ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Нацыянальная бібліятэка стала пераможніцай у намінацыі “Лепшыя пярвічныя арганізацыі ўстаноў навукі і культуры”
Вэбінар “Парадак дзеянняў пры заліцці кніг вадой для недапушчэння біяпашкоджанняў дакументаў”

Дзіцячая фантастычная аповесць «Эрпіды на планеце Зямля» Паўла Місько

Дзіцячая фантастычная аповесць «Эрпіды на планеце Зямля» Паўла Місько
Іншыя навіны

У фантастыцы ёсць свае «архетыпы» – сюжэты, якія раз-пораз паўтараюцца ў розных варыяцыях і нязменна кранаюць чытача. Адзін з іх – сяброўства героя-зямляніна з іншапланецянінам. Па гэтай мадэлі пабудаваны шэраг класічных фантастычных твораў, і не толькі літаратурных. Прыгадаем сусветна вядомыя і па сёння любімыя падлеткавыя кінастужкі «Іншапланецянін» (1982, рэж. Стывен Спілберг) ці «Палёт навігатара» (1986, рэж. Рэндал Клэйзер). А таксама папулярны сіткам «Альф» (1986, рэж. Пол Фаска).

Выданне 1987 года.
Выданне 1987 г.

На гэты ж архетып абапіраецца і сюжэт дзіцячай фантастычнай аповесці «Эрпіды на планеце Зямля» вядомага беларускага пісьменніка Паўла Місько. Дзеянне аповесці разгортваецца ў звычайнай беларускай вёсцы недзе ў канцы 1970-х – пачатку 1980-х гг., да з’яўлення мабільных тэлефонаў і суцэльнай камп’ютарызацыі, што ўжо само па сабе сёння выглядае экзатычна. Адразу варта адзначыць, што апошнім часам назіраецца сапраўдная мода на 1980-я гады. Найбольш яскравы прыклад названай тэндэнцыі – папулярны амерыканскі серыял «Вельмі дзіўныя справы» (праект братоў Дафераў, распачаты ў 2016 г.).

Атрымалася так, што ў творы Паўла Місько супалі некалькі тэнэнцый, якія выглядаюць надзвычай актуальнымі і, можна спадзявацца, павінны паспрыяць поспеху яго ў сучасных юных чытачоў.

Галоўны герой аповесці хлопчык Ваня Гардзей знаёміцца з іншапланецянінам, які прыляцеў на зямлю на апараце, падобным да метэарыта. Іншапланецянін вядомы як Эрпід, – не жывая істота, а робат, ды і слова «Эрпід» не імя, а абрэвіятура: «электронны робат-паліглот ізаляванага дзеяння». Сама назва падкрэслівае здольнасць апарата ведаць мноства чалавечых моў. Менавіта праз мову, праз гаворку ці тэлепатычнае счытванне думак Эрпіды вывучаюць чалавецтва.

Аб тым, што Эрпід тэлепат, Ваня даведваецца амаль адразу пасля знаёмства з робатам. Паказальна, што іншапланецянін можа не проста абменьвацца думкамі з суразмоўцам, але і загружаць у мозг чалавека розную інфармацыю, прычым на адлегласці і без згоды самога чалавека. Гэтым беларускі Эрпід нагадвае іншапланецяніна з кінастужкі «Палёт навігатара», які пацярпеў крушэнне на Зямлі і, каб мець магчымасць вярнуцца дадому, запісаў зорныя карты і свой маршрут у мозг хлопчыка, які быў паблізу ў момант катастрофы.

Адразу адзначым: у савецкі пракат стужка «Палёт навігатара» трапіла толькі ў студзені 1990 года, у той час як аповесць Паўла Місько выйшла кнігай у выдавецтве «Юнацтва» ў 1987 г. Такім чынам, гаворка ідзе не пра запазычанне, а пра агульную атмасферу 1980-х гадоў, у якой нараджаліся ўсе вобразы іншапланецян з прыведзеных вышэй твораў.

Праз свае тэлепатычныя здольнасці іншапланетныя госці ўносяць поўны хаос у жыццё сям’і Гардзеяў і іх аднавяскоўцаў, але, зразумела, заканчваецца ўсё добра.

У творы Місько шмат гумару, і гэта не толькі камічныя сітуацыі. Многія смешныя моманты звязаны з тым, што Эрпіды не разумеюць вобразнага маўлення, а героі, асабліва цэнтральны персанаж Ваня, размаўляюць, ужываючы вялікую колькасць фразеалагізмаў, прыказак і прымавак. Мова твора надзвычай багатая, па ім літаральна можна знаёміцца з выключнай разнастайнасцю і прыгажосцю беларускай гаворкі, з дасціпнасцю і народным гумарам, якія яна здольна перадаваць адной трапна ўжытай фразай ці нават адным дарэчным словам.

У цэлым і акрамя жартоўных момантаў мова твора, несумненна, узбагаціць слоўнікавы запас юных чытачоў. А чытачу больш даросламу нагадае пра тэст Цьюрынга. Бо здольнасць разумець пераносны сэнс і разнастайныя слоўныя канструкцыі з непрамым значэннем выразна адрознівае ў творы мову людзей ад мовы разумнай машыны Эрпіда. «Як вы там вывучалі зямныя мовы, што не можаце разумець такіх простых выразаў?» – здзіўляецца Ваня, чарговы раз не знайшоўшы паразумення са сваім іншапланетным суразмоўцам.

Эрпід не добрая, прыхільная да людзей істота, як бывае часцей за ўсё ў дзіцячай фантастыцы. Ён у цэлым да людзей прыхільны, але лічыць, што сам лепш за іх ведае, што таму ці іншаму зямляніну патрэбна, і гатовы чалавеку гэта падарыць, прычым без запыту апошняга і абсалютна нечакана. Наладзіўшы стасункі з Ванем, Эрпід пачынае дагаджаць і яму. А Вані зусім не падабаецца такое ўмяшанне ў яго жыццё і жыццё яго сямейнікаў!

Дарэчы, падобны матыў юны аматар фантастыкі сустрэне, калі падрасце, у класічным апавяданні Айзека Азімава «Хлус!», якое выйшла яшчэ ў 1941 г. Там робат таксама мае тэлепатычныя здольнасці і таксама імкнецца дагаджаць людзям, з якімі стасуецца. Ён карыстаецца пры гэтым Законам робататэхнікі – забаронай для робата шкодзіць чалавеку сваімі дзеяннямі ці бяздзейнасцю. Дарэчы, само апавяданне стала класічным менавіта таму, што якраз у ім Азімаў упершыню сфармуляваў Першы закон робататэхнікі.

У Эрпідаў такіх законаў няма, яны проста імкнуцца ашчаслівіць чалавека, не спытаўшы папярэдне яго згоды: «На нашай планеце нічыйго дазволу не пытаюць, каб рабіць добрае адзін аднаму. Проста ўлоўліваем тое, што больш непакоіць чалавека, і памагаем». Бывае так, што ў прышэльцаў гэта атрымліваецца, так споўнілася даўняя мара Двайнога Гардзея, дзядулі галоўнага героя. У той жа час некалькі персанажаў пацярпелі і нават трапілі ў лякарню праз эксперыменты іншапланецян.

З дыялогаў паміж Эрпідам і Ванем мы даведваемся пра жыццё на роднай планеце прышэльца. Многае тут выглядае незвычайна для зямляніна. Пачынаючы з таго, што планета існуе ў сістэме двух сонцаў. Эрпід расказвае: «У нас няма ночы. Адно сонца заходзіць, другое ўсходзіць». І заканчваючы тым, што разумныя жывыя істоты з гэтай планеты – не людзі. Больш за тое, яны бліжэй да зямных раслін: «Энергію нашы людзі засвойваюць непасрэдна ад сонца, ад яго праменняў», – апавядае Эрпід.

І тут, у апісаннях іншапланетнага разумна-расліннага соцыуму, мы сустракаем яшчэ нямала нечаканых літаратурных паралеляў. Напрыклад. нечым планета, адкуль прыбыў Эрпід, няўлоўна нагадвае «Цудоўны новы свет» Олдаса Хакслі, дзе людзі вырошчваліся штучна, ад самага пачатку прыстасаваныя да ўмоў, у якіх ім давядзецца працаваць. Штучна ж вырошчваюць і разумных істот на планеце Эрпідаў. І ім таксама надаюць патрэбныя якасці.

Выданне 2007 года.
Выданне 2007 г.

А месцамі планета Эрпідаў нагадвае і свет Джорджа Оруэла з рамана «1984»: «Усе хаценні, усе думкі кантралююцца. Зялёнчыкі хочуць толькі тое, што патрэбна для ўсіх, для нашай цывілізацыі», – тлумачыць Вані Эрпід.

Такое мастацкае пераасэнсаванне пэўных ідэй – асаблівы талент. Тым больш – пераасэнсаванне іх для дзіцячага твора. І мы бачым, што Павел Місько быў надзелены ім у поўнай меры.

На самай справе прастора аповесці багатая не толькі на літаратурныя алюзіі, зразумелыя юнаму ці даросламу чытачу. Традыцыя беларускай савецкай фантастыкі для дзяцей прадугледжвала імкненне аўтараў не толькі забаўляць юнага чытача, але і зацікавіць яго пэўнымі навуковымі фактамі і ўзбагаціць новымі ведамі. Першы дзіцячы фантастычны твор у беларускай літаратуры – «Чалавек ідзе!» Янкі Маўра – задумваўся і пісаўся з навучальнай мэтай, каб пазнаёміць дзяцей з сутнасцю эвалюцыі і асноўнымі звесткамі па палеанталогіі, геаграфіі, біялогіі, нават псіхалогіі. Ёсць і ў Місько навуковыя звесткі, але падаюцца яны мімаходам у дыялогах персанажаў, не запавольваючы рух сюжэта. Напрыклад, Ваня ў адной са сцэн разважае пра фотасінтэз: «У нас таксама, Лёня казаў, расліны засвойваюць энергію сонца і ўсякія прадукты, рэчывы робяць, запасаюць. Фотасінтэз называецца, ці што... Мы гэтага яшчэ не праходзілі...» Але прыгодніцкі элемент у творы яўна пераўзыходзіць навуковы.

У аповесці ўздымаюцца і іншыя актуальныя сёння тэмы. Праз вельмі абаяльны, харызматычны вобраз дзядулі галоўнага героя ўводзіцца тэма гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Героі разважаюць пра экалогію, пра любоў да роднага краю і яго прыроды.

Асабліва кранальнымі выглядаюць звычайныя побытавыя рэчы, апісанне жыцця простай вясковай сям’і. Пісьменнік выкарыстоўвае рэалістычны метад паказу фонавых падзей і апісанняў, што надае твору большай праўдападобнасці і псіхалагічнай праўдзівасці.

Аповесць «Эрпіды на планеце Зямля» Паўла Місько з тых твораў, якія не страчваюць актуальнасць вельмі доўгі час і падаюцца аднолькава цікавымі і дзецям, і нават унукам сваіх першых чытачоў. Бо ў ім мы бачым і захапляльны сюжэт, і цікавых персанажаў, і добры гумар. Адначасова падзеі твора і думкі дзеючых асоб даюць чытачу глебу для разваг над сур’ёзнымі пытаннямі – ад экалогіі да псіхалогіі чалавека і яго стасункаў у соцыуме.

Аўтар публікацыі: Марыя Шамякіна.
Крыніца: Звязда

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам