ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Канферэнцыя “Развіццё нацыянальнай літаратуры і чытання ў краінах СНД”
Тэставы доступ да часопісаў выдавецтва DeGruyter

Караткевіч па-руску: без купюр

Караткевіч па-руску: без купюр
Іншыя навіны

Уладзімір Караткевіч – адзін з самых складаных для перакладу творцаў. У серыі «Беларуская класіка па-руску» («Белорусская классика на русском языке») у выдавецтве «Беларусь» сёлета пабачылі свет яго творы «Каласы пад сярпом тваім» («Колосья под серпом твоим») і «Ладдзя Роспачы» («Ладья Отчаяния»).

Пад вокладкай апошняга выдання, акрамя навелы, якая дала назву кнізе, змешчаны «Сівая легенда» («Седая легенда») і паэма «Чазенія» («Чозения»), а таксама аповесці «Цыганскі кароль» («Цыганский король») і «Лісце каштанаў» («Листья каштанов»). Такім чынам вызначыў жанр твораў сам Уладзімір Караткевіч.

Летась у тым жа выдавецтве выйшла аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» («Дикая охота короля Стаха»). Неабходнасць новых перакладаў вынікала з таго факта, што ранейшыя, зробленыя яшчэ ў савецкія часы, былі з рэдактарскімі купюрамі, з якімі і выходзілі па-беларуску. Напрыклад, у рамане «Каласы пад сярпом тваім» аб’ём ліквідаванага тэксту складаў прыкладна 30 адсоткаў. Цяпер, калі ў 25-томавым Зборы твораў Уладзіміра Караткевіча друкуюцца тэксты ў аўтарскім варыянце, без цэнзарскіх правак і скарачэнняў, магчымасць па-новаму прачытаць творы пісьменніка ёсць і ў рускамоўнага чытача. Гэта дае глыбейшае разуменне айчынных гістарычных рэалій.

Пераствораны з мовы арыгінала тэкст лічыцца тым лепшым, чым менш у ім адчуваецца прысутнасць перакладчыка. Але чым больш у арыгінальным тэксце адлюстраваны нацыянальныя асаблівасці і гістарычны кантэкст, тым больш складаныя задачы паўстаюць перад перакладчыкам. Ён сутыкаецца з дылемай: альбо даць пэўныя тлумачэнні адносна таго, што можа быць незразумелым асобам, блізка не знаёмым з гісторыяй і культурай краіны, дзе адбываецца дзеянне, альбо зусім нівеляваць культурнагістарычны ракурс. А апошняе нязменна вядзе да збяднення тэксту. Ці мае на гэта права той, хто перастварае тэксты?

Вось што расказаў карэспандэнту «ЛіМа» перакладчык твораў Уладзіміра Караткевіча Пятро Жаўняровіч:

– У кнігу «Дзікае паляванне караля Стаха» ўключыў асобныя каментары. Да некаторых слоў зрабіў спасылкі на старонцы. Напрыклад, слова «андарак» не пераклаў як «понёва». Нешта блізкае да гэтага элемента беларускага касцюма, хаця і не зусім тое, ёсць і ў рускім народным. На старонцы зрабіў спасылку. Мог бы напісаць проста «юбка», але тут знік бы каларыт і нацыянальная аснова. Тое ж наконт свята Купалля. У рускіх такога няма – нават у слоўніках не фігуруе слова. Для іх традыцыйнае свята Івана Купалы. Назва «Купалле» не выкарыстоўваецца. Атрымліваецца, і ў дадзеным выпадку патрэбна тлумачэнне. Альбо ёсць спадзяванне на тое, што рускі чытач сам зразумее і ўсвядоміць. Але ўсвядоміць можа толькі рускамоўны беларус. Калі ж чытач – жыхар, напрыклад, Іркуцкай вобласці, то можа і не зразумець...

Паводле расповеду перакладчыка, яго мэтай было максімальна перадаць і нацыянальны каларыт, і тую ідэю, якая была закладзена ў кожным тэксце. На жаль, пра «Дзікае паляванне караля Стаха» пад уплывам аднайменнага фільма склалася памылковае ўражанне як пра псіхалагічную дэтэктыўную аповесць. Тое, пра што там распавядаецца, магло адбывацца ў любой краіне. Ідэя ж твора заключалася ў тым, каб паказаць, што ў ХІХ стагоддзі Беларусь знаходзілася на скрыжаванні цывілізацыйных патокаў і наколькі цяжка было народу ўсвядоміць сваю самасць.

Блізкая і ідэя рамана «Каласы пад сярпом тваім». ХІХ стагоддзе – перыяд нацыянальна-вызваленчай барацьбы для ўсёй Еўропы. Напрыклад, Італія аб’ядналася ў гэты час. Не былі выключэннем, змагаліся за сваю дзяржаўнасць і беларусы... Тое, што павыкрэслівалі рэдактары ў савецкія часы, тычылася ў асноўным гістарычных рэалій дзяржаватворчасці, незалежніцкіх тэндэнцый... Дарэчы, пры перастварэнні «Каласоў» прыдаліся і паэтычныя здольнасці перакладчыка: у тэксце рамана ёсць вершы і песні. Аўтарам некаторых з’яўляецца галоўны герой твора Алесь Загорскі. У хвіліну найвастрэйшага душэўнага болю ён звяртаецца да роднай мовы:

Ад палеткаў райскіх лёгкай ступой
Збочу я да пякельных катлоў,
Калі першы ж анёл на мове маёй
Мне не скажа: «Братка, здароў!»

Тэкст, перададзены па-руску, адлюстроўвае ідэйны пасыл верша вельмі блізка да арыгіналу:

Со спокойным сердцем к адским котлам
Я сверну от райских садов,
Если первый же ангел не скажет мне там
По-родному: «Братец, здоров!»

Ёсць паэтычныя ўкрапленні і ў творах кнігі «Ладдзя Роспачы». Пераствораныя па-руску, яны захавалі і каларыт, і самабытнасць.

Аўтар публікацыі: Яна Будовіч.

Крыніца: Звязда


Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам