ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Шматгранны талент
Адкрыты тэставы доступ да ЭБС “Библиороссика”

Дастоева раскрывае таямніцы

Дастоева раскрывае таямніцы
Іншыя навіны

У Iванаўскім раёне скончыўся другі этап пошукаў сядзібы Дастаеўскіх.


Скончыўся, трэба сказаць, ашаламляльным поспехам. Бо археолагі ўскрылі, апроч сядзібнага дома і кухні, падмуркі яшчэ чатырох будынкаў, знайшоўшы больш за 10 тысяч артэфактаў. Пра падрабязнасці даследаванняў у вёсцы Дастоева на Іванаўшчыне расказаў кіраўнік раскопак кандыдат гістарычных навук, дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Башкоў.

Яшчэ да пачатку раскопак археолагі сутыкнуліся з праблемай: ёсць сядзібныя дакументы, ёсць апісанне пабудоў і пакояў, але невядома, дзе ўсё гэта знаходзіцца.

– З дапамогай мясцовых жыхароў, асабліва дастоеўскага краязнаўца Анатолія Бурака, і ўласнага даследавання ўсё ж удалося высветліць, дзе стаяла сядзіба, – гаворыць Аляксандр Башкоў. – Гэта было летась. І менавіта тады мы таксама ўстанавілі прыкладныя межы маёнтка – каля 1 гектара.

У 2012-м на невялікай глыбіні археолагі адшукалі падмуркі адразу некалькіх аб’ектаў: дома Дастаеўскіх, кухні і гаспадарчых пабудоў. Тых самых, што з пачатку XVI і да другой паловы XVII стагоддзя насяляў шляхецкі род Ірцішчавых. Атрымаўшы ад пінскага князя вёску Дастоева, сям’я змяніла прозвішча на Дастаеўскія, што было для тых часоў стандартнай практыкай. Дакладна невядома, калі нашчадкі канчаткова пакінулі дом, але гэта здарылася напрыканцы XVII стагоддзя. У сярэдзіне яго сядзіба вельмі пацярпела ад набегу казакоў, і сям’я ўжо не змагла аднавіць сядзібу. Набраўшы пазык і не здолеўшы з імі разлічыцца, Дастаеўскія пераязджаюць на Валынь, дзе пераходзяць у святарскае саслоўе. Нашчадкі роду становяцца праваслаўнымі святарамі, але адзін з іх – Міхаіл – не марыў аб духоўнай кар’еры і з’ехаў у Маскву. Тут ён скончыць хірургічную акадэмію, у яго народзяцца сем сыноў. Сярод іх будзе і Фёдар Міхайлавіч, які праславіў род на ўвесь свет.

– Сляды казацкага набегу мы змаглі ўбачыць вельмі яскрава сёлета, – тлумачыць Аляксандр Аляксандравіч. – Гэта перш за ўсё цэлыя свінцовыя кулі, якія, відаць, адліваліся для абароны. І кулі сплюшчаныя, якімі стралялі па сядзібе. Акрамя таго, мы знайшлі некалькі ядраў – як звонку, так і ў сярэдзіне некаторых пабудоў. Відавочна, што маёнтак быў у аблозе, прычым даволі сур’ёзнай. Для казакоў рабаванне шляхты, незалежна ад веравызнання, і забойствы каталіцкіх святароў былі нармальнай практыкай. Але з дакументаў мы не ведаем, чым напад скончыўся для Дастаеўскіх. Маем толькі вынік: у 1754 годзе сядзіба, згодна з інвентаром, ужо здавалася ў арэнду.

Праз пэўны час ёю валодалі палескія шляхціцы – Чапліцы, Орды, Гедройцы. Невядома, якім чынам змяняўся маёнтак, але ўскрытыя сёлета падмуркі ўразілі даследчыкаў.

– Летась мы меркавалі, што памеры будынкаў былі значна меншыя, – тлумачыць Аляксандр Башкоў. – Але цяпер ведаем, што памеры сядзібнага дома ажно 20 на 16 метраў! Кухні – 8 на 10! Высветлілася, што сам дом меў яшчэ некалькі прыбудоў: ганак, веранду, капліцу і калідорчык.

Дарэчы, усё знойдзенае на сто працэнтаў супадае з апісанымі ў інвентары дэталямі: і пяць пазначаных у дакуменце печаў, і наяўнасць усіх перагародак. Таму, як гаворыць брэсцкі даследчык, з высокай доляй упэўненасці можна казаць, што знойдзена менавіта сядзіба Дастаеўскіх. У гэтым выпадку археалогія і архіўныя дакументы добра спрацавалі разам і далі нечаканы вынік.

– Падмуркі захаваліся вельмі добра: страчана толькі каля 20 працэнтаў. А ўсяго ў час раскопак мы знайшлі больш за 10 тысяч артэфактаў. У кухні гэта асколкі глінянага і іншага посуду, у сядзібным доме – манеты. Іх адшукана больш за 50, прычым усе даволі старыя – 1622-га і 1666 гадоў. Захавацца манетам дапамагла гідраізаляцыя з гліны пад дошкамі падлогі: калі яны падалі пад палавіцу, адтуль іх ужо не даставалі, – расказвае Аляксандр Башкоў.

Паводле слоў дацэнта, археолагі маюць надзею на наступны этап даследаванняў, калі будуць вывучаныя ўсе аб’екты былой сядзібы Дастаеўскіх.

– Нам хацелася б, каб была інфармацыя пра ўсе пабудовы, – тлумачыць Аляксандр Аляксандравіч. – У будучыні гэта дазволіць аднавіць адразу ўвесь комплекс, як гэта зроблена ў Завоссі і Марачоўшчыне. Дарэчы, цяпер у Варацэвічах Іванаўскага раёна таксама вяртаецца да жыцця сядзіба Ордаў.

На працягу двух гадоў на ўзроўні двух урадаў – Беларусі і Расійскай Федэрацыі – існуе дамоўленасць аб аднаўленні сядзібы Дастаеўскіх за кошт Саюзнай дзяржавы. Цяпер вядзецца распрацоўка канцэпцыі яе адбудовы з наступнай музеефікацыяй. Мяркуецца, што на базе маёнтка будзе створаны літаратурна-краязнаўчы музей Дастаеўскага.

Пакуль жа ў Дастоеве пазнаёміцца з гісторыяй тутэйшых мясцін і продкамі расійскага пісьменніка можна ў музеі пры мясцовай школе. Але знойдзеныя ў час даследаванняў артэфакты даюць упэўненасць: неўзабаве маленькая палеская вёска можа стаць яшчэ адной Меккай для ўсіх аматараў творчасці Фёдара Міхайлавіча.

Аўтар публікацыі: Арцём Кір’янаў.

Крыніца: газета “Рэспубліка”

Чытайце таксама:

Навіны

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам