ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Сацыяльная роўнасць і справядлівасць
У Нацыянальнай бібліятэцы адзначаюць 500-годдзе “Малой падарожнай кніжкі”

Лёс, знітаваны з беларускай літаратурнай класікай

Лёс, знітаваны з беларускай літаратурнай класікай
Іншыя навіны

Больш за 40 гадоў прысвяціў працы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі дасведчаны бібліятэкар і вядомы літаратуразнавец Дзмітрый Мікалаевіч Давідоўскі.

Ён нарадзіўся 2 лютага 1958 года ў Мінску. Бацькі паходзілі з сялянскіх сем’яў, маці – з Юравіч Калінкавіцкага раёна, бацька – з Русакоў Капыльскага раёна. У Юравічах знаходзіўся касцёл, пазней перабудаваны ў праваслаўную царкву, з цудадзейным абразам Маці Божай Юравіцкай, пра гісторыю якога Дзмітрый Давідоўскі напіша пазней у адным са сваіх нарысаў на старонках часопіса “Наша вера”.

Маці Дзмітрыя Мікалаевіча, вядомая ўрач-анколаг Ірына Антонаўна Галубовіч, прайшла баявы шлях аперацыйнай медсястры палявога шпіталя 343-й дывізіі, падчас баёў у вялізнай брызентавай палатцы асісціравала хірургу. Бывала, што ў хірурга трапляла куля ці асколак, тады ёй прыходзілася ўсё рабіць самой. У мірны час Ірына Антонаўна працавала ў 2-м клінічным шпіталі, а пазней – у Інстытуце анкалогіі імя Аляксандрава.

Бацька, Мікалай Апанасавіч, у 1944 годзе пайшоў добраахвотнікам на фронт, быў узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй”. У мірны час ён выкладаў вышэйшую матэматыку ў Інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі ў Мінску.

Дзмітрый Давідоўскі вучыўся ў цэнтры сталіцы, у сярэдняй школе № 49.

“Там мне пашанцавала сустрэць добрую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Соф’ю Аляксандраўну Васілеўскую. Яна вельмі раіла прачытаць творы Язэпа Пушчы, Адама Бабарэкі, Уладзіміра Дубоўкі, аўтараў, якія былі беспадстаўна рэпрэсаваныя, і яна лічыла, што прыйдзе час, калі іх творчасць будзе належна ацэненая”.

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1976 годзе юнак паступіў у Мінскі інстытут культуры. Скончыўшы факультэт бібліятэказнаўства і бібліяграфіі, 1 жніўня 1980 года прыйшоў працаваць у Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна. З гэтага часу ён прысвячае працоўную дзейнасць галоўнай бібліятэцы краіны.

“Калі я прыйшоў працаваць у кнігасховішча, змог прачытаць усе творы М. Чарота, К. Чорнага, У. Дубоўкі. Мяне ўразіла вялікая колькасць газет – цэнтральных, раённых, шматтыражных, дарэвалюцыйных, міжваеннага часу і сучасных, кнігі, ноты... Сярод кніг – першадрукі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і іншых.
А ў той момант, калі мы пераязджалі ў новы будынак, фонд аднаго беларускага аддзела быў большым за ўвесь даваенны фонд бібліятэкі!”

Першым яго настаўнікам у аддзеле беларускай літаратуры і бібліяграфіі была Ніна Барысаўна Ватацы. Яна вучыла маладых супрацоўнікаў правільнай методыцы бібліяграфічнага пошуку і падкрэслівала, што бібліятэкар павінен адначасова трымаць у полі зроку некалькі чалавек, думаць над іх пытаннямі і пры гэтым разважаць над уласнымі планамі і тэмамі.

У 1994 годзе адзін з сяброў запрасіў Дзмітрыя Мікалаевіча на свой дзень народзінаў і прадставіў народнаму паэту Рыгору Іванавічу Барадуліну. Уразіла адукаванасць, інтэлігентнасць і сціпласць паэта. Рыгор Іванавіч размаўляў з цікавасцю, вялікай павагай і пашанай да прафесіі бібліятэкара. Рыгор Барадулін стаў для Д. Давідоўскага хросным бацькам у літаратуры. З яго лёгкай рукі з’явіўся першы артыкул маладога літаратуразнаўца “За верш тэрмінова арыштаваць” пра Уладзіміра Дубоўку (ЛіМ, 25 лістапада 1995 года). Дзмітрыю Мікалаевічу было даручана складаць чатырохтомнік Дубоўкі для выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Д. Давідоўскі даследаваў гістарычны лёс літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”, яго чальцоў А. Бабарэкі, У. Дубоўкі, З. Бядулі і іншых літаратараў, сустракаўся ў 1996 годзе ў Маскве з дачкой А. Бабарэкі, вывучаў яго лісты да У. Дубоўкі.

І ў хуткім часе выдавецтва “Мастацкая літаратура” звярнулася да Д. Давідоўскага з прапановай укладання кнігі У. Дубоўкі “О, Беларусь, мая шыпшына”. Праца для даследчыка была вельмі цікавай і карыснай, да яе далучылася рэдактар і суаўтар Зінаіда Канстанцінаўна Пазняк. Выданне выйшла на высокім паліграфічным узроўні з навуковым каментаром. У падрыхтоўцы зборніка дапамагалі Р. Барадулін, Д. Бугаёў, А. Бабарэка.

Дзмітрый Мікалаевіч – аўтар 39 літаратуразнаўчых публікацый. Яркія старонкі сваіх даследаванняў ён прысвяціў беларускаму паэту, аднаму з заснавальнікаў і кіраўнікоў “Маладняка”, літсакратару гэтага аб’яднання Язэпу Пушчы, яго літаратурнай і педагагічнай дзейнасці.

Дзмітрый Давідоўскі па роду дзейнасці кантактаваў з Міколам Ермаловічам, Іванам Навуменкам, Сяргеем Панізнікам, Віталём Скалабанам, Леанідам Лычом, Уладзімірам Арловым і іншымі выбітнымі літаратарамі і навукоўцамі. Дзякуючы Рыгору Барадуліну давялося сустрэцца і з Васілём Быкавым.

“Працаваць з Рыгорам Барадуліным было адно задавальненне: ён і падкажа, і вельмі карэктна зробіць заўвагу. А галоўнае – з ім адчувалася бацькоўская падтрымка. Супрацоўніцтва і сяброўства доўжылася дваццаць гадоў”.

На развітанне з народным паэтам Д. Давідоўскі надрукаваў у газеце “Літаратура і мастацтва” артыкул “У неба пехатой” з удзячнасцю за жыццёвыя ўрокі і за адкрыццё літаратурнага шляху.

Яшчэ адна тэма зацікавіла даследчыка – жыццё і смерць знакамітага віцебскага жывапісца Ю. Пэна, вучнем якога быў М. Шагал. “Справа ў тым, што мая мама сядзела за адной партай з пляменніцай мастака – Ганнай Герштэйн. Я наведаў яе ва ўзросце 95 гадоў пры добрай памяці і пачуў ад яе шмат цікавых эпізодаў з жыцця вядомага мастака”. Цяпер Д. Давідоўскі працуе над манаграфіяй, прысвечанай Ю.М. Пэну.

На пытанне, якія існуюць спосабы дасягнення вяршынь у прафесіі бібліятэкара, Дзмітрый Мікалаевіч адказвае: “Цаніць кнігі і праглядаць усю новую літаратуру, хаця інфармацыйныя патокі ў бібліятэцы каласальныя…”

Добрага здароўя, поспехаў і плёну шаноўнаму бібліятэкару і нястомнаму даследчыку!

Аўтар публікацыі: Э. Дзвінская.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам