ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Лета – час падарожжаў
Фінал праекта “БелЛіт: мабільны гід”: дыскусія і падарункі для выдатнікаў

Ліса, якая цябе суцешыць

Ліса, якая цябе суцешыць
Іншыя навіны

У выдавецтве «Народная асвета» выйшаў у перакладзе Міхася Стральцова раман Чынгіза Айтматава «Буранны паўстанак. І вякуе дзень даўжэй за век». Калі Міхась Лявонавіч пачаў працу над гэтым перакладам, многія думалі: навошта? Ці варта марнаваць свой талент і час на чужое, няхай сабе і выдатнае, калі можна ствараць уласную цудоўную прозу.

Ілюстрацыя Арлена Кашкурэвіча да рамана Чынгіза Айтматава

Ілюстрацыя Арлена Кашкурэвіча да рамана Чынгіза Айтматава

Часам падобныя думкі гучалі як папрок. Стральцова не разумелі.

А, між іншым, той жа Уладзімір Дубоўка пасля вяртання са зняволення, калі пачаў перакладаць Ду Фу альбо Уільяма Шэкспіра, рабіў гэта, бо, схаваўшыся ў іх цені, мог выказваць любыя па сваёй вастрыні думкі. А калі б хто падобнае заўважыў і паківаў пальцам, то хітры Дубоўка сказаў бы: гэта, маўляў, не я, а, скажам, усімі любімы аўтар «Гамлета», бо я толькі сціплы перакладчык.

Для героя нашага артыкула праца над перакладам Айтматава мела не прыхавана-дысідэнцкі сэнс, як у Дубоўкі, а хутчэй – характар творчага ратавання.

Як вядома, Міхась Стральцоў у 1970 і 1980-я гады жыў спадзяваннем, што ізноў адчуе тую невымоўную эмоцыю, што нагадвае сон самотніка, дзе не да канца выразна акрэсленыя пачуцці і думкі нейкім чароўным чынам ператвараюцца на раніцу (пасля ночы такой вось самнамбулічнай творчасці) у звонкую прозу.

Пасля «Смалення вепрука» гэта пачуццё нечакана знікла, бы тое Аральскае мора. Стральцоў адчуў страшную ў сваёй безэмацыянальнасці пустэчу, мабыць, такую ж халодна-пранізлівую, як музыка Лігеці. Не ратавалі ні сямейныя буры, ні вымушанае мазырскае зняволенне, ні расчараванне ў сябрах. Усе гэтыя шокавыя моманты, якія часам дапамагаюць у творчасці іншым (таму ж Дубоўку), спрыялі толькі нараджэнню яшчэ большага страху.

У айтматаўскім «Буранным паўстанку» Міхась Лявонавіч адчуў роднасную эмоцыю. Беларускі пісьменнік пачаў не столькі перакладаць свайго кіргізскага калегу (тут, дарэчы, трэба зазначыць, што руская мова ў гэтым рамане Стральцову не вельмі падабалася), колькі імкнуўся адшукаць сваю страчаную мелодыю, наталіцца ў аазісе прозы Айтматава, каб затым, набраўшыся сіл, пачаць ствараць эстэтычна новую, незвычайную сваю прозу.

У гэтым плане Стральцову быў вельмі блізкі галоўны герой рамана Едыгей. Другая сусветная вайна, бы той вампір, высмактала з Едыгея ўсе сілы, але ў бяскрайніх стэпах сваёй радзімы той ізноў пачаў ажываць.

Калі чытаеш гэты пераклад, то забываешся, што перад табой твор Айтматава. Часам здаецца, што гэта фантазія самога Стральцова, дзе раман кіргізскага пісьменніка быў толькі нагодай: «Пад вечар лісіца залегла збоч тэлеграфнай лініі на дне раўка, у густым і высокім лапіку шчаўёвага бадылля і, згарнуўшыся рудым камячком каля цёмна-рудых, абсыпаных насеннем сцяблін, цярпліва чакала ночы, нервова торгаючы вушамі, увесь час прыслухоўваючыся да тонкага посвісту панізовага ветру ў каляных, памярцвелых ужо травах. Тэлеграфныя слупы гэтаксама нудна гулі. Ліса, аднак, іх не баялася. Слупы заўжды застаюцца на месцы, яны не могуць даганяць. /.../ У перапынках паміж паяздамі ў стэпе наставала раптоўная цішыня, як пасля абвалу, і ў той выключнай цішыні лісіца вылучыла ў наваколлі насцярожліва-няпэўны, аддалены вышынёй гук, што лунаў над сутонлівым стэпам, – ледзь чутна, не прыналежна нікому. То было трымценне паветраных струменяў, то быў знак на скорую перамену надвор’я. Яна падсвядома адчувала гэта і горасна сціналася, застываючы ў нерухомасці, ёй хацелася завыць уголас, зацяўкаць ад няпэўнага адчування нейкай агульнай бяды».

Хіба не з такім адчуваннем туляліся па начным Мінску, забытых у бязмесячным зморку вёсках, лясах і палях, ды і проста ў лабірынтах уласных невясёлазаблытаных думак вечна пакрыўджаныя героі Міхася Стральцова? Хіба сам аўтар «Смалення вепрука» не жыў з такім жа моташным адчуваннем?

Па-дзіцячы прыдзірлівы Стральцоў не знаходзіў сабе творчых саюзнікаў сярод беларускіх пісьменнікаў. Нават свайго любімага Янку Брыля не стамляўся ў прыватных ліставаннях упікаць за што-небудзь нязначнае. Духоўна блізкай аказалася айтматаўская экзістэнцыяльная паэзія кіргізскіх стэпаў.

Увогуле, стэпам ён захапляўся. Мог, напрыклад, гадзінамі любавацца на рэпрадукцыі Паўла Кузняцова, дзе меланхолія кіргізскай бязмежнасці зачароўвала і прымушала забываць на панурую невыразнасць роднай вуліцы Прытыцкага. Аднойчы з нейкай затоенай радасцю прызнаўся, што яму прысніўся стэп...

На працягу ўсяго рамана чыгуначнік Едыгей жыве ўспамінкамі (цудоўнае слова, прыдуманае Францішкам Аляхновічам!) пра свайго адзінага сябра, які памёр у поўнай самоце ў адзінокай хацінцы пасярод стэпу. Рэчаіснасць – гэта, як вядома, тое, што можа выклікаць толькі нуду і расчараванне. У рэчаіснасці няма ні сяброўства, ні кахання, ні сябе самога... Але адзінокі Едыгей не можа да канца аддацца выратоўчай самашкадавальнай дэпрэсіі. Ён сустракае згаданую ўжо намі лісу... «Хто ведае, а можа, мой сябар зараз стаў лісой і прыйшоў мяне суцешыць?» – па-будысцку нечакана падумаў герой.

Міхась Стральцоў, які ў 1980-я пазбавіўся многіх ілюзій, хацеў, працуючы над гэтым перакладам, пазбавіцца і прыкрага пачуцця самашкадавання, марыў, каб гэтая айтматаўская ліса з такой жа неназаляльнай лагодай з’явілася на даляглядзе яго самоты і адным толькі выглядам суцешыла, натхніла, супакоіла.

Аўтар публікацыі: Васіль Дранько-Майсюк.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”
Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам