ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Тэставы доступ да ЭІР “Literature Online”
Літаграфія, афорт, лінарыт: выстаўка графікі на вышыні!

Гучанне слова застаецца…

Гучанне слова застаецца…
Іншыя навіны

Як працягваецца род таленавітага чалавека – тэма, пагадзіцеся, цікавая. Сёння мы прапануем пазнаёміцца з Яфімам Самуілавічам Плаўнікам – сынам класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі.


Дзецям і ўнукам знакамітых пісьменнікаў за сваё жыццё, мабыць, не адзін дзясятак разоў даводзіцца дзяліцца ўспамінамі пра бацькоў. У той жа час іх асабістыя лёсы, далёка не заўсёды звязаныя з літаратурай і нават гуманітарнай сферай, часта застаюцца па-за ўвагай.

Яфім Плаўнік, якому неўзабаве споўніцца восемдзесят тры гады, жыве ў Мінску. Па адукацыі інжынер, у свой час атрымаў дыплом у Інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (цяпер Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт), скончыў факультэт канструявання і тэхналогіі радыёэлектроннай апаратуры пры Мінскім політэхнічным інстытуце (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт) і факультэт тэхнічнай эстэтыкі пры Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Да 67 гадоў Яфім Самуілавіч працаваў у Інстытуце лічбавага тэлебачання. І разам з тым – усё жыццё захапляецца літаратурай, музыкай, класічным жывапісам. Жонка Тамара – рэдактар выдавецтва “Беларусь”, сын Канстанцін заняты ў рэкламным бізнесе. А ўнук Ясь распачынае ў гэтым свеце свой другі год...

Максім Багдановіч у сямейнай памяці

Яфім Самуілавіч – зберагальнік скарбаў сямейнай памяці. Акрамя ўласных успамінаў, надзейна захоўвае тыя, што перадаліся яму ў “спадчыну” ад бацькоў і родных цётак – Рэні, Гені і малодшай за свайго знакамітага брата на дваццаць пяць гадоў Соні. Так, напрыклад, можа падрабязна распавесці пра побыт Максіма Багдановіча на кватэры Плаўнікаў у 1916–1917 гг.

Знайсці жытло для цяжкахворага паэта (на той момант у яго была ўжо адкрытая форма сухотаў) аказалася справай няпростай: людзі баяліся заразіцца. У Плаўнікаў – Змітрака Бядулі і яго сясцёр – боязі такой не было. Апрача таго, пакой, які быў прапанаваны Багдановічу, меў асобны ўваход.

Час, праведзены Максімам Багдановічам на кватэры Плаўнікаў, Яфім Самуілавіч называе пяцімесячнай эпапеяй: “Менавіта ў гэты час паэт напісаў усё самае лепшае ў сваёй творчасці, бо, магчыма, упершыню ў жыцці трапіў у камфортныя ўмовы. За ім вельмі добра даглядалі – і даглядалі маладыя прыгожыя жанчыны, ён меў кампанію разумнага чалавека, які не баяўся знаходзіцца побач з ім. Калі ў М. Багдановіча здараліся настолькі цяжкія прыступы, што ён суткамі не падымаўся з ложка, то сёстры Бядулі рабілі ўсё неабходнае, каб палегчыць яго пакуты”.

Часта наведвалася ў кватэру і стрыечная сястра Змітрака Бядулі Мейта Саламонаўна. Багдановіч называў яе “каралевай англійскай” – настолькі была прыгожая! А родныя сёстры Рэня і Геня абедзве закахаліся ў маладога паэта і нават раўнавалі яго адна да адной. Яны гатавалі ежу, мылі і прасавалі бялізну, а рабіць гэта даводзілася кожны дзень, бо штораніцы хворы паэт прачынаўся мокры ад поту. Але гэтая праца ім, узгадаваным на здаровым вясковым грунце, цяжкай не была.

Прадчуванне цуду

Яфім Самуілавіч з маленства меў знаёмства з дачкой Кузьмы Чорнага Ірынай – Рагнедай Мікалаеўнай Раманоўскай, якая, на вялікі жаль, памерла ў 2010 годзе. Яны многа часу бавілі разам у Доме творчасці ў Пухавічах, дзе адпачывалі сем’і пісьменнікаў. “Іра была самай прыгожай дзяўчынкай на ўсю ваколіцу, – прыгадвае Яфім Плаўнік. – Непадалёк месцілася невялічкае возера з гарлачыкамі, у Ірыны былі даўгія валасы і яна плавала там, як русалка. Так нам, хлапчукам, здавалася”.

Яшчэ з даваенных успамінаў – Заір Азгур: “Яго я памятаю вельмі добра – з гэтым вялізманым ядвабным бантам на шыі, заўсёды ў прыгожых строях. Заір Азгур любіў упрыгожвацца. Ён прыносіў з сабой вялікія кавалкі шэрага пластыліну і адным рухам пальца ствараў фігурку жывёлінкі. Гэта здавалася цудам”.

Такое прадчуванне цуду штораз згадвалася дзесяцікласніку Яфіму Плаўніку, калі яму даводзілася бываць у доме Міхаіла Савіцкага. Ён сябраваў з Адай – сястрой жонкі мастака Рыты. “На стол ставілі нацюрморт, прыносілі фарбы, і мы з Адай малявалі. Побач сядаў сам Савіцкі і ствараў алоўкавы малюнак сваёй жонкі Рыты на фоне пальмы. І гэта было незвычайна, неверагодна, як ён адным рухам перадаваў адценні, паўтоны!”

Чалавек, падобны да Чацкага

Вельмі яркія ўспаміны захаваліся ў Яфіма Самуілавіча пра Барыса Мікуліча: “Падчас вайны нашая сям’я жыла ва Уральску. А вярнуўшыся з эвакуацыі, мы жылі ў знаёмых, пакуль не атрымалі кватэру. Спачатку Саюз пісьменнікаў адмаўляў нам у гэтым, але дапамагла Купаліха – Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Адносіны паміж нашымі сем’ямі, можна сказаць, былі амаль сваяцкімі. Усе ведаюць, што бацька некалі жыў у адной кватэры з Янкам Купалам. Купала забіраў з радзільні сястру Змітрака Бядулі з яе першынцам, і яны з жонкай лічылі Валянціну як бы сваёй «дачушкай». У 1947 годзе Уладзіслава Францаўна пайшла ў Саюз пісьменнікаў і ў больш высокія інстанцыі, і нам тут жа далі двухпакаёвую кватэру – маленькую, але сапраўдную, з усімі выгодамі.

Нашая кватэра стала «перавалачнай станцыяй» для тых, хто вызваляўся з месцаў заключэння і прыязджаў у Мінск. Ім не было куды падзецца. Бывала, што жылі ў нас па некалькі тыдняў, а часам і па месяцы. Даўжэй за ўсіх – месяцаў восем – жыла тут Дзіна Харык (жонка паэта Ізі Харыка)”.

Яфім Самуілавіч прыгадвае, што мужчын у першыя пасляваенныя гады ўвогуле было мала, а калі ўлічыць, што і сям’я Плаўнікаў засталася без мужа і бацькі, то з’яўленне ў доме мужчыны хлопчыкам-падлеткам успрымалася як падарунак. Нават калі гэта быў зусім хворы літаратар Цодзік Даўгапольскі, які амаль увесь час ляжаў у ложку.

“Усё адно – ён размаўляў басам, з ім можна было пагутарыць на «хлапечыя» тэмы. Калі ў нас спыніўся Барыс Мікуліч, мама папрасіла яго паўшчуваць-павыхоўваць мяне, бо я ў гэты час быў паталагічным двоечнікам. Разам з кватэрай з’явіліся і кнігі: Аляксей Талстой, Чэхаў… Мне здавалася бязглуздым рабіць урокі замест таго, каб чытаць.

Мікуліч быў надзвычай прыгожы. Гэта відаць і па фатаграфіях, але калі назіраць ужывую – кідалася ў вочы нейкае высакародства і рухі – такія, якія бываюць у танцоўшчыкаў. Мне было тады трынаццаць гадоў, таму я запомніў яго вельмі добра. Сястра казала: «Ты паглядзі, ён жа падобны ці то да Чацкага, ці то да Пячорына – гэта такога складу чалавек».

Пасля ён знік – пераехаў у Бабруйск. Мама з ім ліставалася. Ён напісаў з другога месца заключэння, і мама яму адказала. Хаця Міхаіл Клімковіч, у якога мы колісь жылі каля года, раіў: «Не адказвай!» Мабыць, была рэальная небяспека. У лісце ён напісаў маме: «Марыя Ісаакаўна, паверце, я ні ў чым не вінаваты». Я запомніў, бо гэта абмяркоўвалася ў нашай сям’і”.

Яфім Плаўнік адзначае, што ўвесь час адчувае пэўную “недагаворанасць” у дачыненні да творчасці бацькі. Найбольш выразна гэта праяўлялася за савецкім часам. Напрыклад, у сціпласці музейных экспазіцый. Калі напрыканцы 1980-х гадоў Яфіма Самуілавіча запрасілі на адкрыццё Музея гісторыі беларускай літаратуры, ён быў непрыемна ўражаны тым, што адшукаць “закуток”, прысвечаны жыццю і творчасці бацькі, аказалася няпроста. Вельмі змястоўная экспазіцыя ў Лагойскім школьным музеі, які прадстаўляе матэрыялы, прысвечаныя пісьменнікам-землякам. Аднак стваральнікі гэтага музея ўвогуле мелі рэкамендацыі Саюза пісьменнікаў БССР не прысвячаць асобную экспазіцыю Змітраку Бядулю.

Тлумачыць гэта Яфім Самуілавіч ідэйнымі поглядамі бацькі (ён не спяшаўся ствараць пафасныя праслаўленні Кастрычніцкай рэвалюцыі), антысемітызмам (не раз даводзілася чуць, што “яўрэй не можа быць класікам беларускай літаратуры”) і банальнай чалавечай зайздрасцю, праз якую творчыя здабыткі многіх таленавітых людзей свядома ігнаруюцца прадстаўнікамі тых жа прафесій. Магчыма, менавіта таму прысвечаныя Змітраку Бядулю “Узвышаўскія чытанні” (якія Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва ладзіў ужо двойчы – у 2006 і 2016 гадах), прыцягнулі вялікае кола даследчыкаў і прыхільнікаў таленту: за дзесяцігоддзі недагаворанасці наспела вялікая патрэба ў абмеркаванні творчасці беларускага класіка.

Увогуле ў Беларусі няма музея Змітрака Бядулі, аднак існуе такі музей ва Уральску, куды і перададзеная была ў свой час значная колькасць дакументаў і ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, якім пісьменнік быў узнагароджаны ў 1939 годзе.

Вельмі важна для Яфіма Самуілавіча аспрэчыць некалькі “жывучых” міфаў. Напрыклад, пра тое, што сям’я Змітрака Бядулі жыла ў нястачы: бацька Самуіла Плаўніка быў адзіным кавалём на ўсю ваколіцу, таму ягоны талент вясковымі жыхарамі быў запатрабаваны і добра аплачваўся – хаця і не грашыма, а прадуктамі. Катэгарычна не згодны Яфім Плаўнік і са сцвярджэннем, што Змітрок Бядуля быў самавучкам: “На момант паступлення ў ешыбот ён добра ведаў іўрыт, а ў ешыбоце, дзе вучні займаліся штодня па восем гадзін, вывучаў лацінскую і грэчаскую мовы, Тору з усімі шматлікімі каментарыямі. Да адлічэння з ешыбота Змітрок Бядуля правучыўся там тры гады – дастатковы час для таго, каб атрымаць базавыя веды па гісторыі, філасофіі і філалогіі. Пазней ён самастойна вывучыў нямецкую і польскую мовы, каб чытаць сваіх улюбёных пісьменнікаў не ў перакладах, а ў арыгінале. Урэшце Змітрок Бядуля ведаў сем моў. Наўрад ці такога чалавека можна назваць самавучкам”.

Яфім Плаўнік ведае на памяць безліч паэтычных шэдэўраў і сам піша цікавыя вершы на рускай мове. Праўда, адрасатамі выбірае толькі блізкіх людзей і сяброў. І зусім не зацікаўлены ў тым, каб прысвяціць іх больш шырокай публіцы, то бок – надрукаваць. Ён перакананы, што верш павінен быць не толькі добра напісаны, але яшчэ і па сваёй тэматыцы варты паэтычнага ўвасаблення, а захоўваць гэтае правіла не заўсёды ўдаецца нават самым таленавітым творцам.

Яфім Самуілавіч лічыць, што мелодыя верша застаецца – нават калі сам верш знікае ў бездані часу. Магчыма, тое ж можна сказаць і ў дачыненні да творчай спадчыны выдатных пісьменнікаў – гучанне іх Слова працягваецца, з мінулага ў сучаснасць, з сучаснасці ў будучыню.

Аўтар публікацыі: Жанна Капуста.

Крыніца: газета “Звязда”

Да 125-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі была падрыхтавана кніжная выстаўка “Беларускі салавей”.

Навіны

Патрыятычны дэсант мінскіх школ у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

15 Кра 2024

11 красавіка для навучэнцаў 6-х і 10–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (6 кл.), “Воіны-інтэрнацыяналісты ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (10 кл.), “Брэсцкая крэпасць-герой” (11 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр

15 Кра 2024

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведаў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр – адзіны дзеючы манастыр горада Мінска, галоўная мэта якога – духоўная і сацыяльная дапамога хворым і пакутным людзям.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Яны сталі першымі беларусамі, якія былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза

16 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна камандзіру танкавага ўзвода, лейтэнанту Мікалаю Аляксандравічу Сяліцкаму (1907–1936) і камандзіру танка Паўлу Емяльянавічу Купрыянаву (1908–1936) прысвоена Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саюза ССР ад 31 снежня 1936 года “за ўзорнае выкананне спецыяльных і цяжкіх заданняў Урада па ўмацаванні абароннай моцы Савецкага Саюза і праяўлены ў гэтай справе гераізм” (пасмяротна).

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэкарам