ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Майстар каменнага летапісу
Вайна і права

Газеты “Бацькаўшчына” і “Беларус”: Дзве душы – адзін лёс

Газеты “Бацькаўшчына” і “Беларус”: Дзве душы – адзін лёс
Іншыя навіны

Даследчыца Ганна Севярынец піша для budzma.by з нагоды выхаду чарговага тома серыі “Спадчына: агледзіны”: “Газеты «Бацькаўшчына» і «Беларус». Выбранае”.

У росшуках, аднаўленні і асэнсаванні паўнавартаснай гісторыі беларускай культуры – а мы яшчэ і па сёння не маем пра яе ўяўлення, адпаведнага рэальнасці, – ёсць адна сцежка, ісці па якой і захапляльна, і нечакана, і варта. Пры ўсёй драматычнасці з’явы мы, безумоўна, можам быць удзячныя лёсу, што маем такую сцежку і маем людзей, што яе пракладаюць, не даючы зарастаць травой забыцця. Я кажу аб асаблівай з’яве ў нашай агульнай культурнай прасторы – беларускай эміграцыі, беларускіх дыяспарах, што складаюцца і жывуць за мяжой. Прыкладам, сібірскія беларусы, што павезлі з сабой сто дваццаць гадоў таму тую яшчэ беларускую мову, рытуалы і звычаі, спевы і танцы – яны і па сёння захавалі ўнутры сябе несаветызаваную лексіку, неабальшавічаны нацыянальны святочны каляндар. Што і казаць пра беларусаў амерыканскіх, якія траплялі ў свет значна вальнейшы і багацейшы за той, адкуль беглі ці то ад нішчымніцы, ці то ад няволі, ці то ад рэжымаў. Тут у вельмі складаных персанальных і матэрыяльных, але непараўнальна спрыяльнейшых духоўных умовах яны мелі тое, чаго не магла ім даць Радзіма – магчымасць вольнага мастацкага выказвання і неабмежаванай інтэлектуальнай рэфлексіі.

Для мяне, даследчыка, які працуе з культурай Савецкай Беларусі міжваеннага часу, менавіта гэтае вольнае выказванне і інтэлектуальная рэфлексія беларускай амерыканскай эміграцыі – надзвычай каштоўны здабытак, бо якраз волі і рэфлексіі катастрафічна не хапае корпусу савецкіх міжваенных тэкстаў, як тагачасных, гэтак і мемуарных. Каб дабрацца да сапраўднай карціны часу, настрояў, думак, ваганняў і сумневаў культурнікаў эпохі беларусізацыі і агульнанацыянальнай катастрофы трыццатых, даводзіцца прасейваць горы славеснай руды, чытаць паміж радкоў, прабірацца цераз цэнзурныя і ідэалагічныя гушчары, шчыльна працаваць з “мовай нянавісці” і “эзопавай мовай” – і непазбежна фантазіраваць, бо чытанне паміж радкоў і вандроўкі ў моўных гушчарах – занятак рызыкоўны.

Дарэчы, не менш рызыкоўны, чым прыняцце карціны свету, створанай у беларускай паваеннай эміграцыі, за карціну паўнавартасную, цэльную, вольную ад ідэалагічных абмежаванняў. Вывозячы з сабой за мяжу закансерваваную ў мове і ўражаннях Беларусь дваццатых, эмігранты адначасова вывозілі груз уласнага досведу і адпаведных стасункаў: па-рознаму складаліся іхныя лёсы на Радзіме, шмат хто з іх зведаў як шчыльную супрацу з савецкімі літаратурнымі і дзяржаўнымі “ворганамі”, гэтак і жорсткія рэпрэсіі, з-пад ціску якіх даводзілася выбірацца рознымі спосабамі, у тым ліку і не надта прымальнымі. Эмігранцкая рэфлексія, спасціжэнне часу і ягоных заканамернасцяў гэтаксама няпоўная, іншым разам – ці не ў такой самай ступені скажоная, як і рэфлексія беларуская савецкая. Але складзеныя разам, супастаўленыя ў фактах і асобах, асэнсаваныя ў еднасці, яны якраз і даюць пэўнае адчуванне аб’ектыўнасці і цэласнасці. Ні той, метрапалійны, ні другі, выгнанцкі, беларускія сусветы не могуць спасцігацца паасобку – і ніводны не можа існаваць без другога.

Мабыць, і беды нашыя – агульныя, хаця і розняцца ўмовы існавання. “Але ёсць глыбейшая прычына нашых наяўных бедаў – прычына, што папераджае ўсе іншыя, а якая ў мінулым не дазволіла нам сабрацца зь сіламі, каб скінуць зь сябе ярмо няволі. Тэй прычынай ёсць нябачная навонкі духовая няволя, у зрадным павуцінні якое шмат хто з нас затраціў шлях да шчасця і свабоды”, – гэтыя словы Пётры Манькоўскага, вынесеныя ў эпіграф да кнігі выбраных артыкулаў эмігранцкай прэсы, і па сёння актуальныя для кожнага з нас, у нашым беларускім часе.

Безумоўна, эмігранцкая прэса непараўнальна багацейшая за савецкую на асэнсаванне гэтых агульных бедаў. Тое, чаго зусім не мелі савецкія беларусы – магчымасці вольна рэфлексаваць над нацыянальным пытаннем і выказвацца без абмежаванняў, – напоўніцу рэалізавалі беларусы-выгнанцы. Мы сёння ў сваёй агульнанацыянальнай рэфлексіі – не заўсёды ўсвядомлена, з вынаходніцтвам інтэлектуальных ровараў – ідзём па слядах, пратаптаных газетамі “Беларус” і “Бацькаўшчына” – хіба што эмігранцкая публіцыстыка, папраўдзе, і глыбейшая, і грунтоўнейшая за нашую сучасную, бо замяшаная на непасрэдным досведзе пабудовы сваёй дзяржавы і на ўласным удзеле ў драматычных падзеях пачатку дваццатага стагоддзя. Да таго ж агульная стылістыка “той” публіцыстыкі яшчэ патрабавала ад аўтараў і грунтоўных акадэмічных ведаў, і ўласных канцэпцый, і глыбокай гістарычнай думкі, што сёння ў сучаснай газетнай аналітыцы зусім не абавязкова. Артыкулы Алеся Крыгі (Ст. Станкевіч) “Сіла беларускай нацыянальнай ідэі” і Янкі Станкевіча “Беларускае нацыянальнае адраджэнне (1902–1915)” – узорныя абагульненні нацыянальнай думкі, тэксты, у якіх нашыя геаграфічныя, сацыяльныя і культурныя асаблівасці развіцця і сталення ўкладзеныя ў абавязковыя фармулёўкі.

Гэткай самай грунтоўнасцю адзначаны надзвычай цікавы артыкул Язэпа Каранеўскага (зноў псеўданім Ст. Станкевіча) “За іншую канцэпцыю беларускае вонкавае палітыкі” – яго б сёння вывучаць на факультэце міжнародных адносін!

Але кніга “Газеты “Бацькаўшчына” і “Беларус”. Выбранае” далёкая ад таго, каб біць свайго чытача па галаве цэгламі агульнанацыянальных канцэпцый. Лакальныя дыскусіі, моўныя заўвагі, іранічныя замалёўкі – усе гэтыя газетныя жанры тут адлюстраваныя. Немагчыма без усмешкі – ох, нібыта сёння спрачаюцца! – чытаць вострую палеміку Ч. Будзькі і С. Брагі (В. Тумаша) па пытанні балцкага субстрату ў генезісе беларусаў. Ацаніце хаця б загалоўкі: “Балцкая тэорыя спераду і ззаду” і ў адказ – “Балцкія перапалохі”. Калі змясціць іх у сучасным ФБ – прадказваю вялікі хайп у каментарах.

Надзвычай насычаныя невядомай нам фактаграфіяй артыкулы, прысвечаныя некаторым канкрэтным гістарычным падзеям, як маштабным, так і паўсядзённым. Антысавецкая партызанка ў асобах, кааператыўны рух у Заходняй Беларусі праз гісторыю Баранавіцкай малачарні, гісторыя ксяндза Шутовіча, беларусы ў нацысцкіх лагерах смерці – тэксты надзвычай падрабязныя, аздобленыя безліччу каштоўных дэталяў.

Асабліва цікавым для мяне быў артыкул, падпісаны крыптанімам Я.З. (Я. Запруднік) – пра “мангольскі праект” савецкай улады датычна Беларусі. Гаворка тут вядзецца пра інтрыганцкі праект бальшавіцкіх уладаў, што нібыта распрацоўваўся ў дваццатыя, за дваццаць гадоў да пакту Молатава – Рыбентропа. Аўтар сцвярджае, што “праект” гэты быў запушчаны ў выглядзе чутак і плётак у асяроддзе маладых савецкіх беларусаў і актыўна абмяркоўваўся “не для прэсы” – і я маю нечаканае ўскоснае пацверджанне існавання такога праекта: у асабістай бібліятэцы Алеся Дудара сярод кніжак, прысвечаных антыкаланіяльным паўстанням і нацыянальна-вызваленчай барацьбе, ляжыць і кніжка пра Манголію.

Надзвычай цікавая мемуарная група тэкстаў з “Бацькаўшчыны” і “Беларуса” – тут успаміны Наталлі Арсенневай, гутарка з Пятром Орсам пра беларускае студэнцтва ў Празе, аповеды пра беларусаў у Францыі і Афрыцы, а таксама ў даваеннай Варшаве. Самыя нечаканыя з іх – успаміны М. Бэліны-Падгаецкага “З даўніх успамінаў былога камуніста”, рэдкія ў нашай мемуарыстыцы спробы асэнсаваць свой удзел у кампартыі.

Знаходкай для краязнаўцаў ёсць раздзел “Мясціны і мястэчкі” – геаграфія мемуарнай і краязнаўчай інфармацыі тома надзвычай шырокая. Картузская Бяроза, Негнявічы, Залессе, Віцебск і Орша, Смаргонь і Ашмяны – прыўкрасныя замалёўкі з жыцця беларускіх мясцінаў і мястэчак нарэшце становяцца і нашай спадчынай.

І гэта толькі некаторыя з тэкстаў – кніга, хаця і мае абмежаваны аб’ём, не мае межаў па тэмах і падзеях, якія тут асветленыя з нечаканага боку, пададзеныя ў невядомых дэталях, раскрытыя з немажлівых для метраполіі пунктаў гледжання. Самазабойства Усевалада Ігнатоўскага і Усевалада Краўчанкі, знікненне Крыжа святой Еўфрасінні, патаемны супраціў саветызацыі ў дваццатыя, літфункцыянер Міхась Клімковіч, якога ратуе ад пераследу гестапа беларускі калабарант… Безліч сюжэтаў з газетных старонак!

І за кожным тэкстам паўстае тое самае пакліканне, якое жывіла небагатую, змучаную няпростым лёсам паваенную эміграцыю, якое давала сілы выдаваць перыёдыку і збіраць спадчыну, трымаць уласныя выдавецтвы і гадаваць навуку – пакліканне, якое было добра ўсвядомленае і напоўніцу рэалізаванае беларускай паваеннай эміграцыяй. Не перапыняць думкі пра Беларусь, не спыняцца на шляху да яе.

Дзякуючы гэтай самаахвярнай бесперапыннасці слова і думкі пад любым ціскам і прыгнётам, насуперак часу і злой волі магутных суседзяў і рэжымаў – разам дойдзем. Не маем права не дайсці.

Аўтар публікацыі: Ганна Севярынец.

Крыніца: Budzma.by

Навіны

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам