Ён крытык, маладнякоўскі Бялінскі, і відаць, што яго не баяцца, а паважаюць».

Будучы пісьменнік і крытык паходзіў з сям’і шаўца. Бaцькa, пpaцaвiты чaлaвeк, paнa пaмёp aд cyxoтaў. Адaм вyчыўcя ў Слyцкaй шкoлe, пoтым закoнчыў Мiнcкyю дyxoўнyю ceмiнapыю і пpaцaвaў нacтaўнiкaм y вёcкax Слyччыны. Падчас польскай ваеннай інтэрвенцыі быў удзельнікам камуністычнага падполля, пра што напісаў успа-міны, якія выйшлі ў часопісе «Маладняк» у №№ 2-3 за 1924 год.

«Дзень і ноч у пачатку ліпеня стракаталі лясы і польскія жаўнеры, як спуджаныя вароны, уцякалі разбродна да Варшавы. Чырвоная армія націскала з Усходу, а мы з тылу не давалі доўга апамятацца і баранілі вёскі ад рабаўніцтва малымі часткамі, а вялікімі адсякалі хвасты».

Урывак з першага верша Адама Бабарэкі «Я не пявец», які быў надрукаваны ў «Савецкай Беларусі» ў 1920 годзе, яскрава перадаў яго творчае крэда, жаданне працаваць у літаратуры. Але Адам адчувае, што яго кірункам павінна быць не мастацкая літаратура, а нешта іншае, яшчэ мала распрацаванае. Пісьменнік становіцца літаратурным крытыкам.

Я не пявец і не паэта!
Ня ўмею складна я казаць.
Душа-ж кіпіць, агнём сагрэта,
Агнём, ўзгарэўшым будаваць.

Першыя літаратурныя спробы Адама Бабарэкі адносяцца да 1918 года. Яго апавяданне «То толькі сон…» выйшла пад псеўданімам Янка Кужаль у газеце «Звон» 8-12 верасня 1919-га, праз год пасля напісання. У 1920-х творы Бабарэкі пачалі з’яўляцца на старонках беларускіх газет пад псеўданімамі і крыптанімамі Анінскі, Гаротны, Каліна Якім, Малады Настаўнік, Рэка А., Чырвоны Адам, Чэмер А., Чырвоны, Кужаль Янка, А.Б., А.Б-ка, А-м Б-а, А.Ч., Гаротны Адам. Мяне зацікавіла паходжанне псеўданіма Анінскі. Даследчыкі тлумачаць яго сустрэчай з будучай жонкай Ганнай.

Бабарэка з сямёй.png

Адам Бабарэка з жонкай Ганнай, дочкамі Алесяй (злева) і Элеанорай

У 1920-я гады шлях беларускага пісьменніка ў літаратуру пачынаўся са старонак «Савецкай Беларусі». Большасць пісьменнікаў «Маладняка» дэбютавалі менавіта ў гэтай газеце. Першы яе нумар выйшаў 1 лютага 1920 года. І ў той жа год з’явілася ў ёй сем публікацый Адама Бабарэкі. На жаль, у Нацыянальнай бібліятэцы не захавалася нумароў за 1920-ты з творамі гэтага аўтара.

Прозу Бабарэка пісаў на працягу сямі гадоў, апублікаваў больш за дваццаць твораў, якія мелі розныя жанрава-стылявыя характарыстыкі: гумарыстычныя і сатырычныя апавяданні, «бытавыя малюнкі», успаміны, алегарычныя навелы ў стылі коласаўскіх «Казак жыцця», імпрэсіі-прыпавесці. Яго першае апавяданне «То толькі сон…» выдзяляецца з агульнага шэрагу, яго можна аднесці да ўтапічнага жанру (гетэратопіі). У ім аўтар паказаў сваё бачанне ідэальнай дзяржавы, у якой «кожны працуе для ўсіх і ўсе для аднаго». Зразумела, чаму яно было напісана: 1918-ты – час утварэння новай дзяржавы. У беларускай літаратуры пачынаў фарміравацца жанр фантастычнай прозы: у 1920-я пракладвалі яму шлях Вацлаў Ластоўскі (філасофска-фантастычнай аповесцю «Лабірынты», 1923), Андрэй Александровіч (навукова-фантастычным апавяданнем «Палёт у мінулае», 1924), Змітрок Астапенка (навукова-фантастычным раманам «Вызваленне сіл», 1932) і Янка Маўр (навукова-фантастычным творам «Аповесць будучых дзён», 1932). Але ў Адама Бабарэкі раней за гэтыя выйшаў твор, які таксама можна аднесці да філасофска- фантастычнага жанру.

Некаторыя празаічныя творы Бабарэкі захаваліся ў рукапісах, у тым ліку на старонках нататнікаў, дзе многія запісы ўяўлялі сабой кароткія імпрэсіі, пэўныя накіды і характарыстыкі персанажаў, што так нагадвае малую прозу – самадастатковую форму «нататніка пісьменніка», якая атрымала сваё актыўнае развіццё ў беларускай літаратуры канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя.

К.Чорны-А.Бабарэка. 1925.jpg

Кузьма Чорны і Адам Бабарэка. Ліпень 1925 года. З фондаў БДАМЛМ

У спадчыне Бабарэкі толькі адна кніга – «Апавяданні» (1925) – выдадзена ў серыі «Кніжніца “Маладняка”». З поўным яе тэкстам можна пазнаёміцца ў межах віртуальнага праекта на партале НББ. Пасля выхаду гэтай кнігі пісьменнік канчаткова пераключаецца на літаратурна-крытычную творчасць, адчуваючы недахопы сваіх мастацкіх работ. У крытыцы ён дасягае вяршынь, становіцца даследчыкам высокага ўзроўню. Вось толькі працаваць яму застаецца не больш за дзесяць гадоў. Да таго ж, напружанасць моцна падрывае здароўе, і Адам захворвае сур’ёзна – на сухоты. ЦБ «Маладняка» звяртаецца ў ЦК КП(б)Б з просьбай накіраваць яго на Каўказ для лячэння. Просьба выконваецца: Бабарэка едзе ў Крым, аднак па вяртанні адразу бярэцца за тую ж самую напружаную працу.

Трэба адзначыць, што творчасць Адама Бабарэкі адлюстравала складаны шлях станаўлення беларускай літаратурнай крытыкі. Але як пашанцавала згуртаванню «Маладняк», што адным з яго стваральнікаў стаў крытык, які праводзіў глыбокі аналіз літаратурных работ пісьменнікаў-пачаткоўцаў! Па першым часе гэта былі толькі жывыя пераказы, якія друкаваліся ў часопісе «Полымя». Аднак першыя метадалагічныя прынцыпы беларускай марксісцкай крытыкі пачалі ім распрацоўвацца ўжо ў час выхаду часопіса «Маладняк». Ён кіраваўся ўзгодненымі прынцыпамі «Маладняка», а сам стыль мыслення маладнякоўцаў быў «калектывісцкім». У сваіх першых літаратуразнаўчых артыкулах Бабарэка выказваў супярэчлівыя думкі ўсяго аб’яднання, марыў, што «Маладняк» «уздыме беларускую культуру на ўзровень іншых народаў».

«Маладняк – за станаўленне “маладога мастацкага” ў беларускай літаратуры, за новы кірунак – маладнякізм, як адзіную форму, здольную ў сабе зьмясціць усю мнагаграннасьць грамадзкага руху», – так ён вызначае асноўны кірунак дзейнасці згуртавання. Менавіта ён уводзіць ва ўжытак уласныя тэрміны – «адраджанізм» і «маладнякізм».

Для Бабарэкі «маладнякізм» быў рухам, які пазіцыянаваў калектыўную мастацка-літаратурную сілу, адмаўленне ад індывідуальнага погляду мастака на свет. У гэты час ад пісьменнікаў «жорстка патрабуюць пэўных тэм, раскрытых пэўнымі мастацкімі сродкамі. Партыйная крытыка катэгарычна дыктуе жанры і падыходы. Знікае само паняцце свабоды творчасці – якраз тады, калі пісьменнікі выходзяць на той ўзровень, калі гэта свабода найбольш патрэбная» (Г. Севярынец).

Апавяданні-1925.jpg

«Апавяданні» (1925). З фондаў НББ

У 1926 годзе ў «Маладняку» наспеў крызіс, які паўплываў на стаўленне Бабарэкі да згуртавання, і разам з пяццю пісьменнікамі (З. Бядуля, У. Дубоўка, К. Крапіва, Я. Пушча і К. Чорны) ён стварыў «Узвышша», дзе сваю літаратуразнаўчую дзейнасць разгарнуў ужо на поўную моц.

Як крытык ён вылучае сярод пісьменнікаў шэраг постацей, якія сваёй творчасцю ўплываюць на развіццё літаратуры. У прозе гэта Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны, у паэзіі – Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Якуб Колас, Янка Купала, Алесь Гарун, Максім Багдановіч. Высока ён ацэньвае творчасць Уладзіміра Дубоўкі і Язэпа Пушчы, сваіх сяброў, а таксама Паўлюка Труса, дае ўсебаковы аналіз коласаўскай паэмы «Сымон-музыка». Плануе напісаць кнігу пра жыццё і творчасць Язэпа Пушчы пад назвай «Супроць ветру», але рыхтуе толькі адзін раздзел. Накіды яго ўвайшлі ў Збор твораў.

Адам Бабарэка першым з маладых крытыкаў пачаў гаварыць пра неабходнасць вывучэння старажытнай беларускай літаратуры, творчасці Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага. Яго вельмі хваляваў узровень развіцця беларускай крытыкі – ён прысвяціў гэтаму шэраг палемічных артыкулаў. З часам планаваў выдаць кнігу «Матэрыялы да гісторыі літаратурных нораваў у Беларусі», добра разумеючы, што літаратурны працэс 1920-х гадоў стане аб’ектам даследавання ў будучыні. Але яна не была завершана.

Старонка нататніка А.Бабарэкі.jpg

Старонка нататніка Адама Бабарэкі. З фондаў ДМГБЛ

Адам Бабарэка быў арыштаваны ДПУ БССР 25 ліпеня 1930 года ў Мінску па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 года як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» ён асуджаны за «антысавецкую агітацыю» і прыгавораны да пяці гадоў высылкі. Год прабыў у мінскай турме, а высылку адбываў у горадзе Слабадскі Кіраўскай вобласці, з канца 1934 года – у Кіраве (Вятка), дзе працаваў бухгалтарам. Пяцігадовая ссылка была прадоўжана бeз aнiякix пaдcтaў нa двa гaды, a ў 1937 гoдзe пa cфaбpыкaвaным aбвiнaвaчaннi Бабарэку яшчэ acyдзiлi нa дзecяць гaдoў знявoлeння ў лагерах. Адбывaў пaкapaннe ў пacёлкy Княж-Пaгocт Кoмi АССР, пoтым нa Пoўнaчы, дзe i памёр y бальніцы.

Але і ў высылцы пісьменнік адчуваў сваё прызванне і прызначэнне, неабходнасць напісання крытычных артыкулаў і арганізацыі літпрацэсу: пісаў літаратуразнаўчыя і філасофскія доследы. Вялікую частку другога тома Збору твораў займае яго эпісталярная спадчына: лісты да жонкі, сям’і і сяброў – Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы і Антона Адамовіча з высылкі.

«Калі чытаем ягоны сямейны эпісталярый, перад намі паўстае чалавек незамглёнай чысціні і высакароднасці, дабрыні і чуласці, і ўсё тое, што ён мог бы зрабіць як творца, растае перад фактам таго, кім ён натуральна быў для сваіх блізкіх і ад каго быў навекі адарваны. Рамантык і думаннік, добры муж і тата, інтэлігент у смешных круглых акулярах, Адам Бабарэка быў раструшчаны ГУЛАГам літаральна за паўгода…» (Ц. Чарнякевіч).

Пpa тpaгiчны лёc Адaмa Бaбapэкi пpaўдзiвa pacкaзaў М. М. Ількeвiч y кнiзe «Адaм Бaбapeкa. Аpecт – лaгepь – cмepть» (1999), выдaдзeнaй у cмaлeнcкiм выдaвeцтвe «Пocox». Пры падрыхтоўцы кнігі аўтар шырока выкарыстаў дакументы з архіваў Федэральнай службы бяспекі Расіі, ведамасных і асабістых архіваў, – дакументы, якія падрабязна расказваюць пра расправы з выгнаннікамі з БССР.

Апошні ліст А.Бабарэкі да сямі-1938.jpg

Апошні ліст Адама Бабарэкі да сям’і. 1 кастрычніка 1938 года. З фондаў БДАМЛМ

У пачатку 2019 года пачаў працу сумесны праект, прымеркаваны да святкавання 100-годдзя «Маладняка», – «Праект чатырох», які рэалізуецца чатырма арганізацыямі і набірае сілу. Вось што гаворыць Эліна Карлаўна Свірыдовіч, загадчык навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры: «Нам хочацца шырока прадставіць дзейнасць членаў “Маладняка”, што дасць магчымасць звярнуцца да творчасці не толькі выбітных пісьменнікаў – Петруся Броўкі, Кандрата Крапівы, Максіма Лужаніна і іншых, але закрануць лёсы і менш вядомых аўтараў, якія рана пайшлі з жыцця, трапіўшы ў засценкі НКУС. На працягу гэтага года мы запланавалі адзначыць юбілеі сяброў “Маладняка” – В. Маракова, М. Хведаровіча, П. Труса, А. Бабарэкі, М. Лужаніна, А. Дудара. Падобна таму, як у Нацыянальнай бібліятэцы рэалізуецца віртуальны праект "На хвалі часу, у плыні жыцця", у музеі рэалізуецца праект "Залатая раніца беларускага адраджэння", прысвечаны творчасці пісьменнікаў міжваеннага перыяду. Такая сумесная праца дапаможа засяродзіць большую ўвагу грамадства на творчасці літаратурнага згуртавання, якое дзейнічала ў 1920-х гадах».

Нацыянальная бібліятэка Беларусі працягне віртуальны праект «На хвалі часу, у плыні жыцця» ў студзені 2020 года новым раздзелам, прысвечаным Уладзіміру Хадыку (1905-1940) – беларускаму паэту, перакладчыку, які ў кастрычніку 1937 года быў асуджаны на дзесяць гадоў пазбаўлення волі і на пяць гадоў пазбаўлены грамадзянскіх правоў, але і ў зняволенні працягваў пісаць.

Аўтар публікацыі: Таццяна Лаўрык.

Крыніца: Маладосць

Навіны

“Мы зарунелі на беларускіх загонах”: раннія творы маладнякоўцаў у беларускіх газетах 1917–1922 гг.

22 Вер 2019

Газеты можна параўнаць з летапісамі – на іх старонках занатаваны падзеі, якія пакінулі след у гісторыі, праз іх мы можам зазірнуць у мінулае і адчуць яго атмасферу. Паспрабуйма з дапамогай беларускіх газет 1917–1922 гадоў прасачыць, як сталелі тыя, хто ўвайшоў у склад Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”.

Навіны бібліятэк

Які лёс беларускіх прыватных бібліятэк?

20 Вер 2019

Зборнік “Рэха беларускіх кнігазбораў: лёсы прыватных бібліятэк” выйшаў у свет у пачатку года. У ім сабраны гісторыі прыватных кніжных калекцый Беларусі пачынаючы з XVI стагоддзя. Гэтыя гісторыі гучаць досыць рэдка, пра іх мала хто ведае, аднак гэта толькі павялічвае той інтарэс, які ўзнікае пры іх прачытанні.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Палюбіць беларускую камедыю: да 100-годдзя са дня нараджэння літаратуразнаўцы Якуба Усікава

20 Вер 2019

20 верасня споўнілася б 100 год са дня нараджэння беларускага літаратуразнаўцы, крытыка і педагога Якуба Усікава. Сваю навуковую дзейнасць ён прысвяціў беларускай драматургіі, у прыватнасці, камедыі.

Аўтарскі погляд

Нацыянальная бібліятэка далучылася да дзён расійскай духоўнай культуры

19 Вер 2019

19 верасня ў бібліятэцы прайшоў шэраг мерапрыемстваў у рамках форуму “Гістарычная, культурная і духоўная еднасць расійскага і беларускага народаў”, прымеркаванага да дзён расійскай духоўнай культуры.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сустрэча з адвакатам “Статус маладога спецыяліста: правы і гарантыі”

19 Вер 2019

18 верасня 2019 г. Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў у рамках мерапрыемстваў па інфармацыйна-прававой асвеце грамадзян была арганізавана і праведзена штомесячная тэматычная сустрэча з адвакатам “Статус маладога спецыяліста: правы і гарантыі”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Візіт настаўнікаў беларускай мовы з Польшчы

19 Вер 2019

18 верасня для настаўнікаў беларускай мовы з Польшчы ў бібліятэцы ў межах семінара “Актуальныя пытанні вывучэння сучаснай беларускай мовы” былі арганізаваны музейныя заняткі. Сустрэча была ініцыіравана Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Віртуальная чытальная зала працягвае знаёміць з рэсурсамі, прысвечанымі айчынным майстрам паэзіі і прозы

19 Вер 2019

Віртуальны музей Аркадзя Куляшова “Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога...” – гэтымі словамі паэта-класіка Аркадзя Куляшова звяртаем увагу аматараў слоўнай творчасці на персанальныя інфармацыйныя рэсурсы дзеячаў літаратуры Беларусі – М. Гарэцкага, А. Куляшова, У. Скарынкіна.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111