ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
На хвалі часу, у плыні жыцця
Каму дастанецца “Дэбют” – даведаемся 26 сакавіка

Добра і для многіх: новы раман Гапеева “Пазл”

Добра і для многіх: новы раман Гапеева “Пазл”
Іншыя навіны

Наталка Бабіна: Класная кніжка! Асноўная думка рамана простая: за ўсё і ўсялякае зло, якое творыць чалавек, ён будзе неадваротна пакараны.

Паўліна Скурко: Мне вельмі спадабалася, што ў кнізе персанажы жывыя, добра ўяўляюцца. Чытаеш – нібы фільм глядзіш. Ёсць пакручасты сюжэт, ёсць атмасфера. З першых раздзелаў з’яўляецца адчуванне, што “неба цямнее”. І ўжо чакаеш гэтых сюжэтных паваротаў.

НБ: Гапееў працягвае радаваць. Гэта ж не першы яго такі ўдалы, дынамічны твор. Мне добра помніцца “Ноч цмока”.

А ў “Пазле” найбольш зачапілі пазітыўна два моманты. Першы – вельмі пазнавальны, тыповы раённы цэнтр, дзе адбываецца дзеянне. І як добра ён умее апісаць жыхароў свайго гораду. Начальнік райвыканкама, суддзя, журналіст апазіцыйны… Верыш ва ўсё гэта.

Другі – форма прыўкрасная, калі раман складаецца з невялікіх фрагментаў, кожны з якіх – самадастатковы аповед, і кожны хвастом чапляецца за шыю наступнага. Класічны прыём, і аўтар ідэальна яго выкарыстаў.

А не, тры моманты парадавалі. Трэці: поўная адсутнасць аўтарскага снабізму. Гапееў не любуецца сабой, і, больш таго, стараецца ніяк не праяўляць сябе як асобу. Толькі як аўтара. Больш за тое, ён не думае: “Для каго я пішу? Якая мая мэтавая аўдыторыя?” А думае: “Ці важная тэма, пра якую я пішу?” Гапееў піша пра сэнс жыцця. Пра нешта галоўнае. Пры гэтым – у правільнай форме.

Наша бабуля не магла адарвацца і прачытала кнігу за 2 дні. “І разумею, – казала, – што трэба брацца за хатныя справы, – а адарвацца не магу”. Думаю, што такіх чытачоў, якія не маглі адарвацца, – нямала. Нікога з тых, хто стане чытаць “Пазл”, гэтая кніга не дэматывуе чытаць па-беларуску.

Валер Гапееў "Пазл"

ПС: Гэтая кніга якраз для шырокай аўдыторыі. Звычайных, паспалітых людзей. Такія кнігі павінны ў супермаркетах прадавацца, бо там кожны так ці інакш пабачыць сябе.

Феміністкі толькі будуць незадаволеныя…

НБ: Так, феміністычны сход там апісаны як секта мужчынаненавісніц. Апісаў, як бачыў. Увогуле, выклікае вялікую сімпатыю, што ў гэтым творы аўтар не пісаў пра сябе любімага, на што хварэюць многія беларускія аўтары. Ён пісаў пра іншых, пра жыццё. І пісаў з вялікай надзеяй, прытым што ніводнага светлага персанажа ў яго рамане няма! На першы погляд: дзе тут надзея?! Але, відаць, у яго карціне свету няма канчатковага дабра, таму яно і не можа перамагчы.

Але так бачыць аўтар. І не давяраць яму ў мяне падстаў няма. Яму, з Івацэвічаў, відней. Кажу гэта без іроніі.

ПС: За досыць лёгкім сюжэтным палатном у рамане паўстае пытанне: ці можам мы змяніць сістэму, ці не можам. Для мяне гэта моцнае месца, развагі не банальныя – адчуванне, нібы аўтар балюча шукае адказ. І ты шукаеш з ім.

НБ: А мне падалося, што гэтыя спасыланні на “сістэму”, якая ёсць чымсьці чужынным – якраз найбольш слабы, найбольш “агіткавы” бок тэксту. Аўтар лічыць, што людзі мяняюцца на рабоце – урастаюць у сістэму і перастаюць быць сабой… Слова “сістэма” ўзгадваецца часта. Але што гэта?

ПС: Гэта нейкія правілы, выконваючы якія ты паспяхова будуеш кар'еру і іншыя сферы жыцця.

НБ: Правілы сістэмы? Гэта калі настаўнікі ў школе (і Антаніна) мусілі фальсіфікаваць вынікі выбараў? Усю рэшту правілаў, як мне падалося, устанаўліваюць сабе самі героі. Ніхто ж іх не прымушае браць хабар, перапісваць медычныя карткі, рабіць аборты… Ці само жыццё прымушае?

І пра Антаніну, галоўную гераіню: за пасылам рамана, яна згубіла сына і сама трагічна загінула таму, што фальсіфікавала выбары. Але ці не занадта прамалінайныя такія прычынна-выніковыя сувязі? Любая бяда, зло ёсць вынікам зла, якое ты сам учыніў?

ПС: Сапраўды, сувязь падзей (а яна і ёсць рухавіком рамана) выглядае магічна, трохі як у страшнай казцы. Можа, такія тлумачэнні свету трохі наіўныя, але цікавыя ж! І несумненна гэта надае патрэбную злавесную атмасферу.

Не пагаджуся, што беды Антаніны ад таго, што яна фальсіфікавала выбары.

Па-мойму, гэта прыклад таго, калі чалавек сваімі дзеяннямі падтрымлівае заганную сістэму – і аднойчы сістэма ўдарае па ім самім. Бумеранг вяртаецца.

НБ: Калі ідзецца яшчэ пра галоўных герояў, то мне няясна, чаму пісьменнік ніяк не прапісаў лёс Ніначкі. Гэта ж яна “выганяла” з сябе зародак, які потым помсціў усім. А сама яна? Як жыла? Ці пацярпела ад свайго выбару? Чаму пра гэта ў рамане ані слова, засталося няясным. Часам дзеўкі не вінаватыя.

ПС: Што ў гэтай кнізе дабро? Хіба, зусім яго няма? Ці можа ўвасабленне дабра – сын галоўных герояў пад кропельніцай?

НБ: А што ў ім такога добрага? Ён працяг роду, але што добрага ў самім гэтым хлопцу? Здаецца, нічога.

Можа, добрае прыходзіць да галоўнага героя і пытаецца парады, ці помсціць яму за сястру? Пры канцы рамана да галоўнага героя прыходзіць невядомы. Ён знае, што галоўны герой жорстка памсціўся ўсім, хто быў вінаваты ў яго трагедыі. І вось гэты невядомы распавядае сваю гісторыю: п’яная багачка, у якой “усё схоплена” ў органах улады, насмерць збіла машынай яго 12-гадовую сястру, і яе апраўдалі ў судзе – бо ўсё ж схоплена! І вось брат загіблай пытаецца: ці трэба помсціць, ці становіцца лягчэй.

Як табе помніцца, што апавядае галоўны герой – і аўтар?

ПС: Адказаў ён тыпова, стэрэатыпна: кожны вырашае за сябе. Выглядае, нібы аўтар самаўхіліўся.

НБ: Так! А мне як чытачу хацелася б больш выразнага адказу.

Але, з другога боку, якімі быць героям?! Гэта ж не Тэрмінатары.

Гапееў апісвае жыццё беларускай правінцыі. І гэтыя людзі выклікаюць сімпатыю, бо яны вельмі арганічныя.

ПС: Гэта праўда, яны выклікаюць сімпатыю, нягледзячы на тое, што слабыя, бязвольныя, хітрыя… Парадаксальна.

Але чытаючы, усё чакаеш, што нехта з герояў праявіць прынцып. Унутраную сілу. Хоць нехта. Але ніводзін не праяўляе. Чаму? Таму што няма салідарнасці, ніхто б яго не падтрымаў? Але з другога боку, калі адчуваеш праўду – трымайся за яе, хай і будзеш адзін. Але тут усе аказаліся занадта слабыя. Усе, акрамя галоўнага героя, які ўсё страціў. Выснова такая выходзіць: пакуль чалавек не страціць усё, ён сябе сапраўднага не знойдзе? Не стане адстойваць сваю праўду?

Пра гэта думаю, прачытаўшы.

Крыніца: Наша ніва

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам