ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Канцэрт класічнай музыкі
Незабыўнае: адкрылася выстава, прымеркаваная да 80-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны

Чыт@ць нельга спыніцца. Дзе тут паставіць коску, каб не вынесці прысуд сучаснасці?

Чыт@ць нельга спыніцца. Дзе тут паставіць коску, каб не вынесці прысуд сучаснасці?
Іншыя навіны

Адказ ведае спецыяліст, для каго чытанне – жыццёвая неабходнасць, імкненне душы, глыток свежага паветра і прафесійнае зацікаўленне. Дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Таццяна Адамян разумее, чаму сяброўства з кнігай дае карысць. Бо яшчэ англійскі публіцыст Джозеф Адзісан быў перакананы, што чытанне для розуму – тое самае, што фізічныя практыкаванні для цела. Ці памятае пра гэта пакаленне лічбы, якое падпарадкавана хуткасці, імгненнасці ўспрымання інфармацыі? Ці вернемся мы да ўдумлівага аналізу прачытанага? І якая тут роля кніжніцы? Пра гэта размаўляем з дырэктарам Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Таццянай Адамян.

– Таццяна Мікалаеўна, ці не думаеце, што бібліятэка сёння губляе пазіцыі перад усёмагутнасцю інтэрнэту і эфектыўнасцю высокіх тэхналогій?

– Маё цвёрдае перакананне не толькі як кіраўніка кніжніцы, але і як чалавека, які сам чытае: бібліятэка будзе заўсёды. Але з улікам змянення сацыяльнай ролі ў грамадстве. Напрыклад, у канцы ХХ стагоддзя, у 1970–1980-я гады, галоўнай фунцыяй бібліятэкі была інфармацыйная. Аднак інтэрнэт істотна паўплываў на сучаснасць і кардынальна змяніў функцыі кніжніцы. Таму на першы план ужо выходзяць не інфармацыйная і асветніцкая, а сацыяльная. Роля кніжніцы ў грамадстве змянілася. Вядома, бібліятэкі павінны ісці ў нагу з часам, развівацца разам з грамадствам. Фонды будуць, у тым ліку і папяровыя, але, мабыць, у меншай ступені, чым сёння. Пры багацці баз даных, розных носьбітаў інфармацыі бібліятэкі застануцца. Мяркуйце самі: сёння, як бы там ні было, з улікам паўнатэкставых баз даных, колькасць (экзэмплярнасць) выпушчанай літаратуры на папяровых носьбітах прэвалюе над электроннымі.

– Ёсць шмат людзей, якія пасля прачытання адметнай кнігі адкрывалі новую эру свайго жыцця, гаварыў амерыканскі пісьменнік Генры Тора. Вам знаёма гэта? Каму аддаяце перавагу: аўтарам айчынным ці сусветным?

– Люблю проста добрыя кнігі. Калі выбіраць паміж класікай і сучаснасцю, аддаю перавагу сучаснасці. Апошняе, што прачытала, – дзве кнігі беларускай журналісткі Інесы Плескачэўскай – «Без жалезнай заслоны», «Як разгадаць Кітай». Я атрымала вялікае задавальненне, у прыватнасці, ад кнігі пра Кітай, бо такое мала дзе прачытаеш: гэта погляд чалавека знутры, які ў Кітаі доўгі час жыў. Што датычыць нашых мясцовых аўтараў, то нядаўна, на вялікі жаль, пайшоў з жыцця віцебскі паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч. Дык літаральна за месяц да скону перадаў мне сваю кнігу «Шлях з адзіноцтва» – гэта пераклады з нямецкай паэзіі. Люблю і мастацкую літаратуру: і расійскіх сучасных аўтараў, і замежных, тых, што на слыху, іншым разам звяртаю ўвагу на кнігі, якія атрымалі ўзнагароды. Апошняе, што чытала, – кніга шведскага аўтара Фрэдрыка Бакмана «Трывожныя людзі». Гэтую кнігу прэзентавалі ў лютым на міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы.

– А з расійскіх аўтараў?

– Чытаю і жаночую прозу, напрыклад, Дзіну Рубіну. Пры ўсіх неадназначных меркаваннях пра гэты жанр лічу, што калі жаночы раман добры, то чаму б не пачытаць: тут сітуацыі з паўсядзённага жыцця, якія здараюцца з кожным. І карысна прасачыць, каб зрабіць высновы і ўзяць вопыт на ўзбраенне.

 Такім чынам, гэтую літаратуру не варта называць нізкасортнай, як некаторыя сцвярджаюць?

– Як для мяне, калі жаночы раман не прытарна салодкі, а дабротны, з настроем, то чытаю, бо пад розную сітуацыю хочацца рознага чытва. Але зусім лёгкае, напрыклад Данцову, не чытаю.

 А беларускую пісьменніцу Наталлю Батракову?

– Яна, дарэчы, гады два назад была ў нас у бібліятэцы. Кнігі Наталлі Батраковай «Плошча згоды» і «Імгненне бясконцасці» мне спадабаліся асабліва: у іх – мая вучоба ва ўніверсітэце, мая маладосць...

– А можна сказаць, што лепш выбраць лёгкі жаночы раман, чым пасядзець у інтэрнэце?

– Да інтэрнэту ў мяне неадназначнае стаўленне. Чытаць кнігі з экрана – не маё, хаця моладзь на гэта глядзіць па-іншаму. Але калі інтэрнэт прапаноўвае да прагляду відэаэкскурсіі па свеце, па музеях, то чаму б у інтэрнэце не пасядзець?

 Вы ўжо прыстасаваліся да пандэмійных абмежаванняў? Ці скарацілася колькасць чытачоў?

– У мінулым годзе ў сакавіку было прынята рашэнне аб спыненні абслугоўвання чытачоў у чытальных залах. І цэлы квартал тады чытальныя залы былі зачынены, працаваў толькі абанемент, куды прыходзіла вельмі многа чытачоў. Мы штодзённа падавалі статыстыку ў наша ўпраўленне культуры: было і 100, і 150, і нават да 200 чалавек у дзень. Людзі званілі мне і ў аддзел культуры, і ва ўпраўленне з пытаннем, чаму не працуюць чытальныя залы. Таму тое, што мы аказаліся такімі запатрабаванымі (гэта меркаванне не толькі маё, але і іншых калег), адчувалася. Бо тым, хто прывык чытаць, без гэтага было цяжка.

Каб кнігі адразу не перадаваць з рук у рукі чытачам, пакідалі ў падсобным памяшканні на каранцін да пяці дзён. Выданні, якія здаваліся, прымалі ў асобным памяшканні. Пасля пяцідзённага каранціну кнігі зноў расстаўляліся ў агульны фонд. Сёння мы працуем паўнацэнна, адкрыты чытальныя залы і абанемент. Але калі глянуць агулам, чытачоў стала менш. Бо дагэтуль дзейнічаюць рэкамендацыі не збіраць масавыя мерапрыемствы.

Але ўсё роўна запланаванае ажыццяўляем, хай малымі групамі, у іншых формах.

 У электронных?

– Так. Яшчэ больш мы павярнуліся да інфармацыйнага асяроддзя, вялікая падмога ў гэтым выпадку – відэасувязь. Што датычыць павышэння кваліфікацыі, то шмат у анлайн: семінары, трэнінгі, вучоба, кантакт з калегамі. Мы супрацоўнічалі і з Пскоўскай бібліятэкай, і са Смаленскай. Выратоўвае Zoom. Цікавы быў у нас сумесны міжнародны семінар па інклюзіі – абслугоўванні інвалідаў. Стала больш электронных выставак. Калі планавалі абласны вэбінар «Арганізацыя прававога выхавання ва ўмовах сучаснай бібліятэкі», вызначалі форму правядзення: анлайн ці афлайн. У вынікі сышліся на анлайн. Задзейнічалі раёны, вобласці. Амаль усе бібліятэчныя сістэмы (іх у нас 23) падключыліся. Такая форма работы стала сёння папулярнай як ніколі.

 Фактычна, настаў новы этап бібліятэчных зносін. Без гэтага ўжо не абысціся?

– Сапраўды, іншы ўзровень у рабоце бібліятэк: і ў камунікацыі з чытачамі, і ў павышэнні прафесіяналізму. Канечне, нішто не заменіць жывую прысутнасць, але анлайн-канферэнцыі, семінары будуць працягваць развівацца. У канцы мінулага года, у лістападзе, мы традыцыйна праводзілі міжнародную навукова-практычную краязнаўчую канферэнцыю. Як правіла, яна заўсёды пацвярджала свой міжнародны статус: прыязджалі госці з Латвіі, Расіі, з усёй нашай краіны. Гэтым разам, абмяркоўваючы фармат правядзення, не хацелі абмяжоўвацца толькі анлайнам, таму прынялі ўдзельнікаў са свайго рэгіёна, з Віцебска: бібліятэкараў, краязнаўцаў, навукоўцаў з універсітэта Машэрава, музейшчыкаў, архівістаў.

Мы дастаткова шчыльна працуем з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Сумесна закупляем базы даных. І праз віртуальную чытальную залу нашы карыстальнікі маюць да іх бясплатны доступ. На сёння наша бібліятэка падпісана на расійскую базу даных «Інтэгрум». НББ рэгулярна шукае новых партнёраў, новыя базы і прапаноўвае нам для тэсціравання.

 Як прапагандаваць чытанне, калі бібліятэкі аптымізуюць? Гэтая опцыя шкодная або такога патрабуе час?

– Увогуле, любая сістэма не можа быць закансервавана і заставацца нязменнай дзесяцігоддзямі. Тым больш сёння, калі звышхутка ўсё мяняецца дзякуючы ў першую чаргу камп’ютарызацыі. Таму можна сцвярджаць, што аптымізацыя той ці іншай сістэмы, у тым ліку бібліятэчнай, неабходна. Мы ўсе сочым за статыстыкай і ведаем, што сельскага насельніцтва становіцца менш прыкладна на 2-3 % у год. Такім чынам, працэс аптымізацыі зразумелы. Але ва ўсім павінна быць залатая сярэдзіна, разумны, узважаны падыход на месцах. Трэба прааналізаваць кожную сітуацыю, кожную ўстанову і толькі потым прымаць рашэнне. Каб без шкоды чытачам. Так сама і з сістэмай камплектавання. Аддзел камплектавання напаўняе бібліятэкі раёна. І ў залежнасці ад вылучанага фінансавання раённыя кніжніцы закупляюць літаратуру і размяркоўваюць яе па філіялах. Вядома, найбольшая колькасць літаратуры ў раённых бібліятэках, якія не зачыняць ніколі і не аптымізуюць. Адно з галоўных пытанняў – фінансаванне. Тут варта падзякаваць за даручэнне Прэзідэнта аб 12 %, якія вылучаюцца на камплектаванне ад агульнага бюджэтнага фінансавання на год. Гэта добрая дапамога для кніжніц і гарантыя таго, што літаратура будзе закупляцца сістэмна.

 Ці ёсць у вас дэвіз?

– Што датычыць мяне як чытача, то блізкае такое выказванне Эмілі Брантэ: «Адбярыце ў мяне кнігі, і я прыду ў адчай». Без кніг і чытання не змагу. А што датычыць эфектыўнага кіравання ўстановай, то важна рухацца кожны дзень: хоць некалькі крокаў, але ісці наперад. Бо дарогу адолее той, хто ідзе. Увогуле, я вельмі люблю бібліятэку, кнігі. У гэтай прафесіі я ўсё сваё жыццё, пасля заканчэння ўніверсітэта культуры ў 1986 годзе. Кніга можа быць і адкрыццём, і крыніцай вострай эмпатыі, і сонцам, і, натуральна, нагодай для роздуму. Кожная кніга – гэта неспадзяванасць.

– У сённяшні век лічбавізацыі ці многа губляюць тыя, хто не чытае, хто не звяртаецца да кнігі?

– Самаадукацыя павінна ісці ўсё жыццё. Таму няважна, як ты чытаеш: з папяровай кнігі, з тэлефона, планшэта, галоўнае – чытаць. Калі чалавек не чытае – спецыяльную літаратуру, мастацкую, мастацтвазнаўчую, па псіхалогіі – спыняецца яго развіццё. Калі чалавек сёння не чытае нідзе і ніяк, ён не развіваецца. Для мяне гэта непрымальна. Аднойчы ў мяне спыталі, ці чытаю я сама, працуючы ў бібліятэцы. Дзіўнае пытанне. Я бібліятэкар, які чытае!

– Сапраўды, бібліятэкар, які не чытае, – штосьці з разраду ўтопіі.

– Тым больш ты заўсёды разам з кнігамі і не трэба шукаць магчымасці з імі сустрэцца. Хочаш – мастацтва, музыка, тэатр, псіхалогія, філасофія, гісторыя, асобы – усё пад рукамі і чакае, каб зрабіць цябе лепшым.

 Раней кніга лічылася адмысловым падарункам. А сёння?

– Пры вялікім багацці кніжнага рынку і электронных паслуг магу канстатаваць, што цікавасць да кнігі як да падарунка знізілася. Больш за тое, сыходзіць старэйшае пакаленне, пакідаюць кватэры маладым, а яны пазбаўляюцца ад хатніх бібліятэк. Гэта сумна. Але кнігі здольны выратаваць мы, бібліятэкары, бо прымем іх заўсёды. Таму, калі хтосьці робіць рамонт і звоніць нам, ці можам прыняць, пагаджаемся з радасцю. Калі нам аднойчы прывезлі некалькі мехаў з кнігамі, сярод іх аказаліся збор твораў Талстога, Дзюма, якога калісьці было не дастаць, іншыя вядомыя аўтары. Сярод той часткі грамадства, якая разумее каштоўнасць кніг, а менавіта паліграфічнага афармлення (сёння ёсць асобнікі проста неверагодныя, фантастычныя!), кнігі як падарунак ацэняць, хаця масавага характару гэта не носіць.

– Чалавецтва развіваецца па сінусоідзе: уверх, потым спад. Ці азначае гэта, што рана ці позна людзі здаволяцца электроннымі выгодамі і вернуцца да першакрыніцы – кнігі, калі не трэба будзе прымушаць чытаць. Альбо ўжо цяжка абстрагавацца ад лічбы?

– Сёння людзі сярэдняга пакалення і старэй разумеюць, што папяровую кнігу, якую трымаеш у руках для задавальнення, нічым не заменіш. Моладзь жа захоплена лічбавым фарматам, але калі яна займее сваіх дзяцей, то зразумее, што малому не будзеш чытаць з тэлефона ці планшэта. Бо наколькі гэта цікава, не кажучы пра зручнасць?

 Вы з аптымізмам глядзіце на будучыню бібліятэк альбо гатовы да розных сцэнарыяў?

– Адназначна ўспрымаю прафесійную будучыню з аптымізмам. Але бібліятэка, якую ведала пакаленне сярэдняе і старэйшае, такой ужо не застанецца. Узяць хаця б афармленне ўнутранай прасторы: сёння не патрэбна вялікая колькасць сталоў і стулаў, вялікія чытальныя залы – час паказвае, што трэба развівацца ў іншым кірунку. Але не абысціся без камфортных умоў, каб займацца тут сваімі хобі, разгортваць дзейнасць клубных аб’яднанняў. А гэта выразны паварот ад інфармацыйнай функцыі да сацыяльнай. Бібліятэкі, каб выжыць, павінны шукаць сваю ролю ў грамадстве і развівацца ў адпаведнасці з яго запытамі.

Аўтар публікацыі: Наталля Святлова.
Фота з уласнага архіва Т. Адамян і сайта Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна

Крыніца: "Звязда"

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам