ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Рэсурсы адкрытага доступу і інтэгрыраваныя пошукавыя сэрвісы: прымяненне ў навукова-адукацыйнай дзейнасці
“Помнім боль і страты твае, Беларусь…” – экскурсія да Дня Перамогі

Кніжны гасцінец. Жанчыны беларускіх лясоў і японскіх пяскоў

Іншыя навіны

29-22_kopiya_13.jpg

Іван Шамякін. Творы. Залатая калекцыя беларускай літаратуры. Т. 22. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021.

Новы, 22-і па ліку, том серыі «Залатая калекцыя беларускай літаратуры», прысвечаны творчасці Івана Шамякіна, дае нам унікальную магчымасць. Чытаючы творы класікаў, мы часта гадаем наконт прататыпаў, таго, якія рэальныя падзеі з біяграфіі аўтара адбіліся ў тэксце. Тут аб'яднаныя мастацкі твор па матывах аўтабіяграфіі і дакументальны, дзе выкладзены сапраўдныя падзеі, якія ляглі ў аснову мастацкага твора. Гаворка пра пенталогію «Трывожнае шчасце», якая прынесла маладому Шамякіну славу, і аповесць «Слаўся, Марыя!». Аповесць Шамякін напісаў пра сваю жонку, Марыю Філатаўну, пасля яе смерці. І менавіта Марыя Філатаўна – прататып галоўнай гераіні пенталогіі, Сашы Траянавай, а герой, Пятро – гэта аўтар. «Я пісаў самага дарагога мне Чалавека пад іншымі імёнамі, ставячы яе ў розныя сітуацыі, якіх у сапраўднасці не было, якія сачыняліся аўтарам. Без гэтага не было б мастацкага твора. Я абавязаны напісаць пра яе жывую, рэальную», – тлумачыць Шамякін. У раманах Саша Траянава – маладая фельчарка, якую паслалі на работу ў вёску. З каханым мужам, Пятром, яе разлучае вайна. Саша нараджае дачку, перажывае акупацыю, Пятро ваюе... Потым закаханыя злучаюцца. Асноўная сюжэтная лінія і ў жыцці такая ж. Шамякін пазнаёміўся з будучай жонкай яшчэ ў школе – «Маша была маленькая, рыжанькая, з вялікімі блакітнымі вачамі, вельмі жывымі, выразнымі»... Менавіта ёй Шамякін даваў спісваць заданні па матэматыцы. А потым нечакана сустрэліся ў горадзе – Маша паступіла ў медтэхнікум, Шамякін у тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. «Перад Машай я хацеў выглядаць незвычайным, сапраўды непадобным да іншых, – рыцарам, для яе і раманы чытаў». І дзеля яе сачыніў першую прозу. Паехаўшы на зімовыя канікулы на радзіму, змайстрачыў фальшывы дзённік, у якім распавядаў рамантычную гісторыю, нібыта ў яго закахалася маладая прыгожая жонка ляснічага. Даў Машы пачытаць: спадзяваўся падняць у яе вачах свой імідж. Пасля яна прызналася, што ніводнаму слову з тае гісторыі не паверыла. Потым Марыя Філатаўна адправілася працаваць фельчарам у вёску, а Шамякін прыязджаў да яе... А яна наведвала яго, хворага, і пешкі ўночы праходзіла па трыццаць кіламетраў... Праз дзесяць дзён пасля вяселля Шамякін атрымаў павестку ў армію. Быў 1940... А праз два месяцы пасля пачатку вайны атрымаў ад жонкі ліст, што 10 ліпеня ў іх нарадзілася дачка. Вы знойдзеце шмат неверагодных, але рэальных дэталяў, якія ўвайшлі ў мастацкія творы Шамякіна і якія, не ведаючы, можна спісаць толькі на аўтарскую фантазію. Дадам, што ў канцы тома – каментарыі, якія яшчэ больш падрабязна расшыфроўваюць фактычную «падбіўку» мастацкага вымыслу..

29-23_kopiya_11.jpg

Коба Абэ. Жанчына ў пясках. «Азбука-классика», Масква, 2020.

«Што ж атрымліваецца? Вы жывяце толькі для таго, каб адграбаць пясок?»

Не чытайце раман вялікага японскага пісьменніка Коба Абэ як страшную крымінальную гісторыю – cтраціце большую частку ўражання.

Так, і без заглыблення ў падтэкст сюжэт уразіць: малады энтамолаг выпраўляецца за папаўненнем калекцыі жамяры і трапляе ў дзіўную вёску: дамы жыхароў стаяць у вялікіх ямінах, бо іх увесь час заносіць пяском, і жыццё тубыльцаў прысвечана таму, каб гэты пясок са сваіх ямін выграбаць. Госця бяруць у палон – фактычна, у рабства, ён апынаецца ў яміне з аўдавелай жанчынай... І, каб выжыць, выграбае і выграбае пясок. Не будзе выграбаць – не атрымае ні ежы, ні пітва... Будзе – нават цыгарэт скінуць... Толькі не лесвіцу.

Зразумела, гэта філасофская прыпавесць. Бо мы за рэдкім выключэннем так і жывём, у бессэнсоўнай мітусні. Выграбаем са сваёй яміны пясок, каб атрымаць свой кавалак хлеба і глыток вады. Прывыкаем... Маем свае маленькія радасці і палёгкі, дасягненні, якімі можна ганарыцца – герой, напрыклад, вынаходзіць сістэму для збору вады... І нават калі ў яміне апынаецца лесвіца – хутчэй за ўсё, не скарыстаемся. Бо тут жа нашыя напрацоўкі, наладжаны быт... «Яміна таксама мела свае перавагі – у яе не залятаў вецер. Але затое і сонца амаль не заглядала».

Гэта раман пра тое, як лёгка зламаць чалавека, пераканаць, што іначай жыць нельга, чым яму прапаноўваюць. Калі спачатку герой бачыць мноства іншых варыянтаў для жыхароў засыпанай вёскі – ну хоць бы сабрацца ды пасадзіць дрэвы, каб тыя затрымлівалі пясок, то пасля месяцаў манатоннай, знясільваючай работы свабода, горад, урэшце, жонка, сябры, сваякі, якія там засталіся, робяцца недасяжнай абстракцыяй. Чалавек пакорліва застаецца на дне сваёй яміны.

Выданні для агляду прапанаваныя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72.

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
Крыніца: Звязда

Навіны

Як трусік Пітэр і Джамайма Крак стварылі першы кніжны мерч

11 Чэр 2021

Пра любое новае захапленне часта хочацца крычаць на ўвесь свет. Зачапіла кніга? Куплю закладкі з цытатамі! Спадабалася музычная група? Хутчэй, трэба купіць футболку з яе лагатыпам! Уразіў новы фільм? Ну, вы зразумелі ход думкі. Чым бы мы ні захапляліся, напэўна ў свеце ўжо ёсць падыходзячы мерч – вопратка, аксесуары і іншыя рэчы з сімволікай. Лічыцца, што эпоха мерчу пачалася з дыснееўскай Беласнежкі і выпуску лялек з галоўнай гераіняй, гномамі і добрымі звярамі-сябрамі. Але мала хто ведае, што першы сапраўдны мерчандайз быў... кніжным. Хвіліначку ўвагі, спадары і спадарыні: сёння мы паглядзім, як трусік Пітэр і Беатрыс Потэр сталі піянерамі ў гэтай няпростай справе і што з гэтага выйшла.

Аўтарскі погляд

Віртуальная чытальная зала НББ для публічных бібліятэк Мінскай вобласці: інфармацыйна-бібліятэчнае абслугоўванне карыстальнікаў у сучасных умовах

10 Чэр 2021

Нацыянальная бібліятэка працягвае серыю мерапрыемстваў, прысвечаных пытанням метадычнага забеспячэння работы публічных бібліятэк розных рэгіёнаў нашай краіны.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Каштоўнае папаўненне фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

9 Чэр 2021

Фонды бібліятэкі ўвесь час папаўняюцца, але найбольшую цікавасць і каштоўнасць уяўляюць кнігі і экспанаты, якія трапляюць у галоўнае кнігасховішча краіны з уласных палічак саміх аўтараў ці іх нашчадкаў. Сёння мы рады прадставіць вам такое выданне.

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Апублікаваныя відэаматэрыялы сімпозіума “Узаемадзеянне бібліятэк, выдавецтваў і кнігараспаўсюджвальнікаў у Расіі і свеце – вопыт і перспектывы”

9 Чэр 2021

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі нацыянальных бібліятэк розных краін і спецыялісты выдавецкіх і кнігараспаспаўсюджвальных арганізацый.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам
111