ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Я роду свайму ў пояс пакланюся
Cycling for libraries – Baltic Star

Хто крадзе веру, розум і волю?

Хто крадзе веру, розум і волю?
Іншыя навіны

Маскульт вымывае са свядомасці чытача само паняцце якасці літаратурнага тэксту.


Яна заявіла аб сабе як таленавіты пісьменнік. Яе адразу заўважылі крытыкі і чытачы, якія падзяліліся на шчырых прыхільнікаў і тых, для каго яе творчасць – суцэльны раздражняльнік. Творы Алены Брава нікога не пакідаюць абыякавым. Гэта ж тычыцца і аповесці “Дараванне”, якая выйшла ў Выдавецкім доме “Звязда” на трох мовах – беларускай, рускай і нямецкай. Алена Брава пра філасофію творчасці і жыцця:

– “Дараванне” вылучаецца сярод напісанага мной раней – у прыватнасці, не ўласцівым для маіх твораў хэпі-эндам… У першым варыянце фінал быў іншы. Галоўная роля там адводзілася Гансу, які збег з дома састарэлых, каб давесці да канца сваю помсту. Але потым я вырашыла, што лепш будзе скончыць тэкст важным для мяне адказам Ларысы на рэпліку медсястры: “Руская эмацыянальнасць…” – “Я з Беларусі! Гэта не тое ж самае!” і рашэннем Ларысы забраць Ганса дамоў. Хаця ў перакуленым нашым свеце, дзе хворы на сіндром Альцгеймера былы салдат вермахта становіцца носьбітам гістарычнай памяці, а ўсе навокал старанна робяць выгляд, што нічога не памятаюць, прыпадабняюцца хворым, хэпі-энды такога кшталту – рэдкасць.

– Ці ёсць у Ларысы "сёстры" ў тваіх іншых творах?
– А як жа! “Старэйшая сястра” Ларысы – бабуля Вера з аповесці “Рай даўно перанаселены”. Абедзве жывуць у патрыярхальным дыскурсе і цярпліва прымаюць яго жорсткія ўмовы – поўнае самаадрачэнне дзеля блізкіх. А калі і бунтуюць, дык моўчкі, сам сабе. Пра такіх жанчын у нас прынята казаць: “Яны – соль зямлі”. Свет насамрэч трымаецца на іх непражытых жыццях, прынесеных у ахвяру здольнасцях, нязведаных радасцях. Адны чалавечыя асобы – выбітныя па сваіх маральных якасцях – “ідуць на корм” іншым. Такая гендарная сітуацыя для нас настолькі звыклая, што мы перасталі яе заўважаць.

– Некаторыя называюць цябе пісьменніцай-феміністкай, іншыя катэгарычна адмаўляюць наяўнасць ідэй фемінізму ў тваёй творчасці…
– Тэрмін “фемінізм” уключае дзясяткі розных ідэйных плыняў: ад экзістэнцыялізму Сімоны дэ Бавуар да маніфесту “Таварыства па знішчэнні мужчын” амерыканскай квазі-феміністкі Валеры Саланас. Аднак я не звяраю свае тэксты ні з як¬мі ідэалогіямі або запаведзямі – фемінізм гэта альбо Новы Запавет. Ні на якія ідэі, што “авалодваюць масамі”, не арыентуюся. Пісьменнік не святар, не сямейны кансультант і не ідэолаг. Усе яны прапануюць гатовыя рэцэпты калектыўнага пазбягання пустэчы і дакладна ведаюць, як гэтую пустэчу назваць: пеклам, фрустрацыяй альбо мізагініяй. Я ж не ведаю гатовых рэцэптаў выратавання душы.

Пісьменніцтва – гэта той шлях, які ты пракладаеш сам, у працэсе хадзьбы. Ідзеш па пустыннай мясцовасці, час ад часу сустракаючы там чалавечыя сляды – такіх жа самотнікаў, як і ты. І радуешся гэтым слядам. Значыць, кірунак выбраны правільна. Сярод слядоў, якія мне сустракаюцца, ёсць і сляды знакамітых жанчын-феміністак. Ты ідзеш без усялякай гарантыі, што зможаш патраціць сваё жыццё недарэмна. Я проста пішу пра тое, што баліць. Думка банальная, але паўтаруся: адзіная лінза, праз якую пісьменнік глядзіць на свет, гэта “лад яго душы” (М. Цвятаева), пэўны тып свядомасці. Іншая справа, што ў сваім развіцці, спасціжэнні свету праз сябе ён непазбежна прыходзіць да пэўных высноў, якія тычацца таго, як усё ў гэтым свеце ўладкавана.

Асуджаная пражыць жыццё ў жаночым целе, паспытаць на сабе ўсе жаночыя ролі (адзіная, у якой яшчэ не пабывала, – роля прабабулі), я добра ўяўляю сабе тыя шляхі, якімі ідзе наша сучасніца, ведаю пасткі, што яе чакаюць у патрыярхальным грамадстве. Такі варыянт несвабоды мною выдатна вывучаны. Таму і пішу пра гэта.

Між іншым, мае тэксты, якія сёння лічаць фемінісцкімі, былі напісаны яшчэ да таго, як я пазнаёмілася з фемінізмам як сістэмай поглядаў. У прыватнасці, аповесць “Каменданцкі час для ластавак”, выдадзеная ў ЗША, у выдавецтве Сяргея Юр’енена, пад назвай “Каханне ў цені казармаў Манкада”, была прадстаўлена чытачу як “культурны фемінізм з Беларусі”.

– Для беларускага грамадства паняцце “фемінізм” нязвыклае. Часта феміністкамі называюць сябе жанчыны, якія задаюцца пытаннем: чаму я, такая прыгожая і разумная, – і без мужа?
– Жанчыны, пра якіх ты кажаш, – не феміністкі. Яны – “махровы” прадукт патрыярхальнага грамадства, жывое ўвасабленне яго стэрэатыпаў. Для мяне фемінізм – гэта перш за ўсё прызнанне права жанчыны на аўтаномію асобы. Гэта актуальна для чалавека ўвогуле, на ўнутраную тэрыторыю якога соцыум рэгулярна квапіцца. Што тады казаць пра жанчыну, якая нашмат больш дэтэрмінавана біялагічна і сацыяльна, чым мужчына? Ёй даводзіцца весці барацьбу на некалькіх франтах, у тым ліку супраць стэрэатыпаў сваёй жа свядомасці.

Калі жанчына “прачнецца”, яна зможа паспрабаваць арганізаваць сваё жыццё на прынцыпах, якія свядома абярэ для сябе. Увогуле, надзея ў чалавецтва засталася толькі на жаночую цывілізацыю – цывілізацыю любові, так мне здаецца. Гэта не “цывілізацыя без мужчын” – яна пабудавана на “жаночых” прынцыпах: любові, міласэрнасці, узаемаразумення, павагі да чалавечай годнасці. Калі ж фемінізм абмяжуецца тым, што жанчыну паспрабуюць “убудаваць” у існуючыя ўладныя структуры соцыуму, не змяняючы іх зместу, усё застанецца па-ранейшаму. Жанчына, якая пераймае агрэсіўную мадэль мужчынскіх паводзін, – з’ява яшчэ горшая, чым жанчына “патрыярхальная” і чым агрэсіўны мужчына.

– Гераіня рамана “Менада і яе сатыры” – якраз ахвяра стэрэатыпаў улаcнай свядомасці?
– Так, менавіта ахвяра: клінічнай наіўнасці і выхавання на ўзорах рамантычнай літаратуры, якая паэтызуе “вялікае каханне” як адзінае наканаванне жанчыны ў свеце. Юля – “разумная дурнічка”. Сацыяльныя стэрэатыпы савецкага часу дзіўным чынам перамяшаліся з кніжнай “узнёсласцю”. У выніку дыягназ, які можна вызначыць як “духоўная німфаманія”, гэта значыць, псіхалагічная залежнасць ад мужчыны. Залежнасць, якая, між іншым, фарміравалася стагоддзямі.

Усе інстытуты грамадства былі скіраваны менавіта на гэта: школа, сям’я, нават мастацтва. З такім “багажом ведаў” гераіня сябе самастойнай асобай не ўсведамляе. Усе яе памкненні засяроджаны на дасягненні адзінай мэты – завалодаць мужчынам і, у рэшце рэшт, набыць сацыяльную і асабістую “паўнавартаснасць”. Праўда, робіць яна гэта не так, як яе больш прагматычныя сёстры па гендары. Дэманструе бясконцую гатоўнасць ахвяраваць сабой, вытрываць любыя прыніжэнні. Калі яе кідае чарговы “Ён”, яна ў паніцы шукае новага не з-за сексуальнага свербу, а таму, што псіхалагічна не выносіць адзіноты. Яна раз’яднана з уласнай сексуальнасцю і са сваім целам – яно толькі сродак прыцягнуць мужчыну. Гэта, безумоўна, не каханне, а від залежнасці, накшталт алкагольнай ці наркатычнай.

– А калі б Юля распараджалася сваім целам без “высокіх ідэй” і грашыла з задавальненнем, яна стала б станоўчай гераіняй?
– Як распарадзіцца целам – пытанне другаснае. Першае, што яна павінна зрабіць, – уключыць мазгі, стаць чалавекам, а не “прадметам”. Павінна стаць асобай, а не “жанчынай”. І гэтая асоба павінна вырашыць для сябе сама, што менавіта для яе пажадана: стаць маці, нарадзіць шмат дзяцей (альбо толькі адно дзіцё) або жыць адзіночкай і “грашыць з задавальненнем”. Ці ўвогуле адмовіцца ад пасткі полу, проста “выпасці з сістэмы” і прысвяціць сябе інтэлектуальным заняткам, як гераіня-расказчыца ў аповесці “Рай даўно перанаселены”. Выбар павінен быць свядомым, а не “таму, што ўсе так жывуць”. Вынікі выбару “як ва ўсіх” маем сёння: кінутыя дзеці, зламаныя лёсы, падлеткавая злачыннасць, раннія аборты і г.д.

– Якая мэта фізіялагічных сцэн у тваіх творах?
– Адна з іх – вяртанне жанчыны да сваёй цялеснасці. Цялеснасці, пазбаўленай таго “выбуховага пакету”, які звычайна закладваецца ў гэта паняцце. Напрыклад: "Цела дадзена табе, каб нараджаць". Або: "Тваё цела – «сасуд грахоўны», ты павінна саромецца яго” і г. д. У кантэксце таго націску, які аказваецца на жанчыну адэптамі вышэйзгаданых пазіцый, пазіцыя-пратэст гераіні “Рая…” у дачыненні да цела (“яго мова – не мая мова”) глядзіцца цалкам натуральнай. Жанчына павінна навучыцца прымаць і любіць сваё цела, не адчуваючы сораму і віны за яго праявы. Але, з іншага боку, павінна дакладна ўсведамляць, што яна – не толькі цела. Гэта я называю вяртаннем да цялеснасці, якая была ў нас гвалтоўна адабрана. І хто, як не жанчына, якая піша, зможа дапамагчы сваім сёстрам вярнуць гэтую калісьці “анэксаваную” тэрыторыю? Казаць пра тое ўголас для пісьменніка-жанчыны – гэта адзіная магчымасць залюдніць тую “тэра інкогніта” свайго “я”, дзе дагэтуль хаваліся пачвары.

Між іншым, вяртанне жанчыны да сваёй цялеснасці не мае нічога агульнага з прапагандай распусты, парнаграфіяй. Хутчэй, парнаграфічнымі з’яўляюцца тыя маскультавыя тэксты, якія можна набыць у нас ледзь не ў кожным шапіку: сцэны фізічнай блізкасці ў іх самамэта.

– Якія творы, на тваю думку, здольны зацікавіць сёння беларускага чытача?
– Якога – вось пытанне. Чытачом, які думае і разважае, заўсёды былі і будуць запатрабаваны творы пра ўнутраны свет чалавека і яго ўзаемаадносіны з іншымі. Сёння сацыёлагі канстатуюць крызіс сям’і; роднасныя сувязі, якія яшчэ ў мінулым стагоддзі вызначалі жыццё людзей, саслабелі. Чалавек павінен навучыцца арыентавацца ў новай сістэме каардынат, шукаць апірышча ў новай рэальнасці, каб выстаяць сам-на-сам з пустэчай. Сёння людзі кінуліся ў спажыванне, імкнуцца больш зарабіць, каб больш патраціць. Пры гэтым не ўсведамляюць, што кансьюмерызм – не выйсце. Ліхаманкавае спажыванне не дапаможа чалавеку стаць самім сабой, не пазбавіць ад праблем.

– Ёсць думка, што чытач сёння жадае “лёгкай” кнігі. Ты свядома ідзеш насуперак гэтай тэндэнцыі?
– Казкі – не мой профіль. На жаль, маскульт вымывае са свядомасці чытача само паняцце якасці літаратурнага тэксту. Але гэта найменшае зло, якое ён робіць. Калі якія кнігі і варта было б спаліць на плошчы, дык гэта менавіта “ружовае чытво”. Аўтары такіх кніжак бы гадалкі-аферысткі абяцаюць каханне з процьмай каралёў і валетаў, а самі забіраюцца да дурнічкі ў кішэню. Гэтыя тэксты крадуць нашмат больш, чым партманет: крадуць цвярозы розум, веру ў сябе і волю да дзеяння.

Я стараюся пісаць так, каб чытач адкрыў для сябе новы ракурс у звыклым і пачаў думаць самастойна. Літаратуру нельга разглядаць выключна ў прагматычным дыскурсе “выхавання”. Але калі такой мэтай задацца, то можна меркаваць: чым менш хэпі-эндаў будзе ў літаратуры, тым больш іх будзе ў жыцці.

Аўтар публікацыі: Ларыса Ракоўская.

Крыніца: газета “Звязда”

Чытайце таксама:
Беларуская пісьменніца ўдастоена амерыканскай прэміі

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам