Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны падрыхтаваў і сумесна з Выдавецкім домам “Звязда” ажыццявіў цікавы і нават унікальны праект – альбом “Партызанская зброя”.
Выданне выйшла пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі краіны.
Упершыню ў ваеннай гістарыяграфіі з’явілася праца, дзе падрабязна, у дэталях разглядаецца калекцыя партызанскай зброі. Дарэчы, гэты збор музея Вялікай Айчыннай мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі “1” Рэспублікі Беларусь. Адметна, што праект рэалізаваны ў юбілейны для нашай краіны год, калі мы збіраемся святкаваць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На старонках “Партызанскай зброі” галоўнымі героямі выступаюць самаробныя пісталеты-кулямёты, якія капіруюць узоры савецкай зброі, пісталеты, нажы, нават гранатамёты і гармата. Партызаны, навучыўшыся рамантаваць зброю, пачалі капіраваць і заводскія, прамысловыя ўзоры. У многіх атрадах і брыгадах працавалі сур’ёзныя майстэрні, дзе з часам распрацоўваліся і ўласныя канструкцыі.
“Асобныя ўзоры, – расказваюць укладальнікі выдання (а імі з’яўляюцца Галіна Васільеўна Скарынка і Сяргей Аляксандравіч Лопараў), – маюць вялікае значэнне ў сусветнай сістэме збройнага мастацтва. У некаторых з іх арыгінальныя схемы дзеяння і канструкцыйныя вузлы, у якіх няма аналагаў сярод тысяч узораў зброі ў свеце...”
Заўважце, характарыстыка гучыць у дачыненні непрафесійных інжынераў, збройнікаў, ацэньваюцца талент, здольнасці народных майстроў.
Багаты ілюстрацыйны матэрыял робіць выданне не проста каталогам, апісаннем музейнай калекцыі, а вылучае “Партызанскую зброю” ў шэраг энцыклапедый, прысвечаных масаваму ўсенароднаму антыгітлераўскаму супраціўленню народных мсціўцаў на тэрыторыі Беларусі. Няма ніякіх сумненняў, што выданне выкліча цікавасць не толькі прафесійных гісторыкаў, але і ўсіх тых, хто трымае ў памяці падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
Аўтар публікацыі: Мікола Берлеж.
Крыніца: газета “Звязда”, 10.09.2014.