ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Краіна любая мая
Калядны настрой

Лекар для Коласа

Лекар для Коласа
Іншыя навіны

Часам жыццёвыя абставіны вымушаюць нас звярнуцца да доктара. Адны дактары лечаць вострыя рэспіраторныя захворванні і прастуду, другія дапамагаюць справіцца са стрэсам, кепскім настроем. Ёсць і такія, якім мы абавязаны жыццём. Апошнія на доўгі час застаюцца ў нашай памяці.


Якуб Колас з павагай ставіўся да сваіх дактароў. У 1950-х гадах, калі паэт быў ужо ў пажылым узросце, яго непакоіў высокі ціск, балелі суставы, часта хварэў і на запаленне лёгкіх. Таму так ці інакш даводзілася звяртацца да дактароў. У кнізе “Колас расказвае пра сябе” Максім Лужанін піша: “Жартоўныя прысвячэнні дактарам, усхваляючы іх цудадзейную моц і высмейваючы сваю нядужасць, Канстанцін Міхайлавіч пісаў часта. Асабліва шанцавала С.О. Ліяранцэвічу, які ў вершаваных коласаўскіх пасланнях іменаваўся “мітрапалітам Сергіем”. С.О. Ліяранцэвічу Якуб Колас прысвяціў такія вершы, як “Малітва доктару Ле-Лі”, “Добраму ўрачу Ліо-ра-чу”, “Пажаданні доктару-паляўнічаму” і іншыя. У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваецца рукапіс верша “Дактарам”, пад назвай якога рукою паэта пазначана “Маім шаноўным дактарам – Д.А. Маркаву, Б.І. Трусеву і С.І. Ліяранцэвічу, свяцілам зямлі Беларускай”.

Некаторым дактарам Якуб Колас дарыў свае кнігі. Так, у 1948 годзе Д.Р. Абрамовічу Якуб Колас падарыў кнігу “Рыбакова хата” з наступным дарчым надпісам: “Дорогому Давиду Григорьевичу Абрамовичу. «Да не услышит ухо Ваше легочных хрипов»”. Такую ж кнігу – “Рыбакова хата” – Якуб Колас падарыў Міліцы Іванаўне Дашкевіч, урачу бальніцы, дзе ён лячыўся.

Лёс наканаваў Якубу Коласу сустрэцца з яшчэ адным доктарам – доктарам, які выратаваў яму жыццё... Быў 1955 год. 17 студзеня Якуб Колас адкрывае вечар, прысвечаны 2 400-годдзю з дня нараджэння Арыстафана. Вечарына была арганізавана Беларускім таварыствам сувязі з замежжам, Саюзам пісьменнікаў БССР і Беларускім рэспубліканскім камітэтам абароны міру. Якуб Колас абяцаў выступіць з уступнай прамовай на вечары задоўга да яго правядзення, не хацеў парушыць свайго абяцання, таму і не прызнаўся, што адчувае сябе не вельмі добра. Вядома, дактары забаранілі б выходзіць паэту з дома, і трапіць на святочны вечар было б немагчыма.

Наступным днём стан здароўя паэта значна пагоршыўся. Максім Лужанін успамінае: Якуб Колас “гаварыць і нават шаптаць не можа. Вочы замгліліся пялёнкаю болю, моцна сціснутыя вусны здаюцца бледна-жоўтым рубчыкам, знакам, што застаецца ад сечанай раны”. Хоць паэт і быў супраць, але прыйшлося выклікаць дактароў. Па словах Максіма Лужаніна, у хуткім часе “на парозе спаленькі з’яўляецца магутнейшая дакторская брыгада. Прафесары Д.А. Маркаў і Б.І. Трусевіч і ўрач, які бываў тут на правах «хатняга доктара», заўсёды вясёлы і бадзёры, хоць і сам цяжка хворы, выключнай спрактыкаванасці і светлай натуры чалавек С.О. Ліяранцэвіч”. З дыягназам “востры апендыцыт” хворы быў шпіталізаваны. Кансіліум дактароў лечкамісіі пацвердзіў першасны дыягназ. Калі хворы пагодзіцца на аперацыю, будуць выклікаць хірурга з Масквы. Максім Лужанін успамінае: “На досвітку па тэлефоне дазнаюся ў дзяжурным пакоі: аперацыю зрабіў, узяўшы ўсю адказнасць на сябе, лепшы наш хірург Мікалай Іванавіч Бобрык. Становішча хворага цяжкое”.

Сам паэт у лісце да свайго сябра і перакладчыка Сяргея Мітрафанавіча Гарадзецкага піша: “Если бы я приехал на операцию на сутки позднее, то уже не было бы смысла делать её... Через несколько часов могло бы быть воспаление брюшины, и тогда Якубу Коласу был бы крах”.

Пра перажытае паэт дзеліцца і з М.М. Прозаравай, знаёмай яго сям’і: “О многом я мечтал и думал за своё долгое житьё, но никогда не приходила мне в голову мысль, что придётся оперироваться, чтобы вырезать аппендицит. Сегодня месяц, как меня оперировали. Обычно после этих операций больной выписывается дней через десять. Я же немного запоздал на оперирование: еще через сутки, и операция была бы бесполезна. Отросток слепой кишки принял настолько агрессивную форму, что уже начался воспалительный процесс, который вызвал бы воспаление брюшины, чего я едва ли перенес бы. Операцию я перенес легко, но было очень тяжело после операции. Были моменты, что я жалел, что согласился на операцию. Через несколько дней после операции заболел воспалением лёгких”.

П.А. Сямыніну, сябру і перакладчыку, Якуб Колас паведамляе: “…никак я не гадал, не думал, что некую часть своего организма придётся выбросить. Операцию перенес хорошо, даже шутил во время операции, несмотря на то, что отросток слепой кишки сильно разбух и уже начинал гноиться. Только когда хирург потянул кишку, я почувствовал сильную боль и застонал. Потом спрашивал, скоро ли придёт портной – имелось в виду зашивание разреза, т.е. конец операции”. Свайму збавіцелю Якуб Колас падарыў кнігу – першы том збору твораў, які выйшаў у 1952 годзе ў Мінску ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. На кнізе паэт пакінуў дарчы надпіс: “Дарагому Мікалаю Іванавічу Бобрыку на памяць ад удзячнага пацыента. Якуб Колас. 7.ІІІ. 1955 г.”.

Зусім нядаўна гэту кнігу ў фонды Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа перадала пляменніца таленавітага хірурга Саўцова Арыядна Ільінічна. Гэта кніга стала 85-м выданнем у калекцыі “Кнігі з дарчымі надпісамі Якуба Коласа”. Усе выданні з гэтага збору – унікальныя, бо да кожнага з іх дакраналася рука пісьменніка, кожнае мае яго арыгінальны аўтограф, кожнае было падорана самім паэтам яго родным і блізкім, сябрам і знаёмым.

Не абмінём увагай асобу самога Мікалая Іванавіча Бобрыка. Ён – не просты хірург, а загадчык кафедры агульнай хірургіі Мінскага медыцынскага інстытута (1955–1956 гг.), загадчык хірургічнага аддзялення Рэспубліканскай бальніцы 4-га лячэбна-санітарнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя БССР (1949–1956 гг.), галоўны анколаг Міністэрства аховы здароўя БССР (1949–1954 гг.), заслужаны ўрач БССР (1948 г.). Значная колькасць навуковых работ Мікалая Іванавіча прысвечана пытанням анкалогіі. Ён быў прыхільнікам тэорыі вірусагенетычнага паходжання злаякасных пухлін, вывучаў пытанні іх дыягностыкі, клінікі і лячэння. У 1948–1949 гг. працаваў на пасадзе галоўнага ўрача Рэспубліканскага анкалагічнага дыспансера. У 1953 годзе выйшаў навукова-папулярны нарыс Мікалая Іванавіча Бобрыка “Рак і барацьба з ім”. Мікалай Іванавіч узнагароджаны чатырма ордэнамі, у тым ліку двума баявымі, ордэнам Леніна, медалямі.

Удзячны пацыент Якуб Колас не толькі падарыў Мікалаю Іванавічу кнігу з дарчым надпісам. Незадоўга да выпіскі з бальніцы класік беларускай літаратуры прачытаў яму верш, які быў напісаны Максімам Лужаніным, беларускім паэтам, сябрам і асабістым сакратаром Якуба Коласа. Гэты твор – своеасаблівы маналог хворага. Выслухаўшы верш, Якуб Колас папрасіў запісаць яго, а пасля “падвастрыў” два радкі ў заканчэнні:

Добры доктар Бобрык,
Але страшны ножык:
Выража апендыкс,
Пакладзе на ложак.
Не чапні рукою,
Не мяльні нагою,
Покуль каля пупа
Дзіркі не загоіш.
Гэта ўсё мінецца,
Час усё заліжа...
Дзякуй, дзядзька Бобрык,
Што не рэзаў ніжай.

Мікалаю Іванавічу верш спадабаўся. М. Лужанін у кнізе “Колас расказвае пра сябе” ўспамінае: “Падзяка табе ад Бобрыка, – сустрэў мяне Канстанцін Міхайлавіч перад выпіскай з бальніцы. – Ён вельмі рагатаў і забраў твой верш”.

У бібліятэцы М.І. Бобрыка таксама захоўвалася кніга Максіма Лужаніна “Святло радзімы. Вершы і паэмы” з дарчым надпісам аўтара: “М.І. Бобрыку цвёрдай рукі доктару, цудоўнай душы чалавеку. Максім Лужанін. 13.05.53”.

Дзякуючы пляменніцы хірурга Арыядне Ільінічне Саўцовай гэтая кніга цяпер таксама захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Так атрымалася, што і Якуб Колас, і Мікалай Бобрык пайшлі з жыцця ў адзін год. Таленавітага хірурга не стала 21 снежня 1956 года, ён памер на 55-м годзе свайго жыцця, перажыўшы класіка беларускай літаратуры крыху больш чым на чатыры месяцы. Пахаваны Мікалай Іванавіч на Вайсковых могілках у Мінску недалёка ад магілы Якуба Коласа.

Аўтар публікацыі: Васіліна МІЦКЕВІЧ, кандыдат сацыялагічных навук, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”

Чытайце таксама:

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам