ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Дзіцячы пакой запрашае
Адкрыццё Беларускага цэнтра ў Пакістане

Колас. Назаўжды

Колас. Назаўжды
Іншыя навіны

Літаратурнае свята “Каласавіны”, якое традыцыйна праходзіць у дзень нараджэння Песняра, сёлета адзначыла 30-годдзе.


Мноства кветак, салодкіх падарункаў, неверагодныя адкрыцці і прызнанні, фотаздымкі на памяць, усмешкі і шчырыя вітанні сяброў. Думаецца, так прынята адзначаць дні нараджэння. І менавіта так вось ужо трыццаць гадоў у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа – шырокім колам сваякоў, сяброў, навукоўцаў – святкуюцца народзіны аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры. Хай яго даўно няма разам з намі, але дух Коласа прысутнічае ў яго доме, чуецца ў творах. Амаль містычнае супадзенне: кожны год у дзень правядзення “Каласавін” стаіць добрае надвор’е, спыняецца дождж, выглядвае сонейка, а напярэдадні свята адбываюцца проста неверагодныя рэчы: справы, якія цягнуліся доўгі час, вырашаюцца ўмомант, у музей прыносяць новыя прадметы, знаходзяцца рукапісы і аўтографы паэта, робяцца адкрыцці і знаходкі. Здаецца, сам творца апякуецца святам, каб яго гасцям было ўтульна, цікава і радасна.

Вось і сёлета на традыцыйных лістападаўскіх “Каласавінах” сабраліся шчырыя сябры музея, прыхільнікі генія паэта, даследчыкі літаратуры, мастакі з Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі. У межах канферэнцыі, прысвечанай 90-годдзю паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка” і 70-годдзю Вялікай Перамогі, прагучала мноства цікавых дакладаў, былі прадстаўлены новыя знаходкі і абмеркаваны важныя пытанні мемарыялізацыі асобы Песняра і больш шырокага знаёмства свету з яго спадчынай.

– Цікавае супадзенне: 2015 год у нашай краіне аб’яўлены Годам моладзі, і паэма Якуба Коласа “Сымон-музыка”, створаная 90 гадоў таму, мае адрасата. Сам паэт напісаў: “беларускай моладзі прысвячаю”, – зазначыла дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская. – А паколькі сёлета ў Расіі – Год літаратуры, то Колас прадстаўляецца і там. У Музеі Аляксандра Блока ў Санкт-Пецярбургу прайшла выстаўка, прысвечаная паэме “Сымон-музыка”, была выстаўка ў Літаратурна-мастацкім музеі Марыны і Анастасіі Цвятаевых, а зараз у Калінінградскім гісторыка-мастацкім музеі размешчана экспазіцыя “Колас і рускія пісьменнікі”.

Зінаіда Камароўская таксама распавяла, што рукапіс паэмы “Сымон-музыка” пакуль захоўваецца ў сямейным архіве сваякоў Якуба Коласа, і выказала спадзяванне, што ён будзе перададзены ў музей. Гэта была б вельмі вялікая падзея!

Падчас “Каласавін” у ліку іншых тэм абмяркоўвалася і надзвычай актуальнае пытанне мемарыялізацыі асобы Песняра. На жаль, бібліятэка ў Стоўбцах пакуль не названая ў гонар выдатнага земляка, а ў Вільнюсе дагэтуль няма мемарыяльнай дошкі Якубу Коласу. Няма дакладнай інфармацыі, ці захавалася імя класіка ў назве вуліцы ў Ташкенце, дзе паэт некаторы час жыў...

Зрэшты, і ў гэтым кірунку ўжо зробленыя пэўныя крокі. Так, у 2017 годзе ў Стоўбцах з’явіцца помнік класіку, а мемарыяльная дошка ці знак у памяць пра візіт паэта могуць быць устаноўлены ў Парыжы.

– 80 гадоў таму разам з групай савецкіх пісьменнікаў Якуб Колас наведаў Парыж, гэтая паездка адбылася ў межах канферэнцыі, – зазначыў намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Анатоль Бутэвіч. – Мы разам з дырэктарам музея Якуба Коласа Зінаідай Камароўскай вядзём перамовы з паслом Рэспублікі Беларусь у Францыі Паўлам Латушкам, каб адзначыць гэтую падзею менавіта ў Парыжы. Спадзяюся, у наступным годзе ў сталіцы Францыі пройдзе выстаўка, прысвечаная Коласу, а кіраўніцтва горада разгледзіць магчымасць устаноўкі памятнага знака ў месцы, звязаным з побытам Песняра ў Парыжы. Гэта крок да таго, каб пра нашых класікаў ведалі і за межамі краіны. І замежныя чытачы не маюць магчымасці пазнаёміцца з многімі выдатнымі творамі нашага Песняра, бо яны вельмі мала перакладаліся і перакладаюцца на іншыя мовы. І калі паэма “Новая зямля” досыць шырока прадстаўлена ў якасных перастварэннях, то “Сымону-музыку” зусім не пашанцавала.

Пра гэта разважаў у сваім выступленні член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі. Міхась Іосіфавіч распавёў, што сёння фактычна не існуе добрага перакладу паэмы нават на рускую мову. А той, што ўжо зроблены, не можа лічыцца прымальным.

Справа ў тым, што на рускую мову пераствораны моцна скарочаны варыянт другой рэдакцыі “Сымона-музыкі”. У працэсе супрацы з перакладчыкам пад націскам цэнзуры і па патрабаванні рэдактараў самому Коласу даводзілася выкрэсліваць “ідэалагічна няправільныя моманты”, што значна змяніла і спрасціла сэнс усяго твора. І калі да скарачэнняў паэма была надзвычай адметным творам, які значна вылучаўся з усяго напісанага Коласам, то пасля многіх правак “Сымон-музыка” стаў зусім звычайным і някідкім. Па меркаванні даследчыка, пры перакладзе паэмы сёння варта карыстацца першай рэдакцыяй твора – самай поўнай і правільнай, куды яшчэ не былі ўнесены праўкі цэнзуры.

Не абышліся сёлетнія “Каласавіны” без падарункаў ад сяброў музея. Так, Андрэй Антонаў, член-карэспандэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў, перадаў у музей копіі лістоў Якуба Коласа рускаму пісьменніку Аляксею Новікаву-Прыбою, а дырэктар Кіеўскага літаратурна-мемарыяльнага музея М. Рыльскага Вікторыя Калеснік прывезла ў падарунак маркі і значкі з выявай Якуба Коласа, а таксама выданне аповесці “Дзед Талаш” на ўкраінскай мове, што пабачыла свет у 1957 годзе. Адметна, што раней гэтая кніга захоўвалася ў Харкаўскім літаратурным музеі.

У сваім прывітальным слове Вікторыя Лявонцьеўна сказала:
– Музей сёння – не проста месца, дзе захоўваюцца прадметы, гэта творчая, інтэлектуальная прастора, якая можа стаць выдатнай пляцоўкай для сустрэчы калег, аднадумцаў. Ён павінен выступаць захавальнікам культуры, духу продкаў для наступных пакаленняў. Вельмі прыемна, што ўжо больш як дзесяць гадоў наш музей добра сябруе з Коласаўскім музеем у Мінску. Ужо добрай завядзёнкай “Каласавін” стала знаёмства шырокай публікі з новымі, амаль сенсацыйнымі знаходкамі, што год ад году робяцца акурат напярэдадні свята. Вось і сёлета падчас канферэнцыі была прадстаўлена фотапаштоўка Песняра, не так даўно выяўленая ў новых паступленнях у збор Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Лёс склаўся так, што першым даследчыкам гэтага ўнікальнага прадмета стала ўнучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч.

– Дакумент знаходзіўся ў асабістым архіве першага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Іосіфа Сіманоўскага, – заўважыла Вера Данілаўна. – Ён адметны па многіх прычынах. Па-першае, яму больш як сто гадоў: паштоўка датуецца 1907 годам, яна вельмі добра захавалася.
Па-другое, дакумент складаецца з дзвюх каштоўных частак – фотаздымка і рукапіснага тэксту Якуба Коласа. Унізе пад фота змешчаны аўтограф “Огарки накануне роковых событий. Вильня, 1907 год”. Гэты фотаздымак – адкрыццё, бо раней нам былі вядомыя толькі выява Коласа-семінарыста 1901 года і партрэт 1908 года, адметна, што і першы вядомы нам ліст Коласа датуецца 1908 годам.

Вера Міцкевіч у сваім выступленні распавяла, што з 1 верасня 1907 года да пачатку 1908-га Якуб Колас жыў у Вільні і працаваў у рэдакцыі газеты “Наша ніва”. У гэты час ён часта сустракаўся з сябрамі – студэнтамі Віленскага настаўніцкага інстытута Люкой Гарбацэвічам, Канстанцінам Саўчуком, Сямёнам Анішчыкам. Пазней Кастанцін Саўчук у сваіх успамінах напіша, што тады ўтварылася згуртаваная чацвёрка: Якуб, Лука, Сямён, Канстанцін. Колас іх заахвоціў да працы ў рэдакцыі і называў “Агаркамі” – людзьмі, выкінутымі за парог жыцця. Вось адкуль такі подпіс на фотапаштоўцы. Застаецца загадкай, хто на фотаздымку стаіць побач з Коласам. Найбольш верагодна, што гэта нехта са студэнтаў ці настаўнікаў-агаркаў, звольненых з працы. Адрасат паштоўкі – Сымон Самахвал, блізкі сябар Коласа, з якім ён разам вучыўся ў Нясвіжы. Пазней Сямён стане прататыпам Янкі Тукалы ў трылогіі “На ростанях”. На жаль, лёс Сымона Самахвала трагічны: ён у 1938 годзе быў расстраляны.

Але на гэтым сюрпрызы для аматараў творчасці Якуба Коласа не скончыліся. Так, на мемарыяльнай сядзібе музея Песняра адбылося адкрыццё новага скульптурнага блока. Да паэтычнага кутка “Героі твораў Якуба Коласа”, дзе яшчэ раней можна было пабачыць выявы Сымона-музыкі, Лабановіча ды Ядвісі і рыб, якіх так любіў лавіць Колас, дадаліся тры новыя драўляныя скульптуры. Гэта героі коласаўскага верша “Савось-распуснік”. Іх аўтар – выдатны мастак-рэзчык Сяргей Кляшчук.

– Месца, дзе цяпер стаяць скульптуры, можа стаць выдатным казачным кутком для дзяцей, дзе можна сядзець, чытаць казкі, – распавядае мастак. – Усе беларусы з самага дзяцінства ведаюць коласаўскі верш пра пярэсценькага катка, таму мы не маглі абысці яго ўвагай. З аднаго боку, верш вельмі просты, але разам з тым геніяльны. У скульптурах знайшлі ўвасабленне тры галоўныя вобразы з твора – сам каток, які ўцёк на дрэва, сабачка Рудзька, які сам па сабе добры, але яго прымушаюць палохаць коціка, і збянтэжаны Савось. Можна сказаць, што гэтыя работы – вялікая ўдача для мяне. Сышліся маё бачанне, натхненне і пажаданні супрацоўнікаў музея.

Свята “Каласавіны” не абмежавалася толькі сталіцай. Госці наведалі мемарыяльныя сядзібы паэта ў Акінчыцах, Альбуці і Смольні, усклалі кветкі да помнікаў песняру ў Мінску і вёсцы Мікалаеўшчына, што на Стаўбцоўшчыне. Літаратурна-музычныя вечарыны адбыліся ў Мінску і ў Стоўбцах.

Пройдзе год, і сябры Коласа зноў збяруцца на “Каласавіны”. Будуць новыя адкрыцці, знаходкі і навуковыя сенсацыі. Ужо можна прадбачыць, што і дзень будзе сонечным: як заўсёды, гэтаму паспрыяе сам Якуб Колас.

Аўтар публікацыі: Марына Весялуха.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”

Чытайце таксама:

Навіны

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам