ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Выкарыстанне рэсурсаў IPR MEDIA і EBSCO ў навуковай і адукацыйнай дзейнасці
Цікавыя факты пра кнігі

Кнігалюб, эрудыт, менеджар, псіхолаг, экскурсавод у адной асобе

Кнігалюб, эрудыт, менеджар, псіхолаг, экскурсавод у адной асобе
Іншыя навіны

Апошнім часам шмат гавораць пра трансфармацыю бібліятэк, абумоўленую часам. Прыходзяць новыя фарматы, методыкі. Кніжніцы сутыкаюцца з тым, што трэба трымаць ціск з боку сацыяльных сетак, інтэрнэту. На першы план выходзіць электронная камунікацыя. Некаторыя лічаць, што кніжніца там, дзе чытач. Ці гатовы кніжніцы да перамен? І якая роля бібліятэкара ў сучасным інфармацыйным грамадстве? Мы прапанавалі дапамагчы разабрацца ў гэтым прафесіяналам у сваёй сферы з розных рэгіёнаў Беларусі.

Анастасія РЫЖКО, загадчык аддзела перыядычных выданняў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага:

– Бібліятэкар – адна з самых старажытных прафесій, якой ужо больш за чатыры з паловай тысячы гадоў. З гэтай прафесіяй звязалі свае лёсы шматлікія выбітныя асобы, знакамітыя ва ўсім свеце. Першымі бібліятэкарамі былі пісцы выключна мужчынскага полу. Каб стаць прафесіяналам сваёй справы, неабходна было валодаць трыма і больш мовамі. На працягу некалькіх стагоддзяў абавязкі такіх спецыялістаў мяняліся ў залежнасці ад патрэб грамадства ў інфармацыі і яе апрацоўцы.

Сёння бібліятэкар – прафесіянал, які арганізоўвае, кіруе фондам і дае інфармацыйны матэрыял карыстальнікам. Роля бібліятэкара ў сучасным свеце вялікая, бо прафесіянал умее апрацоўваць і ўпарадкоўваць інфармацыйныя патокі, якія паступаюць з розных крыніц. Бібліятэкар умее рабіць прадукт, накіраваны на спажыванне.

Грамадства развіваецца, паляпшаюцца тэхналогіі і ўскладняюцца запыты карыстальнікаў – бібліятэкар павінен адпавядаць сучасным тэндэнцыям.

Несумненна, спецыялісты бібліятэчнай справы ажыццяўляюць дыферэнцаванае і персаніфікаванае абслугоўванне чытачоў. Для гэтага неабходны высокія камунікатыўныя навыкі і эмацыянальная вытрымка.

Часцей за ўсё кніжніцы пакутуюць ад недахопу сродкаў, адпаведна, работнікі не задаволеныя ўмовамі працы. Так жа востра стаіць пытанне заработнай платы.

Як бібліятэкі зрабіць сучаснымі?

Адна з іх галоўных функцый – сацыяльная, якая непасрэдна або апасродкавана ўплывае на грамадства. І галоўная задача кніжніцы – улічваць патрэбы карыстальнікаў. Немалаважнае і павышэнне кваліфікацыі персаналу, правядзенне сумесных круглых сталоў з замежнымі бібліятэкамі, запазычанне вопыту і ўкараненне тэхналагічнай базы.

У нашай дзяржаве ёсць усе ўмовы для ўдасканалення навыкаў, абмену вопытам, навучання і кар’ернага росту.

Цяпер актыўна праходзіць рэарганізацыя і скарачэнне бібліятэк – гэта можна назваць пераменамі, але не тымі, якія неабходныя кніжніцам. У любым выпадку, змены патрэбныя ў падрыхтоўцы кадраў, матэрыяльна-тэхнічнай базе, распаўсюджванні рэкламы і папулярызацыі фондаў, дыстанцыйным суправаджэнні адукацыйнага працэсу.

Таццяна АДАМЯН, дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна:

– Сышлі ў мінулае часы, калі бібліятэкар займаўся выключна ўлікам і выдачай друкаваных выданняў. Бібліятэчная прафесія пры ўяўнай даступнасці і прастаце застаецца адной з самых закрытых. Спытайце ў любога, чым займаецца бібліятэкар, і пачуеце ў адказ: «Выдае кнігі». Па сутнасці, ёсць рацыя, але гэта толькі вяршыня айсберга, якая бачная тым, хто не заглыбляецца. Між тым сёння гэта адна з самых складаных і шматгранных прафесій. Сучасны бібліятэкар павінен валодаць не толькі прафесійнымі ведамі, але і шырокім кругаглядам у самых розных галінах навукі, інфармацыяй па шырокім спектры пытанняў, ведаць і выкарыстоўваць новыя інфармацыйныя тэхналогіі, навыкі і веды па пошуку інфармацыі ў сетцы. Што ўжо казаць пра лепшыя чалавечыя якасці і веданне псіхалогіі! Спецыялістам нашай прафесіі ўласцівыя чуласць, спагадлівасць, ветлівасць, уважлівасць. А яшчэ – камунікабельнасць, крэатыўнасць, камп’ютарная дасведчанасць, педагагічны талент, добрыя арганізатарскія здольнасці – вось толькі некаторыя якасці бібліятэчнага спецыяліста, які ідзе ў нагу з часам.

У прафесійным плане бібліятэкарам сёння не хапае ўмення працаваць у рэжыме мультызадачнасці, актыўнасці ў інтэрнэт-прасторы і сацыяльных сетках. Менавіта стэрэатып аб прафесіі перашкаджае быць на адной хвалі з сучаснымі чытачамі і іх запытамі. У матэрыяльным плане павінна быць годная заработная плата.

Бібліятэка ўжо не тая, якую мы памятаем і якой яна была яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму. І сёння гэта далёка не толькі кнігі. Кніжніца разбурае свае фізічныя межы, пераходзіць з рэальнай прасторы ў віртуальную. З аднаго боку, яна прапануе доступ да інфармацыйных рэсурсаў, прадстаўленых у сетцы інтэрнэт, з іншага – стварае ўласныя электронныя інфармацыйныя рэсурсы, даступныя за яе фізічнымі сценамі: розныя базы даных, калекцыі алічбаваных дакументаў, вэб-сайты і вэб-парталы.

Усё часцей бібліятэка ператвараецца ў «трэцяе» месца – прастору для творчасці, прэзентацый і супрацоўніцтва, месца, якое аб’ядноўвае і спрыяе камфортным зносінам. Такія «трэція» месцы асабліва важныя для маленькіх гарадоў, дзе часта не хапае пляцовак для рэалізацыі грамадскіх крэатыўных праектаў, атрымання сучасных ведаў. Абавязковыя сёння сучасная і зручная мэбля, мультымедыйнае абсталяванне. Зрабіць кніжніцы сучаснымі – значыць змяніць і заніраваць бібліятэчную прастору і ператварыць яе ў месца адукацыі, зносін і навучання – туды, куды хочацца вяртацца зноў.

Бібліятэцы ў XXI стагоддзі патрэбныя прафесіяналы, здольныя адаптавацца ў хутка зменлівым свеце. Вось чаму важна абнаўляць прафесійныя веды, уменні. Існуюць розныя формы павышэння кваліфікацыі і развіцця бібліятэчных кадраў: курсы, школы, семінары, канферэнцыі, экскурсіі, трэнінгі, прафесійныя конкурсы і інш. Эфектыўным метадам прафесіяналізацыі кадраў можна лічыць камандзіроўкі ў буйныя бібліятэкі рэспублікі, краін СНД, у далёкае замежжа, аднак не заўсёды ёсць фінансавыя магчымасці для такіх прафесійных візітаў.

І ўсё ж пералічанае не заменіць асноўнай формы павышэння кваліфікацыі – самаадукацыі. Акрамя вывучэння прафесійных выданняў, сёння выдатную магчымасць для нефармальных зносін, саманавучання, выкарыстання сусветнага бібліятэчнага вопыту ў прафесійнай дзейнасці дае інтэрнэт.

Кардынальна мяняюцца патрабаванні да бібліятэчнай прафесіі, і шматлікія спецыялісты не гатовыя прымаць перамены.

Ларыса ВЕРАМЧУК, намеснік дырэктара па сацыякультурнай і інфармацыйнай рабоце Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага:

– Функцыі бібліятэкараў напрамую залежаць ад таго, як пазіцыянуе, вызначае сваё месца ў шэрагу іншых устаноў культуры канкрэтная бібліятэка. Усё, што арганізоўваецца ў кніжніцы, павінна ў першую чаргу працаваць на асвету. Бібліятэка – прастора культуры і, у адрозненне ад іншых устаноў культуры, павінна быць у першую чаргу інтэлектуальная. Адсюль і патрабаванні да бібліятэкара: сур’ёзная агульнагуманітарная адукацыйная база, здольнасць працаваць з вялікім спектрам праграмных прадуктаў, якія абавязкова выкарыстоўваюцца пры развіцці віртуальных чытацкіх сэрвісаў і паслуг.

Як бібліятэкі зрабіць сучаснымі? Толькі сур’ёзныя дзяржаўныя праграмы падтрымкі і развіцця бібліятэк здольныя адчувальна для нашых грамадзян змяніць сітуацыю. Такія праграмы ўжо рэалізаваны ў многіх краінах, і спецыялісты добра ведаюць, як выглядаюць сучасныя кніжніцы і што ўяўляе іх мадэльны стандарт. Зразумела, што без падтрымкі дзяржавы да нас не прыйдуць RFID-тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца сёння менавіта сучаснымі бібліятэкамі. Для такіх тэхналогій патрэбны адпаведныя будынкі і абсталяванне. Тут чалавеку павінна быць камфортна: зоны для чытання і адукацыі, сустрэч і, наадварот, для спакою, увогуле, шмат усяго. Гэта цэлы комплекс праблем, аднак не трэба блытаць базу з надбудовай: спачатку матэрыяльная частка, а потым змест.

Наіўна думаць, што ўсе гатовыя да перамен. Але ў нашым прафесійным асяроддзі гэтая праблема не сыходзіць з парадку дня. На ўсіх форумах, якія арганізоўваюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй, абмеркаванню гэтага пытання ўдзяляецца асаблівая ўвага.

Безумоўна, нашы спецыялісты рэгулярна павышаюць узровень ведаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Мы ўдзельнічаем у прафесійных форумах, кангрэсах, канферэнцыях на рэспубліканскім узроўні, што заўсёды дае пажытак для разважанняў: якое ж наша месца на бібліятэчнай карце краіны і свету?

Аднак хацелася б, каб магчымасцяў для развіцця і асобаснага росту было больш, асабліва для маладых спецыялістаў. Гэта маглі б быць стажыроўкі моладзі ў лепшых рэспубліканскіх, універсітэцкіх і публічных бібліятэках краіны, арганізацыя нацыянальнага конкурсу «Лепшы малады бібліятэкар Беларусі», арганізацыя грамадскай падтрымкі стартапаў, якія падтрымліваюць стварэнне сучасных бібліятэк у розных месцах.

Марына РАФЕЕВА, дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна:

– Функцыі бібліятэкара спецыяльнай бібліятэкі або навучальнай установы крыху адрозныя. Таксама і ў сістэме публічных бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры: функцыі бібліятэкара абласной кніжніцы будуць значна шырэйшыя і больш спецыфічныя, чым абавязкі сельскага бібліятэкара. Таму і ролі сучаснага бібліятэкара прадыктаваны задачамі, якія ставіць сучаснасць менавіта перад той кніжніцай, дзе ён працуе. Вылучу агульныя якасці, якімі, на мой погляд, павінен валодаць сучасны бібліятэкар, незалежна ад ведамаснай прыналежнасці яго месца працы.

Адукаванасць – галоўная рыса для супрацоўніка бібліятэкі. І тут маецца на ўвазе не толькі наяўнасць дыплома аб вышэйшай адукацыі. Гэта не застылыя, аднойчы здабытыя, веды. Гэта навучальнасць, здольнасць і жаданне пастаяннага развіцця і ўдасканалення інтэлекту, розуму, мыслення, прафесійных і сумежных кампетэнцый. Гэта дасведчанасць пра ўсё новае і цікавае, што адбываецца ў калег. Гэта гатоўнасць адгукацца на выклікі часу і неабходныя перамены, якiя вядуць да пашырэння сферы дзейнасці самой бібліятэкі.

З асобасных якасцяў вылучу чалавекалюбства і ўменне працаваць у камандзе.

Сучасны бібліятэкар, як і наш папярэднік, абавязкова павінен валодаць высокай ступенню ўнутранай культуры зносін, мовы, паводзін.

Сёння гэтыя якасці яшчэ больш актуальныя ў сувязі з развіццём праектнай дзейнасці, пашырэннем сфер узаемадзеяння кніжніц паміж сабой (маю на ўвазе стварэнне зводных электронных каталогаў, электронных бібліятэк), здабыццём бібліятэкамі ўласнага вобраза і творчай індывідуальнасці.

Напрыклад, у нас гэта музей рэдкай кнігі і літаратурны музей пісьменнікаў Гомельшчыны з асобнай мемарыяльнай залай народнага пісьменніка БССР драматурга А. Я. Макаёнка; навуковае кафэ і літаратурна-музычны салон; бібліятэка «Бураціна» для дзяцей. Кніжніца сёння становіцца месцам жывых зносін, пляцоўкай для ўвасаблення і рэалізацыі творчых асоб. Бібліятэка збірае людзей па інтарэсах. І маяком тут становіцца менавіта бібліятэкар. З развіццём тэхналогій запыты і патрэбы насельніцтва пашыраюцца. І тут зноў незаменны бібліятэкар, які дапамагае арыентавацца ў вялікіх інфармацыйных плынях. А тым, хто мае патрэбу ў засваенні камп’ютара і інтэрнэту, бібліятэкар дапамагае бясплатна атрымаць і замацаваць гэтыя неабходныя для сённяшняга дня навыкі.

Як кіраўнік цаню ў людзях ініцыятыўнасць, але перш за ўсё падмацаваную канкрэтнымі прыкладам увасаблення прапаноў. Лічу, што творчыя задаткі і здольнасці супрацоўніка, які прыйшоў на працу ў кніжніцу, заўсёды знойдуць увасабленне ў цікавым напрамку работы. Прыкладам з вопыту Гомельскай абласной бібліятэкі можа стаць дзейнасць бібліятэчнага тэатра «Гракі», створанага па ініцыятыве Рыты Шымко і Лены Кузняцовай – тых, хто прыйшоў на працу ў агульную чытальную залу ў канцы 1990-х. Ці дзіцячы кніжны клуб «Экслібрыс»: інфармацыйныя гадзіны па гісторыі кніжнай культуры розных краін, якія заканчваюцца майстар-класам, – увасобленая паўтара года таму ідэя маладога бібліятэкара аддзела рэдкай кнігі Святланы Крыловай.

Гатоўнасць да пераменаў і пашырэння кола абавязкаў, дадатковых нагрузак не залежыць ад узросту, хутчэй ад складу характару і наўпрост ад усіх пералічаных вышэй якасцяў. Ад матывацыі, вядома, таксама. І таму галоўная задача кіраўніка – правільна выбудаваць стратэгію ўкаранення новага.

Як бібліятэкі зрабіць сучаснымі? Разумець задачы сучаснасці: стварэнне прывабнай прасторы, яе сэнсавае напаўненне, што немагчыма без фінансавай падтрымкі мясцовых уладаў. І тут асабліва важна цеснае ўзаемадзеянне, паразуменне аўтарытэтных актыўных кіраўнікоў бібліятэк і прадстаўнікоў устаноўчых распарадчых органаў.

Магчымасці для развіцця бібліятэкараў перш за ўсё – у кнігах і крыніцах інфармацыі, якія напаўняюць бібліятэкі, тых, якія штодня нас акружаюць, у прафесійных выданнях, у шырачэзных рэсурсах сучасных тэхналогій, якія дазваляюць назіраць і ўдзельнічаць у дзейнасці калег у рэжыме рэальнага часу. Удзел у мерапрыемствах (і не толькі прафесійных) у якасці госця і арганізатара, візіты да калег і гасціннасць у адказ, сустрэчы і зносіны з цікавымі асобамі, што прыходзяць у кніжніцы... Іх дастаткова. Магчымасці для развіцця перш за ўсё – у разуменні, што галоўным матыватарам уласнага развіцця стане менавіта жаданне развівацца.

Аксана КНІЖНІКАВА, дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна:

– У нашым свеце, што імкліва развіваецца, погляд на сучасную бібліятэку толькі як на інфармацыйны цэнтр досыць вузкі. Неабходна пераасэнсаванне бібліятэкі як публічнай прасторы. Культурныя запыты карыстальнікаў вельмі разнастайныя і пастаянна мяняюцца, таму неабходна заўсёды адсочваць змены ў грамадстве і быць гатовымі своечасова на іх рэагаваць.

У свой час патрэба карыстальнікаў Мінскай абласной бібліятэкі ў самаадукацыі трансфармавалася ў ідэю стварэння пры аддзеле замежнай літаратуры некалькі клубаў па вывучэнні моў; жаданне рэалізаваць сябе ў творчасці – у ідэю стварэння сацыякультурнага праекта «Рэзананс», які працуе на бібліятэчнай пляцоўцы.

Спецыяліст, арыентаваны на прафесію, заўсёды знойдзе, дзе і чаму павучыцца. Тым больш што асаблівасць нашай прафесіі заключаецца ў тым, што для яе няма межаў. Наведванне курсаў павышэння кваліфікацыі, семінараў, удзел у майстар-класах, чытанне прафесійнай літаратуры, абмен вопытам з калегамі – гэта толькі невялікі базавы спіс дзеянняў, якія дапамагаюць удасканальвацца і дасягаць майстэрства ў бібліятэчнай справе.

Чаго не хапае бібліятэкарам сёння? Некаторым спецыялістам не хапае толькі 24 гадзін у сутках для рэалізацыі ўсіх задуманых праектаў.

Прагрэсіўныя тэхналогіі ўжо даўно сталі неад’емнай часткай бібліятэчнага працэсу, шмат у чым спрасціўшы сістэму апрацоўкі і пошуку інфармацыі і адкрыўшы бібліятэкам бязмежныя магчымасці для кааперацыі і абмену рэсурсамі. Бібліятэка – структура дынамічная, пастаянна адаптуецца да сучасных умоў. Яна адкрыта для развіцця новых напрамкаў і рэалізацыі нестандартных праектаў.

Ілона САРОКІНА, дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна:

– Сёння, у перыяд усеагульнай інфарматызацыі, каб задаволіць самыя складаныя і, здавалася б, невыканальныя запыты наведвальнікаў па пошуку інфармацыі, апрацоўцы і прадастаўленні, бібліятэкару, як ніколі, неабходна пастаянная прафесіяналізацыя, валоданне інфармацыйнымі тэхналогіямі, практычнымі навыкамі ў галіне аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў.

Разам з тым бібліятэка застаецца месцам, дзе не толькі захоўваюцца ўнікальныя крыніцы інфармацыі. На мой погляд, у першую чаргу, гэта асяроддзе духоўнага і інтэлектуальнага падсілкоўвання, адпачынку і зносін. Такое пазіцыянаванне кніжніцы ў грамадстве шмат у чым залежыць ад бібліятэкара і яго ўніверсальнасці. Ён павінен валодаць не толькі ўсімі інструментамі пошуку інфармацыі, але быць і культарганізатарам, і прамоўцам, і экскурсаводам, а галоўнае – быць наведвальніку сябрам, памочнікам, цікавым і кампетэнтным суразмоўцам.

Сёння часта не хапае ўсведамлення сваёй дадатковай ролі, неабходнасці актыўнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій для прыцягнення карыстальнікаў і задавальнення іх запытаў, энтузіязму для прасоўвання бібліятэкі і яе рэсурсаў як інтэлектуальнага месца для баўлення вольнага часу.

У цяперашні час інфармацыя з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю. Бібліятэкі не могуць дазволіць сабе быць закрытымі сістэмамі, якімі былі раней. Сучасная кніжніца павінна ўяўляць сабой шматфункцыянальны культурны комплекс, цэнтр зносін і інтэлектуальнага адпачынку, максімальна даступны і зручны для наведвальнікаў рознага ўзросту. Для гэтага неабходна адкрыць бібліятэчную прастору, зрабіць яе ўтульнай, з камфортнымі зонамі, дзе ёсць Wi-Fi.

Супрацоўнікі бібліятэкі павінны на адной мове размаўляць з маладымі наведвальнікамі, падладжвацца пад іх. Прапаноўваць чытачам больш цікавых, крэатыўных мерапрыемстваў з удзелам творцаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў з розных сфер.

У бібліятэцы павінны працаваць не толькі бібліятэкары, але і спецыялісты іншых гуманітарных прафесій: псіхолагі і педагогі, культуролагі і мастацтвазнаўцы...

Сярод эфектыўных шляхоў развіцця бібліятэкараў – адсочванне інавацый, самастойнае набыццё практычных навыкаў. А таксама прафесійныя кантакты з іншымі бібліятэкамі і сацыякультурнымі арганізацыямі, у тым ліку віртуальныя. Яшчэ – праграмы развіцця прафесійных кампетэнцый бібліятэк як метадычных цэнтраў свайго рэгіёна. Карысна атрымаць дадатковую спецыяльную адукацыю.

Сельскія бібліятэкары Магілёўшчыны, якія маюць вялікі практычны вопыт работы, паспяхова засвойваюць інфармацыйныя тэхналогіі і ствараюць краязнаўчыя электронныя рэсурсы, тым самым распаўсюджваюць веды аб сваёй малой радзіме, садзейнічаюць захаванню культурнай і гістарычнай спадчыны.

Лідзія МАЛЬЦАВА, дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага:

– Прафесія бібліятэкара ўнікальная сама па сабе ўжо тым, што няма межаў, якія можна было б для яе акрэсліць. І адукацыя тут – гэта пачатак (толькі пасля ВНУ мы пачынаем прафесійна ўтварацца). На самай справе вучыцца даводзіцца ўсё жыццё.

На сучасным этапе, калі інавацыйная дзейнасць бібліятэкі ва ўмовах рэформаў і перамен з’яўляецца галоўным напрамкам паспяховай працы, эфектыўным сродкам стварэння якасных бібліятэчных паслуг, павышэння ролі і іміджу кніжніцы ў грамадстве, вельмі важная новая канцэпцыя прафесійнай адукацыі, арыентаваная на асобу з высокім творчым, прафесійным патэнцыялам.

Таму, захоўваючы лепшыя традыцыі і ўкараняючы новыя формы работы, трэба аптымальна выкарыстоўваць бібліятэчны патэнцыял.

Бібліятэкар-прафесіянал павінен мець добрую гуманітарную адукацыю, валодаць шырокай эрудыцыяй, быць талерантным і патрыётам бібліятэчнай справы. Не зашкодзіць веданне хоць адной замежнай мовы, здольнасць працаваць з камп’ютарам на ўзроўні далёка не прасунутага карыстальніка і віртуозна арыентавацца ў шматлікіх інфармацыйных патоках.

Універсальны па змесце фонд дакументаў павінен быць прадстаўлены на розных мовах свету, выдзелены калекцыі рэдкіх кніг, краязнаўчых дакументаў і інш.

Укараненне ў дзейнасць бібліятэк новых інфармацыйных тэхналогій, стварэнне бібліяграфічных баз даных асабістай генерацыі дазволіць ператварыць кніжніцы ў інфармацыйныя цэнтры, якія змогуць забяспечыць доступ карыстальнікам да нацыянальных і сусветных інфармацыйных рэсурсаў.

Вялікую ролю іграе і матэрыяльна-тэхнічная база. Карысны высакахуткасны інтэрнэт, ліцэнзійныя адукацыйныя і развівальныя праграмы – усё для камфортных умоў для чытача: каб бібліятэка стала любімым месцам атрымання інфармацыі.

Людміла ЗДРАДОЎСКАЯ, загадчык аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага:

– Сучасны бібліятэкар – спецыяліст, які мае добрую прафесійную падрыхтоўку, валодае сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, мае шырокі кругагляд, аналітычны розум. У сваёй дзейнасці, акрамя прафесійных навыкаў, павінен выкарыстоўваць элементы бібліятэрапіі, псіхалогіі, канфлікталогіі, быць камунікабельным, мець падыход да наведвальнікаў розных узростаў.

Цяпер у бібліятэцы ўсе працэсы мусяць быць аўтаматызаваны: сучасны інтэр’ер, тэхніка, свабодная прастора. Бібліятэка і ўся яе дзейнасць павінна цесна пераплятацца з жыццём той мясцовасці, дзе знаходзіцца. Сучасная кніжніца – гэта цэнтр грамадскага жыцця, месца для адпачынку, дзе можна атрымаць не толькі інфармацыю, але і камфортна правесці час са знаёмымі, сябрамі.

Бібліятэчная прафесія цікавая, але, на жаль, у сучасных умовах яна не адносіцца да ліку прэстыжных. Магчымасці для развіцця бібліятэкараў ёсць, але важным момантам з’яўляецца наяўнасць спецыяльнай адукацыі. А далей – пастаянная самаадукацыя: ведаць кнігу, сістэматычна, паслядоўна знаёміцца з новай літаратурай, вывучаць фонды, умець выбіраць з вялікага аб’ёму інфармацыі неабходную, знаёміцца з вопытам іншых бібліятэк нашай краіны і замежных. Добра падрыхтаваны спецыяліст, які валодае сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі і пастаянна павышае прафесійны ўзровень, гатовы да перамен, якія паспрыяюць станоўчаму іміджу бібліятэкі ў грамадстве.

***

На 1 студзеня 2018 года ў ведамстве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь знаходзіцца 2583 бібліятэкі: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 6 абласных і 2576 публічных бібліятэк мясцовых органаў улады (у Брэсцкай вобласці – 483, Віцебскай – 452, Гомельскай – 493, Гродзенскай – 301, Магілёўскай – 360, Мінскай – 450, г. Мінск – 43).

Камп’ютарызавана 85 % публічных бібліятэк (+1,7 % у параўнанні з 2016 г.), да сеткі інтэрнэт падключана 75 % (+3,2 %). Поўнасцю камп’ютарызаваны бібліятэкі г. Мінска і Гродзенскай вобласці.

Сёння мы пастараліся прадставіць бібліятэчную сітуацыю і разуменне спецыялістаў, якія працуюць на месцах – у рэгіёнах. Але гэтая тэма глыбокая і патрабуе больш шырокага абмеркавання. Таму мы яшчэ абавязкова вернемся да яе.

Працяг – у наступных нумарах

Крыніца: Звязда


Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам