ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Усё пра мумi-тролей
Дзень беларускага пісьменства аб'яднае Сапегу, Агінскіх і Быкава

“Купала”: пяць цікавостак пра нацыянальны кінапраект

“Купала”: пяць цікавостак пра нацыянальны кінапраект
Іншыя навіны

Берлінскі кінафестываль, Карлавы Вары, альбо… іншыя вядомыя кінапляцоўкі свету. Нацыянальны кінапраект “Купала”, што з кожным месяцам усё больш і больш прыцягвае да сябе ўвагу, ужо зараз, на этапе завяршэння, мусіць зазіраць у сваю будучыню.

Праўда, праца над стужкай Уладзіміра Янкоўскага працягваецца: сёння на кінастудыі “Беларусьфільм” ідзе працэс агучвання карціны, што працягнецца да кастрычніка. Пакуль героі баёпіка набываюць у студыі гуказапісу ўласныя галасы, мы вырашылі яшчэ раз звярнуцца да тых цікавостак, што “падаграюць” наш інтарэс да фільма.

Цікавостка першая. Канцэптульная

kupala-1.jpg

Тое, што фільм прысвечаны народнаму паэту Беларусі, апрыёры будзе выклікаць нашу цікавасць. Якім будзе Купала? Што мы пра яго даведаемся? Усе гэтыя пытанні ўзнікаюць самі па сабе, як толькі бачыш назву фільма. Рэжысёр стужкі Уладзімір Янкоўскі, які да гэтай пары захоўваў маўчанне для прэсы, нядаўна падзяліўся сваім бачаннем беларускай культуры і гісторыі ў праграме “Маркаў. Анічога асабістага” на канале АНТ. “Беларуская культура – гэта цудоўная культура, беларуская мова – адна з найпрыгажэйшых, наша паэзія – высокага класа, – Уладзімір Янкоўскі быў пераканаўчым, – Купала – неардынарная асоба, і гэта будзе шчыры фільм пра цудоўнага паэта”, – сказаў кінематаграфіст. Такія словы Уладзіміра Янкоўскага даюць спадзеў на тое, што ідэі беларушчыны прагучаць у стужцы ў поўнай меры. Вядома, што карціна займее пэўныя паэтычныя сцэны бачанняў – “відзежы” паэта: стваральнікі паспрабавалі перадаць унутраны свет Купалы. Але біяграфія Песняра, яго жыццё, што перасяклося з вялікімі катаклізмамі эпохі – рэвалюцыя, войны, рэпрэсіі, – з’яўляецца першаасновай кінапраекта.

Цікавостка другая. Акцёрская

kupala-2.jpg

Янку Купалу ў фільме грае некалькі акцёраў: карціна ахоплівае ўвесь жыццярыс паэта. Але адкрыццём новай стужкі, безумоўна, стала постаць Мікалая Шэстака, латыша з беларускімі каранямі, што ўвасабляе Купалу ў яго маладыя і сталыя гады. На жаль, Мікалай узяў зарок маўчання да прэм’еры, захоўваючы інтрыгу, але пэўныя звесткі пра яго ўдалося адшукаць. Мікалаю 32 гады. Ён нарадзіўся ў горадзе Краслава (Латвія). Скончыў Яраслаўскі дзяржаўны тэатральны інстытут (майстар – Сямён Лосеў). Акцёрскі досвед артыста ўключае працу ў маладзёжным тэатры “Таварыства Вольных Акцёраў”, а таксама ў Латвійскім тэатры лялек у Рызе. Ёсць работы і ў кіно. Але “Купала” мусіць стаць зорнай роляй для Мікалая. Яго партнёры па карціне адзначаюць выключную ігру артыста. На пляцоўцы ён не іграе, а менавіта ўжываецца ў лёс беларускага паэта. Магію Шэстака – Купалы адзначыла і мастак-пастаноўшчык баёпіка Наталля Навоенка. Яна рабіла фатаграфіі ўвасобленага ў вобраз акцёра на здымачнай пляцоўцы – і была ўражана яго знешнім і ўнутраным падабенствам з аўтарам слынных вершаваных твораў. “Мне падавалася, што на мяне глядзіць сам Купала”, – прызнавалася яна.

kupala-5.jpg

Цікавостка трэцяя. Касцюмерна-пастановачная

Перафразуючы вядомую прымаўку, скажам так: зрабіць нацыянальны праект – гэта вам не поле перайсці. Дэкарыцыі, антураж, касцюмы… – пачатак ХХ стагоддзя быў багаты на змены стыляў, і тут адмыслоўцам даводзілася падымаць вялікі пласт матэрыялу ў вельмі сціслыя тэрміны. Якім жа чынам вяліся работы па стварэнні адпаведнай атмасферы часу, а дакладней – часоў?

“Толькі для сцэны прэм’еры “Паўлінкі” ў Санкт-Пецярбургу былі пашытыя 25 белых камізэлек і 50 “матылькоў”, – канстатуе мастак па касцюмах фільма Алена Ігруша. – А ўсяго для праекта было зроблена не меней за паўтары тысячы строяў”.

kupala-3.jpg

Каманда касцюмераў выканала проста тытанічную работу дзеля стварэння абліччаў герояў. У прыватнасці, быў падрабязна даследаваны рэальны гардэроб самога Купалы. “Для азнаямлення нам яго ласкава прадаставілі супрацоўнікі Музея імя Янкі Купалы”, – распавядае Алена Ігруша. Сарочкі, гальштукі, паліто, фрэнч… Касцюмеры аднаўлялі ўсё па ўзоры арыгінальных рэчаў. “Фатаграфавалі падрабязна, а потым літаральна па лінейцы аднаўлялі”, – дзеліцца нюансамі творчай кухні Алена Ігруша. Гледачы здолеюць убачыць копію знакамітага паліто Купалы, падбітага футрам. З дакладнасцю да сантыметра адноўлены і фрэнч паэта. “Праз фатаграфіі Купалы і подпісы да іх мы адкрылі для сябе цалкам незнаёмага чалавека. Аказваецца, Купала быў вельмі маўклівым і сарамлівым, – дадае Алена Ігруша, – і можна толькі дзівіцца таму, якая магутная паэзія стваралася такім далікатным суразмоўцам і слухачом”.

kupala-4.jpg

Асаблівым прадметам клопату касцюмераў сталі і капелюшы. Для вырабу разнастайных галаўных убораў былі створаны адмысловыя асновы, на якія потым дадаваліся, дашываліся розныя ўпрыгожванні, фактуры. “Марына Алекна – запомніце гэта імя, – называе Алена Ігруша галоўнага спецыяліста па капелюшах. – Дзякуючы ёй, нам удалося справіцца з той, на першы погляд, невыканальнай задачай – фактурна апрануць усіх. Усё, што ўбачыце прыгожага ў карціне, гэта – яна”.

kupala-6.jpg

Ды ўсё ж адмыслоўцы падкрэсліваюць, што дакладную гістарычную адпаведнасць у фільме шукаць не варта. Такая прапрацаванасць патрабуе іншых рэсурсаў, сродкаў, магутнасцей. “Гэты фільм эстэтызаваны візуальнай паэзіяй”, – удакладняе яго стылістку Алена Ігруша.

Цікавостка чацвёртая. Навацыйная

kupala-9.jpg

Ужо сёння вядома, што грым у фільме “Купала” варты напісання курсавых ды дыпломных работ. Такі ж складаны, як у стужцы “Дзякуй, што жывы” пра Уладзіміра Высоцкага, ён вымагаў ад акцёраў немалога цярпення. Актрысе Ганне Палупанавай, якая выконвала ў стужцы ролю маці паэта, прыйшлося непасрэдна зведаць яго на сабе. “Накладанне грыму займала прыкладна пяць-шэсць гадзін, – распавядае пра свой досвед увасаблення ў персанаж артыстка. – Пасля працы яго неабходна было тут жа здымаць, і гэта таксама займала шмат часу. Але тое была ўнікальная магчымасць убачыць сябе ва ўзросце. Сыграць чалавека, які старэйшы за мяне на шмат гадоў”.

kupala-7.jpg

Таксама “старыўся” з дапамогай грыму і сам Купала ва ўвасабленні Мікалая Шэстака. Можам рэзюміраваць, што такі грым – выдатная магчымасць для нашых акцёраў выпрабаваць і свае акцёрскія здольнасці.

Цікавостка пятая. Маркетынгавая

Сёння поспех кожнай карціны немагчымы без адпаведнай маркетынгавай стратэгіі. Гэта разумеюць і на кінастудыі “Беларусьфільм”, плануючы фестывальны пракат для фільма “Купала”. “Створаны графік па прасоўванні кінастужкі на сусветныя кінафестывалі”, – дзеліцца інфармацыяй начальнік аддзела маркетынга, рэалізацыі і рэкламы кінастудыі “Беларусьфільм” Юрый Ігруша. У рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” чакаюцца сустрэчы з адборшчыкамі еўрапейскіх кінафорумаў, што могуць зацікавіцца беларускім баёпікам. Берлінскі кінафестываль, Карлавы Вары – тыя вядомыя кінапляцоўкі, на якія фільм плануецца быць заяўленым.

kupala-8.jpg

“Сёння таксама вядуцца перамовы з будучымі партнёрамі паказу і прасоўвання стужкі ў рэспубліцы”, – акрэсліў пазіцыю кінастудыі Юрый Ігруша.

Тым не менш, калі ўбачыць “Купалу” беларускі глядач – пакуль не ясна. Калі фільм паедзе на кінафестывалі, наша публіка мусіць чакаць яго сусветнай прэм’еры, а толькі потым праект з’явіцца ў лакальным пракаце. “Аднак адмысловы трэйлер для кінатэатраў ужо зроблены”, – дадае Юрый Ігруша. – Постары за аўтарствам Уладзіміра Цэслера маюць версіі на чатырох мовах: беларускай, рускай, англійскай і кітайскай. І мяркую, хутка яны будуць задзейнічаны ў рэкламнай кампаніі”.

Ва ўсялікім разе прэсе і кінематаграфістам пашчасціць ужо ў снежні: закрыты паказ для СМІ і стваральнікаў стужкі мусіць адбыцца да Дня беларускага кіно. Застаецца дадаць толькі наступнае: будзем сачыць за ходам падзей.

Постар да “Купалы” і фота прадастаўлены Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм”.

Аўтар публікацыі: Дар’я Амяльковіч.

Крыніца: Культура

Навіны

Навукова-практычная канферэнцыя “Бібліятэка як культурна-гістарычны аспект развіцця краіны”

18 Вер 2020

17 верасня ў г. Гродна адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Бібліятэка як культурна-гістарычны аспект развіцця краіны”, прысвечаная 190-годдзю з дня заснавання Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Запрашаем да ўдзелу ў навуковым зборніку “Здабыткі”

18 Вер 2020

У 2021 г. плануецца выданне 24-га выпуску зборніка навуковых артыкулаў “Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі”. Рэдакцыя выдання запрашае да супрацоўніцтва даследчыкаў кніжнай культуры.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Да 100-годдзя з дня нараджэння Раісы Пятроўны Сімаковай

18 Вер 2020

18 верасня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Раісы Пятроўны Сімаковай, ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, старшага сяржанта медыцынскай службы, блакадніцы Ленінграда.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

17 верасня – 190 гадоў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага

17 Вер 2020

У верасні 1830 г. на адной з нарад у гродзенскага генерал-губернатара было прынята рашэнне аб заснаванні ў горадзе Гродна бібліятэкі, якая стала першай публічнай бібліятэкай на сучаснай тэрыторыі Беларусі.

Па старонках беларускага календара

111