ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Дзеці за мір!
Новы ўдзельнік у Зводным электронным каталогу бібліятэк Беларусі

Бібліятэка ў рэжыме перазагрузкi

Бібліятэка ў рэжыме перазагрузкi
Іншыя навіны

Ці заменіць інтэрнэт бібліятэку?

Век тэхналогій: размаўляем па мабільным тэлефоне, шукаем сяброў з дапамогай інтэрнэту, сучасныя гаджэты замянілі нам запісныя кніжкі і кнігі цяпер чытаем электронныя: у смартфонах і планшэтах тэксты ўвесь час пад рукой. Часта можна пачуць: навошта патрэбны публічныя бібліятэкі? І нават такое: ці не рудымент яны сёння?

Упэўнена: горача паспрачацца з такім пунктам гледжання, напэўна, маглі б тыя чытачы, якія за мінулы год карысталіся паслугамі бібліятэк больш чым 29 мільёнаў разоў і колькасць якіх павялічылася. Прычым менавіта віртуальныя наведвальнікі значна паўплывалі на рост паказчыка, такіх стала больш чым удвая, і бібліятэкі яны наведалі 4,4 мільёна разоў.

Гэта афіцыйныя даныя Міністэрства культуры. Толькі ў яго сферы ўплыву сёння знаходзіцца 2583 бібліятэкі па ўсёй краіне, пераважна – каля 78 працэнтаў – у сельскай мясцовасці. Дарэчы, прыемная навіна: скарачэнне сеткі бібліятэк, пра якое шмат спрачаліся ў апошнія гады, значна запаволілася. Але ёсць і іншае: замарудзілася інфарматызацыя – абавязковая ўмова, каб быць бібліятэкам прывабнымі для цяперашняга “камп’ютарнага пакалення”, бо сучаснаму чытачу трэба прапаноўваць тыя тэхналогіі, якімі ён валодае, а не толькі традыцыйную папяровую кнігу.

Сёння цалкам камп’ютарызаваны бібліятэкі толькі ў Мінску і Гродзенскай вобласці, у цэлым па краіне – каля 85 працэнтаў публічных бібліятэк. Да інтэрнэту падключана 75 працэнтаў бібліятэк. На жаль, хутка, як таго хацелася б, адаптавацца да сучасных патрабаванняў пакуль не ўдаецца. Але рух наперад ёсць.

Зараз у многіх бібліятэках можна знайсці розныя кнігі – рукапісныя, друкаваныя, аўдыякнігі, а таксама відэаматэрыялы, электронныя рэсурсы па самых розных тэмах, доступ да інфармацыйных сетак, у тым ліку да інтэрнэту. Разам з тым бібліятэкі становяцца месцам для нефармальных сустрэч, розных культурных мерапрыемстваў і акцый. Памятаеце ажыятажы “Бібліяначэй”? У нас яны праводзяцца не так даўно, але хутка набылі папулярнасць і збіраюць ужо тысячы аматараў чытання.

Бібліятэка як трэцяе месца для чалавека пасля дома і працы, дзе можна цікава правесці вольны час, сустрэцца з сябрамі, – модная і абмяркоўваемая тэндэнцыя. Дзесьці чытала, бібліятэкі Германіі і Нiдэрландаў нават ганарацца тым, што наведвальнік у іх можа заснуць, маўляў, вышэйшая ступень даверу ўстанове: чалавек пасля працы прыйшоў, пачытаў, расслабіўся, няхай адпачне. Можаце такое ўявіць?

Наогул, у нас вакол бібліятэк існуе шмат міфаў. Адзін з іх: юнае пакаленне мала чытае. Аказваецца, вельмі спрэчная выснова. Напрыклад, штогод у мінскіх дзіцячых бібліятэках абслугоўваюцца каля 120 тысяч чытачоў. Летась іх колькасць павялічылася амаль на 2 тысячы. А чытачоў да 15 гадоў – такіх у бібліятэках 75 працэнтаў – стала больш на 3 тысячы чалавек. На 7 тысяч больш хлопчыкаў і дзяўчынак наведалі розныя арганізаваныя бібліятэкай мерапрыемствы. Толькі за тры нядаўнія летнія месяцы – падчас канікул – у дзіцячыя бібліятэкі Мінска запісана 20 тысяч 719 юных чытачоў, на тысячу больш, чым у 2017-м. Аб якім рудыменце гаворка?

Бібліятэкі не паміраюць, яны мадэрнізуюцца, змяняюцца, пераходзяць на новы ўзровень развіцця. Так, вялікая сетка, што аблытала ўвесь свет, спрабуе замяніць сабой усё, нават асабістыя зносіны. Але, як у свой час тэлебачанне не адмяніла тэатр і кіно, так і інтэрнэт не зможа замяніць бібліятэку. Ён будзе існаваць з ёй поруч. І людзі заўсёды будуць чытаць. Усё роўна якую кнігу: электронную або папяровую. А будзе яна – будзе і бібліятэка.

Аўтар публікацыі: Ірына Свірко.

Крыніца: СБ – Беларусь сегодня

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам