ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Чытайце самі, чытайце з намі
І болей, і болей уважліва

Маўчанне сфiнкса

Маўчанне сфiнкса
Іншыя навіны

Дэбютны зборнiк гэтай дваццацiгадовай паэткi ўкладаў самы вядомы беларускi паэт, афармляў самы вядомы мастак, фiнансавала легендарная княгiня-мецэнатка… I быў надрукаваны ў гэтым зборнiку верш, якi стаў народнай песняй.

Зборнiк называўся «Курганная кветка» i пабачыў свет 105 год таму. Яго аўтар – Канстанцыя Буйло, дачка Антона Буйло, аб’ездчыка графа Тышкевiча.

Зрэшты, кiм Антон толькi не працаваў: трэнiраваў у Вiльнi скакавых коней князя Гагарына, быў ляснiчым, таксiдэрмiстам. Але галоўнае – чалавек адукаваны, з любоўю да кнiгi. Гэтак жа, як i мацi, Настасся Францаўна, якая цудоўна спявала i стварыла сямейны хор. Жыла сям’я тады ў Вiшнева Валожынскага раёна, там жа, натхнёны цудоўнай прыродай, i нарадзiўся верш юнай Канстанцыi:

Люблю наш край, старонку гэту,
Дзе я радзiлася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолi пралiла.

У Вiшнева вучыла дзяцей графа Храптовiча францужанка Эмiлiя Станкевiч. Яна ўзялася выкладаць французскую мову i Канстанцыi, якая сябравала з дачкой сваёй настаўнiцы – Уладзiславай, Уладкай. Шчырае сяброўства прадоўжыцца ўсё жыццё. Костку i Уладку звяжа яшчэ адно iмя – Iван Дамiнiкавiч Луцэвiч. Янка Купала.

Вось што ўспамiнае Канстанцыя Буйло пра свой першы вiзiт у рэдакцыю «Нашай Нiвы»:

«Нехта, узяўшы мяне за плечы, павярнуў да сябе. Перада мной стаяў высокi, тонкi мужчына, з сiнiмi вачыма, задумлiвы i сур’ёзны. – «Ты, мусiць, Буйлянка, – лагодна сказаў ён мне, – ну а я Купала. Дык давай знаёмiцца». I ён, нагнуўшыся, пацалаваў мяне так сур’ёзна i ўрачыста, што я нават не здзiвiлася, а смяшлiвая Уладка не засмяялася. Да гэтага знаёмства яшчэ Купала прысвяцiў мне вельмi прыгожы свой верш».

У другiм варыянце гэтых успамiнаў 1962 г. Буйло не згадвае нi пра пацалунак, нi пра тое, што з ёй была Уладка. I ўвогуле сцвярджае, што тады мела год чатырнаццаць. Але верш, прысвечаны ёй Купалам да гэтага знаёмства, надрукаваны ў № 36 «Нашай Нiвы» за 1910 г., а паколькi годам нараджэння паэткi лiчыцца 1893-цi, было ёй не менш сямнаццацi.

kvetka_2.jpg

Уладзiслава Станкевiч i Янка Купала.

Падчас першай сустрэчы Купала прапанаваў юнай госцi заначаваць у рэдакцыi. Тая «мусiла пагадзiцца». У кабiнеце рэдактара «была шырокая, мяккая канапа», «Купала прынёс бутэльку салодкага вiна i яблыкаў». Згодна з успамiнамi Канстанцыi, яны да ранiцы ўдваiх па чарзе чыталi п’есу «Паўлiнка».

Чытаў «Паўлiнку» паэт з Канстанцыяй. Але менавiта смяшлiвая Уладка, Уладзiслава Станкевiч, у 1916-м зробiцца ягонай жонкай.

У 1914 годзе Купала стаў галоўным рэдактарам «Нашай Нiвы» i прапанаваў Канстанцыi падрыхтаваць яе першы зборнiк. Вершы для кнiгi падбiраў сам, працаваў «з вялiкiм замiлаваннем, як над сваёй».

Вокладку ўзяўся ствараць Язэп Драздовiч. Мастак-вiзiянер, якi сцвярджаў, што ў «вiдзежах» сваiх падарожнiчае ў часе i па iншых планетах. На малюнак яго натхнiлi радкi Буйло «Я каханне маё пахаваю ў душы, спакой сфiнкса на твар палажу». Таямнiчы дзявочы профiль, рот схаваны пад вэлюмам… Сфiнкс у стылi арт-дэко.

kvetka_3.jpg

Малюнак Язэпа Драздовiча выяўляе сфiнкса з завязанымi вэлюмам вуснамi – алюзiя на радок паэткi.

Сродкi на зборнiк «Курганная кветка» выдзелiла мецэнатка беларускага руху княгiня Магдалена Радзiвiл. I тут усё не так проста. Буйлянка атрымала запрашэнне ад княгiнi наведаць яе ў Мiнску. Панi Магдалена ашаламiла маладую госцю прапановай: «Я хачу вам дапамагчы паступiць у варшаўскi манастыр шарытак. Там вы прабудзеце нейкi час. Калi вырашыце стаць шарыткай, я ўнясу за вас багаты пасаг. Нам трэба мець уплыў на беларускую палiтыку».

Разгубленая Канстанцыя як мага ветлiва адмовiлася.

kvetka_4.jpg

Магдалена Радзiвiл.

I вось кнiга з’явiлася на свет – у Вiльнi, у друкарнi Марцiна Кухты, вядомай нам па апошнiм вершы Максiма Багдановiча. Купала, высылаючы сваёй пратэжэ асобнiкi, пiсаў: «Пасылаю табе кнiжкi, зрабiў – як умеў. Дрэнная папера, але лепшай не маглi дастаць».

Першы водгук на зборнiк таленавiтай паэткi напiсаў Максiм Багдановiч, якi яшчэ ў 1911 годзе ў аглядзе беларускай паэзii адзначаў: «Адна толькi Канстанцыя Буйла абяцае развiцца ў праўдзiвы асабiсты талент».

Дэбютны зборнiк Канстанцыi Буйло стаў класiкай беларускай лiтаратуры.

Вершы з «Курганнай кветкi» сталi надзвычай папулярнымi. Як сведчыў Рыгор Шырма, у Заходняй Беларусi ўсе яны зрабiлiся песнямi. А «Люблю наш край», якi паклаў на музыку Мiкола Равенскi, лiчыўся гiмнам.

Пасля таго як выйшаў яе першы зборнiк, Канстанцыя Буйло па просьбах Ластоўскага, Цёткi i Купалы адправiлася несцi культуру ў народ – працаваць у полацкай кнiжнай краме. А тады пачалася вайна. Потым – рэвалюцыя. Потым Канстанцыя Буйло, якая стане Калечыц, пераедзе з мужам у Маскву, перажыве яго арышт. Наступны зборнiк вершаў, «Свiтанне», выйдзе ў яе праз 36 год, у 1950-м. На Беларусь Буйло вернецца толькi попелам – на Вiшнеўскiя могiлкi.

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.

Крыніца: СБ – Беларусь сегодня


Навіны

Краязнаўчыя рэсурсы публічных бібліятэк на віртуальнай пляцоўцы НББ

27 Ліс 2020

24–25 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі для бібліятэк Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей прайшлі навучальныя мерапрыемствы, якія закрылі серыю вебінараў, прысвечаных краязнаўчым інфармацыйным рэсурсам публічных бібліятэк.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш, чым пісьменнік: адкрылася выстаўка “Княства вобразаў і слоў” (+ відэа)

26 Ліс 2020

26 лістапада а 17-й гадзіне ў галерэі “Мабільная” (3-ці паверх) адбылося адкрыццё выстаўкі “Княства вобразаў і слоў”. Экспазіцыя прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У бібліятэцы прайшло пасяджэнне калегій міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі

27 Ліс 2020

26 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося сумеснае пасяджэнне калегій Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

#BelBookChallenge 2020 – на старт!

27 Ліс 2020

Калі вы даўно хацелі бліжэй пазнаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай, але Сусвет усё ніяк не падаваў вам знак, то – вось ён! З 26 лістапада па 6 лютага ў гонар 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча Нацыянальная бібліятэка запускае кніжны чэлендж. Кіньце кніжны выклік самому сабе!

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Віншуем: генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі абраны прэзідэнтам Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі!

25 Ліс 2020

25 лістапада на XXIV Агульным сходзе членаў некамерцыйнага партнёрства “Бібліятэчная асамблея Еўразіі” (БАЕ) прайшлі выбары прэзідэнта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111