Кітайскі перакладчык Гао Ман захапляецца вершамі Максіма Танка, малюе партрэты беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.
Гао Ман – легенда сучаснай кітайскай літаратуры. Пад сваім прозвішчам і псеўданімам У Ланьхань ён выступіў як перакладчык твораў А. С. Пушкіна, Г. Ахматавай, Т. Шаўчэнкі і многіх іншых рускіх, украінскіх пісьменнікаў на кітайскую мову. За заслугі перад рускай культурай літаратар адзначаны званнем заслужанага дзеяча культуры Расійскай Федэрацыі, узнагароджаны расійскім ордэнам Дружбы.
Гао Мана, ці У Ланьханя, можна па праве лічыць сябрам беларускай літаратуры. Варта зазірнуць і ў дзённікі Максіма Танка, каб даведацца пра гэткую далучанасць да беларускага прыгожага пісьменства. Вось некаторыя запісы з розных гадоў... 5 студзеня 1987 г.: “... Званіў Н. Гілевіч, што прыязджае да нас мой стары знаёмы – Гао Ман. Як шкада, што я не магу з ім сустрэцца, падзякаваць яму за пераклады і выданне майго зборніка на кітайскай мове. А за акном – аж пераліваецца серабрысты серп маладзіка...”; 8 верасня 1988 года: “З Кітая прывёз мне А. Вярцінскі цікавы альбом малюнкаў Гао Мана...”; 15 сакавіка 1989 года: “Пісьмо ад Гао Мана. Збіраецца выдаць новы зборнік маіх вершаў. Зараз перакладае іх на кітайскую мову...”.
Шкада, што “новы зборнік” так і не выйшаў. А вось кніга выбраных твораў Максіма Танка пабачыла свет у Пекіне ў 1958 годзе. Перакладчыкі – Га Баоцюань і Гао Ман (ці У Ланьхань). Гао Ман нарадзіўся ў 1926 годзе. Яшчэ ў школьныя гады добра вывучыў рускую мову. Будучы перакладчыкам, часта суправаджаў дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў. Захапіўся мастацкімі перакладамі. Узначальваў рэдакцыю кітайскага часопіса “Сусветная літаратура”. У 1956 годзе наведаўся ў Беларусь. Сустракаўся з народным мастаком СССР Заірам Азгурам. Гао Манн – яшчэ і аўтар артыкулаў пра Максіма Танка, Георгія Паплаўскага. Цікавасць да беларускай культуры кітайскі перакладчык праяўляе і зараз. Нядаўна ён прымаў у сябе ў Пекіне беларускага паэта Навума Гальпяровіча.
– Шкадую, што ў мяне няма апошніх кніг Максіма Танка. Хацеў бы прачытаць і старонкі яго дзённіка пра Кітай, – адказвае Гао Ман, якому сёлета споўнілася 86 гадоў, на званок журналіста з Беларусі.
Кітайскі мастак слова – яшчэ і таленавіты мастак-каліграф. Сярод яго работ – партрэты беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча...
Крыніца: газета “Звязда”
Чытайце таксама:
- Бай, лірнік, бай!
- Конкурс на создание памятника-бюста М. Танку
- В Молдове пройдут вечера памяти белорусских поэтов, писателей и музыкантов
- Персанальнай энцыклапедыі "Максім Танк" – быць!
- Планируется открыть Центр белорусской литературы им. М. Танка
- Да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка
- Столетие Максима Танка широко отпразднуют в Беларуси
- Век паэта
- Неизвестные автографы Максима Танка