ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Лірызм яго музыкі
Семінар пра новыя дакументы па генеалогіі

Лёсы старадрукаў, як лёсы людзей

Лёсы старадрукаў, як лёсы людзей
Іншыя навіны

Сёлета Музею беларускага кнігадрукавання споўнілася 30 гадоў. За гэты час ён сцвердзіў сваю рэпутацыю аднаго з асноўных асяродкаў нацыянальнай культуры на поўначы Беларусі, заявіў пра сябе як пра сур’ёзную навуковую ўстанову, што займаецца даследаваннем беларускай кніжнай спадчыны, усталяваў сталыя творчыя сувязі з беларускімі літаратарамі, мастакамі, калегамі-музеязнаўцамі, афіцыйнымі асобамі. Таксама музей назапасіў сапраўды значную кніжную калекцыю, на аснове якой штогод рэалізуюцца разнастайныя выставы і творчыя праекты. Зараз у калекцыі больш за 19 тысяч друкаваных выданняў, больш за сотню старадарукаў і дзясятак рукапісных кніг…

MBK-2.jpg

Плён экспедыцый

А пачыналася ўсё з невялічкай калекцыі старадрукаў, пераважна царкоўных кніг, якія супрацоўнікі Полацкага гісторыка-археалагічнага запаведніка здабылі яшчэ ў пачатку 1970-х гадоў пад час экспедыцый па старых цэрквах ды касцёлах. Тады ў Полацку ў Сафійскім саборы ішла рэстаўрацыя, меў адчыніцца музей атэізму, і для яго шукалі экспанаты. Аднак з цягам часу такі музей было вырашана ўладкаваць у Гродне, кнігі ж, сабраныя у пошукавых экспедыцыях, засталіся ў Полацку. І цяпер Музей беларускага кнігадрукавання мае каля дзясятка старадрукаў на польскай і лацінскай мовах з касцёла Св. Тадэвуша ў вёсцы Лучай Пастаўскага раёна. Кожны з іх мае адзнаку прыналежнасці да бібліятэкі касцёла – часцей, гэта надпісы, зробленыя ўжо ў ХХ стагоддзі. Але некаторыя паметы на палях праліваюць святло на больш старажытную гісторыю не толькі касцёла, але місіі Ордэна езуітаў і каталіцкай парафіі ў Лучаі ў цэлым. Напрыклад, з надпісу на кнізе “Nowe Zywoty Swietych” (“Новыя жыціі святых”, 1735 г.) Стэфана Велавейскага даведваемся, што кніга была падаравана мясцоваму пробашчу айцом Адамам Ракоўскім. Адбылося гэта ў 1768 або 1769 годзе, калі Ракоўскі, сябра Таварыства Ісуса, знаходзіўся ў Лучаі ў складзе езуіцкай місіі. Іншы член Ордэна езуітаў – Юзаф Франкоўскі – атрымаў ад невядомага дабрадзея ў падарунак кнігу Яна Астроўскага-Данейковіча “Swada polska y lacinska” (“Красамоўства польскае і лацінскае”) – люблінскае езуіцкае выданне 1745 года. Амстэрдамскае ж выданне 1678 года “Opera Omnia, Exegetica, Didactica, Et Polemica” (“Разнастайныя працы па экзэгетыцы, дыдактыцы і палеміцы”) Ёгана Людвіка фон Вальцогена было падаравана ў 1947 годзе ксяндзу Чэславу Барвіцкаму, які ў той час быў пробашчам лучайскай парафіі. Цікава, што гэта кніга – адно з выданняў серыі “Бібліятэка польскіх братоў”, збору прац пратэстантаў-арыян, якія з’яўляліся апанентамі каталіцкай царквы, аднак нейкім чынам яна аказалася ў бібліятэцы каталіцкага касцёла.

Гісторыя на палях

Надпісы, паметы на палях, штампы і пячаткі, якія пакідалі ўладальнікі кнігі на яе старонках, вельмі дапамагаюць даследчыкам прасачыць яе лёс. Вядома, перш чым трапіць у калекцыю Музея, кнігі жылі сваім асабістым жыццём, напрыклад, вучылі дзяцей чытанню і пісьму, студэнтаў – самым розным навукам, падарожнічалі разам з гаспадарамі па краінах Еўропы і Новага свету або ціха збіралі пыл на паліцах манастырскіх бібліятэк.

Часам, дзякуючы надпісам, на якія раней ніхто не звяртаў асаблівай увагі, нечакана знаходзіш на старонках выданняў музейнай калекцыі сляды даўно не існуючых царкоўных кніжных збораў. Напрыклад, на старонках кнігі Францішка Жэпніцкага “Vitae Praesulum Poloniae Magni Ducatus Lithvaniae…” (“Жыцці біскупаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага”), выдадзенай у Познані ў 1762 годзе, не менш дзясятка разоў сустракаецца надпіс “Cartusiae Beresanae” - “Картэзіянцы Бярозаўскія”. А гэта значыць, што кніга ў свой час ўваходзіла ў кнігазбор адзінага на Беларусі кляштара картэзіянцаў, што змяшчаўся ў Бярозе. Кляштар валодаў даволі значнай бібліятэкай. Ёсць звесткі, што незадоўга да ліквідацыі манастыра, якая адбылася ў 1831 годзе, яна налічвала больш за 2 тысячы кніг. Пасля ж бібліятэка была распылена па розных гарадах і ўстановах. Вялікая ўдача, што адна з гэтых кніг апынулася ў нас.

Час – справядлівы суддзя

Лёс жа наступнага выдання – выдатная ілюстрацыя таго, што мудры час рана ці позна ўсё расстаўляе па сваіх месцах. Адна з самых вядомых гістарычных бібліятэк Полацка – бібліятэка пры езуіцкім калегіуме (з 1812 года – Акадэмія). Як мяркуюць, яна пачала фарміравацца адразу пасля адкрыцця калегіума ў 1581 годзе, збірала выданні па філасофіі, тэалогіі, праву, гісторыі, мовазнаўстве, мастацтвазнаўстве, медыцынскіх, матэматычных, тэхнічных, натуральных і іншых дысцыплінах, мастацкія творы класічных аўтараў і многія-многія іншыя. Кнігі ў бібліятэку альбо закупаліся, альбо прымаліся ў дар ад мецэнатаў. І, верагодна, такім чынам у ёй аднойчы апынулася выданне “Crimen fori ecclesiastici” (“Злачынствы [паводле] суда царкоўнага”) Франца Ксав’ера Шмальцгрубера. Звязвае кнігу з бібліятэкай полацкіх езуітаў лацінамоўны надпіс “Collegii Polocensis Societatis Jesu 1741” (“Калегіума Полацкага Таварыства Ісуса 1741”), што можна прачытаць на тытульным лісце. Кніга выйшла ў 1717 годзе ў друкарні Інгальштадцкага ўніверсітэта. Аўтар яе – нямецкі езуіт, доктар тэалогіі і права, адрасаваў кнігу студэнтам тэалагічнага і юрыдычнага факультэтаў універсітэта. І, цалкам верагодна, навучэнцам полацкага калегіума яна дапамагала засвойваць адпаведныя дысцыпліны.

Прыгоды бібліятэкі і яе кніг

У найлепшыя свае часы бібліятэка полацкіх езуітаў налічвала каля 60 тысяч выданняў, мела некалькі аддзелаў: галоўны, польскі, студэнцкі, бібліятэкі клерыкаў, канцылярыі, музычнай бурсы, касцёла, кніжнай крамы і інш. Лёс яе таксама добра вядомы. Пасля выгнання Ордэна езуітаў ў 1820-м годзе з Полацка частка яе была разрабаваная, астатняе перададзена адчыненай у паезуіцкіх будынках піярскай вучэльні. Пасля ж і яе закрыцця ў 1830-м годзе бібліятэка была падзелена паміж бібліятэкамі і навучальнымі ўстановамі Масквы і Пецярбурга, невялікая частка была перададзена на патрэбы беларускіх гімназій, і яшчэ крыху пакінулі Полацку для будучага кадэцкага корпуса. Асаблівую зацікаўленасць у былых езуіцкіх кнігах выказаў дырэктар Імператарскай публічнай бібліятэкі Аляксей Аленін. І сапраўды, у сучаснай Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, прамой спадкаемцы колішняй “Публічкі”, захоўваюцца выданні з адпаведнымі экслібрысамі і ўладальніцкімі надпісамі. Так, мяркуем, выданне “Злачынстваў…” апынулася ў Санкт-Пецярбургу. І менавіта адтуль яно было перададзена Музею кнігадрукавання напярэдадні яго адкрыцця разам з яшчэ дзесяццю лаціна-польскімі старадрукамі. Так неспадзявана кніга вярнулася туды, дзе ёй і належала быць, – у Полацк.

Вяршыня паліграфіі

Лёс некаторых выданняў часам больш падобны на сюжэт прыгодніцкага фільма. Напрыклад, адно з найкаштоўных выданняў з калекцыі Музея – кніга “Orationes XII” (“Дванаццаць прамоў”) італьянскага дыпламата і прамоўцы Джыралама Фалеці. Выйшла яна ў 1558 годзе са славутага выдавецкага дому Альдаў у Венецыі. Друкаваная на высакаякаснай паперы ручнога адліву з выразнымі вадзянымі знакамі, змешчаная ў арыгінальны пергаментны пераплёт 1572 года, сама па сабе гэтая кніга з’яўляецца вяршыняй паліграфічнага майстэрства XVI стагоддзя. І з’явілася яна ў музеі, прайшоўшы заблытаны і пакручасты шлях.

Друкаваная ў Італіі, з цягам часу яна апынулася ў замку Фюрстэнштайн у Сілезіі (зараз – замак Ксёнж, Польшча), якім валодаў нямецкі графскі род Хохбергаў. Адзін з прадстаўнікоў гэтага роду – Конрад Эрнст Максіміліян – у пачатку ХІХ стагоддзя праклаў шлях унікальнай бібліятэцы, куды збіраліся каштоўныя рукапісы і рэдкія выданні. Цягам стагоддзя бібліятэка множылася, і ў 1897 годзе, як вядома, колькасць кніг у ёй складала больш за 60 тысяч тамоў. Кожны асобнік меў адпаведную адзнаку прыналежнасці да бібліятэкі Хохбергаў – авальную пячатку з надпісам “Furstensteiner Bibliothek”. Мае такую пячатку і “12 прамоў”.

MBK-1.jpg

За тысячу савецкіх рублёў

Падчас Другой сусветнай вайны нямецкія ўлады, спасылаючыся на неабходнасць “захавання” бібліятэкі, пачалі яе вывозіць з замка. Але вывезці ўсю не паспелі. У 1945 годзе замак Фюрстэнштайн быў заняты савецкімі войскамі. Яны кватаравалі тут на працягу двух гадоў, а пасля іх сыходу ад замкавай бібліятэкі не засталося і следу. Магчыма, гэта і ёсць ключык да таго, як “12 прамоў” апынуліся ў Туле. Надпіс, зроблены на чысцюткай лаціне на апошняй старонцы кнігі, апавядае, што ў 1987 годзе кніга гэтая належала Валерыю Бальшакову, жыхару горада Тулы. А ўжо ў 1989 годзе яна была заўважана на паліцы антыкварнай крамы “Рарытэт” у Маскве і закуплена для будучага Музея кнігадрукавання за шалёныя па тых часах грошы -–1000 рублёў.

Крыху сумна

Як бачым, надпісы на палях – невычэрпная крыніца інфармацыі, якая вельмі дапамагае гісторыкам. Наўрад ці было б магчыма прасачыць лёс той ці іншай кнігі, каб не звычка нашых продкаў чытаць кнігі “з алоўкам у руках”. Зараз нас з самага малога ўзросту вучаць беражліва ставіцца да кнігі, не пісаць на кніжных старонках. І гэта правільна, але крыху сумна, бо мы, даследчыкі кніжнай спадчыны, ведаем з уласнага вопыту: часам чытаць надпісы на палях бывае нават ці не цікавей за самі кнігі.

Аўтар публікацыі: Вольга Філімонава, вядучы навуковы супрацоўнік Музея беларускага кнігадрукавання.
Крыніца: Культура


Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам