ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўнесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА (+відэа)
У Новы год разам з Нацыянальнай бібліятэкай

Да 130-годдзя з дня нараджэння Уладзіславы Луцэвіч

Іншыя навіны

Уладзіславу Францаўну Луцэвіч сёння мы ведаем як жонку Янкі Купалы. У юнацтве яе звалі Станкевічанка. «Włada Stankiewičanka» пазначана беларускай лацінкай на яе візітоўцы.

Уладзіслава Станкевіч з бацькамі на павозцы каля дома, у якім яна нарадзілася. Вішнева, 1902
Уладзіслава Станкевіч з бацькамі на павозцы каля дома, у якім яна нарадзілася. Вішнева, 1902

Нарадзілася яна ў мястэчку Вішнева Ашмянскага павета. Цяпер гэтая вёска належыць Валожынскаму раёну Мінскай вобласці. Дзед Уладзіславы – Вінцэнт Станкевіч – удзельнічаў у паўстанні 1863–1864 гг., быў знаёмы з Адамам Міцкевічам, сябраваў з Францішкам Багушэвічам. Бабуля Тэкля падчас паўстання была медсястрой. Бацька Уладзіславы Франц служыў лясным аб’ездчыкам у Каралінове. Маці Эмілія Манэ – францужанка па паходжанні – прыехала на Беларусь з дачкой ад першага шлюбу Марыяй і ўладкавалася на працу гувернанткай. Тут яна выйшла замуж за Франца Станкевіча, і ў іх нарадзіліся дзеці: Вікенцій і Уладзіслава. «Мая сястра, Уладка, гэта было проста жывое серабро. Вясёлая, гаманлівая, поўная невычэрпнай энергіі. Здаралася, што не раз Купала ўціхамірваў сваю жонку, якая залішне расшумелася. Але добра, згодна яны жылі, вельмі паважалі і любілі друг друга. Мая сястра высватала мне жонку – Элеанору Ковзан – родам з Вішнева. У 1912 годзе мы павянчаліся», – прыгадваў Вікенцій.

«Отец получал 80 руб. в год», – пісала Уладзіслава Францаўна пазней у аўтабіяграфіі, паступаючы на работу. 80 рублёў у часы Расійскай імперыі – даволі малыя грошы для гадавога заробку, таму можна выказаць здагадку, што жыла сям’я вельмі сціпла. Яна, як і маці, стала настаўніцай: скончыла педагагічныя курсы імя Стэфаніі Марцішэўскай у Варшаве, якія рыхтавалі па методыцы аўстрыйскага педагога Фрыдрыха Фробеля. Пасля заканчэння вучобы Уладзіслава пераязджае ў Вільню, дзе працуе выхавальніцай у дзіцячых прытулках і актыўна ўдзельнічае ў беларускім культурным руху пачатку XX стагоддзя.

Уладзіслава Станкевіч з выхаванкамі дзіцячага прытулку. Вільня, 1915.
Уладзіслава Станкевіч з выхаванкамі дзіцячага прытулку. Вільня, 1915

Яна сустракаецца з многімі дзеячамі беларускай культуры, у тым ліку з Цёткай – сваім кумірам і прыкладам. Знаёмства адбылося яшчэ ў 1905 годзе. Алаізе Пашкевіч у кампаніі беларускіх студэнтаў і настаўнікаў прадставілі Станкевічанку як «заўзятую беларуску». «Яна шчыра абняла мяне, пацалавала і сказала: “Вот малайчына!” Гэта мяне вельмі расчуліла, бо звычайна не толькі чужыя, але і хатнія смяяліся нада мной і дакаралі за беларускасць як за “надуманую непатрэбшчыну”», – прыгадвала Уладзіслава.

Юнацтва Уладзіславы Станкевіч выпала на час палітычнай рэакцыі пасля паразы рэвалюцыі 1905–1907 гадоў, і пазней яна прыгадвала, што яе двойчы арыштоўвалі і судзілі «адміністратыўным парадкам» за работу ў забароненых школьных гуртках для рабочай моладзі.

Іван і Уладзіслава Луцэвічы. 1916
Іван і Уладзіслава Луцэвічы. 1916

Уладка Станкевічанка мела добры голас і пластыку, удзельнічала ў Беларускім музычна-драматычным гуртку, дзе адным з яе партнёраў па танцах быў Чэслаў Родзевіч. Паўліна Мядзёлка пісала ва ўспамінах, што Уладзіслава была ў яго закахана. Яшчэ адным кавалерам юнацкіх часоў быў Ян Кунц – сябар дзяцінства. А з Янкам Купалам дзяўчына пазнаёмілася менавіта ў Вільні, дзе паэт працаваў у рэдакцыі «Нашай Нівы». Пра іх знаёмства яна прыгадвала: «Першая сустрэча мая з Янкам Купалам адбылася ў беларускай кнігарні на Завальнай вуліцы № 7. Даведаўшыся, што Янка Купала знаходзіцца там, нас чалавек 10–15, у тым ліку Цётка, Ядвігін Ш., Бядуля і інш., пайшлі яго пабачыць. Калі я першы раз убачыла Янку Купалу, ён мне тады чамусьці не спадабаўся. Захапляючыся яго вершамі, я стварыла ў сваім уяўленні нейкі незвычайны вобраз паэта».

Потым яны часта сустракаліся ў рэдакцыі «Нашай Нівы», на беларускіх вечарынах. Хадзілі разам на пастаноўку «Снег» па п’есе Пшыбышэўскага ў польскім тэатры, пасля Янка Купала праводзіў Уладзіславу дадому. На наступны дзень зранку ёй прынеслі ліст – гэта быў рукапіс новага верша Купалы «Снег». Сваёй будучай жонцы Янка Купала прысвяціў вершы «Гэй ты, дзяўчына, кветка лілея», «Мусіць, трэба было», «Успомні». Вядома, што і сама Уладзіслава спрабавала сябе ў паэзіі: яе верш «Гудзіць вецер, завывае» быў надрукаваны ў «Беларускім календары» на 1914 год.

Уладзіслава Луцэвіч. 1925
Уладзіслава Луцэвіч. 1925

Наступны раз Янка Купала і Уладзіслава сустрэліся ўжо ў Маскве, куды з’ехалі ў эвакуацыю пры набліжэнні фронту Першай сусветнай вайны да Вільні. Абое сталі вучыцца ў Маскоўскім гарадскім народным універсітэце імя Шаняўскага. Захаваўся студэнцкі білет Уладзіславы – «на право посещения во второмъ семестре 1915–16 академич. года лекций историко-философскаго цикла I курса». У Маскве іх сяброўства перарасло ў каханне, і 23 студзеня 1916 года яны павянчаліся ў маскоўскім касцёле святых Пятра і Паўла.

34 гады свайго жыцця аддала Уладзіслава Францаўна працы з дзецьмі. Пасля пераезду з Янкам Купалам у Мінск яна кіравала групамі ў дзіцячых садках. Аляксандра Шкляева, якая сябравала з сям’ёй Луцэвічаў, прыгадвала, як пад Новы 1925 год Уладзіслава Францаўна арганізоўвала «ёлку» ў дзіцячым садзе № 8 і пасля свята падарыла дзецям цукеркі. Сваіх дзяцей у Луцэвічаў не было, але выхаванцы дзіцячых садкоў, у якіх працавала Уладзіслава, часта бывалі ў яе з Янкам Купалам «Доме пад таполяй» па вуліцы Кастрычніцкай.

У кватэры Канстанціна Елісеева. Уладзіслава Луцэвіч, Аляксей Новікаў-Прыбой, Янка Купала. Масква, 1930-я
У кватэры Канстанціна Елісеева. Уладзіслава Луцэвіч, Аляксей Новікаў-Прыбой, Янка Купала. Масква, 1930-я

Уладзіслава Францаўна была сапраўднай гаспадыняй у Купалавым доме. Гатавала яна пераважна традыцыйныя і мадэрнізаваныя беларускія стравы: дранікі, бліны з мачанкай, квашаную капусту. Дапамагала Янку Купалу ў літаратурных справах. Ян Скрыган, які працаваў у «Літаратуры і мастацтве», прыгадваў, што сам Янка Купала ніколі не прыносіў у рэдакцыю сваіх вершаў і не забіраў ганарар: за яго гэта рабіла Уладзіслава Францаўна. Іх аб’ядноўвала не толькі каханне, але і блізкія інтарэсы, кола сяброў і знаёмых. Для паэта Уладзіслава Францаўна была вернай спадарожніцай, і яны дапаўнялі адно аднаго – шумная і гаваркая Уладзіслава і спакойны, маўклівы Янка Купала.

У чэрвені 1942 года, калі Луцэвічы жылі ва эвакуацыі ў пасёлку Пячышчы недалёка ад Казані, Янку Купалу выклікалі ў камандзіроўку ў Маскву. Сваёй жонцы ён напіша ліст адтуль: «Дарагая Владка! Заехаў добра. Затрымаўся ў гасц. “Масква”». Яе ліста ў адказ ён ужо не атрымае. Жыццё Янкі Купалы абарвалася 28 чэрвеня 1942 года. Уладзіслава не паспела прыехаць на пахаванне і потым усё жыццё шкадавала, што адпусціла Янку ў тую паездку аднаго.

Уладзіслава Луцэвіч у кнігарні. Мінск, 1956
Уладзіслава Луцэвіч у кнігарні. Мінск, 1956

Уладзіслава пачала збіраць спадчыну загінулага мужа – спачатку як сакратар камісіі па ўшанаванні памяці Янкі Купалы, потым як першы дырэктар музея паэта. Яе рукамі былі закладзены асновы музейных фондаў. Яна дамаўлялася з архівамі, бібліятэкамі аб вяртанні ў Мінск рукапісаў, кніг, рэчаў, збірала ўспаміны пра Янку Купалу, заказвала мастацкія работы, прысвечаныя паэту. Прыгадвалі, што «музей быў для яе святыняй. І праявы людской абыякавасці або проста нетактоўнасці ў адносінах да памяці Купалы яе моцна абражалі. Не цярпела і фразавага пустазвонства ў адрас народнага паэта». За перыяд, калі Уладзіслава Францаўна была дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы, устаноўлены помнікі паэту ў Мінску і Радашковічах, мемарыяльная дошка на доме, у якім нарадзіўся Янка Купала, адкрыты першы філіял музея на радзіме паэта ў Вязынцы. Адкрывала Уладзіслава і мемарыльныя дошкі ў Яхімоўшчыне, Пячышчах, Вільнюсе, Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу).

Падтрымлівалі яе ў гэтай працы не толькі супрацоўнікі музея, але і старыя знаёмыя, сябры, якія пагаджаліся напісаць успаміны, перадаць у музей рэчы ці рукапісы паэта. Усё жыццё Уладзіслава Францаўна сябравала з паэтэсай Канстанцыяй Буйло. Эмілія Манэ-Станкевіч вучыла маленькую Буйлянку французскай мове. Дзяўчаты паходзілі з падобных сем’яў, абедзве атрымалі педагагічную адукацыю, уваходзілі ў кола дзеячаў беларускай культуры ў Вільні. Пасля, калі лёс развёў іх па розных гарадах: Уладзіслава – у Мінску, Канстанцыя – у Маскве, яны прыязджалі адна да адной у госці, абменьваліся лістамі, у якіх дзяліліся навінамі і прыгадвалі мінулае. Костка і Уладка – так звярталіся адна да адной.

Уладзіслава Луцэвіч за рабочым сталом у Літаратурным музеі Янкі Купалы. Мінск, вул. Энгельса, 27. 1957
Уладзіслава Луцэвіч за рабочым сталом у Літаратурным музеі Янкі Купалы. Мінск, вул. Энгельса, 27. 1957

У 1951 годзе Уладзіслава пісала Канстанцыі Буйло пра адкрыццё экспазіцыі па новым адрасе на вуліцы Энгельса, 27: «Ты не сердись, что редко пишу тебе, но у меня теперь “горячие денёчки”. Днями должна открыть музей. Работаем целыми днями и вечерами…» Да адкрыцця музея ва ўласным будынку па вуліцы Янкі Купалы, 4 Уладзіслава не дажыла. Памерла 25 лютага 1960 года ад гіпертанічнай хваробы. Але музей – яе «святыня». Адноўлены «Купалаў дом» прымае гасцей па гэтым адрасе з мая 1960 года па сёння.

Аўтар публікацыі: Кацярына Пышкала.
Фота з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Крыніца: Звязда

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам