ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Пленэр-2015
Памяці Фёдара Ястраба

"Гадуюцца новыя класікі"

"Гадуюцца новыя класікі"
Іншыя навіны

Літаратурны працэс не спыняецца ніколі. Новыя думкі ў галовах людзей запальваюць паэты. Пісьменнікі, занатоўваючы тое, што адбываецца ў рэчаіснасці, паспяваюць сказаць пра галоўнае.


Слова літаратара лечыць, абуджае, заклікае. Яно натхняе рухацца наперад і падказвае, на што арыентавацца.

Лепш зразумець душу творцаў можна, завітаўшы туды, дзе яны жылі. Так я і зрабіла, адкрыўшы для сябе культавае месца ў беларускай сталіцы – літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Там знаходзіцца той самы дом, у якім калісьці жыў класік. Пра тое, як адчуваў тут сябе Колас, пра што марыў і што яму балела, мне расказала дырэктар музея Зінаіда Камароўская. А таксама, з вышыні свайго прафесійнага вопыту, яна ацаніла працэсы, якія адбываюцца ў сучаснай літаратуры.

– Экспазіцыі, прысвечаныя выдатным асобам, лічацца тым больш каштоўнымі, чым больш аўтэнтычных рэчаў у іх захавалася. Ці можа музей Якуба Коласа паказаць наведвальнікам тыя самыя прадметы, якімі карыстаўся наш класік?
– Больш як паўстагоддзя няма з намі народнага паэта, але Дом Коласа жыве, падтрымліваючы традыцыі гаспадара, дзе ўсё захоўваецца са скрупулёзнай дакладнасцю. Наш музей з’яўляецца мемарыяльным, і ў гэтым яго асаблівасць. Дом Песняра, які мінчане і госці сталіцы ведаюць сёння як музей Якуба Коласа, быў пабудаваны ў 1952 годзе да 70-годдзя Якуба Коласа па праекце Георгія Заборскага, набыта мэбля, прадметы побыту, якія можна ўбачыць і сёння. Але сэрцам музея з’яўляецца кабінет, ці, як называў яго Якуб Колас, “маленькі, даволі цёмны заканурак, але цёплы і ў некаторай ступені нават утульны”. Ён захаваўся абсалютна некранутым – такім, якім быў пры пісьменніку, – нават рэчы на стале ляжаць у тым самым парадку.
Кожны, хто завітае ў наш музей, праходзіць праз тыя самыя дзверы, праз якія ўваходзіў Пясняр, распранаецца, вешае сваё адзенне на тыя самыя кручкі, на якіх калісьці віселі паліто і капялюш Коласа, аглядае сябе ў тым самым люстэрку, у якое ён глядзеўся.

– Аднак ваш музей вядомы таксама і інтэрактыўнымі навінкамі, якія прывабліваюць мноства гасцей.
– Так, з аднаго боку, мы імкнёмся захаваць усё тое, што было пры Коласе, але, з другога боку, у XXІ стагоддзі без некаторых тэхнічных сродкаў не абысціся. У адной з экспазіцыйных залаў устаноўлена віртуальная кніга пад назвай “Паэтычная каласіяна”. Гартаючы яе, як звычайную кнігу, можна пазнаёміцца з прыжыццёвымі выданнямі кніг Якуба Коласа, ілюстрацыямі да іх, рукапісамі Песняра, урыўкамі з фільмаў і тэатральных пастановак па творах пісьменніка.
Працуе інтэрактыўна-мультымедыйны комплекс “Чалавек. Эпоха. Час”, дзе змешчаны багатыя фондавыя калекцыі, радаводнае дрэва Якуба Коласа, інфармацыя пра гісторыю музея.
Кожны, хто наведае Дом Коласа, зможа паўдзельнічаць у стварэнні ўнікальнай паштоўкі з уласным фотаздымкам, праверыць сваю эрудыцыю ў віктарыне “Таямніцы Дома Песняра”. Добрым напамінам пра наведанне музея стане кампакт-дыск з вершам ці ўрыўкам з паэмы, што гучаць у выкананні канкрэтнага музейнага наведвальніка.
Яшчэ адна адметнасць – гукавая інсталяцыя ў гасцёўні і кабінеце Коласа. У кабінеце мы нібы вяртаемся ў апошні дзень пісьменніка. 13 жніўня 1956 года Колас пайшоў у ЦК з лістом, у якім напісаў пра стан літаратуры і культуры (ліст гэты актуальны і сёння): яго турбавала тое, што мала гавораць па-беларуску, што чысціня беларускай мовы не захаваная ні ў тэатры, ні на радыё, ні на тэлебачанні... На жаль, у ЦК ён не змог трапіць да таго, каго меркаваў. І нашы наведвальнікі чуюць, як скрыпіць лесвіца і даносяцца цяжкія крокі хворага, стомленага чалавека, як рыпяць дзверы на другім паверсе, а з радыёпрыёмніка ў кабінеце транслююцца беларускія навіны на рускай мове... Паэт падыходзіць да прыёмніка, даволі нервова выключае яго... Усё адбываецца на фоне цікання гадзінніка. Ён пачынае пісаць ліст. Настае раптоўная цішыня. Коласа не стала... Пісьменнікі, навукоўцы, музыканты лічылі за гонар наведаць адзінага на той час народнага паэта. Увогуле, Колас з ахвотаю знаёміўся і размаўляў з любым чалавекам, які прыходзіў да яго па параду. Каб узнавіць фрагмент сустрэч, якія ператвараліся ў свайго роду літаратурныя імпрэзы, пачуць вершы ў выкананні як самога Якуба Коласа, так і іншых паэтаў, была таксама агучана і гасцёўня Дома Коласа.

– На якую аўдыторыю робіце акцэнт у сваёй працы?
– Мы працуем у асноўным са школьнікамі, з дзіцячымі садкамі, яшчэ з дзяцінства пачынаем прывіваць любоў да літаратуры. Пры музеі створаны лялечны тэатр, у якім пастаноўкі ладзяць нашы ж супрацоўнікі (Колас напісаў шмат твораў для дзяцей). На сядзібе музея – “Паэтычны куток Песняра”, дзе змешчаны скульптуры некаторых персанажаў Якуба Коласа – Лабановіча і Ядвісі, Сымона-музыкі. Для дзяцей – героі з дзіцячых твораў: сабачка Рудзька, Савось-распуснік, таксама рак-вусач.

– Ці можна сказаць, што Якуба Коласа ведаюць за межамі Беларусі?
– Мы імкнёмся пазнаёміць з творчасцю паэта як мага больш людзей. З гэтай мэтай наладжаны стасункі з музеямі ў многіх краінах: Польшчы, Літве, Украіне, Расіі. Сёлета адзначаецца 90-годдзе выдання паэмы “Сымон-музыка”. Да юбілейнай даты была створана выстаўка, якая была размешчана ў музеі-кватэры Блока (філіяле музея гісторыі Санкт-Пецярбурга). У літаратурным музеі Пушкіна ў Вільнюсе адкрылі выставу пад назвай “Дзядзька ў Вільні”. Плануем у хуткім часе адкрыццё выстаўкі “Якуб Колас і рускія пісьменнікі” ў Калінінградскім абласным гісторыка-мастацкім музеі.
Цесна супрацоўнічаем з Аляксандраўскім літаратурна-мастацкім музеем Анастасіі і Марыны Цвятаевых, музеем-кватэрай Горкага ў Ніжнім Ноўгарадзе, музеем Дастаеўскага ў Санкт-Пецярбургу. У Польшчы, у горадзе Хэлмна, ёсць таварыства, якое носіць імя Якуба Коласа (там мы таксама адкрывалі выстаўку, прысвечаную нашаму класіку). Таварыства ніякім чынам не звязана з літаратурай, аднак яго ўдзельнікі, калі прачыталі “Новую зямлю” ў перакладзе на польскую мову, так упадабалі яе, што вырашылі надаць свайму аб’яднанню імя Якуба Коласа. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што наш класік вядомы многім. Творы народнага паэта перакладзены больш як на 50 моў свету.

– Вы ўзначальваеце літаратурны музей ужо 27 гадоў. Ацаніце, што змянілася ў літаратурным працэсе ўвогуле за гэты час? Ці любіць моладзь літаратуру?
– Па сваіх унуках магу меркаваць, што тое, што ёсць у школьнай праграме, яны ведаюць.
Аднак працаваць над тым, каб наблізіць беларускую літаратуру да маладога пакалення, вядома ж, трэба. Калі я шмат гадоў таму пачынала сваю працу ў музеі, сюды завітвалі, а таксама ездзілі разам з намі па раёнах Іван Шамякін, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Грахоўскі, кампазітар Анатоль Багатыроў і іншыя. У тыя часы на сустрэчы прыходзіла шмат людзей – яны ішлі, каб убачыць класікаў. А сёння гадуюцца новыя класікі. Асабіста я з захапленнем чытаю Людмілу Рублеўскую, Віктара Шніпа, Анатоля Бутэвіча, Генрыка Далідовіча. Сярод паэтаў магу адзначыць ураджэнцаў зямлі Коласа – Міколу Маляўку і Казіміра Камейшу, з маладых – Віктара Жыбуля, Валерыю Куставу. Часам у нашым музеі на “Кватэрнікі ў дзядзькі Якуба” збіраецца вельмі таленавітая і крэатыўная моладзь.

– У адным са сваіх інтэрв’ю вы казалі, што разумееце душу Коласа. Калі ж глядзець на гэта праз прызму сучаснасці, што ўплывае на фарміраванне асобы як пісьменніка? Чаму сярод іншых шляхоў ён выбраў менавіта гэты?
– Я не раз думала, што літаратурны працэс ідзе быццам хвалямі. У розныя перыяды гісторыі здараюцца свае вяршыні – з’яўляюцца выдатныя асобы. Напрыклад, Пушкін і Лермантаў, Дастаеўскі... У беларускай літаратуры пэўны час было зацішша, і раптам у адзін голас загучалі Купала і Колас. Я не думаю, што Коласа наўмысна накіроўвалі на літаратурны шлях. Хаця яго дзядзька Антось, калі ездзіў у Стоўбцы ці некуды на базар, прывозіў маленькаму Кастусю не нейкую цацку, а зборнічкі Пушкіна, Крылова. Колас гадаваўся ў лесе, быў сялянскім хлопцам (Купала, дарэчы, быў больш шляхетным), і на яго вялікі ўплыў аказала прырода. Аднак сотні і тысячы людзей жывуць на прыродзе і не робяцца пісьменнікамі – значыць, гэтая зорка была запалена звыш. Я ўпэўнена, што лёс прадвызначаны чалавеку яшчэ да яго нараджэння.
Так было патрэбна, каб нарадзіліся Янка і Якуб: адзін летам, а другі – глухой восенню. Я дагэтуль здзіўляюся, як Коласа хапала на ўсё?.. Ён меў энцыклапедычныя веды ў многіх галінах: разбіраўся ў сельскай гаспадарцы (у “Весніку” Акадэміі навук нават быў апублікаваны яго дослед па вырошчванні ячменю і жыта на адным участку), навуцы, педагогіцы, выключна ведаў гісторыю, як сваю, так і сусветную. Быў выдатным псіхолагам і яшчэ да многага іншага меў здольнасці. Ён ад прыроды быў узнагароджаны розумам і памяццю. А яшчэ меў шчодрасць душы.

– Калі вяртацца да творчых хваляў, пра якія вы ўзгадвалі, дзе мы сёння знаходзімся – уверсе ці ўнізе?..
– Я не магу ацэньваць узровень творчых хваляў сёння, паколькі святло зорак не адразу даходзіць да зямлі. Час пакажа. Сёння шмат цікавых таленавітых паэтаў, пісьменнікаў, якія, упэўнена, могуць стаць поруч з класікамі. А маладыя імкнуцца ляцець да зор, і ў іх, адораных іскрай Божай, гэта атрымаецца.

– Давайце паспрабуем уявіць: ідэальны літаратурны твор у наш час – кім ён мог бы быць напісаны і пра што?
– Пра сучаснага чалавека і сённяшні час, вельмі складаны, але дабрадатны для здзяйсненняў. Людзі старэйшага пакалення і сучасная моладзь – гэта зусім розныя погляды на жыццё, яго ўспрыманне, развіццё. Мой час, пасляваенны, ужо паказаны і апісаны тымі ж Навуменкам, Мележам, Шамякіным.
А псіхалогія маладога пакалення зусім іншая, хацелася б, каб нехта яе акрэсліў, перадаў унутраны свет сучаснага чалавека. Я думаю, нямала маладых, якія пішуць і імкнуцца гэта акрэсліць, аднак хочацца ўбачыць сапраўды выдатны твор. Было б цікаваць убачыць новае адлюстраванне адвечнага пытання барацьбы бацькоў і дзяцей.

Аўтар публікацыі: Ніна Шчарбачэвіч.

Крыніца: газета “Звязда”, 22.10.2015.

Чытайце таксама:

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам