ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Свет вачыма дзяцей
Трэнінг па рабоце з ЭІР ВЧЗ

Калодзеж сімвалаў і сэнсаў

Калодзеж сімвалаў і сэнсаў
Іншыя навіны

Існуе меркаванне, што ў сучаснай беларускай літаратуры надзвычай мала празаічных твораў, за чытаннем якіх можна прабавіць час у дарозе ці на вакзале, якія здольны захапіць увагу не толькі інтэлектуалаў-прафесіяналаў ад літаратуры, але і шараговага жыхара нашай краіны.


Маўляў, пасля Івана Шамякіна ніхто з суайчыннікаў так добра і захапляльна не пісаў пра свой час. Трымаючы ў руках новую кнігу прозы Андрэя Федарэнкі “Ціша”, што зусім нядаўна выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, магу смела паспрачацца з такім “пастулатам”.

Гэтага аўтара называюць нашым сучасным класікам. Думаецца, не выпадкова. Няспешны ход падзей, разважлівы голас пісьменніка, пазіцыя “нароўні” з чытачом ужо многа гадоў прывабліваюць і нібыта падкупляюць аўдыторыю ўдаванай простасцю твораў. Вось і свежая кніга аповесцяў і апавяданняў працягвае гэтую традыцыю. Пад яе вокладкай – два новыя вялікія аповеды “Ціша” і “Дзядзька Адольф”, а таксама шэраг апавяданняў, якія былі напісаны аўтарам у розныя гады. Кожны з твораў, з аднаго боку, проста цікавая гісторыя-замалёўка з жыцця. З іншага, глыбокі калодзеж сімвалаў і сэнсаў.

Да прыкладу, аповесць “Дзядзька Адольф”, дзе распавядаецца пра простага беларуса Адольфа, які працуе мастаком-афарміцелем на звычайным мясцовым камбінаце. Але перажывае Адольф складаны для кожнага мужчыны перыяд, які псіхолагі называюць “крызісам сярэдняга ўзросту”. Яму надакучвае праца, пачынае раздражняць жонка-сірата Ірына, з якой ён пражыў усё жыццё, не прыносяць радасці мастакоўскія эксперыменты на прыродзе – “акварэлькі”, ды яшчэ і сын ідзе ў войска, а дачка, ужо цяжарная, адразу пасля заканчэння школы выходзіць замуж за азербайджанца. Крызіс ды і толькі.

Што рабіць? Заліваць роспач гарэлкай? Менавіта гэта і робіць Адольф, калі яго скарачаюць з працы. А потым – інфаркт, нечаканы развод, паездка ў санаторый. Выпадковае знаёмства з новай жанчынай, пераезд у Мінск, падарожжа ў Парыж, новая праца, атрыманне правоў і машына… Пагадзіцеся, у жыцці бываюць і не такія складаныя гісторыі, вострыя сітуацыі і паламаныя лёсы.

Шкада толькі, што аўтар, звяртаючы асноўную ўвагу на вобраз Адольфа, зусім не распавядае пра Ірыну. Як яна жыла, калі былы муж, але яшчэ блізкі чалавек, бавіў час у санаторыі? Чакала? Вядома, бо ён павінен вярнуцца. Пакутавала ад адзіноты, пакінутая і мужам, і дзецьмі? Напэўна. Як перажыла расстанне, і ці знайшла новага каханага? Можа, аўтар проста не ведае, што адбываецца ў душы жанчыны ў такія моманты ці проста тактоўна пакідае Ірыну сам-насам са сваімі думкамі, слязьмі, пакутамі і перажываннямі? Затое дае нагоду для абмеркавання. Асабліва ў кампаніі жанчын – аматарак прозы.

Уражвае глыбінёй аўтарскіх разваг і загалоўная аповесць з сімвалічнай назвай “Ціша”. Ціша – не толькі цішыня, што пануе ў маленькім, амаль дачным мястэчку Чэшская Слабада, якое вось-вось “праглыне” горад, але і мянушка сабачкі – самай важнай істоты ў жыцці аднаго з герояў. Пісьменнік тым самым падкрэслівае, што людзі могуць быць надзвычай дробязнымі ў сваіх паводзінах і памкненнях. Усё жыццё варагаваць з братамі, забывацца на маці і яе смерць на фоне смерці Брэжнева (яны паміраюць амаль у адзін і той жа час) успрымаць як нешта другаснае. Адметна, што падзеі аповесці чытач бачыць вачыма хлопчыка Петрыка, які толькі пачынае хадзіць у школу. Думаю, не памылюся, паставіўшы аповесць “Ціша” ў адзін шэраг з творам гэтага ж жанру “Дзяцінства”, які напісаў Іван Навуменка. Спадзяюся, Андрэй Федарэнка, па прыкладзе яго старэйшага калегі, напіша працяг гісторыі Петрыка і пазнаёміць чытачоў з новымі падзеямі яго жыцця. Цікава ж!

Аўтар публікацыі: Марына Весялуха.

Крыніца: газета “Звязда”

Чытайце таксама:
Японска-беларускія зносіны

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам