Гістарычны лёс Беларусі паспрыяў фарміраванню вялікай колькасці нацыянальных культурных брэндаў, адзін з якіх – буквар. Нашы продкі стварылі першы буквар, яны зрабілі так, каб кніга пайшла ў народ і яе пачалі выкарыстоўваць прадстаўнікі розных канфесій. На жаль, адбылося так, што ў Беларусі буквары амаль не захаваліся, хоць іх і не знішчалі, як, напрыклад, канфесійную альбо ідэалагічную літаратуру. Таму цяпер буквары – каштоўныя рарытэты для краіны, пошукі якіх вядуцца па ўсім свеце.
Адзін з самых цікавых і ў той жа час старажытных экспанатаў, што захоўваецца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, – “Буквар” 1767 года, выпушчаны ў друкарні Віленскага Траецкага манастыра. Гэта ўнікальнае выданне, інфарматыўнае напаўненне якога, з аднаго боку, мае агульныя рысы, а з іншага – абсалютна адрозніваецца ад сучаснага варыянта буквара. Гэта маленькая кніга, якая мае традыцыйны для тагачасных навучальных выданняў невялікі фармат – у восьмую долю аркуша. У ім выкарыстаны розныя варыянты кірылічных шрыфтоў, што аблягчае ўспрыманне тэкстаў, стварае добрае візуальнае ўражанне.
Гэта кніга рэдкая: у свеце захавалася толькі два яе экзэмпляры. Адзін знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, другі – у Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве. Больш нідзе “Буквар” 1767 года не зафіксаваны.
– “Буквар” напісаны на царкоўнаславянскай мове. У Беларусі да XIX стагоддзя не выдавалася падручнікаў на беларускай мове, – расказвае культуролаг і кнігазнаўца Алесь Суша. – Яе і так усе ведалі, на ёй размаўлялі, таму вучылі прынцыпова класічныя мовы – царкоўнаславянскую альбо лацінскую. Пачынаючы навучанне грамаце з царкоўнаславянскай мовы, маладыя людзі засвойвалі і шматвяковую традыцыю сваіх продкаў, захоўвалі да яе паважлівае стаўленне. Аднак вывучэнне царкоўнаславянскай мовы было для моладзі даволі складаным. І не толькі таму, што на той час яна ўжо не з’яўлялася жывой гутарковай мовай, але і таму, што мела даволі складаную граматыку. У кірылічным алфавіце, які прадстаўлены ў “Буквары”, зафіксавана 41 літара.
У самым пачатку кнігі змешчаны алфавіт. Прычым пададзены пералік літар як вялікіх, так і малых. Верагодна, для лепшага запамінання таксама быў пададзены пералік літар у адваротным парадку: ад “іжыцы” да “аз”. Пасля засваення алфавіта “Буквар” прапануе прыступіць да складання літар у простыя двухлітарныя склады, а затым і ў трохлітарныя.
Аўтар выдання невядомы. Толькі на некаторых аркушах маюцца рукапісныя пазнакі аб прыналежнасці кнігі Яну Камару. Гэтыя пазнакі можна датаваць другой паловай XVIII – пачаткам ХІХ стагоддзя. Верагодна, менавіта ён пераплёў віленскае выданне “Буквара” ў адзін канвалют разам з дапаможнікам для вывучэння польскай і нямецкай моў. У выніку пад адным пераплётам былі сабраныя падручнікі царкоўнаславянскай, польскай і нямецкай моў, што дазваляла вывучаць іх разам, ва ўзаемадзеянні, з аналізам падабенстваў і адрозненняў. Таксама ў выданні не знойдзеш знаёмых лічбаў у класічным арабскім напісанні. Лічбы ў старой традыцыі абазначаліся літарамі. – У “Буквары” прыведзены пералік надрадковых знакаў і знакаў прыпынку, многія з якіх сёння ўжо не ўжываюцца, – падкрэслівае Алесь Суша. – Цэлы шэраг слоў царкоўнаславянскай мовы пішацца ў скарочаным варыянце з пропускам некаторых літар, што пазначаецца спецыяльным знакам – цітлам. Пералік такіх слоў таксама прыведзены ў “Буквары”. А асноўную частку кнігі займае матэрыял для чытання. Тут маюцца звароты да дзяцей і іх бацькоў, настаўленні, малітвы, павучанні, гімны, а таксама пералікі Божых запаветаў, таінстваў і галоўных грахоў, дароў Святога Духа, дабрадзейнасцей і інш. Вельмі каштоўным з’яўляецца прыведзены ў канцы “Буквара” кароткі катэхізіс з пытаннямі і адказамі па асновах хрысціянскага веравучэння. Рэлігійны складнік заўжды быў вельмі важны ў навучальным працэсе даўняй Беларусі.
“Буквар” 1767 года мае цікавае мастацкае афармленне. На адвароце тытульнага аркуша змешчана гравюра з выявай Дабравешчання – паведамлення архангелам Гаўрыілам Багародзіцы добрай весткі аб чаканым нараджэнні Хрыста-Збаўцы. Гэта гравюра разам з тэкстам малітоўнага звароту да Багародзіцы ўзята ў дэкаратыўную рамку з наборнага літога арнаменту. Тут відавочная пераемнасць традыцый Спірыдона Собаля, які таксама змяшчаў сюжэтныя гравюры на адвароце тытула сваіх выданняў “Буквара”. А ў тэксце маюцца таксама па-мастацку выкананы гравіраваныя застаўка і канцоўка расліннага арнаменту.
Аўтар публікацыі: Вікторыя Аскера.
Крыніца: Звязда
Чытайце таксама: