ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Карупцыя: прычыны, праблемы, процідзеянне
Перавыданні ды ілюстрацыі

Лёгкасць гістарычнай зброі

Лёгкасць гістарычнай зброі
Іншыя навіны

Прэс-прэзентацыя кнігі Уладзіміра Мажылоўскага “Праклён мітрапаліта Феафіла”, трэцяга выдання з серыі “Бібліятэка часопіса «Маладосць»”, адбылася ў Выдавецкім доме “Звязда”.


У зборніку аўтара, які складаецца з трох аповесцей – “Праклён мітрапаліта Феафіла”, “Друеўскі ваўкалак” і “Спіраль гісторыі”, – гісторыя пераплялася з містыкай, а рамантыка – з дэтэктыўнасцю.

Творы не паяднаныя адной сюжэтнай лініяй. На некаторых старонках супрацьпастаўляецца адданасць жывёл і дзікасць людзей, тут дзейнічае малады шляхціц Юрый, які помсціць за родных. На другіх – раскрываецца таямніца гібелі і кахання маскоўскай княгіні Алены. Кніга выглядае цэласнай, таму што дасягаецца амаль немагчымае: цяжкія для ўспрымання сучасным чалавекам гістарычныя падзеі ператвараюцца ў лёгкае, але дакументальна праўдзівае чытанне.

Галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Дзянісава адзначыла, што ў кнізе “Праклён мітрапаліта Феафіла” яскрава адчуваецца атмасфера твораў Уладзіміра Караткевіча, ад яе немагчыма адарвацца. У беларускай літаратуры, на яе думку, існуе шмат гістарычных кніг, але нямногія з іх успрымаюцца на адным подыху.

Уладзіміра Мажылоўскага, нягледзячы на яго 54-гадовы ўзрост і грунтоўны пісьменніцкі досвед, называюць маладым аўтарам. Справа ў тым, што даслаць свае творы ў рэдакцыю часопіса “Маладосць” ён адважыўся толькі ў канцы 2012-га. Рэакцыя чытачоў: дзе яшчэ можна пачытаць гэтага аўтара? Кніга “Праклён мітрапаліта Феафіла” стала адказам на гэтае пытанне.

Уладзімір Мажылоўскі не любіць называць сябе пісьменнікам – напэўна, перашкаджае сціпласць. Нарадзіўся ў вёсцы, скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта, амаль трыццаць гадоў працаваў дырэктарам невялічкай Барунскай васьмігадовай школы, што ў Браслаўскім раёне. Цяпер загадвае аддзяленнем Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Браслаўскага раёна.

Пад час прэс-прэзентацыі Уладзімір Мажылоўскі распавёў, як пачаў пісаць. Натхніла яго... здзіўленне нізкім узроўнем ведаў некаторых вучняў на школьных іспытах па гісторыі Беларусі. “Моладзі і дзецям было нецікава вучыцца па кнігах, перагружаных датамі, імёнамі, тэрмінамі. Таму я вырашыў стварыць нешта кшталту падручніка для падлеткаў, але цікавага і забаўляльнага”, – паведаміў пісьменнік.

Усе апавяданні Уладзіміра Мажылоўскага грунтуюцца на гістарычных фактах, доля вымыслу тут малая – але ці ж бывае без яго мастацкая літаратура?

“Стараюся на цікавых фактах паказаць нашу гісторыю маладому пакаленню, бо яна не менш велічная, чым мінуўшчына Англіі ці, скажам, Францыі. Мне давялося шмат працаваць з архівамі, дакументамі, кнігамі. Каб знайсці адно слова, часам прыходзілася падымаць гару літаратуры. А характары герояў бяру ад знаёмых – тут не памылішся”, – прызнаўся Уладзімір Мажылоўскі.

У планах аўтара – раман “Нашэсце”, рукапіс якога складае цэлых дзевяцьсот старонак! Праз лёс аднаго шляхецкага роду пісьменнік абяцае паказаць амаль усё XVI стагоддзе на беларускай зямлі, дзе будзе і Стэфан Баторый, і Казанская вайна, і Іван Грозны.

Прэзентацыя выданняў серыі “Бібліятэка часопіса «Маладосць»” разам з кнігай “Праклён мітрапаліта Феафіла” плануецца ў другой палове снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Аўтар публікацыі: Марыя Войцік.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”, 28.11.2014.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам