ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Тэставы доступ да Public.Ru
Змяненне клімату: пара дзейнічаць!

Кніжніца тваёй мары

Кніжніца тваёй мары
Іншыя навіны

У Галандыі, у прыгарадзе Ратэрдама Спэйкэнісе, адкрылася новая бібліятэка Book Mountain + Library Quarter. Адметнай яе робіць незвычайная форма – шкляная піраміда.


За шклом

Плошча піраміды Book Mountain + Library Quarter – прыкладна 93 тысячы квадратных метраў. Знешняя частка яе складаецца з паўпразрыстага шкла, з усталяваным падсвятленнем.
Унутры піраміды знаходзіцца яшчэ адна – вялізная кніжная шафа – прыступкамі. Уздоўж усіх кніжных стэлажоў пралягае дарожка, агульная даўжыня якой – 470 метраў. І ўжо на даху гэтай шафы – кавярня, дзе можна падсілкавацца ды пачытаць упадабаную кнігу.
Па агульных падліках, бібліятэка сабрала больш як 70 тысяч кніг. Стварыла гэты цуд студыя MVRDV, а размясцілася піраміда на Базарнай плошчы.
Між тым, Book Mountain + Library Quarter не толькі бібліятэка. Гэта цэлы комплекс збудаванняў, звязаных паміж сабой. Тут і адукацыйны экалагічны цэнтр, і канферэнц-залы, і вучэбныя аўдыторыі, і офісы, і гандлёвыя плошчы, і гатэль, і нават сацыяльнае жытло (42 кватэры).
Так, архітэктурную навінку Спэйкэнісе ўжо назвалі кніжным кварталам.
Сапраўды, гэтую мясціну можна лічыць зямным раем бібліяфілаў.

Гіганцкія паліцы, куб і сутарэнне

Натуральна, гэта не адзіная незвычайная бібліятэка ў свеце. Рэгулярна з’яўляюцца спісы самых дзіўных / прыгожых / выродлівых кніжніц.
І кожны раз у гэтыя спісы трапляе публічная бібліятэка Канзас-Сіці (ЗША) – у станоўчым святле. Гісторыя ў яе цікавая: кніжніца дзесяць гадоў таму была перанесена ў будынак, перад якім неўзабаве з’явілася паркоўка. Каб прыўкрасіць непрыгляднае, улады горада вырашылі збудаваць сцяну ў выглядзе гіганцкай кніжнай паліцы. Вышыня яе – восем метраў, шырыня – два. На паліцы суседнічаюць “Прыгоды Гекльберы Фіна” Твэна, “Уладар пярсцёнкаў” Толкіена, “100 гадоў адзіноты” Маркеса, “Рамэа і Джульета” Шэкспіра – усяго 22 вялікія ва ўсіх сэнсах творы.

Не менш прыцягальная бібліятэка Parque Espana (Калумбія), што мае выгляд вялізных валуноў – ці нават кавалкаў скалы. Збудаваная яна ў 2007 годзе па праекце Джанкарла Мазанці. Унутры непрыступнай з выгляду кніжніцы – культурны цэнтр, шматлікія чытальныя залы і камп’ютарныя класы.

А бібліятэка Луі Нюсэра (Францыя) увогуле ўяўляе сабой скульптуру: гіганцкая галава, заключаная ў кубе. Аднак патрапіць туды могуць толькі супрацоўнікі кніжніцы, бо тут адміністрацыйныя памяшканні. Бібліятэчны фонд і чытальныя залы месцяцца побач, у традыцыйным будынку.

Калі наведаеце Італію, у прыватнасці горад Перуджа, не прамініце паглядзець на кніжны НЛА. Бібліятэка імя Сандра Пены мае форму лятучай талеркі з ружовымі празрыстымі сценамі. Акрамя таго, у будынку змешваюцца натуральнае і штучнае асвятленне, залы – гукаізаляваныя, а сама бібліятэка працуе круглыя суткі.

Фантастыка!..

Кніжніцу Дэлфцкага тэхнічнага ўніверсітэта (зноў Галандыя) трэба яшчэ пашукаць. Справа ў тым, што месціцца яна пад зямлёй. Дакладней, яе дах і сцены закамуфляваныя пад пагорак, парослы сакавітай зелянінаю, на якой адпачываюць змучаныя навукай студэнты. У кніжніцы, якая прыйшлася б даспадобы хобітам, знаходзяцца бібліятэчны фонд, чытальныя залы, універсітэцкае выдавецтва, пераплётны аддзел і кнігарня.

Сярод іншых вылучаецца адна кітайская кніжніца: драўляная крэпасць-храм знаходзіцца ў вёсцы Хуайжоў і збудавана са шкла і 45 тысяч драўляных прутоў. Унутры вы не ўбачыце ні сталоў, ні крэслаў; замест іх – шматузроўневыя тэрасы з убудаванымі кніжнымі паліцамі. Тут жа ляжаць цыноўкі, на якіх і чытаюць наведнікі кніжніцы. Будынак не электрыфікаваны, таму асвятленне выключна натуральнае – дах празрысты. Нядзіўна, што працуе кніжніца толькі да 16.30.

І як не згадаць галоўную – прынамсі, ідэйна – бібліятэку свету – Александрыйскую. Дакладней, Александрыну – адноўленую версію той, што была знішчана амаль дзве тысячы гадоў таму. Будынак месціцца ўнутры басейна і выкананы ў форме дыска, што адсылае да старажытнаегіпецкага бога Сонца Ра. Калі новая галандская кніжніца празваная кніжным кварталам, то Александрына – бібліятэчны Сусвет, які змяшчае восем мільёнаў кніг. На сценах бібліятэкі высечаныя графічныя сістэмы са 120 моўных сістэм свету. Гэты архітэктурны шэдэўр егіпецкія бібліятэкары ахоўвалі падчас рэвалюцыі 2011 года: яны сталі жывой заслонай вакол будынка і адбівалі атакі марадзёраў.

Дарэчы, і наша Нацыянальная бібліятэка, апісваць якую няма патрэбы, не раз трапляла ў спісы самых незвычайных кніжніц свету.

Аўтар публікацыі: Наста Грышчук.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”, 23.10.2015.

Чытайце таксама:

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам