ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Гірлянды развесілі, сталі ў карагод
Мастацтва парфумы

Калядны баль кнігі “Сямейнае чытанне”

Калядны баль кнігі “Сямейнае чытанне”
Іншыя навіны

Калядны дабрачынны баль кнігі прайшоў у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета.


Асноўнай тэмай свята, арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі і адкрытае акцыянернае таварыства “Белкніга”, сёлета стала чытанне ў сям’і.

Правядзенне дабрачыннага Балю кнігі напярэдадні Калядаў і Новага года стала выдатнай традыцыяй: ён ладзіцца ўжо чацвёрты раз. Баль і ўнікальны дабрачынны кніжны аўкцыён, што праходзіць у яго рамках, – гэта і падвядзенне вынікаў выдавецкага года, і магчымасць прадставіць самыя яркія праекты, і спроба здзейсніць цуд хоць для невялікай колькасці дзяцей-сірот. Так, сродкі, атрыманыя ад продажу кніжных лотаў штогод пералічваюцца на рахунак аднаго з дамоў-інтэрнатаў краіны. Сёлета атрымальнікам дабрачынных грошай стаў Журавіцкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, што знаходзіцца ў Рагачоўскім раёне.

Распачынаючы святочны баль, міністр інфармацыі Лілія Ананіч звярнула ўвагу на знакавыя для айчыннага кнігавыдання падзеі 2015 года:

– Сёлета наша краіна чарговы раз стала ўладальнікам Гран-пры міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі” дзяржаў – удзельніц СНД за кнігу “Беларусь замкавая”.

Узяў пачатак міжнародны сімпозіум “Пісьменнік і Час”, які ўпершыню сабраў удзельнікаў з розных краін свету ў лютым, падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. 2015-ты стаў годам заснавання Нацыянальнай літаратурнай прэміі, гэта пацвярджае вялікі клопат дзяржавы пра развіццё нашай літаратуры, кнігавыдання. Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію – гэта таксама знакавы момант для беларускай літаратуры.

Адметнай падзеяй года можна назваць і пачатак акцыі “Сямейнае чытанне”, што праводзіцца сумесна з Беларускім саюзам жанчын і будзе доўжыцца да мая 2016 года. Гэты праект закліканы яшчэ раз нагадаць, як важна ў коле сям’і, сяброў, блізкіх знаходзіць час для кнігі. Літаратурныя творы, прачытаныя разам, могуць стаць выдатнай тэмай для агульнай цёплай гутаркі.

Міністр працы і сацыяльнай абароны, старшыня Беларускага саюза жанчын Марыяна Шчоткіна заўважыла:

– На жаль, ёсць дзеці, якім мама ніколі не чытала кнігі, якія былі пазбаўлены гэтага шчасця матулінай ласкі, дабрыні і цеплыні казак, апавяданняў, гісторый. Сёння кожны з нас мае магчымасць падарыць такім дзеткам цяпло, паказаць сваю спагаду і неабыякавасць.

15 унікальных кніжных праектаў, аб’яднаныя ў 7 тэматычных блокаў, сталі лотамі дабрачыннага аўкцыёну. І калі на ранейшых святах самымі эксклюзіўнымі і каштоўнымі былі рарытэты з прыватных калекцый, выданні, якіх ужо даўно няма ў продажы, то сёлета рарытэты саступілі па папулярнасці кнігам, што яшчэ рыхтуюцца да шырокага выпуску і выдадзены толькі ў адзінкавых копіях. Падчас аўкцыёну сваіх першых чытачоў і ўладальнікаў знайшлі кнігі, якія, безумоўна, стануць хітамі наступнага года. Гэта выданне “Гонар Беларусі. Маладыя, таленавітыя, адораныя”, падрыхтаванае выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” як своеасаблівы вынік Года моладзі. Кніга распавядае пра лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Першы асобнік выдання “Слуцкія паясы. Мастацтва, асобы, эпоха” (выдавецтва “Беларусь”) таксама знайшоў свайго чытача. Самы дарагі лот аўкцыёну, які пайшоў з малатка за 9,5 мільёна рублёў, – таксама першы экзэмпляр. Гэта кніга “Уладзімір Мулявін. «Сэрцам і думамі…»”, падрыхтаваная выдавецтвам “Мастацкая літаратура” пад заслону года. Пад вокладкай фаліянта сваімі ўспамінамі пра выдатнага музыканта, стваральніка і кіраўніка легендарнага гурта “Песняры”, народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна дзеляцца яго сябры і калегі. Выданне вельмі дарэчы – 12 студзеня Уладзіміру Мулявіну споўнілася б 75…

Не засталіся без увагі і юбіляры 2015 года. Так, на аўкцыёне былі прадстаўлены кнігі Уладзіміра Караткевіча “Ладдзя Роспачы” і “Дзікае паляванне караля Стаха”, мемуары выдатнага кампазітара і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага і даследаванні яго нашчадкаў, перакладзеныя з французскай мовы (праект выдавецтва “Чатыры чвэрці”), выданне “Аляксей Кузьміч. Творца ўзвышаных Мадонн”, прысвечанае памяці выдатнага мастака. Адзначылі і вялікі юбілей, які чакае нас у 2017-м, – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Былі прадстаўлены: рарытэтная энцыклапедыя “Францыск Скарына і яго час”, эксклюзіўны праект “Скарынаўскі каляндар”, а таксама кніга “Францыск Скарына на мовах народаў свету”, падрыхтаваная летась Выдавецкім домам “Звязда”.

Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што з гадамі гэтыя кнігі здабудуць яшчэ большую каштоўнасць.

Калядны кніжны баль яшчэ раз даказаў: сёлета выдаўцамі рэалізавана сапраўды шмат знакавых праектаў, але і наступны год абяцае быць не менш цікавым і паспяховым. З кнігай, здольнай тварыць дабро, несці розум і асвету, сапраўды ўсё магчыма.

Падчас аўкцыёну сёлета было сабрана 68 мільёнаў рублёў, гэтыя грошы дапамогуць здзейсніць запаветныя жаданні выхаванцаў Журавіцкага дома-інтэрната. Дзякуючы добрай кнізе адбываюцца цуды!

Аўтар публікацыі: Марына Весялуха.

Крыніца: газета “Звязда”

Чытайце таксама:

Навіны

Знаёмыя і малавядомыя старонкі творчасці Агінскага

15 Ліс 2019

Дзяржаўны дзеяч, палітык, дыпламат і кампазітар. Міхал Клеафас Агінскі – імя, якое ведае кожны, а яго паланэз “Развітанне з Радзімай” з’яўляецца найбольш вядомым музычным творам. Аднак не многія ведаюць, што кампазітарам было напісана больш за 70 твораў, сярод якіх оперы, вальсы і мазуркі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка Беларусі на адной з галоўных у свеце дыскусійных пляцовак

15 Ліс 2019

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі прыняў удзел у рабоце VIII Санкт-Пецярбургскага міжнароднага культурнага форуму, які праходзіць з 14 па 16 лістапада 2019 г. i прысвечаны тэме культурных кодаў ва ўмовах глабалізацыі. Штогод Форум прыцягвае тысячы экспертаў і гасцей з усяго свету.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Супрацоўнікі бібліятэкі сустрэліся з кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна

14 Ліс 2019

14 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла сустрэча працоўнага калектыву з кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна Ігарам Кудрэвічам.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

XVIII Міжнародная канферэнцыя “Развіццё інфарматызацыі і дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі”

14 Ліс 2019

У Аб’яднаным інстытуце праблем інфарматыкі НАН Беларусі 21 лістапада 2019 года пройдзе XVIII Міжнародная канферэнцыя “Развіццё інфарматызацыі і дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі (РІНТІ–2019)”.

Навіны бібліятэк

Валерый Славук прапануе чытаць Макса Фрая

14 Ліс 2019

У лістападзе прыхільнікаў графікі і ў прыватнасці творчасці Валерыя Славука парадавала з’яўленне новай серыі кніг – “Палац мастацтва” (і гэта невыпадкова, бо ўсе мастакі, творчасць якіх будзе адлюстравана на яе старонках, неаднаразова выстаўляліся ў галоўным храме мастацтва Беларусі).

Аўтарскі погляд

111