ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
III з'езд Саюза пісьменнікаў Беларусі адбыўся ў Мінску
Узнагароджанне Р. С. Матульскага

Іван Саверчанка: Літаратуразнаўца мусіць паспрабаваць сябе ў творчасці

Іван Саверчанка: Літаратуразнаўца мусіць паспрабаваць сябе ў творчасці
Іншыя навіны

Пра здабыткі і перспектывы айчыннай літаратуразнаўчай навукі, новае пакаленне аспірантаў, а таксама магчымасць сумяшчаць навуковую і творчую працу расказвае выдатны крытык і цікавы празаік.


Вось ужо амаль год у структуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі працуе ўзноўлены Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы. Яго ўзначальвае прафесар, доктар філалагічных навук, член Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі Іван Саверчанка. Спачатку нават падаецца дзіўным, як у асобе аднаго чалавека могуць спалучацца акадэмічная строгасць і дысцыплінаванасць, творчая энергія, натхнёнасць, уменне захапляцца і радавацца новым адкрыццям.

– Іван Васільевіч, з часу аднаўлення асобнага акадэмічнага Інстытута літаратуразнаўства мінуў амаль год. Якія самыя яркія падзеі можаце адзначыць?

– Гэты час быў вельмі насычаны ў навуковым і творчым плане. У нашай установе выйшлі цікавыя манаграфіі і калектыўныя даследаванні, тамы збораў твораў беларускіх класікаў. Праведзены знакавыя навуковыя канферэнцыі, наладжаны міжнародныя сувязі. Вельмі запомнілася сустрэча з кіраўніцтвам Пакістанскай літаратурнай акадэміі, з якой мы маем Мемарандум аб супрацоўніцтве.

– Можа здавацца, што літаратуразнаўства – навука досыць сумная, не публічная, не яркая, не масавая. Ці сапраўды так?

– Літаратуразнаўчая навука – старажытная навуковая дысцыпліна і адна з найважнейшых галін сучаснай гуманітарыстыкі. Яна выступае ў якасці асновы літаратурнай адукацыі і асветы грамадства. Літаратуразнаўства забяспечвае прагрэс прыгожага пісьменства, спрыяе захаванню класічных мастацкіх традыцый.

– Якія людзі прыходзяць у інстытуцкую аспірантуру, а потым застаюцца тут працаваць?

– Розныя паводле характару, але адданыя слову, мастацкай літаратуры. Сучасныя аспіранты больш разняволеныя, для іх амаль не існуе аўтарытэтаў, асабліва напачатку іх навуковага шляху. Вельмі добра, што практычна ўсе суіскальнікі валодаюць не толькі беларускай і рускай мовамі, але і на належным узроўні ведаюць замежныя мовы. Гэта адкрывае перад імі шырокія магчымасці ў сферы міжнароднага супрацоўніцтва.

– Літаратуразнаўства і творчая праца: ці можна сумяшчаць? Як у вас самога гэта атрымліваецца?

– Гэтыя віды дзейнасці цалкам сумяшчальныя. Яны нібы два крылы адной велічнай птушкі. Літаратура не можа паўнавартасна развівацца без літаратуразнаўства. У маім разуменні кожны навуковец, даследчык літаратуры абавязкова павінен паспрабаваць уласныя сілы ў літаратурнай творчасці, прымяніць у мастацкай практыцы набытыя тэарэтычныя веды. Калі і як гэта зрабіць – кожны вырашае сам. Для мяне асабіста творчая праца – лагічны працяг навуковых гісторыка-філалагічных пошукаў. Я выдаў дзве літаратурна-мастацкія кнігі, дзе змешчаны аповесці, містэрыя і некалькі эсэ. Іх галоўныя героі – найбольш значныя постаці мінулага Беларусі: полацкія князі Рагвалод і Усяслаў Чарадзей, заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага князь Міндоўг, магутны валадар Вітаўт Вялікі, беларускія магнаты – Астафей Валовіч і Леў Сапега, дзеячы культуры – Іосіф Вельямін-Руцкі і Вацлаў Ластоўскі.

Я таксама перакананы, што кожны літаратуразнавец павінен глыбока цікавіцца сацыяльнымі працэсамі і жыццём грамадства, а таксама мастацтвам, гісторыяй, філасофіяй, паліталогіяй, міжнароднымі адносінамі і іншымі сферамі. Інакш яго ацэнкі ідэйна-мастацкага зместу літаратурных твораў будуць павярхоўнымі і не заўсёды дакладнымі.

– Некаторыя з супрацоўнікаў Інстытута літаратуразнаўства з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Наколькі важнае супрацоўніцтва акадэмічнай навуковай установы і творчага саюза?

– Супраца абавязкова мусіць быць вельмі шчыльнай. Гэта шлях да ўзаемаўзбагачэння. За апошні час супольнымі намаганнямі, пры значнай падтрымцы кіраўніцтва дзяржавы і ўрада, нам удалося стварыць эфектыўную сістэму літаратурнай асветы і адукацыі ў краіне, выпрацаваць неабходныя механізмы і стымулы для развіцця нацыянальнай літаратуры. Інстытут літаратуразнаўства і Саюз пісьменнікаў Беларусі рэалізуюць шматлікія сумесныя праекты, якія якраз і забяспечваюць устойлівасць усёй філалагічнай сферы. Апрача таго, надзвычай карысны прамы дыялог паміж пісьменнікамі і вучонымі, што дазваляе вырашаць многія пытанні ў рабочым парадку.

– Ці ўваходзяць у кола навуковых інтарэсаў супрацоўнікаў Інстытута літаратуразнаўства творы сучасных беларускіх аўтараў?

– У інстытуце практычна ўсе цікавяцца сучасным літаратурным працэсам, знаёмяцца з найбольш цікавымі творамі паэзіі, прозы і публіцыстыкі. Нашы супрацоўнікі рэгулярна пішуць рэцэнзіі, артыкулы і агляды для літаратурных часопісаў “Полымя”, “Нёман”, “Белая вежа” і газеты “Літаратура і мастацтва”. Творчасць сучасных пісьменнікаў – Мікалая Чаргінца, Анатоля Казлова, Георгія Марчука, Леаніда Левановіча, Генадзя Пашкова, Віктара Праўдзіна, Васіля Шырко актыўна вывучаецца і шырока прапагандуецца ў сродках масавай інфармацыі.

– Многіх навуковых супрацоўнікаў інстытута можна назваць сапраўднымі мэтрамі айчыннай літаратурнай крытыкі. Гэта, напрыклад, Уладзімір Гніламёдаў, Міхась Тычына, Ганна Кісліцына, Яўген Гарадніцкі і іншыя. Іх меркаванне, голас уплываюць на айчынную літаратуру, да іх прыслухоўваюцца аўтары? Ну і ў цэлым, ці могуць крытыка і акадэмічнае літаратуразнаўства пэўным чынам каардынаваць літаратурны працэс?

– Дзякуючы кіраўніцтву Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі нам удалося ўзнавіць работу акадэмічнага Інстытута літаратуразнаўства, які каардынуе навуковыя даследаванні ў рамках дзяржаўнай падпраграмы “Беларуская мова і літаратура”. Пры інстытуце стала працуе Савет па абароне дысертацый, старшынёй якога якраз з’яўляецца Уладзімір Гніламёдаў, а яго намеснікам – Міхась Тычына. Мы рыхтуем кадры вышэйшай кваліфікацыі – кандыдатаў і дактароў навук, прычым не толькі для свайго інстытута, але і для ўсіх вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. Такім чынам, умацоўваецца філалагічнае асяроддзе ў краіне, забяспечваецца пераемнасць і падтрымліваецца высокі ўзровень філалагічнай культуры ў грамадстве.

Крытыкі, якія працуюць у інстытуце, – вельмі кваліфікаваныя эксперты. Да іх парад і пажаданняў пісьменнікі прыслухоўваюцца і ўлічваюць ва ўласнай творчасці.

– Якія кірункі літаратуразнаўства нам варта развіваць сёння?

– Гісторыю і тэорыю літаратуры, кампаратывістыку і тэксталогію. Даўно планую адкрыць у інстытуце аддзел замежнай літаратуры, каб глыбей спасцігаць здабыткі лепшых майстроў слова блізкага і далёкага замежжа, што істотна гальванізуе нацыянальны літаратурны працэс.

– Як бачацца перспектывы супрацоўніцтва Інстытута літаратуразнаўства і Саюза пісьменнікаў?

– У нас шмат кропак судакранання і ліній супрацоўніцтва. Асабліва плённа супольна працавалі і цяпер працуем у рэгіёнах краіны, наладжваем творчыя сустрэчы, круглыя сталы і канферэнцыі. На парадку дня інстытута – стварэнне аддзела літаратурнай крытыкі. Яго мэта – аператыўна рэагаваць на навінкі прозы, паэзіі і драматургіі, аналізаваць дынаміку сучаснага літаратурнага працэсу, выяўляць і прапагандаваць найбольш значныя ў мастацкім плане творы прыгожага пісьменства.

Аўтар публікацыі: Марына Весялуха.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам