ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Воднае супрацоўніцтва: вопыт мінулага і задачы будучыні
Навагодні ранішнік для дзяцей

Чым жыў Год кнігі

Чым жыў Год кнігі
Іншыя навіны

Год кнігі завяршыўся, але з 15 снежня буйныя кніжныя магазіны “Белкнігі” і “Белсаюздруку” запрашаюць на шырокі продаж кніг, сустрэчы з аўтарамі і выдаўцамі.


На чарзе, у лютым, – ХХ Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Ганаровым госцем стане Расія, аднак будуць запрошаны і дэлегацыі з такіх краін, як Кітай і Індыя, з якімі ў нас сёлета завязаліся добрыя выдавецкія стасункі. А падрабязней пра тое, чым жыў сам Год кнігі, расказвае першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч.

– Сёлета выйшла з друку ўнікальная, якой яшчэ не было ў Беларусі, флэш-кніга з прадугледжанай сістэмай пошуку “Рэспубліка Беларусь. Экспартны патэнцыял” на рускай і англійскай мовах. У выданні сабрана ўся эканоміка краіны – паслугі, тавары, прамысловасць і г.д. Што называецца, ад мэблевага гарнітура да трактара. Кніга прадстаўлена двума друкаванымі тамамі і флэш-карткай, на якой размешчана інфармацыя дзевяці тамоў. Дзякуючы вялікай, зробленай у сціслыя тэрміны, працы выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”, мы маем цяпер самы змястоўны інфармацыйны каталог.

Яшчэ адзін прадукт выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі” – фотаальбом Ісака Сербава “Беларусы. 100 гадоў таму”. 400 фотаздымкаў засведчылі, якім было жыццё нашых продкаў. Выходзіць з друку і фотаальбом “Беларусь” – досвед пра нашу гісторыю і сучаснасць на рускай, беларускай і англійскай мовах. У серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” выйшлі ў гэтым годзе кнігі, прысвечаныя Я. Купалу, Я. Коласу і М. Танку, шмат іншых.

Год кнігі – гэта не толькі знакавыя кніжныя праекты. Трэба адзначыць, напрыклад, акцыю “Маміна казка” Беларускага саюза жанчын, Міністэрства інфармацыі і рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом «Звязда»”. Выдадзеная ў рамках акцыі кніга рускіх і беларускіх народных казак была перададзена ў дамы-інтэрнаты.

А міжнароднаму конкурсу “Мастацтва кнігі” налета будзе ўжо 10 гадоў. У маі ў Мінску пройдзе чарговае, юбілейнае, пасяджэнне журы. Такое ганаровае права мы атрымалі яшчэ і таму, што стабільна дэманструем высокі ўзровень нацыянальнага кнігавыдання. Па выніках двух папярэдніх гадоў Беларусь двойчы атрымлівала Гран-пры на гэтым прэстыжным конкурсе. У 2010-м – за кнігу “Радзівілы. Альбом партрэтаў ХVІІ–ХІХ стагоддзяў”, у 2011-м – за кнігу Дзмітрыя Струкава “Альбом малюнкаў 1864–1867 гадоў”. Думаю, налета мы маем шанцы зноў атрымаць Гран-пры. Хоць трэба заўважыць, што узровень конкурсу вельмі высокі. І шэраг краін прадстаўляе свае знакавыя праекты. Дарэчы, Беларусь пачала вылучацца менавіта стварэннем новых праектаў. У прыватнасці, серыяй “Рарытэты”, у межах якой і нарадзіўся шэраг вышэйназваных выданняў, той жа альбом “Беларусы. 100 гадоў таму”.

Па традыцыі, мы паказалі нашу беларускую кнігу на міжнародных выстаўках у Расіі, Літве і Германіі. Акрамя таго, прадставілі Год кнігі ў Кітаі і Індыі.

У выніку апошніх сустрэч падпісаны адпаведныя дамоўленасці аб супрацоўніцтве ў галіне кнігавыдання, нараджаюцца новыя ідэі.

– Як вы ацэньваеце вынікі першага Каляднага кніжнага балю?
– У гэтага балю быў выдатны, напоўнены глыбокім сэнсам, дэвіз: “Набываючы кнігу, знаходзіш сябе”. Хацелася напрыканцы года засведчыць грамадству: кніга адкрывае для кожнага з нас бясконцы свет і раскрывае нашы самыя лепшыя пачуцці. У межах балю прайшоў аўкцыён, на які былі запрошаны не толькі тыя, хто стварае кнігу, але і кіраўнікі розных прадпрыемстваў, дзеячы культуры, прадстаўнікі дыпмісій. Мы і самі не чакалі, што кнігі, замоўленыя на 100–200 тысяч рублёў, у рэшце рэшт разыдуцца за 2–3 мільёны і болей! Кнігі, вядома ж, былі незвычайныя – выдадзеныя ў розныя гады, тыя, якіх няма ўжо ў продажы. Скажам, 7 тамоў “Беларускай энцыклапедыі”. Каб сабраць гэтыя тамы, давялося добра пашукаць іх па розных крамах і нават абласцях. Кошт у выніку дайшоў да 6 мільёнаў рублёў! Было прадстаўлена па адным выданні з Расіі, Украіны і Казахстана. Усяго – 28 лотаў. Першы падобны аўкцыён аказаўся вельмі паспяховым. У выніку амаль 35 мільёнаў рублёў былі пералічаны Гарадзішчанскаму дому-інтэрнату.

– Беларусь захоўвае статус чытаючай краіны?
– Дастаткова сказаць, што сёлета выдадзена звыш 10 тысяч кніг агульным тыражом звыш 30 мільёнаў экзэмпляраў... Калі на вышэйшым узроўні абвяшчаецца Год кнігі, калі кіраўнік дзяржавы кажа, што страта кнігі – гэта страта дзяржавы, што кніга падобная на ікону, значыць, цікавасць да кнігавыдання захоўваецца і ўсяляк падтрымліваецца. Кніга ёсць духоўная спадчына беларусаў, гэта наша канкурэнтаздольнасць у інфармацыйным свеце. Нашы карані – у нашай гісторыі кнігавыдання. Мы сёння маем права замаўляць сябе як сусветную сталіцу кнігі. Гэты год быў свайго роду пачаткам падрыхтоўкі да 500-годдзя беларускага кнігавыдання.

– Ці можна лічыць дасканалай існуючую заканадаўчую базу ў галіне кнігавыдавецтва?
– Напрыканцы года Саветам Рэспублікі адобраны Закон “Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь”. У 2009 годзе краіны СНД падпісалі Дэкларацыю аб падтрымцы кнігі, і як паказвае практыка, менавіта Беларусь зрабіла самыя актыўныя крокі ў гэтым кірунку – аб’явіла Год кнігі, прыняла вышэйзгаданы закон. Чакаем прыняцця і яшчэ аднаго важнага дакумента – Указа Прэзідэнта “Аб падтрымцы нацыянальнага кнігавыдання”, у якім прадугледжана выданне, вытворчасць і распаўсюджванне сацыяльна значнай кнігі для адукацыі, навукі і культуры без абкладання падаткам, з нулявой стаўкай падатку на дабаўленую вартасць. Такая кніга можа патаннець працэнтаў на 20–30. Гэта будзе прывабліваць і замежных кнігавыдаўцоў, прыцягваць інвестыцыі. Што да закона, то ён сістэматызуе ўсе складнікі выдавецкага працэсу, юрыдычна замацоўвае статус выдаўцоў, вытворцаў, распаўсюджвальнікаў. Мяркуецца, што Міністэрства інфармацыі будзе весці рэестр усіх удзельнікаў кніжнай вытворчасці і распаўсюджвальнікаў. Зменіцца працэдура ліцэнзавання выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці. Гэта не азначае, праўда, што мы адмовімся, каб выдавец пацвярджаў сваю прафесійную прыдатнасць. Як паказвае практыка, гэта вельмі патрэбна, бо выдавецкай справай не павінны займацца тыя, хто нават мовай не валодае...

Дарэчы, разглядалася сёлета і пытанне выдання сацыяльна значных кніг для камплектавання кніжных фондаў публічных бібліятэк. На спецыяльным пасяджэнні ўрада прынята рашэнне, якое дапаможа больш мэтава фарміраваць дзяржаўны заказ кнігавыдання. Штогод у нас выдаецца звыш 100 сацыяльна значных кніг, у тым ліку серыі “Школьная бібліятэка”. Звыш 10 мільярдаў рублёў толькі па лініі нашага міністэрства дзяржава выдаткоўвае на гэтую справу. Прычым сюды не ўваходзіць выданне школьных падручнікаў. Упершыню па даручэнні Прэзідэнта пачалася мэтавая камплектацыя бібліятэк кнігамі сучасных беларускіх, у тым ліку маладых, аўтараў.

– Наколькі паспяхова электронныя экзэмпляры адваёўваюць месца пад сонцам?
– У нас сёння ёсць кнігі на электронных носьбітах. Так, выдавецтва “Вышэйшая школа” вельмі актыўна стварае вучэбныя дапаможнікі з выкарыстаннем дадаткаў на дысках, проста выдае на дысках асобныя курсы. На наступны год запланаваны выпуск аўдыякніг сучасных беларускіх аўтараў. Іх творы будуць чытаць знакамітыя артысты. Аўдыякніга сёння запатрабавана і ў школах, і ў бібліятэках. Вядома, мы ўлічваем сусветныя тэндэнцыі... Дарэчы, за апошнія 5 гадоў аб’ёмы выдання кніг скараціліся ў розных краінах на 20–40 працэнтаў. Гэтае пытанне абмяркоўвалася і ў Мінску пад час VІ Міжнароднай канферэнцыі кнігавыдаўцоў Беларусі, Расіі, Украіны і Казахстана. Пакуль усе адзначаюць, што наўрад ці можна гаварыць пра масавы характар вышэйназваных працэсаў. Электроннымі кнігамі карыстаецца ў той жа Расіі не больш за 5–7 працэнтаў грамадства. Тут важна яшчэ вось што. Справа не ў тым, што мы не заўважаем тэхналогіі або няправільна іх укараняем. Варта разумець, што да таго як трапіць на які-небудзь сучасны носьбіт (флэш, дыск, мабільны тэлефон), кніга павінна быць спачатку кімсьці створана. Аднекуль жа яе трэба “пампаваць”. І ўсё ж такі сёння грамадства больш прагне чытання кніг у традыцыйным, друкаваным варыянце.
На маю думку, новыя тэндэнцыі павінны ахапіць найперш сферу прапаганды і распаўсюджвання кнігі. Сёння і ў нас развіваецца продаж кніг праз Інтэрнэт. У першую чаргу папулярнасцю там карыстаецца, вядома, вучэбная літаратура, бо моладзь з’яўляецца найбольш актыўным інтэрнэт-карыстальнікам. Мы ж не павінны забывацца і на вялікую працу ў галіне абароны аўтарскіх правоў.

– Што-небудзь будзе мяняцца ў падачы, знешнім афармленні дзіцячай літаратуры, якая крыху інакш выглядае ў замежных вытворцаў?
– У гэтым годзе мы вельмі сур’ёзную ўвагу звярнулі на дзіцячую кнігу. Чытач сапраўды адчуў, што на дзяржаўным узроўні назіраецца пэўны прабел па частцы выдання дзіцячай кнігі. Гэта было звязана з тым, што выдавецтва “Мастацкая літаратура” не развівала вышэйзгаданы сегмент. У планах на наступны год – цікавыя выданні “Мастацкай літаратуры”, выдавецкага дома “Звязда”, “Беларускай Энцыклапедыі імя П. Броўкі”. Безумоўна, трэба ўзнімаць дзіцячае кнігавыданне на новы ўзровень, у тым ліку і ў плане афармлення. Мы імкнёмся да гэтага. Спадзяёмся, паспрыяе гэтаму і сёлетняе аб’яднанне паліграфкамбіната імя Я. Коласа і Мінскай фабрыкі каляровага друку. Паліграфкамбінат стаў буйным прадпрыемствам, здольным зрабіць істотныя крокі па ўмацаванні тэхналагічнай базы. Разам з тым, не магу не засведчыць, што нашы замежныя калегі адзначаюць добрую якасць нашай паліграфіі.

– Вядома, “па службе” вам даводзіцца вельмі многа чытаць і проста адсочваць... А ці ёсць час пачытаць што-небудзь для душы?
– Ведаеце, давялося браць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных вайне 1812 года пад Барысавам. І захацелася перачытаць “Вайну і мір”. Чытаецца, вядома ж, зусім інакш, чым у юнацтве. Мне асабіста падабаецца звяртацца да друкаваных выданняў, электронная кніга пакуль не ўвайшла ў маё жыццё. Скажу шчыра: сучасныя дэтэктывы – не маё чытанне... Люблю класіку, гістарычныя раманы.

Аўтар публікацыі: Святлана Барысенка

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам