ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Выдавецтву “Беларусь” – 90!
Навукова-вытворчае супрацоўніцтва ў сацыякультурнай сферы

Код нацыі, альбо Мы тое, што мы чытаем

Код нацыі, альбо Мы тое, што мы чытаем
Іншыя навіны

Беларускія казачнікі сабраліся за круглым сталом, каб пагаварыць пра беларускіх дзяцей і дзіцячую літаратуру.


“Калі хочаш быць некім асаблівым,
некім насамрэч незвычайным – будзь сабой”.

Беларуская дзіцячая літаратура – гэта цэлая планета! На ёй жывуць і пісьменнікі-казачнікі, і мастакі-ілюстратары і кнігавыдаўцы, і бібліятэкары, і казачныя персанажы: бульбінка Адрэта, Пан Павучыдла, мамурыкі і шмат хто яшчэ. Але на гэтай планеце не заўжды ўсё гладка, ёсць там і свае праблемы. Вось вы спытайце ў сваіх дзетак: якіх сучасных беларускіх дзіцячых пісьменнікаў яны ведаюць, якіх беларускіх казачных герояў? А ці часта вы самі купляеце дзецям кніжкі айчыннай вытворчасці: на беларускай мове, аформленыя беларускімі мастакамі, надрукаваныя ў беларускіх друкарнях?

“Мы ўсе дзеці космасу”

Алесь Бадак, пісьменнік, першы намеснік дырэктара РВУ “ЛіМ”:

– Калі на сустрэчах з маленькімі чытачамі мы задаём пытанне: “Якога казачнага беларускага героя вы ведаеце?”, то, як правіла, называюць Несцерку (хаця гэта не казачны персанаж, а народны) і Міколку-паравоза. І ніводнага сучаснага героя не называюць... А ў нас такіх сучасных герояў насамрэч шмат! З кожнай новай кніжкі можна ўзяць па некалькі такіх герояў. Адзінае, што ім патрэбна, – гэта “раскрутка” і рэклама. Я думаю, што дзіцячыя персанажы Эдуарда Успенскага не карысталіся б такой папулярнасцю, калі б паводле твораў пісьменніка не было мультфільмаў...

Раіса Баравікова, пісьменніца, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”:

– Мне думаецца, што наша дзіцячая літаратура цяпер перажывае шчаслівы момант. Быў пэўны перапынак, некалькі дзесяцігоддзяў, калі ў нашай літаратуры не адбывалася прарыву. І вось прыблізна год 10 таму адбыўся такі зрух, нібыта ў нашай літаратуры пісьменнікі намацалі, як можа заявіць пра сябе наша беларуская літаратура. Якраз тады ў літаратуру прыйшлі людзі, якія адразу абралі для сябе дзіцячую тэматыку: Алена Масла, Генадзь Аўласенка, Алесь Бадак, Андрэй Федарэнка і інш. Тады самым вялікім штуршком, каб дзеці ізноў вярнуліся да літаратуры, стаў, як ні дзіўна, Гары Потэр. Да твораў пра яго можна па-рознаму ставіцца. Але ва ўсім свеце адбывалася такая магутная рэклама Гары Потэра, што дзеці зноў сталі цягнуцца да кнігі, ім зноў стаў цікавы сам працэс чытання. Пісьменнікам трэба было не ўпусціць гэты момант.

Адна з маіх апошніх кніжак для дзяцей – “Казкі астранаўта”. Гэта такія касмічныя падарожжы беларусаў. Я перакананая, што ХХІ стагоддзе будзе стагоддзем касмічных адкрыццяў. Дзеткі, якія цяпер ходзяць у 4-5 клас, – гэта тыя будучыя геніі, тыя навукоўцы, якім трэба будзе рабіць гэтыя адкрыцці. Мне хочацца, каб нашыя дзеці вельмі дружалюбна ставіліся да космасу, таму што космас – загадкавы і таямнічы, і там, напэўна, шмат дружалюбных насельнікаў. Ніякія адкрыцці не зробяцца, калі на космас пазіраць з варожасцю. Мы таксама ўсе дзеці космасу. Мы жывём на адной з планет, над намі – неба. У сваім дзяцінстве я вельмі захаплялася астраноміяй, і мне хацелася стварыць прыгожыя цікавыя кніжкі для нашых дзетак пра космас. Яны чакаюць кніг разумных і разам з тым кніг прыгодніцкіх, чароўных, фэнтэзі, каб можна было абапіраючыся на гэтыя кнігі развіваць уласную фантазію. Усё вялікае пачынаецца з вялікай фантазіі.

Вельмі часта, калі нашы пісьменнікі пішуць фантастычныя творы, то бяруць сваім героям замежныя імёны – Джон, Стэфан, называюць мясцовасць іншароднымі словамі. Але трэба зразумець, што калі ў нашых творах для нашых дзяцей прысутнічае штосьці сваё, беларускае – гэта прываблівае. Я заўжды бяру толькі нашы імёны, у мяне і мясцовасць уся звыклая, знаёмая. І героі нашы, таму што я лічу: мы – нацыя вельмі інтэлектуальная, з развітымі высокімі тэхналогіямі, і самыя неверагодныя касмічныя з’явы могуць адбывацца ў нас.

“Колькі табе гадкоў?”

Алена Масла, пісьменніца, галоўны рэдактар часопіса “Бярозка”:

– Сёння сапраўды ёсць праблема нецікавасці дзяцей да беларускай кнігі... Я вельмі часта бываю на сустрэчах з дзецьмі і ў каторы раз пераконваюся, што з дзецьмі трэба весці дыялог. Тады яны адгукаюцца на тое, што ты ім прапануеш. Беларускай кнізе сёння не хапае піяру і паважлівага стаўлення. Я зусім нядаўна вярнулася з форуму кнігавыдаўцоў у Швецыі, наведала многія ўстановы, выдавецтвы. І ў тым ліку Шведскі інстытут дзіцячай кнігі. Адно з самых яскравых уражанняў: у вялікай зале, дзе праходзіла пасяджэнне, вісіць сцяг – вялікі сімвал з выявай сонца і нейкіх жывёл, і напісана: “Дзіцячай кнізе Швецыі 400 гадоў”. Вось як яны сваё шануюць! Пачынаю разбірацца: а што ў нас? Аказваецца, нашы выкладчыкі дзіцячай літаратуры канстатуюць, што беларуская дзіцячая кніга вядзе свой пачатак ад Сімяона Полацкага. І гэта сёння, як я налічыла, – 375 гадоў! Ведаеце, у нас усё ёсць: і цікавыя аўтары, і шыкоўныя мастакі, прызнаныя не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе, у Расіі. У нас ёсць цудоўныя кніжныя традыцыі! Таму вельмі важна далучаць дзяцей да беларускай кнігі. Бо кніга – гэта не проста захаванне мовы праз нашу знакавую сістэму. Праз кнігу мы перадаём нашым дзецям код нацыі, адчуванне нашых традыцый і каштоўнасцей, выпрацаваных стагоддзямі. А сістэма каштоўнасцей у нашага народа вельмі багатая, вельмі маральная.

Мы можам мільёны разоў паўтарыць, што дзеці – гэта наша будучыня. Але ёсць рэальныя справы... І кнігавыданне – гэта адна з найважнейшых спраў, таму што менавіта праз слова перадаюцца каштоўнасці нашай беларускай сям’і і, наогул, засвойваюцца ўсе астатнія веды. Калі мы адмаўляем дзецям у беларускай кнізе – значыць, аддаём іх каму заўгодна, толькі не займаемся выхаваннем самі.

Ва ўсім свеце, калі выйшла нейкая новая кніга, цікавая для дзяцей, то адразу ствараюцца і мультфільмы, і кінафільмы... Крок за крокам нам таксама трэба прыйсці да таго, каб не толькі ствараць цікавыя літаратурныя творы для дзяцей, але і ўмець папулярызаваць іх. Тую ж Швецыю можна па праве назваць краінай Ліндгрэн. Там разам з партрэтам каралеўскай сям’і ў аэрапорце ўсіх гасцей Швецыі сустракае партрэт Ліндгрэн. За Ліндгрэн жыве ўся краіна, яе кнігі выдаюць, яны выдатна прадаюцца. Людзі прыязджаюць у Швецыю паглядзець на музей пісьменніцы, паглядзець на краіну, дзе яна жыла. Грошы застаюцца ў краіне – гэта для ўсіх патрэбна.

Генадзь Аўласенка, пісьменнік:

– Я зараз працую ў школе, выкладаю біялогію і хімію. Сутыкаюся з праблемай, што дзеці ў 5-6 класе не ўмеюць чытаць! У мяне дзве гадзіны ў тыдзень: аўторак, серада. Вось я патлумачу ў аўторак новую тэму, у сераду яны ўсе мне расказваюць гэтую тэму выдатна, бо запомнілі, што я ім расказваў у аўторак. А на наступным тыдні ў аўторак яны нічога не ведаюць, таму што не прачыталі як след. Сучасным дзецям цяжка чытаць, цяжка засвойваць тэкст, інфармацыю, якую змяшчае гэты тэкст. А чаму гэта адбываецца? Таму што ў маленстве яны мала чыталі кніг...

“Бульбінку Адрэту – у масавую вытворчасць, Несцерку – у парк Горкага!”

Раіса Баравікова:

– У нас ёсць дзіцячы парк імя М. Горкага. Чаму б не зрабіць помнік Несцерку і іншым беларускім героям у гэтым парку? Вельмі шкада, што ў нас дагэтуль няма ніводнага помніка беларускім казачным героям...

Я заўважыла: на Захадзе, як толькі нейкі дзіцячы фільм пачынае ісці, лёгкая прамысловасць ужо робіць сваю справу. Ужо ва ўсіх дзіцячых крамах маечкі, расчосачкі, цукерачкі з героямі гэтага фільма. Лёгкая прамысловасць працуе на кінастужку, а кінастужка – на лёгкую прамысловасць. Вось у мяне ёсць кніжка “Касмічныя прыгоды бульбінкі Адрэты” – чым не нацыянальны казачны дзіцячы герой! Я нават цацку бачыла ў выглядзе бульбінкі! Цацку запусціць у масавую вытворчасць, а да яе ўжо і казка ёсць! Трэба, каб наша лёгкая прамысловасць (у нас жа многа цацачных фабрык) звярнулася да беларускай нацыянальнай дзіцячай літаратуры. І гэта будзе ўзаемная рэклама!

Здаецца, што большасць праблем з’яўляюцца ў нас з-за нашай раз’яднанасці: кожны ціхенька займаецца сваімі справамі, ніяк не перакрыжоўваючыся і не цікавячыся тым, чым займаюцца іншыя. Усе сёння жывуць гэткімі “кам’юніці”: мастакі, пісьменнікі, кінарэжысёры, прыватныя прадпрымальнікі... А гэта з’ява страшная: у прыпавесцях менавіта так апісваюць працэс знікнення нацый...

Ва ўсім свеце прынята: калі ў нацыянальнай дзіцячай літаратуры з’яўляецца яскравы твор, то ўсё ад лёгкай вытворчасці да кінавытворчасці працуе на гэты твор. А наш рынак захапілі замежныя, чужыя па менталітэце і вобразе героі...

Мы ўвесь час імкнёмся ў некага пераймаць, не ўсведамляючы таго, што кожная нацыянальная культура – унікальная. І беларуская ў тым ліку. Мы маем усё сваё, і трэба прасоўваць, падтрымліваць, рэкламаваць і піярыць менавіта сваё. Калі пашукаць, то ў нас знойдуцца дзіцячыя героі, не горшыя за Гары Потэра ці Пітэра Пэна! Варта не толькі глядзець на паспяховыя замежныя камерцыйныя праекты, але ствараць свае. Вядома, улічваючы чужы досвед, але не калькуючы.

Бо, калі мы хочам вылучацца, найлепшы спосаб для гэтага – быць сабой. Быць беларусамі.

ШТО ЧЫТАЦЬ ДЗЕЦЯМ І З ДЗЕЦЬМІ:

  • “Прыгоды Чыпаліны” Джані Радары (Мн., Харвест, 2010)
  • “Першая прыгажуня” Алена Масла (Мн., ЛіМ, 2010)
  • “Казкі астранаўта” Раіса Баравікова (Мн., ЛіМ, 2010)
  • “Мой сябра Анёлак” Арцём Кавалеўскі (Мн., ЛіМ, 2010)
  • “Казачныя аповесці пра міжпланетнага пажарніка і іншых мамурыкаў” Раіса Баравікова (Мн., ЛіМ, 2010)
  • “Купалінка” Ясенія Сцяпанава (Мн., Мастацкая літаратура, 2010)
  • “Крынічка Буль-Буль”, беларуская аўтарская казка (Мн., Мастацкая літаратура, 2010)
  • “Малы мядзведзік” Юя Вісландэр, Томас Вісландэр (Мн., ЛіМ, 2010)
  • “Удивительные приключения мышонка Пипа” Эсміра Ісмаілава (Мн., ЛіМ, 2010)
  • “Новые приключения маленького Ветерка из Вентилятора” Генадзь Аўласенка (Мн., ЛіМ, 2010)

Крыніца: Газета "Звязда"

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам