ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей” – выстава ў музеі кнігі (+відэа)
Творчы вечар Аліны Безенсон

Літаратурныя лекі з бібліяаптэкі…

Літаратурныя лекі з бібліяаптэкі…
Іншыя навіны

Пра бібліяаптэку мы яшчэ пагаворым. А зараз – пра рэчы не менш важныя. Свой першы твор Янка Купала напісаў па-польску, Якуб Колас – па-руску. Але кожны вярнуўся да родных вытокаў. Рашуча і канчаткова. Так бусел вяртаецца з выраю менавіта ў сваю буслянку… У кожнага – свой шлях да роднай мовы. У кагосьці ён кароткі і светлы, як ноч у чэрвені, у кагосьці – доўгі і пакручасты. А нехта ўвогуле выбірае шлях у супрацьлеглы бок. Пакутуе, не разумее, што з ім, але ўпарта працягвае блукаць ля роднага ганка. Усё гэта з дакладнасцю нагадвае пошукі веры. І вельмі важна, каб той, хто шукае, убачыў агонь паходні ў руках таго, хто знайшоў. Арыенрцір – гэта выключна важна. Кожны, хто чытае гэтыя радкі – арыенцір для тых, хто не знайшоў пакуль ні мовы, ні веры, ні радзімы. Не падвядзіце!

У сувязі з гэтым ніколі не забудуся на мудрасць свайго першага школьнага дырэктара Франца Паўлавіча Лешчанкі. Было гэта ў часіны кіравання Хрушчова, калі міласліва было дазволена адмовіцца ад вывучэння роднай мовы. Франц Паўлавіч казаў, разглядаючы бацькоўскія заявы: “Не, я магу падпісаць, але ж вы павінны ў перспектыву глядзець: ці ж можна стаць беларусам на беларускай зямлі без мовы беларускай!” Хто ў перспектыву глядзеў, той знайшоў. Хто лёгкіх шляхоў прагнуў, той згубіў так, што і па сёння ачуняць не здольны. Дык давайце ж жыць не толькі адным днём…

Biblijaapteka-1.jpg

Назапасілася нізка лістоў, дзе аўтары ў любові да Беларусі прызнаюцца. Таксама справа пачэсная. Аліна Санюк з Ашмян распавядае: “Падчас Дня Незалежнасці былі названы лепшыя працаўнікі народнай гаспадаркі раёна. У гонар свята выступілі лепшыя творчыя калектывы, а таксама – вучні Ашмянскай і Гальшанскай дзіцячых школ мастацтваў”.

Народная творчасць Магілёўшчыны была прадстаўлена на тэматычнай выставе “Беларусь адзіная”. “Выстава прайшла ў Палацы рэспублікі Мінска, – піша вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Крысціна Башарымава. – Экспанаваліся народныя касцюмы, ручнікі, іншыя традыцыйныя вырабы. Аўтары работ: ганчар Юрый Боўда з Бабруйскага раёна, ткачыха Таццяна Кавалёва з Хоцімшчыны, разьбяр Віктар Давыдаў з Касцюкоўшчыны, бондар Уладзімір Станкевіч з Глускага раёна, шапавал Таццяна Чараповіч і саломапляцельшчыцы з Кароўчынскага Дома рамёстваў Дрыбінскага раёна…”

А вось пісьмо загадчыка Казлоўшчынскай гарпасялковай бібліятэкі – цэнтра агульнадаступнай інфармацыі Людмілы Хілімончык: “Сёлета ў нас стартаваў краязнаўчы інтэрнэт-праект “Нашы землякі”. На сайце Дзятлаўскай раённай бібліятэкі змешчаны ўжо два выпускі, дзе гаворка вядзецца пра нашых слаўных людзей. Другі анлайн-праект называецца “Духоўная каштоўнасць нашага пасёлка”. Тут сабрана інфармацыя пра царкву Успення Прасвятой Багародзіцы, без якой немагчыма ўявіць гісторыю нашай мясцовасці. Выкарыстоўваем здабытую інфармацыю пры рабоце з вучнямі. Дарэчы, днямі дзевяцікласнікі здзейснілі краязнаўчае падарожжа “Мой край – часцінка Беларусі”.

Даўно не было вестак з Бялынічаў. Гэты недахоп кампенсавала сёння загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бялыніцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Марына Акунёва. Яна распавяла пра дзейнасць Вішоўскай сельскай бібліятэкі. Тут працуюць загадчыца Наталля Пікас, якая адначасова з’яўляецца супрацоўнікам музея гісторыі СПК “Калгас”Радзіма”, і бібліятэкар Наталля Герчук. Абедзве Наталлі шчыльна супрацоўнічаюць з сельскім Цэнтрам культуры, балазе, установы месцяцца пад адным дахам, і з мясцовай школай. Летась супрацоўнікі бібліятэкі распрацавалі праект “Беларусь мая, як табой не ганарыцца! Родны край, як цябе не любіць!” Акцыя – доўгатэрміновая і звернута на выхаванне самасвядомасці падрастаючага пакалення.

А да жыхароў Карэліцкага раёна прыехалі на Дзень Незалежнасці госці з расійскага Краснагорска. Метадыст раённай бібліятэкі Наталля Казарэз распавядае, што сяброўства паміж пабрацімамі – Карэлічамі і Краснагорскам – доўжыцца амаль трыццаць гадоў. Сёлетняя сустрэча была, як і заўжды, доўгачаканай. Госці і гаспадары круцілі жорны, малолі муку, удзельнічалі ў квэсце “Ключ Беларусі”, любаваліся Мірскім замкам.

Далей пра Дзень Незалежнасці тэлеграфным радком. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ваўкавыскай раённай бібліятэкі Вольга Шалястовіч паведамляе пра інтэрактыўную кніжную экспазіцыю “Твая зямля, твая Радзіма названа светла: Беларусь!” Дзейнічае яна ў гарадскім парку, прызначана для рознаўзроставай публікі.

Бераставіцкая раённая бібліятэка імя Восіпа Кавалеўскага прыняла ўдзел у раённым мерапрыемстве “Паклон табе, мой беларускі край!” Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Валянціна Чыкун напісала пра кніжна-ілюстрацыйную экспазіцыю, дзе асаблівае месца займаюць фотаздымкі, франтавыя лісты, плакаты, успаміны франтавікоў, іншыя экспанаты часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Метадыст Ірына Русак са Свіслачы піша пра канцэртную праграму “Я люблю Беларусь!”, у якой былі задзейнічаны лепшыя творчыя сілы Свіслацкага раёна.

Тэматычныя кніжныя выставы былі падрыхтаваны і сіламі Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа. Паведаміла пра гэта Наталля Гурская – загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу згаданай установы.

Бібліятэкар Талачынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Труханёнак распавяла пра кніжны фрымаркет пад дэвізам “Глядзі, бяры, чытай! Спадабалася кніга – забірай!” Практыка паказала, што найбольш запатрабаванымі былі кнігі дзіцячыя і пра вайну. Мне асабіста вельмі спадабаўся рашучы падыход да рэкламнай дзейнасці ў Талачыне. Прынамсі, назва акцыі вельмі дынамічная.

Яшчэ адзін красамоўны прыклад бібліятэчнай рэкламы. Днямі ў аграгарадках Гродзеншчыны прайшла PR-акцыя “Мы – за чытаючы аграгарадок”. Бібліятэкары прапанавалі навінкі на любы густ і любы ўзрост. У той дзень можна было запісацца ў аматарскія аб’яднанні, а таксама завесці бібліятэчны фармуляр.

Нізка навін пра Купалле і Купалу. 7 ліпеня бібліятэкі Астравеччыны адзначаюць “Купалаўскі дзень на Гродзеншчыне”. Бібліятэкар па сувязях з грамадскасцю аддзела бібліятэчнага маркетынгу згаданай установы Вольга Заянчкоўская піша: “У гарадскім скверы прайшла акцыя “Не змаўкае голас песняра”. Адпаведныя мерапрыемствы прайшлі ў Мальскай, Рытанскай, Міхалішкаўскай і Падольскай сельскіх бібліятэках. Святы літаратурныя арганічна сумясціліся са святам абрадавым”. Кажуць нават, што ў тую ноч і Папараць-кветку знайшлі.

Бібліятэкары Гродзенскага раёна паўдзельнічалі ў конкурсе “Мой любімы Твор Купалы”. Перамогу атрымала супрацоўніца Азёрскай сельскай бібліятэкі Інэса Васілевіч. Шкада, але што за твор Песняра любіць Інэса Юр’еўна, аўтарка ліста Карына Ошва так і не напісала.

У Лідскай гарадской дзіцячай бібліятэцы прайшла прэзентацыя выдання “Звычайная кніга пра незвычайнае ўсё”. Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Кацярына Сандакова распавяла, што кнігу напісалі бацькі, якія жывуць з псіхічнымі захворваннямі і выхоўваюць дзяцей. Кніга вучыць разумець разнастайны свет. А створана яна ў рамках сацыяльнага праекта “Добрая казка”, што рэалізуецца Асацыяцыяй беларускіх сацыяльных работнікаў пры падтрымцы кампаніі А1.

Прафесіянальны практыкум “Квэст у бібліятэцы” – тэма ліста са Столінскай раённай бібліятэчнай сістэмы. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Надзея Стахавец піша: “Сёння дзейнасць бібліятэк павінна адпавядаць крэатыўнасці мыслення маладога пакалення. Сярод запатрабаваных гульнявых тэхналогій вылучаецца квэст. Днямі ў райбібліятэцы мы правялі для калег практыкум у форме квэста. Падчас яго бібліятэкарам трэба было прадэманстраваць эрудыцыю, знаходлівасць, выдатнае веданне літаратурных твораў. І бібліятэкары не падвялі”.

А цяпер – пра літаратурныя лекі з бібліяаптэкі. Прыдумалі іх у Ваўкавыскай гарадской бібліятэцы № 46. Як распавядае бібліятэкар Юлія Міхалевіч, тут пачала дзейнічаць тэматычна-інтэрактыўная пляцоўка “Літаратурны дворык”. Адначасова чытачы пераканаліся ў дзейснасці бібліятэрапіі і эфектыўнасці хуткай бібліятэчнай дапамогі. Юлія Міхалевіч тлумачыць: “Даўно вядома, што ў цяжкія хвіліны жыцця людзі цягнуцца да кнігі: каб кепскія думкі адышлі, каб параду добрую атрымаць. Словам, чытанне можа лячыць не толькі псіхалагічныя, але і фізічныя хваробы. Бібліятэрапеўты могуць прапанаваць вам ці кніжную мікстуру, ці кніжны укол ад нуды, бяды і страху”. Варта даследаванне правесці, што больш гаючае – класіка ці мадэрн.

І апошняя на сёння навіна. 7 ліпеня ў мемарыяльным комплексе “Шаўлічы” Ваўкавыскага раёна супрацоўнікі раённага Цэнтра культуры правялі тэатралізаваны мітынг-рэквіем “Памятаць… Дзеля нашчадкаў, дзеля будучыні”, прысвечаны памяці ахвяр фашызму. Менавіта ў гэты дзень 1943 года нямецкія акупанты знішчылі ўсіх жыхароў і спалілі вёску, якая так і не ўзнавілася. Пра гэта напісала загадчык аддзела РЦК Ларыса Ланіна.

Пішыце і здзіўляйце, шаноўныя. І беражыце сябе!

Аўтар публікацыі: Яўген Рагін.
Крыніца: Культура

Навіны

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам