ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Сталасць даследчыцкай думкі
Вялікі галандзец

Хмара

Хмара
Іншыя навіны

У беларускім перакладзе з'явілася кніга нямецкай пісьменніцы Гудрун Паўзэванг “Хмара”.


Гэта вельмі актуальны для беларусаў фантастычны раман пра наступствы атамнай катастрофы ў адным з невялічкіх гарадоў Германіі. Журналіст газеты “Звязда” Вольга Чайкоўская расказвае пра гісторыю перакладу. Яго ажыццявіў Уладзімір Папковіч, вядомы віцебскі паэт і перакладчык, які шмат гадоў адпрацаваў загадчыкам кафедры нямецкай мовы Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Раман быў напісаны ў 1987 годзе, акурат пасля авары на Чарнобыльскай АЭС. І тады карыстаўся неверагоднай папулярнасцю ў свеце. У 2010 годзе тыраж “Хмары” дасягнуў 1,5 мільёна экзэмпляраў, і раман трапіў у нямецкую школьную праграму. Пасля ядзернай катастрофы на японскай АЭС “Фукусіма-1” у сакавіку 2011 года раман Гудрун Паўзэванг ізноў трапіў у спіс бестселераў.

Гудрун Паўзэванг засцерагае: хмара вісіць над кожным з нас, пакуль у свеце дзейнічае хоць адна атамная электрастанцыя. Няўжо гісторыя сапраўды нічому не вучыць?! Канкрэтныя беды, якія забралі жыцці тысяч і тысяч людзей... Калі не, тады гэтую функцыю бярэ на сябе мастацтва. Раман Гудрун Паўзэванг — гэта, напэўна, той твор, які павінен прачытаць кожны падлетак (“Хмара” па форме і драматургіі – юнацкі раман, але па сур’ёзнасці закранутай тэмы – супердарослы).

Дарэчы, у 2006 годзе паводле рамана “Хмара” зняты аднайменны фільм. Праўда, рэжысёр Грэгар Шнітцлер крыху змяніў фабулу – зрабіў больш прамалінейнай і меладраматычнай, увёў любоўную лінію пра каханне падлеткаў, трохі старэйшых за герояў кнігі. Сюжэт кнігі насамрэч быццам бы спісаны з рэальных падзей у Чарнобылі. “Усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся”, – як напісаў адзін паэт. Дзеянне адбываецца калісьці ў 1990-х гг. Пра Чарнобыль ужо амаль забыліся... Але раптам адбываецца пашкоджанне рэактара ў Графэнрайнфэльдзе, недалёка ад Швайнфурта. У ФРГ суперкатастрофа. Улады супакойваюць, аднак у насельніцтва ўзнікае паніка, і яно імкнецца ўцячы з Графэнрайнфэльда. На дарогах пануе вайна. Пасярод гэтай вайны за выжыванне – Яна-Бэрта, 14 год, і яе маленькі брат Улі, 7 год, са Шліца пад Фульдай. Іх бацькі паехалі на тры дні з дому: бацька на пасяджэнне ў Швайнфурт, маці – з ім. Дзеці спрабуюць уцячы...

Уладзімір Папковіч узяўся за пераклад “Хмары” нездарма. Сам лёс указаў яму на гэты раман:

– У 1989 г. я ўпершыню з вялікай афіцыйнай групай “барацьбітоў за мір” трапіў у Заходнюю Германію, дзе 10 дзён жыў у адной сям’і. На развітанне мае знаёмыя падаравалі гэтую кніжку. Тады, пасля Чарнобыля, вельмі актуальную. У тым жа самым годзе ў Віцебскім педагагічным інстытуце імя Кірава (цяпер універсітэт імя Машэрава) была ўведзена спецыяльнасць “нямецкая мова”. Мы пачалі рыхтаваць настаўнікаў замежных моў. Я атрымаў першую групу “немцаў”. Прачытаўшы “Хмару”, вырашыў, што нядрэнна было б чытаць кніжку са студэнтамі. І мае сябры з Германіі купілі нам патрэбную колькасць экзэмпляраў. Мова – простая, змест – актуальны. Калі я выйшаў на пенсію, я ўзяў ды пераклаў кніжку на родную мову.

Шчыра, я плакала, чытаючы. Як плакала, чытаючы цалкам дакументальную “Чарнобыльскую малітву” Святланы Алексіевіч... Што для чалавека можа быць страшней за жудасную нябачную навалу, здольную ў адно імгненне разбурыць абсалютна ўсё: тваё жыццё, жыццё ўсіх тваіх блізкіх і нават жыццё тваіх нашчадкаў?.. Хмара пакідае чалавека без будучыні. Нават вайна – не настолькі страшная з’ява ў параўнанні з неўтаймоўнай радыеактыўнай хмарай. Некіруемай. Бязлітаснай. Усё-ткі заўжды ёсць спадзеў, што тыя, хто развязалі вайну, памірацца, паразумеюцца. Бо мы ж усе людзі... А вось перад хмарай, якой кіруе толькі вецер, усе роўныя...

Усе факты, якія былі на той момант вядомыя пра радыяцыю і асаблівасці аварыі на ўкраінскай атамнай электрастанцыі, гучаць у кнізе. Меры засцярогі ад радыяцыі, ахвяры, прыкметы праявы апраменьвання, распаўсюджванне заразы, яе ўсюдыіснасць і ўсюдыпранікненне, шок і азвярэнне людзей. І самае галоўнае, што маштабы забруджвання радыяцыяй залежаць не толькі ад магутнасці станцыі і маштабаў самой аварыі, але і ад кірунку і сілы ветру – фактараў, якія чалавек яшчэ не навучыўся кантраляваць.

Пасля сёлетняй аварыі на Фукусіме да кнігі звярнулася вельмі шмат чытачоў. Людзі, усведамляючы сваю бездапаможнасць перад “непрыкметнай” радыяцыяй, шукаюць у мастацтве, у літаратуры падтрымку... І калі захочуць, яны знойдуць. Галоўнае, што можна зразумець з кнігі Гудрун Паўзэванг, – нам неабходна вучыцца на сваіх памылках. У свеце была Хірасіма, быў Чарнобыль, ёсць Фукусіма...

Чытайце падрабязней: каментарый спецыяліста і пасляслоўе аўтара

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам