ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Музейныя заняткі “Кніжныя аправы”
Кніжная спадчына Францыска Скарыны перададзена ў дар Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта

“Лёгкае і спакойнае” – слоган Радыё Relax, дзе можна пачуць Караткевіча, Разанава, Марціновіча

“Лёгкае і спакойнае” – слоган Радыё Relax, дзе можна пачуць Караткевіча, Разанава, Марціновіча
Іншыя навіны

Паўтара месяца таму на частаце 87,5 FМ з’явілася новая беларускамоўная радыёстанцыя з лёгкай музыкай – Радыё Relax. У эфіры няма навінаў і звыклых вядучых, замест размоваў – кароткія ўрыўкі з літаратурных твораў, цытаты, мудрыя думкі знакамітых людзей, прагнозы надворʼя, конкурсы і шмат лёгкай, спакойнай музыкі.

Галоўны рэдактар, генеральны прадзюсер Радыё Relax Аляксандар Ажынскі расказаў Свабодзе, чаму беларуская мова больш арганічна спалучаецца з рамантычнымі хітамі, лёгкай і спакойнай музыкай для рэлаксу.

– У Беларусі вяшчае ўжо больш за 20 FM радыёстанцый. Здавалася б, якіх толькі няма – цяжка канкурыраваць. Чаму абралі такі фармат – “лёгкі ды спакойны” – як вы самі сябе пазыцыяніруеце?

– Якраз таму, што гэтага і не хапала – не было радыёстанцыі, якая б іграла лёгкую ды спакойную музыку. Вось і вырашылі зрабіць Радыё Relax з лаўндж-музыкай, класікай, рамантычнымі хітамі, каверамі на сучасныя хіты. Здаецца, сваю аўдыторыю мы знайшлі, мяркуючы па водгуках.

Хутка будуць замеры і лічбы рэйтынгаў, тады і пабачым.


Аляксандр Ажынскі

Аляксандр Ажынскі

– Не так шмат беларускамоўных станцый, акрамя “Сталіцы” нічога і не прыгадаю. Чаму абралі беларускую мову?

– Калі мы кажам пра Радыё Relax, мы маем на ўвазе лёгкую, спакойную, вельмі меладычную музыку. У нейкі момант мы зразумелі: калі мы абяром беларускую мову, усё разам будзе гучаць больш арганічна, мілагучна, прыемна. Усё ж наша мова больш прыгожая, мяккая, яна больш прыдатная менавіта для рэлаксу.

Мы амаль паўгода шукалі чалавека, які запіша аб’явы так, як нам патрэбна. Перабралі вельмі шмат акцёраў, дыктараў, запісалі шмат розных варыянтаў, пакуль не знайшлі тое, што цяпер гучыць. Гэта акцёр Аляксандар Цімошкін, дарэчы, заслужаны артыст Беларусі. Тут жа справа не толькі ў тэмбры, але і ў інтанацыйных момантах. Ёсць вельмі прыемныя галасы, але людзі не могуць гаварыць па-беларуску без акцэнту.

– Давайце пагаворым пра кантэнт. Якія прынцыпы адбору літаратурных твораў, цытат, якімі вы разбаўляеце музыку?

– Першы прынцып – тэкставыя ўстаўкі даволі кароткія. Гэта невялікія ўрыўкі, літаральна 1-2 абзацы. Па-другое, радыё – гэта эмоцыі, і адной музыкай цяжка выклікаць эмоцыі. Таму мы вырашылі дадаць у эфір нейкі тэкст. Але замест звыклых вядучых, якія часцяком проста балбочуць у эфіры ці прамаўляюць нейкі тэкст, абвяшчаюць, якая песня будзе далей, мы вырашылі паставіць у эфір трапныя цытаты знакамітых людзей, урыўкі з літаратурных твораў.

Выбіраем мы гэтыя фрагменты вельмі проста. Павінна быць завершаная думка ў адным-двух абзацах. Пажадана пра жыццё, каханне, філасофскія роздумы – тое, што спрыяе добраму настрою. То бок наша радыё павінна выклікаць толькі станоўчыя эмоцыі, ствараць добры настрой, ратаваць людзей ад мітусні.

– А беларуская мова – прынцыповы момант? Гучыць жа і руская мова на вашым радыё.

– Так. Мы не перакладаем на беларускую мову рускую літаратуру. Калі гэта творы замежных аўтараў і ёсць пераклад на беларускую мову, чытаем па-беларуску. Калі прафесійнага перакладу на беларускую мову няма, а ёсць на рускую – чытаем па-руску. Самі не адважваемся перакладаць мастацкую літаратуру, бо пераклад павінен быць прафесійны.

А вось цытаты мы абавязкова перакладаем на беларускую. Цяпер у эфіры абвешчана гульня – да дня святога Валянціна прымаем цікавыя гісторыі кахання, будуць прызы ад “Камунаркі”. Дарэчы, даволі шмат гісторый слухачы дасылаюць па-беларуску, некаторыя – па-руску. Але тыя, якія адбяром для эфіру, абавязкова прагучаць па-беларуску. З рускай мовы перакладзём. Гэта прынцыповы момант.

– Якія літаратурныя творы гучаць у эфіры? Хто іх адбірае?

– З беларускіх пісьменьнікаў чытаем Уладзіміра Караткевіча, фрагменты з “Дзікага палявання караля Стаха”, з Ладдзі роспачы”, з “Каласоў пад сярпом тваім”. Чытаем Яна Баршчэўскага, Максіма Гарэцкага – “Дзве душы”. Гучаць урыўкі з твораў сучасных літаратараў – Алеся Разанава, Людмілы Рублеўскай, Віктара Марціновіча (у прыватнасці, фрагменты з “Возера радасці” і “Мовы”).

Дарэчы, адбор даволі строгі – мастацкая рада, сурʼёзныя людзі даюць дабро. Але пакуль мы толькі на пачатку шляху – будзем развівацца, шукаць новыя формы.

Крыніца: Радыё Свабода


Каментарыі карыстальнікаў:

Каментаванне даступна толькі зарэгістраваным карыстальнікам

Навіны

Народжаны ў калысцы беларускай: у Маскве адкрылася выстаўка да 220-годдзя Адама Міцкевіча

14 Сне 2018

13 снежня ў Маскве ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі прайшло мерапрыемства, прысвечанае 220-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

На творчай сустрэчы “Апантаны Бацькаўшчынай” з 90-годдзем павіншавалі акадэміка Радзіма Гарэцкага

13 Сне 2018

13 снежня ў бібліятэцы прайшла творчая сустрэча “Апантаны Бацькаўшчынай”, прысвечаная 90-годдзю акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Радзіма Гарэцкага.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Магілёўскай абласной бібліятэцы прэзентавалі факсіміле 400-гадовага “Буквара”

13 Сне 2018

12 снежня ў Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна адбылася прэзентацыя ўнікальнага факсімільнага выдання першага на тэрыторыі Усходняй Еўропы “Буквара”, які пабачыў свет у 1618 годзе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі