ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Візіт парламенцкай дэлегацыі Латвіі
Беларускае Сярэднявечча Паўла Лойкі

“Беларускі палкоўнік” – пратэстанцкае фэнтэзі пра "Крывавы патоп" XVII ст.

“Беларускі палкоўнік” – пратэстанцкае фэнтэзі пра "Крывавы патоп" XVII ст.
Іншыя навіны

Сёлета выйшла першая частка рамана Яўгена Зубовіча, прысвечаная Магілёву і лёсам яго жыхароў цягам вайны з Масковіяй 1654 года. Што атрымалася ў выніку і ці спалучальны сармацкі стыль з пратэстанцкай этыкай?

Першае, што кідаецца ў вочы, – гэта сапраўды дабротнае густоўнае афармленне. Цвёрдая вокладка, добрая папера і чытабельны шрыфт, а яшчэ – часам наіўна-казачныя, але ад таго не менш сімпатычныя ілюстрацыі. Візуальная канцэпцыя – чорна-белая, што падкрэслівае мінорнасць і жалобу часоў “беларускай смуты”.

Паводле сюжэта, галоўны герой, шляхціц Паклонскі, як праваслаўны магілёвец выбірае ў канфлікце бок расійскага цара і атрымлівае з рук Аляксея Міхайлавіча пярнач палкоўніка. Адгэтуль ён кіраўнік “беларускага палка”. Перад ягоным войскам адчыняюць брамы гарады і мястэчкі, а сам палкоўнік шчыра ўпэўнены, што ўсё робіць слушна, бо бароніць веру, якую ўціскаюць лаціннікі.

Калі ж Паклонскі пасля ўзяцця Магілёва бачыць бясчынствы “вызваліцеляў”, то пачынае разумець, што нешта пайшло не так... Што было далей, мы не ведаем, бо кніга перарываецца, і чытачу давядзецца чакаць наступнай часткі (частак) – колькі іх яшчэ будзе, аўтар не папярэджвае.

Ёсць у рамане і лінія кахання: палкоўнік поўны пачуццяў да Стасі, якая паходзіць... з пратэстанцкай сям’і патрыётаў Вялікага Княства. Амурныя адносіны пры гэтым паказаныя максімальна ўзнёсла і пастаральна. Перапіска, пакуты, “суворы бацька” і, зразумела, ніякай жарсці і сексу: Стася – пратэстантка.

Палкоўнік-1

Наогул, пратэстанцкі след прасочваецца ў кнізе максімальна выразна (аўтар – евангельскі хрысціянін). І гэта не толькі рэмаркі кшталту “грэх п’янства”, “паганскае племя радзімічаў”, дэманізацыі езуітаў і іхнага патрона Жыгімонта ІІІ, але і сама сюжэтная лінія: Паклонскі, нібы Маісей, яшчэ ў пачатку аповеду забівае вартаўніка ў Магілёве, аказваецца па-за законам, таму змушаны адправіцца ў доўгае падарожжа... Гісторыя кахання, у сваю чаргу, нагадвае гісторыю евангелізацыі: Стася дорыць Кастусю Біблію – каб чытаў і набіраўся розуму.

Наогул, асабіста мне ў кнізе не хапіла моцных эмоцыяў і жарсці: нават у сцэнах боек і сутычак баец, перад тым як рассекчы галаву ворагу, звяртаецца да яго з прамовай на некалькі сказаў. Паклонскі, які нібы мае быць гарэзам ды хуліганам, усё ж застаецца занадта інтэлігентным і тактоўным. Нават п’янкі апісаныя неяк сарамліва, быццам у шляхецкіх келіхах разліты кефір альбо грэйпфрутавы сок.

Разам з тым, аўтар добра папрацаваў з гістарычнымі крыніцамі. На кожнай старонцы мы сустракаем карабэлы, карабачы, сагайдакі, япанчу і г.д. – тэрмінаў часам ажно зашмат. Калі апісваецца застолле, то чытаем пра вяндліны, буракі, квашаную капусту, рыжскі селядзец, чавускі мёд... але, на жаль, не адчуваем іх паху і смаку: тэрміны застаюцца адно пералікам, меню сярэднявечнага рэстарана.

Палкоўнік-2

“Беларускі палкоўнік” стварае ўражанне пратэстанцкага рамантычнага фэнтэзі для падлеткаў, дзе аўтар ідзе ўжо пратаптанай сцяжынай Сянкевіча і Крашэўскага. Зразумела, што пасля “Агнём і мячом” напісаць пра той час нешта новае надзвычай цяжка, але і капіяваць Паклонскага з Багуна і Рудніцкага з пана Заглобы – мабыць, не самы ўдалы варыянт.

Ну і самае галоўнае. Сармацкі стыль – гэта не толькі шабля, конь і тое, у што апрануты шляхціч. Гэта ідэя і стыль жыцця: эмоцыя, маштаб, раскоша, смеласць і бязглуздыя рашэнні ў камбінацыі з абыякавасцю да смерці і лёсу заўтрашняга дня. Пратэстанцкая этыка – гэта ж пра веру, стваральную працу, разлік і эканамічны рост, ці не так? Ці спалучальныя гэтыя ідэі наогул? Я не ведаю. Чытайце і рабіце высновы самі.

Аўтар публікацыі: Алесь Кіркевіч.

Крыніца: Новы час

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам