ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Песні каляднага перыяду на беларускім Палессі
Гармонія жыцця

Доўгая дарога да дома Караткевіча

Доўгая дарога да дома Караткевіча
Іншыя навіны

Адзін з найзначнейшых юбілеяў, якія будуць адзначацца ў надыходзячым 2020-м – 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Як налета збіраюцца ўшанаваць памяць аб славутым земляку на ягонай малой радзіме – пакрысе высвятляецца ўжо сёння.

Зямля, багатая на помнікі

Для ўдзельнікаў экскурсійнага маршруту, якія дабіраліся ў Оршу з Мінска, першым прыпынкам на шляху да мэты зрабілася вёска Смаляны, што ляжыць за 20 кіламетраў ад райцэнтра. Тут мясцовы краязнаўца Віктар Мяжэвіч паказаў гасцям усе асноўныя выбітнасці паселішча.

А іх у Смалянах стае, як мала дзе на Віцебшчыне – тут і славуты замак XVII стагоддзя “Белы Ковель”, які належаў магнацкаму роду Сангушкаў, і дзейная драўляная Спаса-Праабражэнская царква 1790-х гадоў пабудовы ў стылі барока, вядомая сваімі ўнікальнымі роспісамі. А таксама – руіны царквы сярэдзіны ХІХ стагоддзя і касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ордэна дамініканцаў, збудаванага да 1786 года, з будынкам кляштара, перабудаваным у 1930-я гады пад патрэбы машынна-трактарнай станцыі.

З гэтых помнікаў найбольшае ўражанне пакідае, бадай што, гмах касцёла, які з’яўляецца архітэктурнай дамінантай усіх Смалян. На жаль, будынак на працягу ўжо доўгіх дзесяцігоддзяў стаіць разбураны, хаця не спыняюцца размовы аб патрэбах яго рэстаўрацыі ці кансервацыі. Экскурсавод распавядае, што яшчэ ў 1980-я гады былі цэлымі скляпенні храма, але сёння ацалелым застаецца толькі невялікі іх фрагмент.

У зямлі пасярод будынка зеўраюць вялізныя правалы, якія адкрываюць уваходы ў крыпту – а мясцовыя паданні сведчаць, нібы тут існуюць і падземныя хады, якія некалі злучалі касцёл з царквой і замкам, ды такія прасторныя, што па іх можна было ехаць двойкай коней… Па вузенькіх вінтавых сходах у тоўшчы мураваных сцен абапал уваходу ў храм яшчэ можна асцярожна падняцца на хоры і ўявіць, як некалі тут граў арган і плылі над галовамі вернікаў музыка і спевы.

Не падземнымі хадамі, але вузенькай кладкай з дзвюх бетонных бэлек экскурсанты прабіраюцца праз балота да візітнай карткі Смалян – замка “Белы Ковель”. Ад палаца, моцна пашкоджанага напачатку XVIII стагоддзя, захавалася часткова толькі адна вежа, але і яна ўражвае сваімі памерамі ды велічнымі абрысамі. На гэтых балотных пустках навокал замка так і ўяўляеш сабе карціны з караткевічаўскага “Дзікага палявання”. Хто ведае – мо пісьменнік натхняўся на напісанне аповесці і тутэйшымі краявідамі?

Не толькі помнікі, але і людзі

Яшчэ адна несумненная цікавостка Смалян – на старых могілках за вёскай. Тут пахаваны Тамаш Зан – славуты паплечнік Адама Міцкевіча, адзін з лідараў таварыстваў філаматаў і філарэтаў. У Смалянах паэт апынуўся напрыканцы жыцця, пасля вяртання з высылкі, куды патрапіў за ўдзел у згаданых таемных таварыствах. Між іншым, такое пакаранне ён заслужыў, высакародна ўзяўшы на сябе віну многіх сяброў. А вызваліўся і атрымаў дазвол вярнуцца з высылкі ён таксама нездарма – за вялікія заслугі і працу, праробленую на Урале па пошуку запасаў золата і меднай руды.

У Смалянах Тамаш Зан спачывае побач са сваёй жонкай і немаўлём-сынам. А непадалёк краязнаўцы не так даўно адшукалі, адкапаўшы з зямлі і расчысціўшы ад моху, надмагілле Міхала Чарноцкага, брата славутага гісторыка, археолага і этнографа Зарыяна Даленга-Хадакоўскага. Побач – іншыя старыя надмагіллі з польскамоўнымі надпісамі, адно з якіх – “На памяць аб памерлых дзецях”. Сімвалічна, бо двух сыноў Тамаша Зана напаткаў злы лёс, яны былі забітыя – прычым аднаго з іх застрэлілі проста на бацькавай магіле. Але ўсё-ткі Тамаш Зан пакінуў па сабе слаўных нашчадкаў – ягоныя ўнучка і праўнучка Казіміра Ілаковіч і Гелена Станкевіч зрабіліся вядомымі літаратаркамі, а праўнук і поўны цёзка ў гады Другой сусветнай вайны змагаўся супраць нацызму ў шэрагах польскай Арміі Краёвай і быў адным з кіраўнікоў яе разведкі.

Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся

Пасля пачастунку ў смалянскай школе ўдзельнікі фэсту накіраваліся ў Оршу, дзе іх ужо чакалі ў музеі Уладзіміра Караткевіча. Вядомы факт, што ў будынку, дзе цяпер знаходзіцца гэтая ўстанова, некалі быў радзільны дом, у якім і з’явіўся на свет будучы класік. Экскурсію для гасцей правяла дырэктарка музея Ліна Гатоўская, якая распавяла аб радаводзе Караткевіча і пачатку ягонага жыццёвага шляху.

Можна было б бясконца апісваць безліч унікальных экспанатаў, якія змяшчае экспазіцыя – тут і аўтографы Караткевіча, і рэчы, якія належалі яго сям’і, і здымкі, і творы мастакоў, яму прысвечаныя… Не менш важна, што музей мае і сваю сувенірную прадукцыю – на памяць аб візіце сюды кожны наведнік можа прыдбаць сімпатычны магніт альбо кубачак з партрэтам Уладзіміра Караткевіча. Самы час, бо з музея экскурсія імкліва накіроўваецца ў бок сапраўднай перліны ўсяго маршруту, яго кульмінацыйнай кропкі.

Бацькоўскі дом і “летняя рэзідэнцыя”

Калі ў радзільні, дзе з’явіўся на свет Валодзя Караткевіч, цяпер размешчаны ягоны музей, то сучасны аршанскі радзільны дом знаходзіцца акурат праз вуліцу ад хаты, дзе пісьменнік жыў у пасляваенныя гады. Вуліца за сваю гісторыю змяніла шэраг назваў, доўгі час звалася вуліцай Касманаўтаў, але цяпер носіць імя Уладзіміра Караткевіча.

Дом № 10 быў у 1946 годзе набыты ў вёсцы і перавезены ў Оршу, дзе на новым месцы яго склаў бацька пісьменніка. Тут Караткевіч правёў свае школьныя гады, тут гасцяваў, прыязджаючы з вучобы ў Кіеве. Наведваўся ён сюды і з Мінска, у тым ліку – у апошні год жыцця, калі моцна перажываў смерць жонкі.

Але каштоўны не толькі сам дом, а нават пунька, якая стаіць побач у двары – менавіта ў ёй, на гарышчы, быў абсталяваны імправізаваны рабочы кабінет пісьменніка, і акурат тут у 1950 годзе 20-гадовы Уладзімір Караткевіч напісаў першы варыянт адной са сваіх найбольш знакамітых аповесцяў – “Дзікага палявання Караля Стаха”. Цікава, што на першым паверсе прытым жыў парсючок! Пляменніца пісьменніка, Алена Сінкевіч, якая таксама паўдзельнічала ў паездцы, звярнула ўвагу на малюнкі Уладзіміра Сямёнавіча, якія ён дасылаў з лістамі сваякам у Кіеў: на іх выяўлены выгляд дома і яго план з падрабязнымі пазнакамі-тлумачэннямі. А тая самая “творчая” пуня на гэтых малюнках пазначаная трапным подпісам: “Сие моя летняя резиденция”.

У гасцях у будучага класіка

Бацькоўскі дом Уладзіміра Караткевіча адчыніў для ўдзельнікаў экскурсіі свае дзверы, хаця звычайна сюды так проста не трапіш. Дом, які доўгі час належаў сваякам пісьменніка, у кастрычніку 2018 года выкупіў разам з суседнім участкам зямлі Андрэй Балабін, які таксама нарадзіўся ў Оршы. Ён хоча паспрыяць стварэнню ў горадзе новага асяродку культуры і памяці аб славутым земляку. Мяркуецца, што ў будынку будзе створаная новая экспазіцыя дома-музея Караткевіча. Як яе арганізаваць – пакуль пытанне дыскусійнае. Пляменніца пісьменніка Алена Сінкевіч выказвае пажаданне, каб тут узнікла літаратурна-музычная гасцёўня, дзе маглі б адбывацца выступы творцаў, а экспазіцыя, магчыма, была арганізаваная як музей аднаго твора.

Аршанка і колішняя загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Максіма Багдановіча Паліна Сцепаненка, абапіраючыся на свой досвед музейнай працы, звяртае ўвагу: асаблівая каштоўнасць будынка палягае ў тым, што гэта рэдкі прыклад дома, які непасрэдна звязаны з жыццём і творчасцю беларускага пісьменніка, і прытым захаваўся амаль у першапачатковым выглядзе, а не быў перабудаваны, адноўлены ці перавезены на іншае месца.

Дом сапраўды захоўвае памяць аб пісьменніку. З відавочнага, што пакуль можна літаральна памацаць рукамі – печка, якую акурат пратапілі да прыходу гасцей. Часткова захавалася і мэбля, нешта даводзіцца збіраць у іншых месцах: так, тут ужо стаіць стол, за якім некалі працаваў Караткевіч – потым доўгі час ім валодаў яго сябар Адам Мальдзіс. Захаваўся і ложак, на якім спаў пісьменнік.

Дом на вуліцы Караткевіча, 10 застаўся чакаць у цішы. Хочацца спадзявацца, што неўзабаве ён дачакаецца таго моманту, калі ў сценах ягоных задыхае новае жыццё. Дом-музей Уладзіміра Караткевіча, калі б ён адчыніў свае дзверы напярэдадні 90-годдзя з дня нараджэння класіка, зрабіўся б сапраўдным пунктам прыцягнення для турыстаў, якія наведваюць нашу краіну, а таксама саміх аршанцаў.

Аўтар публікацыі: Антон Рудак

Крыніца: газета “Культура”

Навіны

Заняткі на выставе “Энцыклапедыя. Нацыянальны праект”

17 Сту 2020

26 студзеня ў межах пасяджэнняў “Клуба кніжных прафесараў” адбудуцца ўнікальныя заняткі на выставе “Энцыклапедыя. Нацыянальны праект” з куратарам выставы Ксеніяй Сушай.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У бібліятэцы адзначылі Дзень літаб’яднання «Маладняк»

16 Сту 2020

16 студзеня ў рамках Дня літаб’яднання «Маладняк» у бібліятэцы прайшоў круглы стол «Маладнякоўскімі крокамі», святочная імпрэза і адкрыццё выстаўкі ў музеі кнігі, на якой упершыню ў адной экспазіцыі прадстаўлена спадчына маладнякоўцаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Да 70-годдзя з дня нараджэння Тамары Аксёнавай

15 Сту 2020

15 студзеня 2020 г. спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння Тамары Уладзіміраўны Аксёнавай, ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, высокакваліфікаванага спецыяліста ў галіне бібліятэчнай і бібліяграфічнай дзейнасці, дасведчанага кіраўніка, здольнага арганізатара і актыўнага грамадскага дзеяча.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

Глядзіце, які ролік выйшаў пра бібліятэку!

17 Сту 2020

Зоркі шоу-бізнесу Андрэй Бонд і Вольга Нікіфарава пабывалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і былі ўражаны ўсімі магчымасцямі, якія даступны нашым чытачам. Што ўдалося даведацца – глядзіце ў новым роліку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Лепшы падарунак – экскурсія

14 Сту 2020

Навагоднія святы – час цудаў і прыемных сюрпрызаў, калі кожны імкнецца падзяліцца радасцю і душэўным цяплом з блізкім. Нацыянальная бібліятэка Беларусі традыцыйна праводзіць дабрачынныя экскурсіі і іншыя сацыякультурныя мерапрыемствы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111