ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Моцарт Елісейскіх палёў
Беларусь – Швейцарыя: супрацоўніцтва працягваецца

Гамеапатычным метадам раскрываюць тып Элізы Ажэшкі

Гамеапатычным метадам раскрываюць тып Элізы Ажэшкі
Іншыя навіны

Галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”, пісьменніца і даследчыца Святлана Воцінава паспрабавала зрабіць свайго роду сенсацыю ў беларускай культурнай прасторы! Яна вырашыла скарыстацца гамеапатычным метадам для таго, каб даведацца пра некаторыя асабістыя характарыстыкі, схільнасці, густы вядомай гродзенскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Дарэчы, і сама Святлана Воцінава з Гродна – можа, таму такая цікавасць да зямлячкі?.. Наколькі ўдалым атрымаўся такі смелы эксперымент, мяркуйце самі – падрабязнасці ў гутарцы з даследчыцай.

“Пяць год таму я захапілася жыццём Элізы Ажэшкі, бо мела задачу напісаць артыкул для гістарычнай рубрыкі, якую вяла ў глянцавым часопісе, – расказвае Святлана Воцінава. – Штосьці мяне зачапіла, і я працягнула цікавіцца акалічнасцямі яе жыцця. Чытаючы ўсё болей лістоў, успамінаў, твораў, я пачала заўважаць некаторыя «белыя плямы», пытанні, на якія хацелася знайсці адказы – нават для самой сябе. Стала цікава: якім яна была чалавекам? Хацелася ведаць усё да дробязей: звычкі, густы, голас, паходку, сава яна была ці жаваранак, што любіла піць – гарбату ці каву, мела ахвоту да салодкага ці да салёнага... Як гэта можна даведацца, калі нідзе не адзначана? Дзякуючы біялагічнай адукацыі і даўняму захапленню гамеапатыяй я вырашыла паспрабаваць скарыстаць гэты метад для вызначэння яе канстытуцыянальнага тыпу, а праз яго – раскрыць астатняе.

Сабрала ўсю інфармацыю пра пісьменніцу, нібыта пра пацыентку, якая павінна трапіць на прыём да ўрача: знешнасць – фігура і рысы твару, бо ў гамеапатыі гэта важна: скаргі на стан здароўя і дыягназы, якія ставілі ёй урачы, – для гамеапата гэта галоўнае; многае з таго, што вядома пра характар, і іншае. Усё гэта я прадставіла доктару. Ідэя спрацавала: інфармацыя дазволіла вызначыць тып – Natrum murіatіcum (ад лацінскага «кухонная соль». – Аўт.). Паколькі на ўсе канстытуцыянальныя тыпы існуюць даволі падрабязна прапісаныя «партрэты» – з пералікам як знешніх, так і ўнутраных якасцей, магчымых звычак, пераваг, схільнасцей і гэтак далей, то лёгка было ўжо вызначыць тое, што з’яўлялася невядомым.

Эліза Ажэшка.jpg

Такім чынам, Эліза Ажэшка любіла гарбату, салодкае ела рэдка, дыкцыю мела не заўсёды выразную, асабліва калі хвалявалася, хадзіла так, што абцасы сціраліся хутка, спрыту ў рухах не мела, любімымі колерамі былі шэры, сіні, чорны, але асабліва – ліловы або пурпурны. Усяму гэтаму можна было і не верыць – занадта фантастычна выглядае сама магчымасць такога ведання. Але ўявіце маё ўзрушэнне, калі трошкі пазней я выпадкова даведалася, якога колеру сукенка была на Элізе Ажэшцы на святкаванні яе 50-гадовага юбілею, паводле ўспамінаў госці Стэфаніі Сэмпалоўскай: пурпурная! І пурпурныя кветкі былі ў прычосцы. Потым я заўважыла, што і ў гербарыях, складзеных ёю, пераважаюць падобныя адценні – фіялетавы, сіні, ружовы... Да таго ж, забыўшыся даць гамеапату інфармацыю пра хворыя вочы, атрымала ў пераліку магчымых дыягназаў хваробы вачэй. Вынікі надалі смеласці: я ўжо магла бачыць яе як жывога чалавека, а не як абстрактны вобраз.

Паступова пачала знаходзіць і пэўныя супярэчнасці паміж тым, што выяўлена, вычытана і прааналізавана мною, і тым, што я знаходзіла пра яе ў артыкулах іншых даследчыкаў. Некаторыя высновы папярэдніх біёграфаў здаваліся мне досыць дзіўнымі, да таго ж яшчэ і неабгрунтаванымі або з такімі абгрунтаваннямі, якія пярэчаць і логіцы, і фактам. Я стала «капаць» далей, каб знайсці доказы або абвяржэнні тых высноў, да якіх прыйшла: маю рацыю ці памыляюся, бо ўсё ж як ні круці, а спрабую спрачацца з аўтарытэтамі, кідаю ім выклік... Паступова захапілася яшчэ больш, канчаткова пагрузілася ў тэму.

Усе, хто нешта мае сказаць пра Элізу Ажэшку, глядзяць на яе найперш як на пісьменніцу, а мяне яна цікавіць як чалавек. У яе творах, якія я чытаю не менш апантана, чым эпісталярый і мемуары, я назіраю, наколькі моцна адбіваліся ў іх акалічнасці яе жыцця.

Эліза Ажэшка_2.jpg

Адна з апошніх маіх знаходак датычыцца пытання, чаму яна выбрала Пятра Ажэшку, а не іншых прэтэндэнтаў, якія прасілі яе рукі. Вядома, што на выбар паўплывала меркаванне маці юнай Элізы, тым не менш яна і сама пісала, што Пётр падабаўся ёй «больш, чым паны Х, Y, Z». Псіхафізіялагічны аспект такой сімпатыі хаваецца ў адной з кніг, прачытаных ёю ў падлеткавым узросце. Вобраз галоўнага героя ўпячатаўся ў памяць у момант моцнага эмацыянальга ўзрушэння, а Пётр аказаўся вельмі да гэтага героя падобным.

...Ідэя правесці цыкл адкрытых лекцый узнікла таму, што назапасілася досыць інфармацыі, якую трэба неяк выкарыстоўваць. Я пачала пісаць кнігу, аднак справа гэта доўгая, і калі кніга можа быць выдадзена, невядома. А з дапамогай лекцый планую хутка распавесці ўсё, што будзе ў ёй напісана. Я расказваю не толькі тое, што можна прачытаць у розных крыніцах, але і тое, што я «раскапала» сама і што немагчыма пакуль што нідзе прачытаць. Крыху карэктую папярэднія меркаванні пра яе дзяцінства, пра маму, айчыма, першага мужа, каханага мужчыну. Доказна выпраўляю некаторыя даты: напрыклад, гады вучобы ў пансіёне пры Варшаўскім манастыры не 1852–1857, як пішацца ва ўспамінах і паўтараецца ў артыкулах, а 1851–1856. Я думаю, што Эліза наўмысна зрабіла такую фальсіфікацыю, і тлумачу яе прычыну, якая звязана з яшчэ адной ідэяй-фікс пані Элізы – яна называла годам свайго нараджэння не 1841, а 1842. Іншымі словамі, мне вельмі захацелася падзяліцца сваімі знаходкамі і меркаваннямі.

На публічнае чытанне лекцый мяне натхнілі пабачаныя на ютубе ролікі пра «(Не)расстраляную паэзію». У іх аўтары чытаюць лекцыі пра (не)расстраляных паэтаў. Гэта і было штуршком: я падумала, што мне таксама ёсць што сказаць – пра жыццё Элізы Ажэшкі, такое яркае, складанае, цікавае. Агулам атрымалася сем асобных тэм, у якіх прасочваюцца і жыццё, і творчасць, і пачуцці. Парадак пры гэтым храналагічны – першая лекцыя прысвечана дзяцінству, а заключная мае назву «Апошняе сонца»”.

Варта дадаць, што адшуканым цікавым матэрыялам пра самую вядомую гарадзенку мінулага Святлана Воцінава будзе дзяліцца падчас публічных лекцый – кожную сераду чэрвеня і ліпеня (акрамя 3-га чысла) у сталічным Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры з 18 да 20 гадзін. Уваход – па квітку ў музей.

Аўтар публікацыі: Ніна Шчарбачэвіч.

Крыніца: Звязда

Навіны

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр

15 Кра 2024

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведаў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр – адзіны дзеючы манастыр горада Мінска, галоўная мэта якога – духоўная і сацыяльная дапамога хворым і пакутным людзям.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэка прымае ўдзел у месячніку па добраўпарадкаванні і азеляненні

13 Кра 2024

13 красавіка супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі падтрымалі акцыю і прымаюць удзел у месячніку па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні і азеляненні.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Каштоўныя матэрыялы з архіва Вялікага тэатра Беларусі папоўняць праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”

15 Кра 2024

У гэтым годзе адзначаецца 205-годдзе з дня нараджэння сусветна вядомага кампазітара, нашага славутага земляка Станіслава Манюшкі (1819–1872). Да гэтай даты Нацыянальная бібліятэка Беларусі папаўняе новымі матэрыяламі ўжо дзеючы віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, створаны ў 2019 годзе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Заняткі на кітайскай мове для грамадзян Паднябеснай у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

14 Кра 2024

10 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва інфармацыйны патэнцыял бібліятэкі вывучалі грамадзяне Кітайскай Народнай Рэспублікі, магістранты факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам