ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Пяць рэформ, якіх патрабуе школьны курс літаратуры
Мінск – сталіца маёй краіны

«Деревня просит: Дайте книгу!»

«Деревня просит: Дайте книгу!»
Іншыя навіны

135 гадоў заснавальніку бібліятэчнай справы ў Беларусі – Яўгену Хлябцэвічу.

На пачатку ХХ стагоддзя ў вёсцы Кленiкi жыла незвычайная сям’я. Бацька, праваслаўны святар, даследаваў старажытныя беларускiя кнiгi. Адзiн з сыноў стаў мастаком-партрэтыстам, другi арганiзоўваў бiблiятэкi i вывучаў масавае чытанне.

«Усе вёскi гарэлi пры непрысутнасцi нашых людзей. Кнiгi (10 скрыняў) закапаны ў вельмi надзейным месцы. Там тваё ўсё. Закапвалi я i Малiш. Твае рукапiсы пра беларускiх пiсьменнiкаў i лiсты iх тожа былi схаваныя там, у скрынях. Я ведаю дзе...»

Так пiсаў свайму брату Яўгену Уладзiмiр Хлябцэвiч 25 верасня 1915 года пра падзеi ў вёсцы Кленiкi на Беласточчыне.

Згаданыя скрынi знаўцы шукаюць дагэтуль.

Але большасцi з нас мала аб чым кажа iмя Яўгена Хлябцэвiча.

А пiсаў ён пра Цётку i Максiма Багдановiча, пра Янку Купалу i Якуба Коласа, Максiма Горкага i Новiкава-Прыбоя... З усiмi сябраваў, перапiсваўся. Гiсторык Вiталь Скалабан сцвярджаў: «Чатыры лiсты Багдановiча да Хлябцэвiча захоўвалiся напярэдаднi вайны ў Акадэмii навук БССР».

Ну а кнiгi Хлябцэвiча пра даследаванне масавага чытання, метадалогiю бiблiятэчнай справы актуальныя i сёння.

Давайце ж даведаемся цiкавыя факты пра чалавека, якi нарадзiўся 135 год таму ў вёсцы Жыровiчы Слонiмскага раёна.

1. Сын святара


Яўген Хлябцэвiч.
Ягоным бацькам быў праваслаўны святар Iван Хлябцэвiч. У сям’i – шасцёра дзяцей. Iван Андрэевiч выкладаў матэматыку i геаграфiю ў Жыровiцкiм духоўным вучылiшчы, загадваў бiблiятэкай Жыро­вiцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра, парадкаваў старажытныя рукапiсы, напiсаў даследаванне пра гiсторыю абiцелi, публiкаваў артыкулы ў вiленскiх часопiсах. У 1897 годзе атрымаў пасаду святара ў вёсцы Кленiкi. Так што Яўген выхоўваўся сярод кнiг. Калi пачалася Першая сусветная, сям’я перабралася ў Сызрань.

2. Адмовiўся ад духоўнай кар’еры

Напачатку Яўген пайшоў за бацькам: скончыў Жыровiцкае духоўнае вучылiшча, пасля – Вiлен­скую семiнарыю. Павiнен быў стаць святаром, але свецкiя навукi перавабiлi. Паступiў у Юр’еўскi ўнiверсiтэт, а праз год перавёўся ў Пецярбургскi. Але даследчык Рыгор Семашкевiч сцвярджаў: «Вучыўся кепска i ў духоўнай семiнарыi, i ва ўнiверсiтэце. Здаецца, што палiтыкай i грамадскай работай ён займаўся значна больш, чым вучобай».

3. Брат Уладзiмiр загiнуў, ратуючы медсястру


Уладзiмiр Хлябцэвiч.
Уладзiмiр Хлябцэвiч таксама вылучаўся вялiкiмi здольнасцямi. Быў добрым мастаком-партрэтыстам, па просьбе прафесара Эпiмах-Шыпiлы напiсаў этнаграфiчны нарыс пра вёску Кленiкi. Пад уплывам брата паступiў у Пецярбургскi ўнiверсiтэт на фiзiка-матэматычны факультэт, далучыўся да дэмакратычнага руху. Калi вучыўся на 4-м курсе, пачалася Лютаўская рэвалюцыя. Уладзiмiра Хлябцэвiча паслалi на разведку на Васiльеўскi востраў. Аўтамабiль папаў пад абстрэл, сястру мiласэрнасцi Алену Шуп паранiла. Хлябцэвiч пасунуўся ёй дапамагчы i трапiў пад кулямётную чаргу. На пахаванне Уладзiмiра ў Сызранi прыйшло дваццаць тысяч чалавек, яго iмем пасля назвалi вулiцу. Бацька Iван Хлябцэвiч напiсаў брашуру «Краткий биографический очерк студента В.И. Хлебцевича», пераехаў у вёску i праз пару гадоў памёр.

4. Друкаваўся пад псеўданiмам Халiмон з-пад пушчы

Яўген Хлябцэвiч быў вядомы ў беларускiх адраджэнскiх колах як Халiмон з-пад пушчы – так падпiсваў свае публiкацыi ў газетах «Наша доля» i «Наша нiва». Кажуць, што Халiмонам яго празвала Цётка.

5. Абараняў Янку Купалу

Хлябцэвiч сябраваў з Купалам. У Пецярбургу паэт нярэдка прыходзiў на мерапрыемствы беларускага навукова-лiтаратурнага студэнцкага гуртка, якiм кiраваў Хлябцэвiч. Менавiта праз сябра Купала перадаў гуртку верш «Прарок». Хлябцэвiч як лiтаратурны крытык заўсёды абараняў творчасць паэта ад нападак, а калi Купала загiнуў, адным з першых дапамагаў яго ўдаве ствараць музей.

6. Арганiзоўваў Паўленкаўскiя бiблiятэкi


У нарысе Уладзiмiра Хлябцэвiча чытаем: «В 1907 году стараниями и инициативою моего брата Евгения, бывшего тогда студентом Петроградского университета, была открыта в с. Клениках бесплатная народная библиотека-читальня имени Ф.Ф. Павленкова». Дарэчы, Халiмон з-пад пушчы надрукаваў у «Нашай нiве» сярдзiты допiс, як на агульным сходзе ў вёсцы Кленiкi адзiн п’яны мужык адмаўляўся здаваць грошы на тую бiблiятэку. На дапамогу прыйшоў бацька: менавiта Iван Хлябцэвiч стаў загадчыкам народнай бiблiятэкi ў Кленiках. Усяго на пачатку ХХ ст. пры ўдзеле Яўгена Хлябцэвiча было створана на Беларусi 11 народных бiблiятэк. Ягоны даклад «Развитие библиотечного дела в Белоруссии» заканчваўся словамi: «Деревня просит: Дайте книгу!».

7. Даследаваў чытанне чырвонаармейцаў

Дысертацыя Я. Хлябцэвiча (на галоўным фота) была прысвечана ўплыву творчасцi Максiма Горкага на чырвонаармейцаў. «Романтик и мечтатель», ён марыў пра «бiблiятэчны сацыялiзм». У 1919 годзе патрапiў на працу ў палiтычнае ўпраўленне Рэўваенсавета. I пачаў даследаванне – што чытаюць чырвонаармейцы. На адмысловую анкету адказалi ў пяцi воiнскiх часцях Маскоўскага гарнiзона. На першым месцы па папулярнасцi былi кнiгi пра сельскую гаспадарку, на другiм – палiтычныя кнiгi, на трэцiм – вандроўкi i прыгоды, на чацвёртым – раманы i апавяданнi пра каханне, а вось пра прыроду наогул нiхто не чытаў.

8. Выступаў перад параненымi

Падчас Другой сусветнай вайны Яўген Хлябцэвiч чытаў параненым у шпiталях лекцыi. Беларусы хацелi пачуць вершы Купалы i Коласа. Тады Хлябцэвiч звярнуўся да Якуба Коласа, класiк адгукнуўся, паслаў творы... Мiж iмi завязалася сяброўства.

Яўген Хлябцэвiч памёр у 1953 годзе ў Маскве, там i пахаваны.

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.

Крыніца: СБ – Беларусь сегодня

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам