ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Да 240-годдзя славутага жывапісца Яна Дамеля
Фонд бібліятэкі папоўніўся каштоўнымі выданнямі

“Кожны дзень думай аб тым, што ў нас наперадзе шчасце”. Правілы жыцця Янкі Купалы

“Кожны дзень думай аб тым, што ў нас наперадзе шчасце”. Правілы жыцця Янкі Купалы
Іншыя навіны

7 ліпеня 1882 года ў вёсцы Вязынка, што паміж Мінскам і Маладзечна, нарадзіўся Янка Купала. Звычайны беларускі хлапец з танклявымі рысамі твару мог паўтарыць лёс свайго бацькі – дробнага шляхціца, які жыў з арэнды зямлі.

Але прага да асветы і чытання кніг, жаданне спасцігнуць сябе, свой народ і краіну вывелі Купалу на Вялікі беларускі Гасцінец.

Гэты шлях прывёў яго да ўсведамлення ўласнай місіі як поўнай меры адказнасці перад Радзімай. І тады над Беларуссю загучала “Малітва” Купалы…

Хто ведае, можа, толькі яна і беражэ беларусаў ад апошняй, самай злоснай бяды:

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Расьпетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі зь мяцеліцаў шумамі
Ня вылі над роднай зямлёй, нада мной…

У дзень 138-годдзя з дня нараджэння Купалы прапануем чытачам нізку яго разваг і думак аб жыцці грамадства і літаратуры (ён агучыў іх у публіцыстычных артыкулах і прыватных гутарках, лістах), а таксама своеасаблівыя “правілы жыцця” нашага класіка – першага народнага паэта Беларусі.

Пра выбар прафесіі і самога сябе

“Я ня ўмею чытаць сваіх вершаў, наогул дрэнна чытаю (услых)”.

***

“Каб я ня стаў паэтам, я быў бы, відаць, настаўнікам. Гэта самая цікавая работа на сьвеце. Словы «інжынэр чалавечых душ», якія адносяцца да пісьменьніка, у большай меры, на маю думку, адносяцца да настаўніка”.

***

“Я, можна сказаць, самавук. Вельмі нялёгка мне было выбівацца на дарогу. І ўсё ж, ня хвалячыся, скажу, тое-сёе зрабіў”.

***

“Ня я адзін складаў свае песьні, якія заслужылі столькі ўважлівасьці, нават скажу болей, і ня я іх выдумляў, – я толькі падслухаў думкі сардэчныя беларускага селяніна і работніка ды гэтыя думкі на паперу перавёў. Такім чынам, атрымалася як бы калектыўная праца…”

***

“Я не аратар. Мне цяжка і нязвыкла выступаць перад вялікай аўдыторыяй”.

Пра свабодных людзей і нявольнікаў

“У нашым краю шмат жыве палякаў, расійцаў, жыдоў, татараў. Лепшыя з гэтых людзей даўно ўжо прыйшлі да перакананьня, што свабодны беларус у сваёй незалежнай дзяржаве будзе куды прыхільней адносіцца да іх, чымся беларус, падняволены чужынцам.

У нявольніка заўсёды ёсьць больш помсты і нянавісьці к другім, чымся ў чалавека вольнага”.

Пра стварэнне настрою

“Настрой ствараецца ня толькі ў душы, а і звонку. Халодная вада, брытва – найлепшая зарадка. Я не магу нічога рабіць расчухраны, а пісаць і пагатоў”.

Пра благую звычку беларусаў

“Цікавыя людзі мы – беларусы! Трэба прызнацца, што якое бы ліха навокал нас і з намі самімі ні рабілася, якіх бы мы ні перажывалі нягод і крыўд – мы гэтага як бы ня бачым, а калі і бачым, то ціха церпім ды чакаем, што вось нехта прыйдзе і гэта наша ліха забярэ з сабою.

І праўда, вечна хто-небудзь і як-небудзь, а прыходзіў і намі апекаваўся, хоць нашага ліха і не забіраў”.

Пра новыя формы ў мастацтве

“Мне самому часам не падабаецца дзе-што з новай формы ў мастацтве. Але ж я добра разумею, што без шуканьняў ня можа быць майстэрства, ня можа быць поступу наперад. Таму я і вітаю гэта новае, маладое. Многа зь яго адамрэ, але многа і застанецца.

Вось як у лесе: падымаецца маладняк – не прадзярэсься празь яго. А пачакай, пройдзе год дзесяць – застануцца гонкія, прыгожыя сасонкі, а рэшта – пазасыхала, спынілася…”

Пра сваё галоўнае жаданне

“Я аднаго жадаю, каб да мяне прыходзілі ўсе, хто хоча, каб прыходзілі ў любы час”.

Пра незалежнасць Беларусі ў вачах іншых

“Калі гавораць аб незалежнасьці якой-небудзь новай дзяржавы, вызваленай вайной і рэвалюцыяй з-пад расійскага ярма, то гэта, здаецца, так і трэба, так і павінна быць.

Незалежная Польшча, Літва, Украіна, Латвія і гэтак далей – усе яны маюць права на гэта, усіх іх можна прызнаць, нават можна і дапамагаць ці то фізычна, ці маральна, і незалежнасьць гэтых дзяржаў не выклікае ніякіх вялікіх спрэчак. (…)

А вось загаварыце вы аб беларускай незалежнасьці… Тут вам цэлую кучу нагавораць усялякіх перашкод, недарэчнасьцяў, што аж вушы вянуць, слухаючы. На ўсякую іншую незалежнасьць кожны з вамі згодзіцца, абы толькі не на беларускую”.

Janka-Kupala-1.jpgПра паэтаў, народ і гісторыю

“Мала мець талент – трэба ўмець яго аддаць свайму народу”.

***

“Ня ўсё тое золата, што блішчыць, ня ўсё тое народнае, дзе войканьні, аханьні, падгалошваньні. Народнае тое, што глыбока і праўдзіва перадае думы, мары запаветныя народа, што кранае душу народа, што акрыляе сэрца чалавечае”.

***

“Гісторыя народаў у нашы часы творыцца не гадамі, а днямі. Кожны дзень штось прыносе, кожны дзень творыць штось новае, вялікае”.

Пра цемру, сонца і ранак

“Многа сонца трэба чалавеку. Толькі ня ў чэрствую істоту. Туды колькі ні лі, усё намарна, калі ў самім сэрцы няма сонечнага праменьчыка… Няхай жыве сонца, хай зьнішчыцца змрок!”

***

“Вось былі маленькімі і добрымі, баяліся цемры і не любілі яе. Сталі дарослымі і злоснымі – баімся сьвятла. Але гэта ўсё няпраўда. Станем вялікімі і добрымі і зноў будзем радавацца сьвятлу і сонцу”.

***

“Ранак – куды лепшы час для дзейнасьці чалавека ўжо хоць таму, што за ноч усё адпачывае, а пасьля адпачынку зьяўляецца вялікая прага да жыцьця, да дзейнасьці. Вось чаму нельга працаваць ноччу, асабліва маладому чалавеку”.

Пра самае блізкае

“Тое, што больш блізкае і роднае, заўсёды павінна быць для сэрца незвычайным”.

Пра фальшывых прарокаў і ворагаў Беларусі

“На беларускай зямлі было і цяпер ёсьць шмат фальшывых прарокаў, шмат рэнэгацкіх душ, што за лыжку поснай поліўкі з чужой міскі запрадаюць сябе і свой народ у рабства чужынцам…”

***

“Шчасьлівы край гэта – наша бацькаўшчына Беларусь! Які час гістарычны ні возьмем, зь якога боку цяпершчыны ні глянем, адусюль, як у Піліпаўку сьнег, сыпаліся і сыплюцца на яе апекуны. І кожны з гэтых няпрошаных апекуноў цягне душу беларускую на свой млын”.

***

“Расьце нязгода, расьце нянавісьць – рэчы, нікому не патрэбныя, апрача хіба ворагам нашага народа”.

Пра Тараса Шаўчэнку

Taras_Shauchenka.jpg“З усіх пісьменьнікаў сьвету Шаўчэнка самы моцны духам. Ён мужны, як сам народ. Я не магу сабе ўявіць паэта, які не вучыўся б у вялікага Шаўчэнкі… А ўкраінскія народныя песьні! У адной песьні – цэлае стагодзьдзе. Адна песьня – драма, аповесьць або паэма… Вось так я напісаў сваю «Бандароўну».

Пачаў я пісаць вершы пасьля таго, калі прачытаў «Кабзара». Украінскі народны паэт, яго мова выклікалі ў мяне любоў да роднай, беларускай мовы”.

Пра неабходнасць веры

“Хіба жывая вада з нашых казак гэта не народная вера ў адраджальную сілу зямлі?”

***

“Верце, што мы зьяўляемся дзейнымі асобамі, героямі чараўнічай песьні, чудатворчай містэрыі, якую тварыць на Беларусі паклікала нас само жыцьцё.

У гэтых чарах, у гэтым выяўленьні бясьсьмертнага чалавечага духу – наша пабеда, наша слава і шчасьце – цяпер і ў будучыні”.

***

“Вера прыводзіць перамогу”.

Пра самае рызыкоўнае пытанне да паэта

“Што значыць – над чым я працую? Задаць такое пытаньне паэту – рызыкоўна. Можна атрымаць адказ – «ні над чым», але можна і сказаць – «над усім»”.

Пра сваё юнацтва

“Прыход свайго юнацтва я сустрэў чатырма магіламі. Памёр бацька, а сьледам за ім брат і дзьве сястры ў адзін тыдзень. Гэта страшэнна мяне змагло”.

***

“Дырэктар [Менскай рэальнай школы] мяне прымаў без экзамэну, але бацька пастанавіў не аддаваць у школу, а ісьці гаспадарыць.

Гаспадар зь мяне выйшаў кепскі. Гаспадаркі не любіў, а вазіўся заўсёды з кніжкамі, за што меў ад бацькі частую нагонку”.

***

“Маладосьць прайшла мая страшэнна пагана. Чытаньне кніжак без разбору, а чытаў я іх вельмі шмат, разбудзіла маю фантазію. І вось у душы маёй быў вечна нейкі пякельны разлад. Ніяк ня мог я пагадзіць акружаючага рэальнага жыцьця з жыцьцём думак, фантазіі, якія пачарпнуў з кніг”.

***

“Захавалася ў мяне адна фатаграфія. Мне да болю цяжка глядзець на яе. Я сфатаграфаваны там у сялянскай сьвітцы – на мяне глядзіць белакуры твар юнака-селяніна. Ці ж не паказальная гэта фатаграфія!

Сялянскі хлапец, праняты вялікай верай у будучыню свайго народа, поўны энтузіязму і паэтычнага запалу, я разам з такімі ж, як і я, маімі таварышамі-паэтамі былі галасамі забітага і замучанага да крыві польскімі панамі і царскімі сатрапамі слаўнага народа.

Мы імкнуліся выражаць думы народа, яго крыўду, яго пакуты. Плакалі разам зь ім, гнеўна бунтавалі і верылі ў яго будучыню”.

Пра працу над “Словам пра паход Ігаравы”

“Я так зжыўся з творам, што, зрабіўшы пераклад, як бы адчуў сябе сааўтарам «Слова» і гляджу на гэту сваю працу як на сваю ўласную творчасьць”.

Пра задачы мастацтва

“Мастак і паэт павінны абуджаць у чалавеку імклівасьць і ўпэўненасьць. Упэўненасьць у тым, што ні пры якіх выпрабаваньнях ён не загіне, а імклівасьць патрэбна выхоўваць у чалавеку для таго, каб ён хутка рэагаваў на супраціўленьне і хутка яго пераадольваў”.

***

“Калі гавораць гарматы – музы маўчаць? Наадварот, у дні баёў музы працуюць з двухсотпрацэнтнай нагрузкай”.

***

“Усё павінна быць ад сэрца, тады гэта будзе непараўнальнае, тады кожны верш абавязкова запомніцца ўсім, хто яго прачытае. І ніколі не спадабаецца тое, што надуманае, павярхоўнае. Натуральнае і сапраўднае – вось што кранае чалавека”.

***

“Добрая ў нас прырода. Многа пра яе пісаць трэба… І маладыя хлопцы глядзяць на яе ўжо іншымі вачыма, чым глядзелі мы. Але адна справа – дрэва ў лесе, а другая – у вершы. Тут яно павінна ўжо ня лісьцем шумець, а чалавечым голасам гаварыць”.

Пра дзяцей і гісторыю аднаго верша

“Я за ўсё сваё жыцьцё не напісаў нічога значнага для дзяцей. Я ў даўгу перад імі”.

***

“Справа была летам. Жыў я на дачы, у Ляўках. Аднойчы мы ішлі з таварышам па вясковай вуліцы і так захапіліся сваёй гутаркай, што забыліся пра ўсё на сьвеце. Раптам з брамы, насустрач нам, выбег хлопчык – загарэлы, зь белымі льнянымі валасамі. Ад неспадзеўкі мы спыніліся.

Хлопчык бег, кружачы перад сабой рукамі, і гудзеў, падрабляючыся голасам пад гук самалёта. Ён быў так захоплены сваёй гульнёй, што не зьвярнуў на нас ніякай увагі і, як страла, прамчаўся міма. Твар у яго быў сур’ёзны, сабраны на адной думцы. Мяне гэта ўразіла.

– Кім быць хочаш? – крыкнуў я яму наўздагон.

Ён, не спыняючыся, павярнуў да мяне галаву і звонкім дзіцячым голасам адказаў:

– Лётчыкам!

Гэтая сустрэча пакінула ў сэрцы цёплы, радасны сьлед. Вобраз хлопчыка стаяў у маіх вачах, і я напісаў верш «Хлопчык і лётчык»”.

Пра шлях, будучыню і шчасце

“Кожны дзень думай аб тым, што ў нас наперадзе шчасьце”.

***

“І мы паўміраем, можа, не дачакаўшыся, калі мінецца няшчасьце. А зямля наша – будзе. Пэўна ж, не такая краіна, як цяпер, але з усім добрым, што выгараваў і выкаваў народны дух, які жыве ў яе імені”.

***

“Шчасьлівы сягоньня той, хто можа глядзець адкрытымі сумленнымі вачыма ў вясёлыя вочы нашай будучыні”.

***

“Мала што можа чапляцца за ногі ў вялікай дарозе”.

***

“Пачакайце, сьвет зьдзівіцца, як мы цяпер закрочым наперад… Жыве наша Беларусь!

Аўтар публікацыі: Павел Абрамовіч.
Крыніца: Радыё Свабода

Навіны

Фонды яшчэ 37 бібліятэчных устаноў можна ўбачыць у Зводным электронным каталогу бібліятэк Беларусі

7 Жні 2020

68 тысяч бібліяграфічных запісаў на дакументы, якія захоўваюцца ў бібліятэках Шклоўскага і Крычаўскага раёнаў, папоўнілі рэгіянальны блок ЗЭК бібліятэк Беларусі – РЗЭК бібліятэк Магілёўскай вобласці.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

6 жніўня – дзень нараджэння беларускай друкаванай кнігі

6 Жні 2020

Беларускі першадрукар Францыск Скарына пачаў выдавецкую дзейнасць у 1517 годзе ў Празе. Першай кнігай стаў Псалтыр, у якім была пазначана дата завяршэння. Дзякуючы гэтаму мы ведаем не толькі год, а нават дзень нараджэння беларускай друкаванай кнігі – 6 жніўня 1517 года.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Тэатр Уладзіслава Галубка

7 Жні 2020

Сёлета 10 жніўня спаўняецца 100 гадоў з пачатку існавання Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра, арганізатарам і кіраўніком якога быў буйны дзеяч нацыянальнай сцэны, першы народны артыст Беларусі Уладзіслаў Іосіфавіч Галубок (1882–1937).

Праект “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны”

Да 180-годдзя загадкавага Альгерда Абуховіча

6 Жні 2020

У гісторыю беларускай літаратуры Альгерд Рышардавіч Абуховіч (псеўданім Граф Бандынэлі, даты жыцця 6 жніўня 1840 – 22 жніўня 1898) увайшоў як паэт, пісьменнік-рэаліст, перакладчык, адзін з пачынальнікаў жанру байкі, мастацкай прозы і мемуарыстыкі.

Па старонках беларускага календара

Пра сучасную Беларусь распавядае новая выстава бібліятэкі

5 Жні 2020

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, найбуйнейшым інфармацыйным цэнтры рэспублікі, сабрана максімальная колькасць аб’ектыўнай інфармацыі пра нашу краіну. Новая тэматычная выстава “Беларусь сёння” адкрылася ў зале перыядычных выданняў (пам. 106).

Кніжныя выстаўкі

Беларускія кнігі перададзены аўтаноміі беларусаў Расіі

5 Жні 2020

3 жніўня ў рамках дабрачыннай акцыі “Пра Беларусь – беларусам замежжа” Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі перададзена ў дар больш за 300 асобнікаў беларускіх выданняў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111