ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Святкуем юбілей Максіма Багдановіча разам з бібліятэкай
Святкуем 130-годдзе Максіма Багдановіча разам

“Каб над Ай-Петры не смягла Венера – як пры Максіме – адна”

“Каб над Ай-Петры не смягла Венера – як пры Максіме – адна”
Іншыя навіны

Пра ўзнёслую хаду Максіма Багдановіча – прыхільніка не толькі беларускага, але і ўкраінскага нацыянальнага адраджэння – успамінае беларускі паэт, празаік, публіцыст Сяргей Панізьнік.

У ліпені – верасні 1909 г. у львоўскім гадавіку “Літературно-науковий вістнік” была надрукавана нізка вершаў “З беларускай паэзіі”, падрыхтаваная перакладчыкам Мікітам Шапавалам (1882–1931). Акрамя купалаўскіх, ён пераклаў і два вершы М. Багдановіча “Над магілай” і “Прыйдзе вясна”. А сам М. Багдановіч перакладаў вершы Т. Шаўчэнкі, І. Франка, М. Кацюбінскага, В. Стэфаніка, В. Самійленкі і інш.

Пясняр – ён ваяр і гісторык, / і чорнарабочы, калі
становяцца светлыя творы / малітваю горкай зямлі
(з верша С. Панізьніка “Паклон” у зб. “Мацярык”, 1984)

У 1914 г. выйшлі творы Максіма Багдановіча ў выдавецтве К.Ф. Някрасава: “Червоная Русь. Австрийские украинцы” (серыя “Библиотека войны”, № 8–9), “Угорская Русь” (№ 24), “Братья-чехи” (№ 28). У артыкуле “Львоў” (1914) Максім Багдановіч пісаў: “Львоў вельмі прыгожы і знакаміты. Ён угняздзіўся сярод гор, на адной з якіх, а непасрэдна на Замкавай гары, расце дзівосны парк”.

У 1919 г. пачаў выходзіць тыднёвік “Воля” (1919–1921), спачатку ў Львове, а потым – у Вене пад рэдакцыяй Андрэя Горленкі. У перакладзе на ўкраінскую мову Аляксея Ярэмчанкі там надрукаваны вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Алеся Гаруна. А. Ярэмчэнка змясціў у “Волі” ў верасні 1921 г. “Кароткі нарыс гісторыі беларускай літаратуры”. А ў 1922 г. у прыгарадзе Берліна – Шарлотэнбургу – выдаў на гектографе зборнік сваіх перакладаў пад назвай “Білорусь”. Там – 17  вершаў М. Багдановіча, 4 – Я. Купалы, 2 – Я. Коласа, па адным – А. Гаруна,  Зм. Бядулі, Г. Леўчыка.

І заўтра хтось яшчэ адзін абудзіцца, / забыўлівасці распілуе краты.
Святла – у спраты! Ажывайце, страты, / і ўсё, у што паверылі мы, збудзецца
(з верша С. Панізьніка “Страты” ў зб. “Стырно”, 1989)

М.Багдановіч.jpg

У 1924 г. у Кіеве украінскі паэт, неакласік, перакладчык, літаратуразнаўца, педагог, вучоны-славянавед Міхайла Драй-Хмара выдаў зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок” у сваім перакладзе,  з уступным артыкулам, каментарыямі і назваў яго “першай ластаўкай, што пераляцела з Беларусі на Украіну. Вязень “исправтрудлагеря” Міхайла Драй-Хмара (10.10.1889 – 19.01.1939) быў расстраляны на Калыме.

Будзь зямлёй святою, Баць-каў-шчы-на!
Сем дарожак з дому, дадому – адна
(з верша С. Панізьніка “Сем дарожак з дому” ў зб. “Палявая пошта”, 1972)

Вясной 1909 г. Максім Багдановіч лячыўся ў Ялце (Аўтка, малочная ферма “Шалаш”). Летам 1915 г. лекаваўся ў Старым Крыме. Наведаў Кактэбель і Феадосію. У лютым 1917 г. зноў трапляе ў Ялту, назаўсёды.
      Ты ў сэрцы сваім спяліў золак роднага слова
                   і застаўся ў шчаслівых днях вечным і сінім небам
(С. Панізьнік “Вечнаму сіняму небу Максіма Багдановіча”)

Azhur.jpg
Помнік Заіра Азгура Максіму Багдановічу каля санаторыя “Беларусь”

Ялцінскі “Шалаш” знаходзіўся на вуліцы Крымская, 2. Яе пераназвалі ў вуліцу М. Багдановіча. А на будынку былой малочнай фермы была ўсталявана мемарыяльная шыльда: “В этом доме в 1909 году жил белорусский поэт Максим Богданович. 1891–1917 гг.”. Побач, у Місхоры, у 1957 г. быў устаноўлены помнік работы Заіра Азгура з надпісам: “Выдатнаму беларускаму паэту Максіму Багдановічу (1891–1917)”. Помнік у 1959 г. стаў узнёслай аздобай парку пры санаторыі “Беларусь”.

З песняй кахання ўзнадзеіцца вера. / Промні пастукалі ў шыбу акна,
Каб над Ай-Петры не смягла Венера – як пры Максіме – адна
(з прысвечанай Максіму Багдановічу песні “Світальная зорка”, музыка Міколы Яцкова, словы Сяргея Панізьніка)

Jalta-miem-doshka.jpg
Алесь Бяляцкі, Сяргей Панізьнік, Мікола Аўрамчык на адкрыцці мемарыяльнай дошкі на будынку, у якім жыў М. Багдановіч

У снежні 1989 г. у Ялце была ўстаноўлена мемарыяльная дошка з барэльефам і надпісам: “На этом месте находился дом, в котором жил (с марта по май 1917 г.) и умер 25 мая 1917 г. выдающийся белорусский поэт Максим Богданович”. На мітынгу ў гонар такой падзеі дошку адкрыў паэт Мікола Аўрамчык, выступілі скульптар Генадзь Мурамцаў, дырэктар музея М. Багдановіча ў Мінску Алесь Бяляцкі, паэт Сяргей Панізьнік. На ялцінскіх гарадскіх могілках (сектар № 7) у 1924 г. быў пастаўлены помнік Паэту. У 2003 г. яго замяніў новы варыянт помніка, створаны Львом і Сяргеем Гумілеўскімі.

Jalta-mohilki.jpg
Літаратуразнаўца Таццяна Кабржыцкая з сынамі на магіле М. Багдановіча ў Ялце. Цяпер там устаноўлены новы помнік

А калі б так: апантаны турыст уздымаецца на старажытную вось гэтую Замкавую гару ў Львове і, прыпыніўшыся, учытваецца ў сціплы надпіс: “Тут адпачываў М. Багдановіч па дарозе з Аўткі ў Вільню”.

  Свяча бліскучая зіяе,
               Каб расступілася імгла…
                                             Максім Багдановіч

12 сакавіка 1966 г. у Львове было створана Беларускае зямляцтва імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Да студэнтаў-медыкаў далучыліся курсанты Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча (Сяргей Панізьнік скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча ў1967 г. – рэд.), навучэнцы кансерваторыі, паліграфічнага, гандлёва-эканамічнага інстытутаў. Спрыялі дзейнасці зямляцтва выкладчыкі ўніверсітэта І. Дэнысюк, У. Маторны, К. Трафімовіч. Была праведзена вечарына “Тут крокі іх, тут сэрцы засталіся”, дзе ішла гаворка пра творчасць Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, львоўскую прысутнасць Цёткі. Дапамаглі раскрыццю іх талентаў А. Сенатовіч, Р. Кудлык, Р. Лубкіўскі, В. Грабоўскі, У. Лучук, які назваў таварыства “беларускім  брацтвам”.

На планеце ля дзяржаўных вежаў  / весніцца сваяцкая душа, –
і няма  – у роўнасці – замежжа, /  і знікае – ў роднасці – мяжа
(з верша “Дзянніца-заранка” у зб. С. Панізьніка “Нас – многа!”, 2012)

75-годдзе з дня нараджэння  М. Багдановіча адзначылі ў Львове 9 снежня 1966 г. у будынку вучоных на вул. Міцкевіча, 6. Спрыялі святу Беларускае зямляцтва імя Цёткі, львоўскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Украіны, клуб інтэрнацыянальнай дружбы на філалагічным факультэце Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І. Франка. Іван Дэнысюк прачытаў змястоўны даклад, яго даследаванне біяграфіі паэта прадоўжыў С. Панізьнік. Выступілі вучоныя і літаратары У. Маторны, К. Трафімовіч, А. Шмігельскі, М. Ільніцкі, І. Лазінскі, В. Калодзій, А. Сенатовіч, У. Лучук, Я. Паўлычка. Непасрэдна да свята новыя пераклады вершаў М. Багдановіча агучылі Р. Лубкіўскі, І. Сварнык, Я. Асечкін… Цёпла сустрэлі львавяне спецыяльна запрошаных пісьменнікаў з Мінска – Міколу Хведаровіча, Сцяпана Александровіча,  Анатоля Вярцінскага. Назаўтра разам з імі свята прадоўжылася ва ўніверсітэце.

   Мо кублы – гудуць стагоддзі.
          Хоць гарнец вазьмі ад кожнага, – / прыпамінамі свет напоўніцца
   (з верша С. Панізьніка “У краіну сінечы”, Львоў, 10.03.1966 )

26 студзеня 1967 г. у львоўскім клубе пісьменнікаў адбыўся вечар перакладу пад  назвай “Панарама беларускай паэзіі ХХ стагоддзя” – пры падтрымцы секцыі перакладчыкаў львоўскага аддзялення СПУ, абласнога Дома дружбы народаў і Бібліятэкі іншамоўнай літаратуры. Даклад падрыхтаваў С. Панізьнік.  “Панарама…” аказалася змястоўнай дзякуючы навуковым аналізам У. Маторнага, К. Трафімовіча… А. Шмігельскі ўзгадаў свае сустрэчы з Янкам Купалам у Сочы. Выступалі А. Сенатовіч, У. Лучук, Я. Паўлычка, В. Калодзій, М. Ільніцкі, М. Пятрэнка, А. Валашчак.

   Малюю мару: з дзён былых паўстаў
       прызваны Дойлід з праведнай дзясніцаю.
          Пры ім не вартавыя на пастах,
              а мы – усе! – наш уявіўшы дах,
                  майструем Дом, зіркочучы зарніцамі
   (з верша С. Панізьніка “Пра Дойліда”, Львоў, 25.12.1965 )

Valiancina-Koutun.jpg
Беларуская пісьменніца, літаратуразнаўца Валянціна Коўтун

90-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча адзначылі 4 снежня 1981 г. у памяшканні абласной арганізацыі Украінскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Слова пра М. Багдановіча “Речник братерства” прамовіў Р. Лубкіўскі. А вось ў Львоўскай навуковай бібліятэцы імя В. Стэфаніка свята пачалося адкрыццём выставы “Співець братэрства”. Пасля уступнага слова Я. Стасюка прамаўлялі навукоўцы і літаратары І. Дэнысюк, Р. Лубкіўскі, М. Пятрэнка, І. Гушчак, В. Калодзежны, А. Сенатовіч, К. Бондар і, як паведаміла гарадская газета, “госці з братняй Беларусі – Валянціна Коўтун і Сяргей Панізьнік”. У зале бібліятэкі прагучала песня кампазітара А. Кос-Анатольскага на словы М. Багдановіча “Маладыя гады”.
А ў Кіеве сябры Саюза пісьменнікаў Украіны адзначылі 90-гадовы юбілей Максіма Багдановіча 28 снежня 1981 г.

Vital-Skalaban.jpg Michas-Pazniakou.jpg

У снежні 1991 г. у студыі Беларускага тэлебачання Сяргей Панізьнік запісваў тэлеперадачу да 100-годдзя з дня нараджэння Паэта. Пра свае адкрыцці М. Багдановіча распавядалі гісторык, архівіст Віталь Скалабан і пісьменнік, мовазнавец Міхась Пазнякоў.

16 студзеня 1992 г. Львоўская навуковая бібліятэка правяла “Літаратурна-навуковую акадэмію з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, прыхільніка ўкраінскага нацыянальнага адраджэння М. Багдановіча”. Працяг ушанавання Творцы адбыўся 19 сакавіка 1992 г.

Выдужалі словы і ў зазіме,
    Хвалі памаглі радочкі звіць.
       Суждана было табе, Максіме,
           Іх у новай песні ажывіць
(радкі з верша Міколы Пятрэнкі “Сонца над песняю М. Багдановіча” (1981) у перакладзе С. Панізьніка)

З успамінаў Сяргея Панізьніка.

Фота з архіва аўтара. У пачатку публікацыі – партрэт М. Багдановіча, створаны студэнтам Рыгорам Фраловым (Львоў, 1966). Унізе – здымкі са стэнда ў Ялцінскім гісторыка-краязнаўчым музеі; дарчы надпіс Рамана Лубкіўскага на зборніку перакладаў “Стратим-лебідь”; малюнак гуашшу Алеся Нога “Максім Багдановіч” (Львоў, 1992).

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам