ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Беларусь – наш агульны дом
Эксперыменты са стылем, асвятленнем і настроем: запрашаем на здымкі ў інтэр’ерах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі!

Дастаеўскія: карані роду

Дастаеўскія: карані роду
Іншыя навіны

Фёдар Дастаеўскі, адвакат Андрэя Курбскага

Уцякач у Літву ад апантанага Івана Грознага князь Андрэй Курбскі несумненна па нейкай вельмі важкай прычыне звярнуў увагу на земяніна Пінскага павета Фёдара Іванавіча Дастаеўскага, які пражываў у ваколіцах Уладзіміра-Валынскага, і наблізіў яго да сябе.

Удава пісьменніка А.Р.Дастаеўская прыводзіла з гэтай нагоды са свайго асабістага архіва даволі цікавыя дакументы, якія адносяцца да 1572 года. У іх неаднаразова згадваецца імя Фёдара Іванавіча Дастаеўскага побач з імем збеглага маскоўскага князя:

“Князь Андрэй Міхайлавіч Курбскі і Яраслаўскі абвясціў праз упаўнаважанага прыяцеля свайго, пана, Фёдара Дастаеўскага, земяніна, яго каралеўскай міласьці павета Пінскага...”. Або: “...Па чытанні гэтага позва, яго міласць, князь Курбскі Яраслаўскі, паклаў, праз таго ж упаўнаважанага прыяцеля свайго, пана Фёдара Дастаеўскага...”

Тут трэба адзначыць, што Курбскі ў Літве ажаніўся ў другі раз. На новай радзіме маскоўскі князь узяў сабе ў жонкі Марыю Юр’еўну Казінскую, народжаную князёўнай Гальшанскай. Да шлюбу з Курбскім Мар’ я Юр’еўна ўжо мела двух мужоў. Спачатку муж і жонка жылі быццам бы няблага, а потым… то разыходзіліся, то сыходзіліся. Справа нават даходзіла да судовых цяжбаў.

Так 10 студзеня 1578 года жонка Курбскага падчас сваіх паказанняў на судовым допыце пра тое, куды яна падзела дакументы, выкрадзеныя ў мужа, таксама згадвае свайго “пракуратара” (паверанага), Фёдара Дастаеўскага. Мар’я Юр’еўна паведаміла, што “ўсе дакументы перадала на захаванне, з рук у рукі пракуратару нашаму, пану Фёдару Дастаеўскаму; прычым, мы дамовіліся паміж сабой, каб ён нікому не аддаваў і не вяртаў тых дакументаў, як толькі асабіста мне, ва ўласныя рукі...”

Архіўныя крыніцы паказваюць, што Фёдар Іванавіч, блізкая і давераная асоба князя Курбскага, земянін Пінскага павета, сын Івана Данілавіча, у 1570-х гадах пражываў у ваколіцах Уладзіміра-Валынскага, горада рамеснікаў і купцоў. Але як і чаму ён апынуўся там?

Хутчэй за ўсё гэта адбылося вось з якой прычыны. Жонка Фёдара Іванавіча Зоф’я Янаўна, – багатая спадчынніца – не змагла абараніць права на спадчыну ў судовай цяганіне са сваім сваяком Мацеем Вайціховічам. Ад імя сваёй жонкі і яе брата судовую справу вёў сам Фёдар Іванавіч. Мацей Вайціховіч выйграў справу і хоць Зоф’я Янаўна і яе брат былі прызнаныя спадкаемцамі, але маёмасць засталася за Вайціховічамі.

У самога Фёдара Іванавіча назапашванняў асаблівых не было, бацькоўская маёмасць перайшла да яго старэйшага брата Сасіна. І Фёдар, збяднелы шляхціц, пайшоў служыць у войска. У 1565 годзе ён ужо значыцца ў спісах ваенных служылых людзей. Мабыць, у пэўны момант інтарэсы Андрэя Курбскага супалі з інтарэсамі выхадца з Пінскага павета. Так Фёдар Іванавіч становіцца фактычна даверанай асобай беглага маскоўскага князя.

У 1572 годзе Фёдар Іванавіч бараніў правы Курбскага ў ролі адваката. У прыватнасці, даследчык гісторыі Валыні Мікалай Тэадаровіч адзначаў, што Фёдар Дастаеўскі выйграў працэс супраць князя Дзмітрыя Курцевіча-Булыгі. Апошні, у стане п’янай нястрыманасці, “са звярынай апантанасцю” забіў адданага паплечніка і слугу Курбскага – Івана Келемета.

Фёдар Іванавіч дапамагае Курбскаму выйграць справу. Згодна з пастановай суда Курбскі меў права атрымаць кампенсацыю за маёмасць, захопленую ў Келемета. З Булыгі належала спагнаць 1665 капеек 50 грошаў і 4 пенязя. У выпадку яго нязгоды плаціць суд пастанавіў: канфіскаваць маёмасць князя-разбойніка на карысць Курбскага. Булыга не змог ці не захацеў плаціць. Ён заключыў з Курбскім міравую здзелку, па якой абавязаўся выплаціць 600 грошаў і адседзець у турме Уладзімірскага замка адзін год і шэсць тыдняў. Маёнтак ён губляў толькі ў тым выпадку, калі б своечасова не ўнёс дадзеную суму...

Стэфан Дастаеўскі, жыхар Мінска

Бацька Фёдара Іванавіча Іван Данілавіч Ірцiшч-Дастаеўскі меў яшчэ двух сыноў – Сасіна і Стэфана. Дастоева дасталася старэйшаму сыну – Сасіну. Сярэдні, Фёдар Іванавіч, з’ехаў на Валынь і стаў “упаўнаважаным прыяцелем” Курбскага. А малодшы з братоў – Стэфан – усталяваў сувязі пры каралеўскім двары ў Гродне. Менавіта ў гэтым горадзе размяшчалася ў той час стаўка польскага караля і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя. Кароль даручыў падабраць для Стэфана Дастаеўскага месца, якое б адпавядала яго вартасці і лагоднасці. У 1576 годзе мінскі стараста Гаўрыла Гарнастай звярнуўся да сваіх падданых, насельнікаў Спаса-Узнясенскага манастыра:

“Ознаимую (сообщаю) вам иж (что) я видечи великии непорядок которыися повси часы (времена) прошлые так и теперь деет в оном манастыри оный манастыр отдалом служебникови моему пану Стефану Достоевскому абысте его во всем послушни были яко пана своего до воли и ласки Его м(и)л(о)сти г(оспо)д(а)рское” (Зборнік старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні, праваслаўных манастыроў, цэркваў і па розных прадметах. Мінск, 1848, с.30.). То-бок Стэфан Дастаеўскі ў канчатковым выніку атрымаў манастыр па пратэкцыі свайго непасрэднага начальніка, старасты мінскага, у якога ён, Стэфан, быў “служэбнікам”.

Так продак знакамітага пісьменніка апынуўся ў Мінску.

Трэба адзначыць, што да пачатку XVII стагоддзя, па архіўных звестках, у Мінску існавала 16 манастырскіх і прыхадскіх цэркваў. Цэнтрам праваслаўя ў горадзе аж да канца XVI стагоддзя быў Спаса-Узнясенскі мужчынскі манастыр, які лічыўся адным з самых старажытных і багатых у Вялікім Княстве Літоўскім: яму належала мноства зямель, у бібліятэцы захоўваліся рэдкія кнігі, пры ім дзейнічаў і прытулак.

Манастыр знаходзіўся на месцы аднаго з карпусоў цяперашняга будынка Міністэрства абароны Беларусі, вуліца побач з ім у свой час мела назву Белацаркоўная. Славіўся манастыр у тым ліку і сваёй цудатворнай іконай святога Панцеляймона, упрыгожанай залатым акладам. Абраз у дарунак Спаса-Узнясенскаму мужчынскаму манастыру перадала вялікая княгіня Княства Літоўскага Алена, жонка караля Аляксандра Ягелончыка.

У Вялікім Княстве Літоўскім была практыка аддаваць манастыр, які застаўся без кіравання, у кармленне знакамітаму шляхціцу. Такі шляхціц прымаў пострыг, станавіўся настаяцелем манастыра, і, карыстаючыся сваімі свецкімі ведамі і сувязямі, пашыраў манастырскі ўплыў. Кароль Стэфан Баторый дае Дастаеўскаму прывілей (грамату) на Менскі Узнясенскі манастыр з усімі раллямі і фальваркамі, сёламі і маёмасцю. Вядомы расійскі гісторык ХIX стагоддзя Сяргей Салаўёў пацвярджаў гэтыя дадзеныя, праўда год прывілея адзначыў іншы: “Менскі Узнясенскі манастыр быў ў 1579 годзе перададзены з ведама каралеўскага земяніну Дастаеўскаму, які не быў нават праваслаўны” (Гісторыя Расіі, VII, 453).

І тут пачынаецца нейкая дзіўная блытаніна.

“Мой бацька распавядаў маёй маці пра епіскапа Стэфана, які, на яго думку, быў родапачынальнікам праваслаўнай галіны нашай сям’і, – пісала дачка Дастаеўскага Любоў Фёдараўна. – …Я мяркую, што адзін з маіх літоўскіх продкаў, што перабраўся ва Украіну, памяняў рэлігію для таго, каб ажаніцца на праваслаўнай украінцы, і стаў святаром... Дастаеўскі хацеў яму (малодшаму сыну) даць імя Сцяпана, у памяць епіскапа Стэфана, які, як бацька казаў, быў заснавальнікам нашага роду”.

Відавочна, што Стэфан Дастаеўскі ўсё ж такі не быў епіскапам, калі гаворка ідзе менавіта пра таго самага Стэфана, роднага брата Фёдара Іванавіча. Ён сапраўды атрымаў у валоданне мінскі Спаса-Узнясенскі мужчынскі манастыр, але ўжо праз паўтара гады на кіраванне манастыром быў пасвечаны мінскі земянін Міхаіл Рагоза.

Гісторыя дзіўная, і, шчыра кажучы, каламутная. Перадача манастыра ў валоданне іншай асобы адбылася з-за скаргі каралю мітрапаліта кіеўскага Іллі і кашталяна менскага Яна Глебавіча. Сэнс скаргі палягаў у тым, што Стэфан Дастаеўскі – чалавек свецкі і “да таго ж закона не грэцкага” карыстаецца толькі даходамі і зусім не клапоціцца аб кіраванні манастыром: “только дей для пожытку своего тот монастырь держит” (выходзіць, Стэфан Дастаеўскі насуперак канонам не прыняў пострыг, нягледзячы нават на прывілей ад самога караля?).

Напярэдадні Раства з манастыра знікае багата ўпрыгожаная рэліквія, а таксама іераманах Дыянісій, які мусіў быў яе ахоўваць. Вышук праведзены судовым следчым ВКЛ Менскага ваяводства Пажарыжскім не даў вынікаў. Ніякіх доказаў віны Стэфана Дастаеўскага ў знікненні рэліквіі манастыра выяўлена не было, і ў 1590 годзе ён ужо згадваецца проста як “писар городский Менский”.

Тым не менш гісторыя Стэфана Дастаеўскага ў пэўным сэнсе мела працяг. У 1606 годзе яго дачка Марына Стэфанаўна была абвінавачаная ў забойстве свайго мужа Станіслава Карловіча. Будучы замужам за ўдаўцом яна спачатку падгаварыла свайго палюбоўніка, нейкага Яна Тура, забіць мужа, а затым спрабавала атруціць пасынка і падчарку. Следчым удалося даказаць яе віну. Родная сястра Марыны Раіна таксама праходзіла па гэтай справе і абвінавачвалася ў падробцы завяшчання, што было ўстаноўлена праз параўноўванне почыркаў і пячатак. Стэфан жа ў гэты час у Мінску быў заняты афармленнем спадчынных дамаганняў Марыны на рухомую і нерухомую маёмасць свайго мужа па падробленым завяшчанні. Вярхоўны трыбунал Вялікага Княства Літоўскага прысудзіў Марыну Дастаеўскую і яе палюбоўніка да смерці. Астатнія фігуранты справы абышліся вялізнымі штрафамі і канфіскацыяй маёмасці...

Аўтар публікацыі: Сяргей Буракоў.
Крыніца: Культура

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам