ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Прэзентацыя кнігі Анатоля Федарука
Снежнае лета

Каб не адпускаць казку

Каб не адпускаць казку
Іншыя навіны

Зазірнём пад вокладкі літаратурных часопісаў “Маладосць”, “Полымя” і “Нёман” у пошуках незвычайнага! Новы год прынята пачынаць са зменаў…


Ты – удзельнік, сведка, ахвяра
Сусветных самітаў, сварак і нафта-газавае вайны,
Прыцішыш крок,
Заплюшчыш вочы і ўбачыш здзіўлена,
Як зорка твая квітнее
З Ягонай Зоркай
На небасхіле адным…
(Вольга Блажэвіч)

Першы сюрпрыз ад “Маладосці” – змена вокладкі. Адгэтуль на вокладцы кожнага новага нумара будзе прадстаўлены партрэт гістарычнай асобы, якая ў ім узгадваецца. На вокладцы першага нумара красуецца вытанчаны твар Міхаіла Клеафаса Агінскага, аўтара знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай”. Да 250-годдзя славутага кампазітара і дзяржаўнага дзеяча “Маладосць” падрыхтавала спецыяльны праект: шэраг матэрыялаў, што праліваюць святло на гэтую знакамітую асобу. Сярод іх – ліст Агінскага да сямнаццацігадовага сына, артыкул пра нашчадкаў кампазітара ад Таццяны Кляшчонак, урывак з яшчэ ненадрукаванай кнігі Леаніда Несцерчука з развагамі Агінскага пра ліцвінаў і палякаў ды паэма Аляксандра Ходзькі “Залессе”.

А пачынаецца студзеньская “Маладосць” каляднай падборкай паэзіі са смачнай назвай “Мандарыны на снезе”. Юлія Новік, Кацярына Макарэвіч, Уладзімір Плавінскі, Таццяна Барадуля, Павел Хадзінскі, Дзяніс Носаў, Дар’я Кадамская, Дзмітрый Юртаеў, Алена Беланожка, Ася Волкава, Вольга Паўлюкевіч, Маргарыта Латышкевіч, Анастасія Грышчук, Вольга Блажэвіч, Віталь Быль, Алесь Замкоўскі, Андрэй Сузінь, Зміцер Дзядзенка, Вольга Базылёва-Клімко і інш. пацешаць вас вершамі, навеянымі навагоднімі настроямі.

Вас чакае адразу некалькі празаічных твораў на хрысціянскую тэматыку: “Хлопчык і святар”, апавяданне маладога пісьменніка Дзмітрыя Шулюка ды “Другое прышэсце” Паўла Падзорава. Апавяданне Ганны Чакур “Услед за пуцяводнай зоркай”, напісанае паводле біблейскай гісторыі пра трох мудрацоў, што прынеслі дары маленькаму Хрысту.

Паэтычныя тэксты – рэч няпростая. Далёка не кожнаму дадзена складаць з мудрагелістых вобразаў патрэбную сэнсавую карцінку. Нават калі ты літаратурны рэдактар. Вось і рэдакцыя “Маладосці” ніяк не магла вызначыцца, як ставіцца да вершаў, што аднойчы прынёс нам малады паэт Андрэй З-і. У выніку было прынята рашэнне папрасіць аўтара патлумачыць, “што і адкуль” у ягонай творчасці. Андрэй даслаў артыкул, які вырашылі надрукаваць. Аўтар, хоць і шкадуючы аб пазбаўленні чытача вольнасці інтэрпрэтацыі, пагадзіўся. Атрымалася цікава: свайго роду экскурсія па творчай лабараторыі даволі нетыповага паэта.

Медыкаў і літаратараў лучыць аб’ект іх прафесійнай дзейнасці – чалавек. Адны лечаць цела, другія прэтэндуюць на тое, каб лячыць душу. А калі доктар і пісьменнік спалучаюцца ў адной асобе, то атрымліваецца ўніверсальны чалавеказнаўца. Ёсць у “Маладосці” свой малады доктар-пісьменнік – Мікіта Волкаў. У першым нумары пачытайце ягоны твор “Плюх” – напісаная з веданнем справы гісторыя аборту. Не для слабанервовых!

Калі вы чыталі ў дванаццатым нумары “Маладосці” інтэрв’ю з музыкантам Міхаілам Бараноўскім, то мусіце памятаць абяцанне змясціць у першым нумары падборку ягоных вершаў. “Маладосць” абяцанні выконвае: чытайце “Пытанні на ўсе адказы” ад лідара “Нельга забыць” у першым нумары.

Вершы Анатоля Зэкава, апавяданні Уладзіміра Мажылоўскага, пераклады Дзікенса на беларускую мову, пошукі невядомай спадчыны Каруся Каганца, прыгоды Віктара Лупасіна ў Нясвіжскім замку – вось няпоўны спіс таго, што яшчэ чакае вас у змястоўным выпуску № 1. А завяршае яго тэматычны блок, прысвечаны Кітаю: размова з выпускніцай кітайскага аддзялення філфака БДУ, якая цяпер занятая распрацоўкай лінгвістычнага працэсара, а таксама захапляльны аповед пра “валадароў Паднябеснай” у рубрыцы “Гіст-Факт”.

На вокладцы “Полымя” адразу кідаецца ў вочы гадзіннік. Таксама сімвалічна, бо нагадвае пра хуткаплыннасць часу. Актуальна на памежжы гадоў!

Пачынаецца першы нумар “Полымя” таксама з чароўнай ноткі – з сучаснай аповесці-казкі. Гаворка ідзе пра твор Васіля Гігевіча “Атамізацыя”, у якім распавядаецца пра небараку Базыля родам з Жыціва, што пасля сваркі з жонкай увязаўся ў таямнічую гісторыю агульначалавечага значэння.

Таксама змешчана падборка вершаў Васіля Зуёнка пад назвай “Не ўсё пагасла безнадзейна”. І сапраўды, паэт з аптымізмам глядзіць на вельмі праблемныя рэчы:

На мове той калі ўсе размаўляюць –
Усе наўкол і ўсюды ў родным краі,
Як гэта і надзейна – і натхняе!..

З казачнасцю “Полымя” не развітваецца: наступным ідзе міфалагічны трыпціх “Лесавік, палявік, вадзянік” Ганны Навасельцавай.

Каб пашырыць нашы гарызонты, “Полымя” змясціла падборку вершаў Ганада Чарказяна, ураджэнца Арменіі, у перакладзе вялікага Рыгора Барадуліна.

Падрастаючы, як птушкі, людзі
Разлятаюцца па белым свеце.
Кожнаму ў цямрэчы, ў беспрабуддзі
Роднае гняздо, як зорка, свеціць…

Сапраўды, мігціць заўсёды перад чалавекам Зорка Радзімы, быццам Зорка Віфлеемская, што паказвала калісьці шлях да Галоўнага.

Пашырае межы таксама інтэрв’ю з Рымай Хонінавай, дачкой Міхаіла Хонінава, калмыцкага паэта-франтавіка, які падчас Вялікай Айчыннай вайны змагаўся на тэрыторыі Беларусі. Пасля яго змешчаны пераклад апавядання Міхаіла Хонінава “На беразе Ухлясці”.

У рубрыцы “Эпісталярый” вы можаце пачытаць лісты да Івана Шамякіна ад Васіля Віткі, Яна Скрыгана, Максіма Танка, Піліпа Пестрака, Вісарыёна Гарбука, Івана Чыгрынава, Івана Чароты, Аляксея Пысіна, Аляксея Кулакоўскага і інш.

Крытычныя матэрыялы нумара – артыкул Валянціны Локун “Зачараваныя дзяцінствам” пра сучасных беларускіх казачнікаў, а таксама матэрыял Серафіма Андраюка пра дзённік Яна Скрыгана.

Калі вы з беларускай літаратурай на вы, а даўно прагнеце пазнаёміцца бліжэй, ды не ведаеце з чаго пачаць, то пазнаёмцеся з вынікамі акцыі часопіса “Полымя” “Топ 10 любімых твораў беларускай класікі”. Дапаможа. Астатнім хіба будзе цікава параўнаць свае густы з густамі большасці.

Ну і напрыканцы тое, што заўсёды інтрыгуе: раней невядомыя творы пісьменнікаў з мінулага. У першым “Полымі” – гэта Войслаў Савіч-Заблоцкі, пісьменнік другой паловы ХІХ стагоддзя, які, па словах Генадзя Кісялёва, “любіў ахутаць свой жыццяпіс вэлюмам фантазіі і шматзначнасці”. Спадарамі Мартысюком і Пацюпам з архіўных нетраў былі выцягнуты на Божы свет некалькі вершаваных твораў, а таксама лісты да Івана Франко.

А ў студзеньскага “Нёмана” вокладка зімова-паэтычная: заснежаныя прасторы і бязмежнае неба над імі. Добрая ілюстрацыя да верша Навума Гальпяровіча, падборка якога прадстаўлена ў нумары:

Иней лежит на полях. Подморозило.
Лодки до лета ушли на покой.
Тихое небо и тихое озеро.
Вечер. Прозрачность. И пахнет зимой…

“Нёман” пачынаецца з аповесці з прыцягальнай назвай “Кот з калакольчыкам на шыі” і не менш прыцягальным жанравым вызначэннем – “аповесць з элементамі дэтэктыва і любоўнай прыгоды”.

Варты вашай каштоўнай увагі, дарагія чытачы, працяг аповедаў пра кіно Ягора Конева “Жывыя цені”. Гэтай тэме прысвечаны таксама матэрыял Анатоля Козака “Шукальнікі шчасця” ў рубрыцы “Дакументы. Запіскі. Успаміны”.

Аматарам дэтэктыўных сюжэтаў з элементам містыкі будзе цікавае апавяданне Генадзя Аўласенкі “Аракул не памыляецца”, а прыхільнікам духоўна-філасофскай лірыкі – вершы Льва Парэмскага. Таццяна Лебедзева ў халодны студзень сагрэе нас летнім успамінам з дзяцінства ў сваім лірычным абразку “Дарога дадому”, а Аляксандр Сілецкі пацешыць апавяданнем “Чапля”.

У рубрыцы “Сусветная літаратура” ў “Нёмане” вы знойдзеце пераклад аповесці “Той, хто плюе ў нябёсы” амерыканскага пісьменніка Уолеса Стэгнера, якога крытык Эбі назваў “самым вартым амерыканскім кандыдатам ХХ стагоддзя на атрыманне Нобелеўскай прэміі”. Пытанні паліткарэктнасці і расавых канфліктаў, што ўзнімаюцца спадаром Стэгнерам у аповесці, бадай, надзвычай актуальныя ў нашы часы, самі бачыце…

Каб натхніцца на адкрыцці і падарожжы, варта пачытаць артыкул Таццяны Шамякінай “Зямля ў арэоле таямніц. Што нас яднае з цывілізацыяй Паўднёвай Азіі”. Гаворка пойдзе пра загадкавую Шамбалу ды Індыю. Пошукамі Шамбалы займаўся, аказваецца, сам Пржавальскі, прычым, утойваў гэта. Што такое Шамбала: калонія іншапланяцян, спадкаемца Атлантыды ці яшчэ нешта? Адназначнага адказу атрымаць мы не ў стане, але ці патрэбна нам гэта? Без арэолу таямніц наша планета ўжо не будзе такой прывабнай…

Як бачыце, падарункаў ад “Маладосці”, “Полымя” і “Нёмана” на ўсіх хопіць. Чытайце болей, не дазваляйце душы ляніцца! І не адпускайце казку.

Аўтар публікацыі: Тамара Сарачынская.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам