ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Фотавыстаўка, прысвечаная Уга Чавесу
Назад, у пяцідзясятыя

Колас. Блок. Пушкін

Колас. Блок. Пушкін
Іншыя навіны

Творчая спадчына Якуба Коласа цікавіць не толькі беларусаў, але і нашых суседзяў.


30 ліпеня адбылося адкрыццё выстаўкі з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Музеі-кватэры Аляксандра Блока (Санкт-Пецярбург). Яшчэ адна выстаўка, прысвечаная творчасці нашага класіка, сустракае першых наведвальнікаў – у вільнюскім Літаратурным музеі Аляксандра Пушкіна.

Праекты ладзяцца ў межах заключаных пагадненняў аб доўгатэрміновым творчым супрацоўніцтве. Дзелавыя, творчыя і сяброўскія стасункі паміж музеямі распачаліся з круглых сталоў, якія некалькі гадоў таму перыядычна праходзілі ў музеі Якуба Коласа.

Выстаўкі ў Санкт-Пецярбургу і Вільнюсе прысвечаны розным аспектам жыцця і творчасці беларускага пісьменніка. Экспазіцыя ў Музеі-кватэры А. Блока прымеркаваная да 90-годдзя напісання паэмы “Сымон-музыка”. Як слушна заўважае дырэктар музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская, паэма вылучаецца між іншых твораў класіка, бо максімальна набліжаная да паэзіі Сярэбранага веку. Гэта дазваляе звярнуцца да літаратурных узаемасувязей і расказаць у экспазіцыі пра стасункі Я. Коласа з вядомымі расійскімі творцамі.

У фондах музея Якуба Коласа захоўваецца шмат матэрыялаў, звязаных з пецярбургскім паэтам Сяргеем Гарадзецкім, які быў універсітэцкім сябрам А. Блока, “настаўнікам” С. Ясеніна.

С. Гарадзецкі – адзін з перакладчыкаў на рускую мову паэмы “Новая зямля” – быў добра знаёмы з Коласам, пра што сведчыць багатае ліставанне творцаў, іх сумесныя фотаздымкі. Гэтыя матэрыялы склалі асобны блок выстаўкі.

На сваім жыццёвым шляху Якуб Колас сутыкаўся і з іншымі паэтамі Сярэбранага веку.

Падчас эвакуацыі ў Ташкенце ён жыў побач з домам, дзе мела пакой Ганна Ахматава. Святлана Сомава згадвала, што Якуб Колас наведваў творчыя вечары паэтэсы. Ёсць сведчанні пра тое, што ён дапамагаў Ахматавай праз Саюз пісьменнікаў – зрэшты, падтрымаць паэтэсу ў той час імкнуліся многія: ад графа Аляксея Талстога да дробнага злодзея на Алайскім кірмашы.

Якуб Колас не быў асабіста знаёмым з А. Блокам, але абодвум паэтам давялося пэўны час жыць на Піншчыне. Колас некалькі гадоў працаваў тут настаўнікам, а Блок служыў у інжынернай частцы падчас Першай сусветнай вайны. Дарэчы, супрацоўнікі музея Якуба Коласа ўжо рыхтуюць выстаўку “Якуб Колас і рускія пісьменнікі”, якая ў верасні будзе дэманстравацца ў Калінінградзе.

На выстаўцы “То не музыка – натхненне” прадстаўлены рукапісы паэмы “Сымон-музыка”, выданні розных гадоў і пераклады. Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць ілюстрацыі да “Сымона-музыкі” Барыса Заборава, Мікалая Селешчука, Эдуарда Агуновіча, Георгія Паплаўскага. Наведвальнікі Музея-кватэры А. Блока могуць пазнаёміцца і з прэзентацыяй, якая распавядае пра гісторыю напісання і выдання паэмы “Сымон-музыка”, дзейнасць коласаўскага музея, мясціны, дзе жыў паэт. Урыўкі з твора гучаць у выкананні Міхаіла Канстанцінавіча Міцкевіча, што выклікала вялікую цікавасць.

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, старшыня Санкт-Пецярбургскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Барыс Арлоў, сябры Саюза пісьменнікаў Расіі Андрэй Антонаў і Мікалай Астаф’еў, Валянціна Царова і Зоя Бабкова, а таксама прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі горада. Імпрэза прывабіла ў першую чаргу людзей сталага ўзросту, ужо знаёмых з творчасцю Я. Коласа. У Музей-кватэру А. Блока завітаў і дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі Санкт-Пецярбурга Аляксандр Калякін. Аляксандр Мікалаевіч прызнаўся, што ён чалавек тых часоў, калі беларускую літаратуру яшчэ вывучалі ў Расіі, і працытаваў радкі, якімі распачынаецца “Новая зямля”.

Адкрыццё выстаўкі праходзіла па-беларуску, і наведвальнікі без праблем разумелі супрацоўнікаў коласаўскага музея. У зале прагучалі ўрыўкі паэм “Сымон-музыка” і “Новая зямля” – пецярбуржцы папрасілі пачытаць Якуба Коласа па-беларуску.

У горад на Няве вядомы пісьменнік завітваў толькі выпадкам, а ў сучаснай сталіцы Літвы жыў і працаваў на працягу некалькіх гадоў. У прыгарадзе Вільні, Павільнюсе, жыла будучая жонка Якуба Коласа Марыя Каменская. Маці пабудавала для яе дом у Віленскай чыгуначнай калоніі, дзе неаднойчы спынялася сямейная пара. У доме М. Каменскай на пачатку 1960-х гадоў планавалася стварыць музей Я. Коласа, але выявілася, што будынак пашкоджаны грыбком. Дом разбурылі, а яго начынне было перададзена ў Літаратурны музей А. Пушкіна.

У гісторыі супрацоўніцтва гэтай установы з літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа ўжо нямала сумесных праектаў. Гэтым разам коласаўскі музей запрашае вільнюсцаў на выстаўку “Дзядзька ў Вільні”, зробленую па матывах паэмы “Новая зямля”. У экспазіцыі прадстаўлены ілюстрацыі да твора, выкананыя Васілём Шаранговічам, Анатолем Волкавым, Арленам Кашкурэвічам, Мікалаем Купавам ды іншымі беларускімі мастакамі, копіі рукапісаў народнага песняра віленскага перыяду, асабістыя рэчы Я. Коласа. З фондаў Літаратурнага музея

А. Пушкіна экспануюцца фотаздымкі старой Вільні, асобнікі “Нашай Нівы”, рэчы з сям’і Каменскіх. Па словах З. Камароўскай, у вільнюскім музеі ёсць нямала цікавых экспанатаў: стол, ложак, гадзіннік, падсвечнік у выглядзе шрубаў, мастацкія работы з дома Каменскіх.

Выстаўка “Дзядзька ў Вільні” ладзіцца ў межах дзён Беларусі ў Вільнюсе. “У Літве дні Беларусі праходзяць круглы год, але ў розных гарадах, – распавядае З. Камароўская. – Адбываецца адначасова шмат мерапрыемстваў, удзельнічаць у якіх вельмі цікава. Мяркую, што нам можна пераняць гэтую практыку – тады людзі будуць больш ведаць пра культуру суседніх краін, часцей знаёміцца з навінкамі”.

Выстаўкі ў Санкт-Пецярбургу і Вільнюсе будуць дзейнічаць на працягу месяца. Ужо плануюцца і новыя сумесныя праекты. Так, неўзабаве будзе падпісана пагадненне аб творчым супрацоўніцтве з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Фёдара Дастаеўскага (Санкт-Пецярбург).

“Нашы музеі знаходзяцца ў падобнай сітуацыі, бо мемарыяльная экспазіцыя спалучаецца з літаратурнай. Да таго ж ідзе перайманне досведу стварэння экспазіцый у абмежаваных плошчах. Супрацоўнікі літаратурна-мемарыяльных музеяў разам шукаюць перспектывы развіцця ў сучасных умовах, і сумесныя праекты дапамагаюць падтрымліваць стасункі”, – падкрэслівае Зінаіда Камароўская.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”

Чытайце таксама:

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам