ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
ХХV Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні
Гісторыя адной асобы

Хто ўваходзіў у літаратурную багему пачатку 1930-х гадоў

Хто ўваходзіў у літаратурную багему пачатку 1930-х гадоў
Іншыя навіны

На пачатку 1930-х у краіне віравала літаратурнае жыццё: выходзілі часопісы “Маладняк”, “Узвышша” і “Полымя”. Існаваў і Дом пісьменніка, а насупраць яго размяшчалася Беларускае дзяржаўнае выдавецтва. Там жа – рэдакцыі часопісаў, газет і бухгалтэрыя, у якой пісьменнікі атрымлівалі ганарары. Пасля ішлі адзначаць падзею ў сталоўку, якая месцілася ў падвале Дома пісьменніка. Там, мусіць, і з’явіўся ТАВІЗ.

Валерый Маракоў.jpgВалерый Маракоў у “Шашлычнай” на вуліцы Камсамольскай. Мінск, 1930-я гады

У межах праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прапанаваў лекцыю, якую падрыхтаваў даследчык, літаратуразнаўца, супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Віктар Жыбуль. Першае, што адзначыў дакладчык, гэта тое, што ў энцыклапедыях няма інфармацыі пра Таварыства аматараў выпіць і закусіць (менавіта так расшыфроўваецца абрэвіятура), бо суполка была нефармальная, стварылася як багемны супраціў беларускаму літаратурнаму афіцыёзу. Існавала нават версія, што нічога насамрэч і не было, усё – містыфікацыя. Але ў часопісе “Роднае слова” за 1997 год выйшаў артыкул Лявона Юрэвіча пад назвай “ТАВІЗаўцы: пра лёсы ўдзельнікаў аднаго літаратурнага аб’яднання”. Сутнасць яго ў тым, што ў архіве паэта-эмігранта Юркі Віцьбіча даследчык натрапіў на яго лісты да крытыка Антона Адамовіча з аповедам пра суполку. Праўда, у існаванне ТАВІЗу паэт не паверыў, нягледзячы на тое што сам і знайшоў пра яго інфармацыю. Бо падобных звестак нідзе больш не сустракалася...

Але пошукі не спыняліся. Штосьці адкрывалася і выпадкова. Так, сведчаннем існавання ТАВІЗу служыць дакумент той эпохі: нататка, надрукаваная ў “Савецкай Беларусі” за 1 лютага 1931 года за подпісам Б. Б. Падхоплены хваляй барацьбы з “багемшчынай” і “нацдэмаўшчынай”, у загалоўку аўтар сцвярджаў: “Арганізатарам багемы не месца ў радах пралетарскіх пісьменнікаў!” Далей паведамлялася, што “...група багемствуючых пісьменнікаў знайшла сабе прытулак у Доме пісьменнікаў і адчувала сябе там як дома... Усе прыгоды гэтай групы набываюць арганізаваны ўжо характар і вырастаюць у групу пад назвай ТАВІЗ... Найбольш сумным з’яўляецца тое, што на чале ТАВІЗу знаходзяцца такія пісьменнікі, як Звонак, Хадыка і Маракоў”...

Як пісаў ва ўспамінах пра суполку Юрка Віцьбіч (ён і сам быў яе ўдзельнікам), ТАВІЗаўцамі з’яўляліся Міхась Багун, Тодар Кляшторны, Сяргей Дарожны і шмат іншых. Яны ўяўлялі з сябе дэманстрацыйную ў дачыненні да Саюза пісьменнікаў БССР забароненую багему.

Віцьбіч падкрэсліваў, што не ў залах і кабінетах Дома пісьменнікаў, а ў шынках па Савецкай і Камсамольскай сталічных вуліцах абмяркоўвалі таленавітыя ТАВІЗаўцы сваю творчасць – пасяджэнні зазвычай праводзіліся ў кавярнях, піўнушцы, шашлычнай, у гасцініцы альбо на кватэры. Былі нават сустрэчы на закрытым ад цікаўных вачэй балконе рэстарана “Еўропа”.

У самой назве ТАВІЗ адчуваўся і эпатаж, і пародыя на тагачасныя афіцыёзныя ўстановы, што імкнуліся прыдумаць нейкую абрэвіятуру. Было і імкненне схаваць крамольную літаратурную дзейнасць, бо на сходах чыталіся не вершы, прызначаныя для друку, а тыя, што пісаліся для сябе, – кожны ў іх пачуваўся сам сабой. Пісьменнікі і камуфлявалі сваю суполку пад зборышча алкаголікаў таму, што так было прасцей і бяспечней. Калі паэта застуквалі за напісаннем контррэвалюцыйных вершаў, справа магла скончыцца значна больш трагічна, чым калі яго затрымлівалі ў нецвярозым выглядзе. Тады, у 1930-х, пракацілася хваля рэпрэсій па справе Саюза вызвалення Беларусі... З іншага боку, чым бліжэй было да сярэдзіны 1930-х, тым больш у грамадстве адчувалася напружанне, у друку часта з’яўляліся артыкулы адыёзных крытыкаў з палітычнымі абвінавачаннямі. Таму нядзіўна, што ў паэтаў былі трагічныя прадчуванні – яны імкнуліся ўхапіць апошнюю магчымасць зведаць радасць у выглядзе сяброўскага застолля перад тым, што іх чакала наперадзе. Міхася Багуна, аднаго з яркіх лідараў, і называе Юрка Віцьбіч вынаходнікам назвы суполкі. Пісьменнікі тады мусілі весці падвойнае жыццё. Так, яны друкавалі ў газетах і часопісах вершы, у якіх услаўлялі курс партыі і тагачасных правадыроў. Аднак Віцьбіч згадвае, што паэты мелі ў запасніках і вершы на смерць партыйных правадыроў і, калі гэтая падзея здаралася, упісвалі прозвішчы ў гатовы верш і беглі ў рэдакцыю.

Падвойнае жыццё ТАВІЗаўцаў выяўлялася яшчэ і ў тым, што яны займаліся калектыўнай творчасцю для дзяцей. У часопісах за 1934–1935 гады можна пабачыць вершы, якія пісалі разам Тодар Кляшторны і Алесь Дудар. Трохі пазней да іх далучыўся і Валерый Маракоў. Уважлівае чытанне твораў для дзяцей наводзіць на роздум: а хто маецца на ўвазе ў галоўных вобразах? Магчыма, творцы адлюстравалі ўласныя перажыванні, трывожныя прадчуванні. Тыя ж трывожныя вобразы сустракаліся і ў дарослай творчасці ТАВІЗаўца Тодара Кляшторнага.

Сярод успамінаў Юркі Віцьбіча ёсць згадкі пра той час, калі прымалася сталінская канстытуцыя: паўсюль у дзяржаўных установах ішло актыўнае абмеркаванне падзеі, а чыноўнікі ад літаратуры адзначалі яе гарачымі прамовамі. Тады ж у сталоўцы Дома пісьменніка за куфлем горкага піва сядзелі Алесь Дудар, Валерый Маракоў і Уладзімір Хадыка. Да іх падышоў Купала і зачытаў урывак паэмы “Над ракою Арэсай”, прысвечанай калектывізацыі і індустрыялізацыі. І спытаў: “Ну як вам, хлопцы?” Тыя ў адказ прамаўчалі. Купала зразумеў іх маўчанне, сказаў: “Так, і я з вамі згодны, а вось ім там спадабалася...” Пасля Купала зачытаў на памяць верш Алеся Дудара – той быў настолькі крануты, што заплакаў.

У Віцьбіча ёсць дзіўны сказ: ТАВІЗ праіснаваў да самай вайны. Але такога быць не магло, упэўнены Віктар Жыбуль, бо ў 1937 годзе многія ўдзельнікі таварыства былі арыштаваныя, расстраляныя альбо адпраўленыя ў лагер. Толькі Эдуард Самуйлёнак памёр у 1939 годзе не ў турме – ад сухотаў. Дзеячаў, з якіх мог складацца ТАВІЗ, ужо не было, перакананы даследчык.

Тым не менш хто ведае, што яшчэ хаваюць архівы?..

Аўтар публікацыі: Яна Будовіч.

Крыніца: Звязда

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам