ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Цікава пачытаць”: кніга “Сказки про зверей”
Да 90-годдзя з дня нараджэння ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Інэсы Аляксееўны Сініцынай

Дзесяць любімых раслін Купалы і Коласа

Дзесяць любімых раслін Купалы і Коласа
Іншыя навіны

У кожнага пісьменніка і паэта сустракаюцца так званыя магістральныя вобразы – тыя, што ён, свядома ці несвядома, ужывае часцей...

У Янкі Купалы і Якуба Коласа таксама ёсць улюбёныя вобразы. У тым ліку раслінныя. На пачатку лета, калі ўсё квітнее і буяе, давайце пройдземся па чароўным садзе, створаным уяўленнем нашых Песняроў, палюбуемся на тыя дрэвы, кусты, кветкі, якія найчасцей сустракаюцца ў іх творах... Некаторыя любілі яны абодва, некаторыя былі ўлюбёнцамі толькі аднаго з іх...

Папараць-кветка

Папараць-кветка.jpg

Гэтая дзівосная расліна – сімвал аднаго з Песняроў, а менавіта Янкі Купалы. Кветка, якая расцвітае толькі ў ноч на Івана Купалу – калі і нарадзіўся Іван Луцэвіч. Папараць-кветка дае таму, хто яе знайшоў, магчымасць разумець мову птушак і звяроў, бачыць скрозь зямлю скарбы... Але ж і спакушае людзей магчымасцю лёгка стаць багатым і моцным. У вершы "Заклятая кветка" Янка Купала перасцерагае:

Чуць толькі
Купальскае свята
Набліжыцца з ночкай
сваей,
Як папараць-кветкай
заклятай
Чаруе
няшчасных людзей...

З надзеяй, і верай,
і сілай
З усюль,
куды б дзе ні зірнуць,
Праз высі, даліны,
магілы
Па кветку
бягуць і бягуць!

Бягуць дурныя людзі, гінуць мільёнамі за тую прывідную расліну... У вершы "У Купальскую ноч" паэт зноў апісвае героя, які пакутліва шукае кветку-шчасце, а яго ўсё падманваюць, усё мучаюць злыя духі лесу...

Стой! Здаецца,
вунь зірнула,
Як бы зорка,
як бы сонца!
Ах, не тое! Адвярнула!..
Гэта шышка
на сасонцы.

Вось ужо як бы і знайшоў – але заспяваў певень, і кветка знікла. Верш вельмі ў духу сімвалізму, пошукаў чалавекам Сіняй птушкі, самаідэнтыфікацыі, сэнсу жыцця... Для Купалы папараць-кветка – гэта яшчэ і лёс Беларусі ўвогуле. Недарэмна заканчваецца твор крыкам: "Дайце кветку! Дайце сонца!".

Каліна

Каліна.jpg

Беларускія песні ўпадабалі кустоўе, што буяе ўвесну белым кветам, а ўлетку ягады яго крывавяць барвай... Абодва Песняры згадваюць гэты вобраз. У эпапеі Коласа "На ростанях" пра каліну пяе Ядвіся:

Ядвіся адышла далей у куток каля кахлянай печы і заспявала:

"Ці я ў полі не калінаю была?.."

Голас у яе быў малады, свежы, сакавіты. Спявала яна з такім праўдзівым пачуццём, што рабіла вельмі добрае і прыемнае ўражанне.

Лабановіч слухаў гэтыя спевы, і нейкі жаль ахопліваў яго. Яму хацелася падысці да дзяўчыны і запытаць яе: "Скажыце, якое гора ў вас на сэрцы?"

Ну а Янка Купала, натхніўшыся гэтым сімвалам дзявочай датклівай красы, стварыў верш "Явар і каліна", які стаў новай беларускай песняй пра каханне, непадуладнае суворым выпрабаванням:

Песняй
вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
Ў сумнай даліне
над ярам.

Успамінае каліну ён і ў паэме "Бандароўна", апісваючы гераіню:

І стаіць яна прад панам,
Як калінка тая,
Што у лузе, над ракою
Вецер пахіляе.

Дуб

Дуб.jpg

Вось пра гэтае дрэва, калі цытаваць абодвух класікаў, і кнігі не хопіць... Нездарма ж Колас уласнаручна пасадзіў каля свайго дома, дзе цяпер музей, чатыры дубы і бярозу, як сімвалы сябе, трох сыноў і жонкі, а адзін з варыянтаў помніка Янку Купалу ўяўляў сабою курган, на вяршыні якога расце дуб... Зусім як у ягонай паэме "Курган":

Дуб галлё распусціў
каранасты над ім,
Сухазелле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне
над ім уздыханнем глухім, –
Аб мінуўшчыне
ў жальбах галосе.

У прыпавесці Коласа "Дуб" гэтае дрэва апісанае з найвялікай пашанай:

Адны толькі паважныя дубы, узбагачаныя вопытам жыцця за свой доўгі век, не вельмі спяшаліся расчыняць свае покаўкі і выпускаць адтуль свежую зелень маладых лісточкаў, бо дуб – мудрае дрэва, і не паддаецца ён на зман няпэўнай у пачатку вясны.

У яго вершы з такой жа назвай:

Сілачом стаіць
Дуб разложысты,
І здалёк відаць
Пышны верх яго.

Гэта і сімвал гістарычнай памяці, і трывушчасці беларускага народу.

Налятаў віхор
З навальніцаю,
Ды не гнуўся ты
Перад бураю!..

А вось у прыпавесці "Як птушкі дуб лячылі", напісанай у 1955 годзе, калі Колас часта хварэў, можна ўгледзець атаясамленне аўтара сябе са старым дубам, якога ледзь не залячылі занадта клапатлівыя птушкі, не даючы дыхаць вольным паветрам.

Максім Лужанін успамінаў, як з сябрамі наведваў Коласа ў 1944 годзе ў падмаскоўным санаторыі Вузкае, і паэт павёў пасля ўсіх у парк, дзе прадставіў... мясцовым дубам:

Так Колас пазнаёміў нас з дубамі, пазнаёміў літаральна, бо кожнае дрэва мела чалавечае імя. Канстанцін Міхайлавіч ахрысціў іх так трапна, што, калі называў чарговае імя, здавалася, перад намі не дуб, а сапраўдны Рыгор, вясковы дзядзька ў лапціках і шапцы-аблавушцы. Наймагутнейшы і найстарэйшы ў гэтай сям'і называўся Сымон-дзядзя. Ён замацаваўся на жыццё ў Коласавым вершы "Вузкае". Падставы для пашаны і далікатнага абыходжання з дрэвам, безумоўна, былі. Мы паспрабавалі абняць Сымона: не стала рук. Да нас далучыўся Канстанцін Міхайлавіч. Ён пачаў клікаць у гурт і Марыю Дзмітраўну.

– Хопіць і вас, самі добрыя дубы,– пасміхнулася яна.

Груша

Груша.jpg

А вось гэтае дрэўца – улюбёнка менавіта Якуба Коласа. У трылогіі "На ростанях" з дзікай ігрушкай асацыіруе настаўнік Лабановіч каханую Ядвісю. Нават знаходзіць у лесе маладую грушку, каб пасадзіць яе на памяць пра дзяўчыну.

Цікава, што Ядвіся сапраўды атаясаміла дрэўца з сабою.

Яна доўга разглядала яе. Потым засмяялася і сказала:

– Я вырву яе і выкіну.

– Чаму?

– Бо яна такая ж калючая і дзікая, як я.

А калі Ядвіся павінна ад'ехаць, няшчасная ад таго, што, не папярэдзіўшы, пакіне Лабановіча, ідзе да грушкі:

Яна аглядаецца, бярэцца за дрэўца. Але грушка моцна бароніць сябе і коле Ядвісі руку.

"Гэта ж я такая калючая,– думае Ядвіся ,– бо я – дзікая!"

Яна зноў падымае руку, асцярожненька бярэ за самы вяршок і ломіць яго. Нашто яна гэта зрабіла? Яна проста хоча сказаць гэтым, што яна злая і нядобрая. Няхай ён ведае гэта.

Якуб Колас распавядаў Максіму Лужаніну, як нарадзіўся адзін яго верш:

– З ігрушамі была яшчэ адна фацэція. Помніш мае "Грушы-сапяжанкі"? Гэтак амаль і адбывалася са мною і з братам Алесем. На ласткоўскай сядзібе расло некалькі груш. Мы з Алесем пасвілі авечкі недалёка ад хаты. Дзядзька Пятрусь гупаў цэпам у гумне. Алесь падвучыў мяне, і я палез у грушы. Дзядзька згледзеў, давялося ўцякаць.

Мы з авечкамі адагналіся далей ад дому, каб паказаць, што нас блізка няма. Цяпер цішком падаўся на раздабыткі Алесь. Узлез на ігрушу, налупіў запазуху, а тут – дзядзька! Алесь – наўцёкі, дзядзька за ім. Пакуль Алесь бег, усе ігрушы пагубляў. Так мы і не паласаваліся. А дзядзькі доўга пасмейваліся: "А што, смачныя грушкі?"

Вярба

Вярба.jpg

У беларускім фальклоры гэтае дрэўца ўспрымаецца як сімвал тугі і самоты, горкай жаночай долі. Для Янкі Купалы – найлепшы сродак стварыць гатычны пейзаж:

Стаіць вярба сухая
У полі на мяжы,
Кару з галін спіхае,
Галіны – як крыжы.

Верш напісаны ў 1911 годзе, калі Янка Купала жыў і вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, дзе якраз расцвітаў сімвалізм у мастацтве.

У вершы "Вярба" Якуба Коласа гэтае дрэўца таксама невясёлае:

Пытаў ручаёчак
Сірату-вярбіну,
Што над ім стаяла,
Знізіўшы галіны,
Да вады галоўку
Звесіўшы самотна,
Ды з паўднёвым ветрам
Зюкала журботна...

Ручаёк пытаецца, чаго ж вербачка над ім такая пахілая ды журботная – аказалася, гэта таму, што ручаёк падмывае яе карэнне, і "нашто я цябе любіла", карацей.

Бяроза

Бяроза.jpg

Вядома, ні Купала, ні Колас не маглі не згадваць у сваіх творах бярозу... Праўда, вельмі па-рознаму.

Расце бяроза серад поля,
Ўдалі ад лесу, сіратой;
Жыве пясняр
з сваёй нядоляй,
З сваёй маркотнаю душой.
Ваюе з бурамі бяроза,
Мароз, слата сячэ яе;
Пясняр з няпраўдай
б'ецца ў слёзах,
За ўсіх цярпіць,
для ўсіх пяе.

Так Янка Купала ў вершы "Дзве долі" паралеліць лёс бярозы з лёсам паэта. У другім вершы, які стаў песняй, бяроза выглядае яшчэ жаласней:

Шумныя бярозы
Пабяліў мароз.
Хацеў бы я плакаць,
Дый не маю слёз.

У Якуба Коласа вобраз той жа, настрой іншы:

Надышлі марозы,
Рэчкі закавалі,
Белыя бярозы
Шэранем убралі.

Ну і тое, што Колас пасадзіў ля свайго дому бярозку ў памяць пра жонку Марыю Дзмітраўну, таксама кажа пра яго светлае ўспрыняцце гэтага дрэўца.

Лілея

Лілея.jpg

Не так шмат у Песняроў згадак пра асобныя кветкі, хоць Колас ладзіў дзялянкі ля свайго дома, але вырошчваў жыта і ячмень, а Купала, па сведчаннях, дужа любіў ружы – меў пры доме разарый, дзе расла нават рэдкая чорная ружа. Найчасцей у творах абодвух згадваюцца кветкі ўвогуле...

Але ёсць у Янкі Купалы цікавы верш "Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея". Праўда, зусім ён не пяшчотны, як, здавалася б, вымагае вобраз... Наадварот, баявіты:

Гэй ты, дзяўчына,
кветка-лілея
Вольная птушка
сумнай зямліцы!
Сееш ты слёзы,
думак уроду,
Слёзы-брыльянты
яснай крыніцы.

Верш напісаны ў 1914 годзе, і прысвечаны ён Уладзіславе Станкевіч, якая ў 1916-м стане жонкай паэта. Уладзіслава Францаўна была сапраўды дзяўчынай баявітай, актыўнай беларускай дзяячкай.

З лілеяй параўноўвае Янка Купала і іншую сваю баявітую гераіню, Бандароўну, якая ўцякае ад злога пана і робіцца сімвалам змагання:

Як маліны, яе губкі,
А твар, як лілея,
Як дзве зоркі, яе вочы,
Гляне – свет яснее.

Сосны

Сосны.jpg

Ну як жа беларускі лес без сасны! Колас пісаў на пачатку "Новай зямлі":

Вось як цяпер,
перада мною
Ўстае куточак той
прыгожа,
Крынічкі вузенькая ложа
І елка ў пары з хваіною,
Абняўшысь цесна
над вадою,
Як маладыя ў час кахання,
Ў апошні вечар
расставання.

Хаця сосны тыя не толькі ў лесе – ля дома Коласа ў Мінску таксама раслі, Лужанін згадваў, як пісьменнік злаваў на гракоў, што сяліліся на "прыхатніх соснах": "ломяць, бачыце, галлё, а дрэвы праз гэта ўсыхаюць".

А Янка Купала напісаў усхваленне соснам Карэліі:

Сосны выносныя,
Гордыя сосны!
Шмат вы ўжо носіце
Сонечных вёснаў.

Хвоі ў абодвух паэтаў не проста дрэвы – яны ўмеюць слухаць і гаманіць, і ўжо куды больш чулыя, чым людзі.

А елкі хмурымі крыжамі
Высока ў небе
выдзялялісь,
Таемна з хвоямі
шапталісь.

Асіна

Асіна.jpg

Згадаем і яшчэ адно дрэўца, якое дазваляе нагнаць у твор жуды:

Скрыпяць трухляцінай асіны,
Над курганамі звяр'ё вые...
Гасцінцам, церневай пуцінай,
У ёрмах, скованы, скацінай
Ідуць нябожчыкі жывыя.

Ну вось любіў Янка Купала сімвалізм, дэкаданс і готыку... А вось асіну не любіў, хаця часта згадваў. Асіну ж і беларускі фальклор не шкадуе – дрэва здрады і пакарання. Ужыў той вобраз Купала і ў вершы-памфлеце супраць трацкістаў:

Мала іх павесіць
На сухой асіне,
Бо нават асіна
Ад сябе адкіне.

А вось у вершы "Дзевяць асінавых колляў", яго Купала не паспеў дапісаць, распавядаецца пра жудасны выпадак генацыду, які фашысцкія захопнікі ўчынялі на беларускай зямлі:

Іх вывелі дзевяць маіх беларусаў,
Іх вывелі дзевяць яўрэяў маіх,
Зямлі беларускай людзей сівавусых,
Людзей непавінных, мне родных, блізкіх.

Якуб Колас таксама ведаў пра фальклорныя асаблівасці асіны – дзядзька Антось вечарамі распавядаў пляменнікам страшную гісторыю пра несупакоенага нябожчыка, якога належала сустрэць асінавым калом...

Цікава, што як ведзьмака, хаваюць жыўцом Гусляра з паэмы "Курган":

Закапалі, убілі асінавы кол.

Ліпа

Ліпа.jpg

Да ліпы паэты адносіліся паважліва. Светлае дрэва, меданоснае...

Купала піша:

Высока, разлажыста
Расселася пры хаце
Стара-старая ліпа,
Паважная, як свацця.

У яго жа вершы "Забытая скрыпка" менавіта з ліпы зроблены інструмент, здольны абудзіць сэрцы:

Льюцца пяснярскія словы,
З дошкай ліповай пяюць;
Звесіўшы людзі галовы,
Слухаюць, думкі снуюць.

У вершы "Лірнік вясковы", прысвечаным Сыракомлю, герой гадуецца ў ліповай калысцы. А ў паэме "Нікому" на магіле гераіні вырастаюць ліпа і клён, на знак, што закаханыя з'ядналіся і пасля смерці.

Сваю прыпавесць "Даль" Якуб Колас пачынае так:

Зацвіла прыгожая ліпа.

Колькі шуму было тут на гэты час, колькі рознагалосага спеву! Працавітыя пчолкі, усялякія мушкі гулі так, што здавалася, нібы ліпа – гэта нейкі дзіўны музыкальны інструмент і тут адбываецца ігрышча.

А потым насенне ліпы захацела паляцець далёка, у сінюю даль... Старой ліпе шкада было пускаць дзіця ў чужы свет, але блаславіла. Паляцела маладое насенне з ветрам, глядзіць на родную зямлю: "Няўжо гэта тыя самыя малюнкі, на якія глядзела яно так нядаўна? А дзе ж іх хараство? Дзе тыя абрысы, дзе грабяні, што так павабна выглядалі адтуль – з ліпы?"

Занепакоілася насенне, ці туды яно ляціць, дзе ж тая прывабная сіняя далеч?

Каб зразумець прыпавесць, варта паглядзень на год напісання: 1917. Год вялікіх перамен і вялікіх надзей.

Спадзяюся, кожны з вас захоча знайсці расліны з дрэва гэтага віртуальнага саду на старонках класікаў.

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
Крыніца: Звязда

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам