ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
У краіне светлай, дзе я… нарадзіўся!
Падведзены вынікі працы сістэмы карпаратыўнай каталагізацыі бібліятэк Беларусі за 2019 г.

Інтэрв’ю з унучкай Міхася Лынькова Ірынай Ратнікавай

Інтэрв’ю з унучкай Міхася Лынькова Ірынай Ратнікавай
Іншыя навіны

Акрамя літаратурнай творчасці Міхась Ціханавіч актыўна займаўся навуковай і грамадскай дзейнасцю. Ён прадстаўляў Беларусь у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР з 1-га па 8-е скліканне. Адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. За раман-эпапею «Векапомныя дні» ў 1968 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба Коласа.

Нялёгкія выпрабаванні выпалі на лёс Міхася Лынькова. Васямнаццацігадовым змагаўся ён з белапалякамі. У першыя гады савецкай улады ажаніўся з настаўніцай Ханай Арэнкавай. Народжанага сына назвалі Маркам. У 1938-м Міхась Ціханавіч узначаліў Саюз пісьменнікаў БССР. У нямецка-фашысцкую акупацыю каты зверскі забілі яго жонку і сына. У ваенны час пісьменнік кіраваў франтавой газетай «За Савецкую Беларусь». Пасля вызвалення Мінска ўзначаліў Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР. Аднойчы на акадэмічным сходзе прыкмеціў прыгажуню.

Гэтай гісторыяй, як і іншымі цікавымі фактамі з жыцця народнага пісьменніка Міхася Лынькова, эксклюзіўна падзялілася яго ўнучка, доктар філалагічных навук прафесар Белдзяржуніверсітэта Ірына Ратнікава.

– Ірына Энгелеўна, ваша бабуля, – тая самая прыгажуня, што запала ў сэрца аўдавеламу Міхасю Лынькову?

– Так, гэта кранальная і рамантычная гісторыя. Дзядуля папрасіў паэта Пятра Глебку пазнаёміць яго са строгай прыгажуняй. Пасля трэцяга спаткання жаніх падкаціў на «козліку» і зладзілі заручыны. Сабраліся сябры-пісьменнікі на чале з Якубам Коласам. Сямейная пара пражыла разам трыццаць гадоў. Выхавалі дваіх прыёмных дзяцей: маю маму і яе зводнага брата Леаніда.

– Ад каго вы даведаліся пра трагедыю з першай жонкай і сынам Лынькова?

– У сямейным архіве ёсць некалькі фотаздымкаў маленькага Марка. Бабуля, рыхтуючы мяне, шасцігадовую, да ўспрымання жудаснай гісторыі, прачытала мне апавяданне Янкі Маўра «Завошта». У творы абсалютна дакладна адлюстравана трагедыя. Адзінае, што аўтар героя назваў Мішам. Першую жонку Міхася Ціханавіча і сына фашысты расстралялі ў 1942 годзе. Сястра дзядулі Ганна Ціханаўна расказвала нам, як Хана Абрамаўна з Маркам прыйшлі да іх у вёску ў Старадарожскім раёне. Іх збіраліся пераправіць у партызанскі атрад. Але не паспелі. Калі гітлераўцы схапілі Хану Абрамаўну, муж Ганны Ціханаўны назваў светла-русага Марка сваім сынам. Падлетак убачыў, як маму фашысты кідалі ў кузаў грузавіка, і не стрымаўся, выклікнуў: «Мамачка!» Яго таксама каты схапілі. Іх павезлі ў Старыя Дарогі, а потым у Бабруйск. Партызаны збіраліся іх адбіць, але не атрымалася. І гітлераўцы іх расcтралялі.

У 1971 годзе каля Слуцка адкрылі мемарыял у памяць аб ахвярах вайны. Сярод іншых там ёсць і імёны жонкі і сына Міхася Лынькова, а таксама жонкі і дачкі яго брата Рыгора. Усёй сям’ёю мы ездзілі да мемарыяла. Бабуля баялася траўміраваць маю дзіцячую псіхіку, але Міхась Ціханавіч настаяў: ёсць рэчы, якія трэба ведаць і памятаць нават дзецям. Па дарозе ён без смутку і дрыжання ў голасе расказваў пра Марка як пра жывога. Такім і запомніўся мне хлопчык – жвавым і вясёлым. Ён быў завадатар усялякіх спраў. Зімою пасяліў вавёрку ў рукаў старога паліто і карміў арэхамі, каб звярок адчуваў сябе як у дупле дрэва.

– У сярэдзіне 1950-х гадоў Міхась Лынькоў збудаваў на Нарачы лецішча. Побач стаялі дамы Аркадзя Куляшова і Максіма Танка. Асноўны час літаратары праводзілі за пісьменніцкім сталом. Ад паэта Анатоля Вярцінскага, які сябраваў з Міхасём Лыньковым, я даведаўся, што бываў на вашым лецішчы Якуб Колас. Міхась Ціханавіч як рэліквію шанаваў чарачкі, падараныя яму беларускім класікам.

– Так, дзядуля часта ўзгадваў пра сяброўства не толькі з Якубам Коласам, але і з Кандратам Крапівой, Пятром Глебкам, Максімам Танкам, Аркадзем Куляшовым. Гэтыя цёплыя адносіны працягваем.

З Максімам Танкам дзядуля ўпершыню сустрэўся пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Міхась Ціханавіч узначальваў Саюз пісьменнікаў БССР. Маладому паэту з Мядзельшчыны ён прапанаваў пераехаць у Мінск. У Айчынную вайну яны разам выпускалі газету «За Савецкую Беларусь». У 1953 годзе менавіта Максім Танк быў ініцыятарам будаўніцтва лецішчаў на беразе возера Нарач. Ідэяй захапіўся і Аркадзь Куляшоў. Утрох паехалі выбіраць месца. Першым пачаў будоўлю Міхась Ціханавіч. А потым тыя ж цесляры складалі з бярвенняў дамы Танку і Куляшову. Усе тры дамы вельмі падобныя. Толькі пафарбаваныя ў розныя колеры.

Для літаратараў плённым выдаўся нарачанскі час творчасці. Адпачынак запаўнялі дзвюма стыхіямі – вадой і агнём, рыбалкай і вогнішчам. Дзядуля любіў экстрэмальныя сітуацыі. У шторм заплываў на лодцы далёка па возеры. Часам яго нават шукалі на кацерах. Вяртаўся з рыбалкі мокры і шчаслівы ад перамогі над стыхіяй. А яго сябра Максім Танк на беразе чакаў ля вогнішча.

Lynkou_2.jpg

Міхась Лынькоў з унучкай Ірынай, 1965 год.

Нарачанскі перыяд у Міхася Ціханавіча доўжыўся два дзесяцігоддзі. Тут ён перапрацоўваў раман-эпапею «Векапомныя дні», пісаў апавяданні, аповесці. Мы імкнуліся не турбаваць яго. За пісьменніцкім сталом з героямі сваіх твораў ён не расставаўся да золку.

А калі ўстройваў размінку, то браў у рукі сякеру, касу ці рыдлёўку. Залатыя рукі былі ў яго. Цудоўна касіў, лоўка ўвіхаўся на дрывотні. Заўжды нешта прыбудоўваў, майстраваў.

Нягледзячы на перажытую трагедыю, умеў трымаць сябе ў руках. Ніколі не бачылі яго разгубленым. Больш за ўсё памятаю дзядулю за пісьменніцкім сталом.

На лецішчы прайшло маё дзяцінства. На першым паверсе дома займаліся прыгатаваннем страў, іншымі гаспадарчымі справамі. А наверсе панавала цішыня – дзядуля тварыў. Сваякі гаварылі, што як толькі я ўстала на ножкі і нешта пачала лепятаць, то караскалася па лесвіцы на другі паверх і клікала: «Гэй, пісьменнік Міхаська, хадзі да нас чай піць!»

Як не стала Міхася Ціханавіча, засумаваў Максім Танк. Вечарамі ён адзінока сядзеў на беразе і доўга ўглядаўся ў азёрную сіняву. Аднойчы ля вогнішча напісаў верш, прысвечаны сябру:

– Міхась!..
Зачынена акно.
Няўжо яшчэ ён спіць,
Хаця ў чаўне зары
На бераг наш
Ужо вяслуе ранак?
– Мі-хась!..
Няўжо забыўся ён,
Што сёння меліся
Рыбацкае мы шчасце
Паспытаць?
Ці, ноч правёўшы
З героямі
Сваіх апавяданняў,
Захмарыўся на золку сном?..
А можа,
Размінуліся мы з ім
І ён раней адплыў
На Гатаўскія тоні?
Яшчэ аклікну раз
І паплыву шукаць.

Як і раней, кожнае лета праводзім на Нарачы.

– Ці паўплываў на ваш выбар жыццёвага шляху Міхась Ціханавіч?

– Ён пачынаў сваю дзейнасць як настаўнік. Бабуля пасля заканчэння гістфака БДУ кіравала вясковай школай. Бацькі мае – выкладчыкі ўніверсітэта. І я ў трэцім пакаленні педагог. Калі пісала падручнік па беларускай мове для пачатковых класаў, з радасцю і гонарам выкарыстоўвала ў практыкаваннях фрагменты твораў Міхася Лынькова для дзяцей – «Пра смелага ваяку Мішку…», «Янка-парашутыст», «Міколка-паравоз»… Сын Максім выкладае ў лінгвістычным універсітэце. Пэўны час ён працаваў у беларускім офісе Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

– Які твор Міхася Лынькова першым самастойна прачыталі?

– Мяне з дзяцінства прывучалі да кніг. Дзядуля прыдумваў гісторыі, і я іх слухала. Адна з іх пра вожыкаў, што жылі пад нашым лецішчам. Дзядуля склаў вершык пра іх сямейства – «Шушамон і Шушамоня, Шоня, Моня, Цуцамоня». Вельмі артыстычна чытаў мне «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў». Дагэтуль пяшчотна люблю хітрага Мішку, «надзвычай вясёлую асобу», любімчыка чырвонаармейцаў.

Пазней захапілася лірычнымі апавяданнямі на вечныя тэмы кахання, сэнсу жыцця і лёсу: «Гой», «У мястэчку», «Гома», «Над Бугам». Іх мова мяне зачароўвае: яна метафарычная, рытмічная, акварэльная.

– Ірына Энгелеўна, якім для вас застаўся ў памяці вобраз народнага пісьменніка Міхася Лынькова?

– Мне было адзінаццаць гадоў, як яго не стала. Гэтага ўзросту дастаткова, каб склаўся вобраз асобы: уражанні, назіранні, разуменне жыццёвых правілаў, асноўныя эмоцыі. Усё гэта і зараз у маёй душы, а таксама звонку: і ў лынькоўскай мінскай кватэры, і ў нарачанскім доме. Там, як у музеі, дзе са сцен і паліц глядзяць фотаздымкі. На іх быццам спыніліся імгненні мінулых гадоў… Калі былі і Колас, і Купала, і Танк, і Куляшоў, і Глебка, і Мележ, і Гілевіч, і маладзейшыя за гэта пакаленне пісьменнікі. Гэта і фота з пісьменніцкіх з’ездаў, з асамблей ААН, і сустрэчы з чытачамі, асабліва з дзецьмі. І, канешне, шмат фотаздымкаў сямейных: дзядуля з бабуляй, з маёй мамай, са мной… 40-я, 50-я, 60-я гады мінулага стагоддзя існуюць паралельна з сённяшнім днём. Многія з іх я перадала ў музеі і Нацыянальны гістарычны фонд.

Хачу шчыра падзякаваць тым людзям, якія захоўваюць памяць пра нашу гісторыю. Асаблівая падзяка супрацоўнікам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Вользе Агулевай, Паліне Саўген, Святлане Кажамяка.

– Дзякуй, Ірына Энгелеўна, за цікавыя адказы. Няхай новыя пакаленні нясуць і надалей памяць пра слаўных людзей зямлі беларускай.

Аўтар публікацыі: Уладзімір Субат.

Крыніца: СБ – Беларусь сегодня


Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам