ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Арт-кніга юбіляра
Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “XVIII Дзянісьеўскія чытанні”

Чысціня Муравейкавай крыніцы

Чысціня Муравейкавай крыніцы
Іншыя навіны

Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек – дзе яму здаецца, што манна нябесная сама пасыплецца ў рот. Таму заўсёды прыцягальныя для ўраджэнцаў вёскі гарады. Асуджаць ці не асуджаць за гэта – справа марная. Кожны выбірае свой шлях, і кожны прытрымліваецца такога, які ўспрымае аптымальным. Хоць людзям творчым горад, як нікому іншаму, дае перавагу. Пісьменнікам – не ў апошнюю чаргу. Але і шмат сярод літаратараў тых, хто не прамяняў правінцыю на хмарачосы.

Адзін з іх – Іван Муравейка.

Ужо больш чым у сталым веку аб сваёй прывязанасці да малой радзімы ён сказаў коратка і проста:

Тут мае карані,
Тут заўжды я жыву,
У краі бацькоўскім мне люба.
Нават на Мінск і на Маскву
Не прамяняю цябе, мой Любань.

На Любаншчыне ён і нарадзіўся 21 кастрычніка 1921 года. Паэтам ці, у крайнім выпадку, журналістам марыў стаць яшчэ ў зусім юным узросце, калі вучыўся ў сямігодцы (тады школе рабочай моладзі), што працавала ў роднай вёсцы Таль, а потым у Любанскай сярэдняй школе.

Захапленне паэзіяй адбылося не без уплыву яго хроснага дзядзькі Аляксандра, ці, як яго называлі ў Талі, Волеся. Волесь хоць і быў малапісьменны, ды складаў розныя куплеты і гумарыстычныя вершы. У іх высмейваў нядбайных вяскоўцаў.

Ваню хацелася браць прыклад з хроснага. А тут яшчэ на чацвёртакласніка Муравейку звярнуў увагу настаўнік Мікалай Паўлавіч Лобан, будучы знакаміты беларускі пісьменнік Мікола Лобан. Пазней падтрымаў яго творчыя памкненні і Міхась Клімковіч. На гэты час ён ужо з’яўляўся актыўным дзяткарам, двойчы прэміраваўся бібліятэчкай дзіцячай літаратуры. А з першымі вершамі выступіў у газеце «Піянер Беларусі» ў пятнаццацігадовым узросце. З’яўляўся яшчэ і галоўным рэдактарам… школьнай насценнай газеты. Першы «піянербеларускаўскі» быў прысвечаны зіме, а «школьныя» – пра вучнёўскія будні.

Неблагі быў з яго і мастак. Таму пасля сямігодкі падаў дакументы ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Але не пашанцавала. На экзаменах атрымаў тройку. Вярнуўшыся дамоў, вучобу прадоўжыў у Любанскай сярэдняй школе. Пасля заканчэння яе канчаткова вызначыўся з будучай прафесіяй. Паступіў у Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі. Ды правучыўся толькі некалькі месяцаў. У снежні 1939 года прызвалі ў войска. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, удзельнічаў у баяхна Заходнім фронце. Пасля ранення лячыўся ў шпіталі, вучыўся ў Новасібірскім ваенна-пяхотным вучылішчы.

У званні малодшага лейтэнанта трапіў на Паўднёва-Заходні фронт. Давялося быць і карэспандэнтам ваенных газет. Пасля разгрому фашыстаў служыў у складзе Цэнтральнай групы савецкіх войск у Германіі. Пасля было тое, пра што і сказаў у вершы «Мае карані».

Пасля дэмабілізацыі па стане здароўя вярнуўся на родную Любаншчыну.

У сэрцы жыло памятнае, што параўнальна нядаўна падказала яму змест верша «Тут мае карані».

Любаншчыну пакідаў толькі ў 1962–1964 гадах, калі вучыўся ў Маскве на Вышэйшых літаратурных курсах. А так да выхаду на пенсію працаваў у рэдакцыі Любанскай раённай газеты. Быў адказным сакратаром, рэдактарам, потым зноў адказным сакратаром... І, вядома ж, працягваў пісаць. Першая кніга паэзіі «Песня над палямі» выйшла ў 1955 годзе. Годам пазней з’явілася другая – «Ручаінкі». Першая – «дарослая», другая сваёй лёгкай, свежай плынню ўлілася ў паўнаводную раку беларускай дзіцячай літаратуры.

З гэтага моманту і вызначыўся асноўны кірунак у яго творчасці. Сваё прызванне ўбачыў у тым, каб пісаць для хлопчыкаў і дзяўчынак. Найлепшыя яго творы займальныя, дасціпныя, вясёлыя. Таму так прыхільна былі сустрэты кнігі «Вось якія мы» (1958), «Пра работу і ляноту» (1960), «Сняжынкі-смяшынкі» (1962), «Няхай сонца не заходзіць» (1981), «Я прыдумаў казку» (1985), «Растуць дзеці» (2011), «Як завуць казу» (2016) і іншыя.

Шмат можна гаварыць пра тое, як дасціпна яны напісаны. Але, каб упэўніцца ў гэтым, па-мойму, дастаткова прывесці два творы, што выдатна дэманструюць зместам, якой павінна быць сапраўдная дзіцячая літаратура. Зразумела, што ў меру дыдактычная, даваць адказ на пытанне, якое Уладзімір Маякоўскі вызначыў так: «...что такое хорошо, а что такое плохо?». Але ўсё павінна адбывацца не ў лоб, а так, каб дзіця, успрымаючы сказанае, не працівілася павучанню, прыслухоўвалася да пажадання. Такім шляхам і ішоў Іван Муравейка ў вершы «Не праганяйце»:

Не праганяйце кошак і сабак,
Калі яны прыйшлі да вас у госці.
Яны у кожнай хаце – добры знак,
Яны прыносяць радаснае штосьці.

Прылашчыце і накарміце іх,
І дайце, па магчымасці, прытулак.
Сябры, без іх, даверлівых такіх,
Нам на зямлі было б зусім няўтульна.

Даспадобы дзеткам і вершы ўсмешлівыя, жартаўлівыя. Яны таксама ёсць у Івана Андрэевіча. Калі складаць дзіцячую анталогію гумару, безумоўна, не абышлося б без верша «Траваяднае ваўчаня». На пытанне настаўніка Мядзведзя «Ці ведаеш ты з траваядных каго?» яно, не задумваючыся, адказала: «Чаму я не ведаю? Мы! // Мы – ваўкі!» Усе здзівіліся, як гэта ваўкі могуць гатаваць сабе страву з травы. А ў адказ:

– Зусім не з травы,
ваўчаня растлумачыла. –
А з мяса. Напрыклад,
З казлінага смачна.
Травой усялякаю
козы харчуюцца.
Дык, значыць, і мы –
Траваядныя. Чуеце?

Мядзведзь знайшоўся, што адказаць: «…будзем вучыць цябе // есці траву».

Аднак Іван Муравейка не развітваўся і з «дарослай» паэзіяй, да ўсяго пісаў сатырычныя і гумарыстычныя вершы. Потым узяўся і за прозу, аб чым, у прыватнасці, засведчылі кнігі «Прынёс з вайны» (1991), «Была вайна» (2009) і «Я – Іван з Беларусі» (2010, 2014), у якіх значную частку тэксту займаюць франтавыя запісы, а таксама апавяданні, творы іншых жанраў. Сярод іх і тыя, што навеяны мінулай вайной, якая ўсё жыццё заставалася ў яго сэрцы незагойнай ранай.

«Не закончылася для мяне вайна» – так называецца і адзін з вершаў. У ім тое, што не давала спакою ўжо не адно дзесяцігоддзе. У ім – часцінка лёсу аднаго з тых, хто на сваіх плячах прынёс нам Перамогу:

Я капаю грады каля хаты,
Слухаю расчулена вясну...
Шоргнула па камені лапата –
Даўні боль па сэрцы секануў.

На вайне быў кожны землякопам.
Так, і я капаў да мазалёў –
Бліндажы, траншэі і акопы
І... магілы для сваіх сяброў.

Не закончылася ў сорак пятым
Для мяне вайна. Хіба ж не бой? –
Шоргнула па камені лапата –
Секануў па сэрцы даўні боль.

Што тычыцца верша «Я – Іван з Беларусі», які і даў назву нядаўняй кнізе, то ў аснову яго пакладзены рэальны факт:

Ва ўсім свеце прызналі мяне,
Незламанага ў буры і скрусе,
Калі я на рэйхстага сцяне
Распісаўся: «Іван з Беларусі».

Зведанае, перажытае ў гады вайны для Івана Андрэевіча заставалася тым згусткам болю, які, спрасаваны з гадамі, ператвараўся ў маналіт, чакаючы свайго часу. Гэта неабходна было не толькі для пераасэнсавання многага па-новаму, але і каб адкінуць выпадковае, вызваліўшы месца галоўнаму. Ды і «Запіскі радавога» (а такі падзагаловак маюць уражанні першых дзён вайны «Лета 1941-га») у канчатковым варыянце напісаліся з адлегласці гадоў.

Занатаванае па гарачых слядах падзей, яно чакала свайго часу, каб стаць у дапоўненым выглядзе невялікімі, але такімі важнымі штрыхамі, каб даць і сваё фашызму. Чаго варта ўжо сведчанне таго, што адбылося ў час прывалу пад Ельняй. Калі салдаты прапанавалі жанчыне, якраз падышла, падсілкавацца, пачулі: «Не магу ні есці, ні піць». Адбылося жудаснае: «Калі фашысты ўварваліся ў іх вёску, Аксіння, яе шаснаццацігадовая дачка і састарэлая маці былі дома. Не паспелі схавацца. Пяць салдат згвалтавалі дзяўчыну. Калі бабуля кінулася з віламі на немцаў, яе застрэлілі чаргой з аўтамата. Аксінню ўдарылі аўтаматам па галаве, і яна страціла прытомнасць. Калі апрытомнела, у хаце немцаў не было. Кінулася да дачкі, а тая мёртвая. Забілі і яе».

Гэта былі нелюдзі. Тыя, пра каго кажуць, што ў сям’і не без вырадка. Але былі іншыя немцы. Пасля вайны жыў у Веймары, дзе знаходзілася рэдакцыя газеты 8-й гвардзейскай арміі «На защиту Родины», у якой служыў. У жніўні 1945 года далі водпуск. Паехаў у Любань, ажаніўся. З жонкай і дачкой пасяліўся ў адзінокай немкі, сын якой загінуў на вайне. З ёю не толькі знайшлі паразуменне, але і пасябравалі. Яна не ўспрымала сваіх кватарантаў «забойцамі».

Іван Андрэевіч і яго жонка таксама разумелі, што вайна не разбірае, хто чужыя, а хто свае. Калі ад’язджалі на Радзіму, развітваліся са слязьмі.

Доўгае жыццё пражыў Іван Андрэевіч. Толькі некалькі месяцаў не дацягнуў да свайго 100-годдзя. Памёр сёлета 5 сакавіка. Бадай, з’яўляўся ўлюбёнцам Бога, таму і бярог яго Усявышні. Тройчы быў паранены. Падсцерагла хвароба лёгкіх, заўсёды каварная. З-за яе і камісавалі з войска ў 1947 годзе, даўшы 2-ю групу інваліднасці. Пазней таксама былі нелады са здароўем. Перанёс шэсць аперацый. Ды раз за разам выкараскваўся з пашчы кашчавай. І чым больш жыў, тым больш плённа працаваў. Навёрстваў страчанае, тое, што не ўдавалася зрабіць у літаратуры з-за газетных будняў. Значыць, так і трэба было, меў свайго анёла-ахоўніка.

Шкадую, што з Іванам Муравейкам не пазнаёміўся асабіста, хоць у Любань даводзілася наведвацца неаднойчы. Аднак лічыў нетактоўным з бухты-барахты ісці да яго. Магчыма, і трэба было б. Неяк нават зрабіў як бы крок насустрач гэтаму. Якраз у яго набліжаўся чарговы юбілей. Я прапанаваў тагачаснаму старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, цудоўнаму паэту Георгію Сакалоўскаму правесці з гэтай нагоды якое-небудзь мерапрыемства. Пры чым я? Георгій Васільевіч, праводзячы іх, звычайна запрашаў і мяне, на той час сакратара праўлення СП. Толькі паехаць не ўдалося. То быў яшчэ час, калі ўзнікалі праблемы з бензінам.

Завочнае ж знаёмства з Іванам Андрэевічам адбылося, натуральна, праз яго кнігі. Адну з іх – «Вадзіца з крыніцы» – прыслаў мне па пошце з аўтографам: «Аляксандр Андрэевіч, пакаштуйце, калі ласка, чыстай вадзіцы з маёй крыніцы. Іван Муравейка. г. Любань. 16 снежня 2006 г.»

Атрымаў я гэты прыемны дарунак ці не адразу пасля выхаду ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Цудоўныя творы, харошая назва. З агледзін сённяшняга дня і сімвалічная. У творчай крыніцы Івана Андрэевіча вада была заўсёды чыстая, празрыстая. Канешне, нямала пісьменнікаў, у якіх яна, магчыма, і больш бруістая. Але, як у спякотнае надвор’е, каб наталіць смагу, галоўнае – каб вада была як мага больш свежая, так і чытаючы творы пэўнага пісьменніка, менш за ўсё звяртаеш увагу на фармальныя пошукі – на аўтарскую мудрагелістасць, асабліва калі яна з’яўляецца самамэтай, а больш на тое, наколькі ўсё гэта кранае душу. А напісанае Муравейкам – акурат для ачышчэння душы. Дарослай і дзіцячай.

Аўтар публікацыі: Алесь Марціновіч.
Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам