ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Снежнае лета
Вэб-канферэнцыя па навуковых даследаваннях бібліятэк

І госць, і гаспадар

І госць, і гаспадар
Іншыя навіны

Завітаем у незвычайныя дамы для нямецкіх і замежных аўтараў – Берлінскі літаратурны калоквіум, Берлінскі літаратурны дом і Берлінскую літаратурную майстэрню.


Бадай, самымі папулярнымі пляцоўкамі для правядзення прэзентацый новых кніг і чытанняў у Беларусі можна назваць літаратурныя музеі, бібліятэкі, кнігарні. Натуральна, уваход на ўсе імпрэзы з удзелам айчынных аўтараў бясплатны, а самі пісьменнікі, калі не жывуць у сталіцы, напярэдадні і пасля прэзентацыі хутчэй за ўсё спыняцца ў гатэлі ці ў знаёмых або паспяшаюцца на цягнік. Пляцоўкі для прадстаўлення новых кніг таксама можна назваць “гасцініцамі для літаратуры”: яны толькі часова здаюцца ў карыстанне пісьменнікам, а пасля імпрэзы зноў жывуць сваім звыклым жыццём, часам зусім не звязаным з літаратурай. Пісьменнікі тут не гаспадары, а госці.

Сёння мы завітаем у некалькі незвычайных дамоў. Яны месцяцца ў Берліне і з радасцю прадастаўляюць нямецкім і замежным аўтарам і перакладчыкам пляцоўкі для прэзентацыі і абмеркавання кніг, плошчы для правядзення выставак памяці вядомых творцаў, літаратурныя стыпендыі, а таксама спецыяльныя пакоі, дзе можна жыць разам з сям’ёй. Тут гаспадараць творцы.

Дом для аўтараў і перакладчыкаў

Тут усё нібыта дыхае даўніной. Агромністы дом, пабудаваны ў ХІХ стагоддзі, высокія столі, драўляная лесвіца, якая паскрыпвае пры кожным кроку, масіўныя дзверы і вялікія вокны.
У розныя часы гэта быў прыватны асабняк, сталоўка для амерыканскіх салдат, гасцініца. Сёння тут размяшчаецца Берлінскі літаратурны калоквіум. Адмысловая зала для прэзентацый – ператвораны ў сучаснае памяшканне стары ўнутраны дворык. Пакоі для стыпендыятаў і гарачы суп перад імпрэзамі.
– Пры стварэнні Літаратурнага калоквіума яго заснавальнікі кіраваліся ідэяй арганізаваць прастору для літаратуры, дзе аўтары з розных краін маглі б жыць і працаваць, – распавёў дырэктар гэтай незвычайнай установы Юрген Якаб Бэкер. – Сёння тут 11 пакояў для стыпендыятаў, аcобныя памяшканні для правядзення чытанняў і прэзентацый кніг. Менавіта кіраўніцтва калоквіума ў 1960-я гады было першым, хто арганізаваў турнэ пісьменнікаў. Яно выклікала шмат увагі і нават трансліравалася па тэлебачанні.
І сёння ў Германіі чытанні з удзелам аўтараў досыць папулярныя. Каб паслухаць новыя творы стыпендыятаў, сюды, на станцыю Ванзэе, ахвотна прыязджаюць госці з розных куткоў нямецкай сталіцы.
Літаратурны калоквіум таксама падтрымлівае перакладчыкаў мастацкіх тэкстаў з нямецкай і на нямецкую мову. Cпецыяльна для перакладчыкаў тут прапаноўваюцца курсы, стыпендыі, а кожную вясну, у сакавіку, праводзяцца міжнародныя сустрэчы прафесіяналаў. Сюды, ва ўтульны старажытны дом, завітвае некалькі дзясяткаў спецыялістаў у галіне перакладу.
– На некалькі дзён калоквіум ператвараецца ў сапраўдны цэнтр перакладу. Тут збіраецца каля 30-40 спецыялістаў галіны, яны абмяркоўваюць важныя прафесійныя пытанні, а потым усе разам выпраўляюцца на кніжны кірмаш у Лейпцыг, – распавёў спадар Бэкер. – Натуральна, такія сустрэчы маюць вялікую карысць для ўсіх удзельнікаў: завязваюцца новыя прафесійныя кантакты, зараджаюцца цікавыя праекты. Колькасць стыпендый, якія прадастаўляе Берлінскі літаратурны калоквіум для пісьменнікаў, – каля паўтара дзясяткаў на год. Чвэрць з іх – для перакладчыкаў. Стыпендыяльная праграма для кожнага з аўтараў доўжыцца месяц, а малады і перспектыўны нямецкі творца можа правесці ў калоквіуме тры месяцы. На ўвесь гэты час стыпендыятам прадастаўляецца жыллё, а таксама пляцоўка для прэзентацыі і абмеркавання новых твораў. Вельмі важна, што творцы могуць жыць у калоквіуме разам з сям’ёй. Частыя жыхары асабняка і замежныя аўтары. Большасць такіх стыпендыятаў – ураджэнцы краін Усходняй Еўропы ці Азіі.
Дарэчы, беларускія творцы таксама могуць стаць удзельнікамі стыпендыяльнай праграмы калоквіума, накіраваўшы заяўку на адрас кіраўніцтва ўстановы.

Дом для літаратараў

Гэты дом будаваўся ў 1889–1890 гадах і да 1960 года выкарыстоўваўся ў розных мэтах. Але ўжо ў 1920-х тут праходзілі літаратурныя імпрэзы, дзе выступалі вядомыя пісьменнікі. Сёння Берлінскі літаратурны дом прапануе наведвальнікам праграму з 10–15 імпрэз, ладзіць дзве вялікія выстаўкі на год, мае дзве гасцявыя кватэры, дзе могуць спыніцца творцы. Ёсць утульная кавярня з шырокім выбарам страў, кнігарня.
Пра гэтае месца і яго жыхароў можна напісаць вялікі раман. Дом будаваўся багатым прамыслоўцам Германам Крозанам для дачкі, якая выйшла замуж за вядомага падарожніка. У 1920-я гады фонд імя Гумбальта зняў памяшканне ў арэнду для аказання падтрымкі таленавітым замежным студэнтам. Тут студэнты маглі танна харчавацца, чытаць замежную прэсу і ўдзельнічаць у культурных імпрэзах. Некаторы час у гэтым доме месціўся рускі клуб “На чердаке”, у межах пасяджэнняў якога ў 1927 годзе выступаў пісьменнік Уладзімір Сірын: распавядаў пра сваю тугу па радзіме.
Сёння мы ведаем, што псеўданім “Сірын” належыць знакамітаму Уладзіміру Набокаву. Потым у будынку месцілася выдавецтва, якое таксама ладзіла культурныя імпрэзы. Пазней яго арандаваў Чырвоны крыж, і да 1953 года тут быў прытулак для бежанцаў.
Быў час, калі будынак збіраліся аддаць пад знос, але з-за ўвагі ўлад горада яго пакінулі і пачалі рэстаўрацыю. У выніку ўрад Берліна набыў гэты дом і стварыў адмысловую арганізацыю для кіравання яго працай. Так, 1 чэрвеня 1986 года адрэстаўрыраваны Берлінскі літаратурны дом адчыніў свае дзверы для пісьменнікаў і аматараў літаратуры.
– У зале для прэзентацый змяшчаецца каля ста чалавек, але колькасць наведвальнікаў нашых імпрэз залежыць ад характару самога мерапрыемства, – распавёў супрацоўнік Берлінскага літаратурнага дома Себасцьян Янушэўскі. – Не так даўно мы праводзілі чытанні твораў Кафкі, на якія прыйшло каля ста чалавек, а вось сустрэча з прафесарам, вядомым амерыканскім паэтам выклікала цікавасць толькі ў 40 наведвальнікаў.
Літаратурны дом – установа досыць кансерватыўная. Тут не карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі для распаўсюджвання інфармацыі пра будучыя імпрэзы, а наведвальнікі вечарын у большасці выпадкаў дарослыя людзі, ва ўзросце 40–50 гадоў. Спадар Себасцьян тлумачыць гэта наступным чынам:
– Праца для актуалізацыі інфармацыі ў сацыяльных сетках патрабуе шмат сіл і часу. Мы працуем з больш традыцыйнымі інфармацыйнымі каналамі: маем сваю інтэрнэт-платформу, друкуем праграмы імпрэз, якія пакідаем у кавярнях і рассылаем па пошце, даём абвесткі ў календарах культурных падзей, што публікуюцца ў газетах. Зрэшты, аўдыторыя імпрэзы вызначаецца асобай аўтара: калі мы праводзім чытанні пісьменніка, чые творы актыўна абмяркоўваюцца ў публічнай прасторы, то да нас прыходзіць і моладзь. З аднаго боку, крыху непакоіць адсутнасць маладых людзей на мерапрыемствах, але з іншага – мы ведаем, што ўвагу маладых людзей досыць цяжка прывабіць, зладзіўшы проста літаратурныя чытанні. Зрэшты, успамінаю сябе ў маладосці: не надта любіў наведваць нейкія імпрэзы!
Кіраўнік літаратурнага дома прымае рашэнне, якой будзе праграма на год і якія аўтары тут змогуць прадставіць свае творы. У асноўным праца ўстановы скіраваная на прадстаўленне навінак. Каля 80 працэнтаў праграмы адведзена на прэзентацыі кніг мастацкай прозы і непрыдуманай літаратуры, ці non-fiction. Але і паэзія не застаецца па-за ўвагай: кіраўнік дома – паэт. Напрыканцы года тут праходзяць 3-4-дзённыя канферэнцыі, дзе прадстаўляюцца актуальныя зборнікі вершаў.
Варта адзначыць, што імпрэзы, якія рыхтуе Берлінскі літаратурны дом, – пэўнага кшталту альтэрнатыва шматлікім прэзентацыям бестселераў. Тут на першым месцы – змест і якасць твора, а не патэнцыяльны прыбытак, які кніга можа прынесці выдавецтву. Больш за тое, установа актыўна супрацоўнічае з літаратурнымі крытыкамі, якія прадстаўляюць самыя лепшыя творы і цягам года працуюць над складаннем рэйтынгу кніжных навінак.
– Рэйтынг кніг публікуецца кожны месяц, яго складаюць ад 40 да 50 крытыкаў – фрылансераў ці супрацоўнікаў буйных газет. Цягам 2-3 месяцаў спіс абнаўляецца, сюды дадаюцца навінкі.

Дом для паэта

Паэзія – адметны род літаратуры. Для паўнавартаснага ўспрымання твора недастаткова проста прачытаць верш у кнізе – патрэбна чуць голас, дыханне. Такога меркавання прытрымліваюцца заснавальнікі Берлінскай літаратурнай майстэрні, праца якой скіраваная на прадстаўленне паэзіі.
– Мы перакананыя, што паэзія – самастойная галіна мастацтва, якая патрабуе асаблівых сродкаў выяўлення. Гэта танец, рытм, музыка, набор літар, які можна прадставіць графічна, адметная вобразнасць, – распавядае кіраўнік майстэрні Крысціна Лангэ. – Менавіта такі падыход адлюстроўваецца ў нашай праграме. Мы прапануем паэтычныя чытанні і асобныя праекты, збіраем паэтаў, кампазітараў, танцораў, харэографаў, якія разам працуюць над прадстаўленнем вобразнасці вершаў. Літаратурная майстэрня – хутчэй суполка аднадумцаў, прастора для выяўлення новых ідэй, пошуку яркіх рашэнняў.
Наведвальнікам прапануюцца адукацыйныя праграмы для дзяцей і дарослых, паэтам – спецыяльныя творчыя праекты. Раз на два гады тут ладзіцца фестываль кароткаметражных анімацыйных фільмаў Zebra, падчас якога дэманструюцца ролікі з розных краін, створаныя на аснове вершаў. Існуе і праект “Кузня вершаў”, у яго межах некалькі паэтаў і перакладчыкаў працуюць над узаемаперакладам паэзіі. Вынікі іх творчай працы – у фармаце фестывалю.
Адзін з самых значных праектаў майстэрні – распрацоўка адмысловага сайта lyrikline.org з дэвізам: “Паслухай паэта”. У яго базе – вершы 1 014 аўтараў з больш як шасці дзясяткаў краін.
На сайце можна пазнаёміцца з тэкстамі вершаў, а таксама паслухаць іх у выкананні саміх аўтараў. Дарэчы, ёсць тут і творы беларускіх паэтаў.

Аўтар публікацыі: Марына Весялуха.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам