ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Як Максім Багдановіч апынуўся ў ЗША
Хто жыў у доме Караткевічаў у Оршы?

Калі ажываюць класікі

Калі ажываюць класікі
Іншыя навіны

Рэальнасць сённяшняга дня паказвае: у супрацьстаянні камп’ютар – кніга далёка не заўжды перамагае апошняя. Сучаснае пакаленне не разумее, чаму трэба чытаць класікаў. Якуб Колас, Экзюперы, Пушкін, Гогаль, Чэхаў не з’яўляюцца для школьнікаў бясспрэчнымі аўтарытэтамі.

Таму прэм’ера, якая адбылася ў Тэатры юнага гледача – «S.O.S. Ратуйце нашы душы», – вельмі актуальная. Спектакль стварыў Аляксандр Баркар па кнізе Яўгеніі Пастарнак і Андрэя Жвалеўскага «Смерць мёртвым душам». У інсцэніроўцы маладога рэжысёра ўнікальнае бачанне твора і разуменне праблем і духоўных запытаў падлеткавай аўдыторыі. Што можа адбыцца, калі кнігі перастануць чытаць і імёны класікаў забудуцца?

Падзеі разгортваюцца ва ўстанове, дзе, здавалася б, нічога цікавага адбыцца не можа, бо на паліцах – адно нікому ўжо не патрэбныя кнігі пад векавым пластом пылу, – у бібліятэцы! Ды не абы-якія падзеі, а самы сапраўдны трылер!.. Кнігі размаўляюць галасамі сваіх аўтараў. Для старэнькай бібліятэкаркі і яе ўнучкі (а тут іх другі дом) яны сапраўдныя сябры і дарадчыкі (праўда, выпадковых наведвальнікаў могуць напалохаць). Нечакана на першы план выходзяць іншыя кнігі, якія змагаюцца за ўвагу чытача... У яркіх стракатых вокладках, з кідкімі вабнымі малюнкамі. Здаецца, яны маюць немалыя шансы на перамогу. Але ўсе кнігі без вынятку апынаюцца перад рэальнай жудаснай пагрозай назаўжды кануць у Лету. Падчас спірытычнага сеанса (тое было задумай гульні, каб прынадзіць у бібліятэку падлеткаў, аматараў усяго таямнічага і незвычайнага) вылазіць з труны і пачынае дзейнічаць... дух другога тома «Мёртвых душаў» (менавіта другі том рамана Гогаль спаліў у вогнішчы). І вось тут пачынаюцца сапраўдныя прыгоды, як у вострасюжэтным дэтэктыве з элементамі «хорар»! Бялінскі яго ведае, хто пераможа, правілаў не існуе, надзея толькі на розум...

Гледачы могуць часам забыцца, што дзея – на сцэне, усё выглядае па-сапраўднаму. Рэплікі з дыялогаў настолькі трапныя і вобразныя, што маюць стаць крылатымі выразамі: «Смерць мёртвым душам!», «Хопіць табе ўжо выюзвацца замежнымі словамі!», «Дабром не скончыцца гэта ваша Dolce Vita!», «Моладзь выбірае прушняк і экшн!». Выкарыстанне падлеткавага слэнгу цалкам апраўданае: школьнік мусіць паверыць, што героі дзеі такія ж, як ён, жывуць у адной з ім прасторы.

Падлеткам разам з бацькамі проста неабходна паглядзець новую пастаноўку! Гэта яркая тэатральная работа з дасканалай сцэнаграфіяй, жывапіснымі змястоўнымі дэкарацыямі, маляўнічымі сучаснымі касцюмамі і тыповымі арганічнымі каларытнымі вобразамі. Тонкі псіхалагізм ва ўзаемаадносінах герояў сведчыць пра тое, што рэжысёр не чужы ў аўдыторыі падлеткаў – ведае, што ім цікава, чым яны жывуць, захапляюцца, пра што мараць. Музычныя кампазіцыі, якія гучалі на працягу спектакля, – гэта тое, што сёння найчасцей слухаюць падлеткі: творчасць гуртоў «My chemical romance», «Muse», «Imagine dragons», «Arctic monkeys», «Panic at the disco».

Спектакль не адпускае гледача на працягу ўсёй дзеі. Эмацыянальнае напружанне знікае праз смешныя рэплікі і жарты, цытаты з твораў, зразумелыя і блізкія кожнаму, а потым ізноў узмацняецца...

Задума твора рэалізаваная вельмі ўдала: жывыя класікі выходзяць з-пад запыленых вокладак кніг. Яны, рэальныя, дасціпныя, размаўляюць з гледачамі на роўных, па-сяброўску, зусім не звысоку і без мудрагелістага філасофствавання. Менавіта такія іх вобразы могуць прывабіць падлетка, запаліць жаданне даведацца пра іх больш – бо гэта звычайныя людзі, якія таксама калісьці кахалі, марылі, сутыкаліся з неразуменнем альбо здрадай.

Каб перанесці сюжэт кнігі на тэатральную сцэну, аўтары твора перапісвалі яго разам з рэжысёрам. Перастварыла тэкст па-беларуску і дапамагла размеркаваць ролі мастацкі рэдактар Жана Лашкевіч. Тэма твора зачаравала і акцёраў – яны працавалі зладжана, у адзіным рытме. І хоць спектакль адрасаваны падлеткам, з не меншым задавальненнем і захапленнем яго будуць глядзець і дарослыя: бацькі, старэйшае пакаленне, настаўнікі – ён можа стацца для іх падказкай, як лепш знайсці агульную мову з іх дзецьмі, унукамі, вучнямі.

Аўтар публікацыі: Яна Будовіч.

Крыніца: Звязда

Кнігі прадстаўленых у матэрыяле аўтараў можна заказаць у электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам