ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Парыж – мой другі Віцебск
Выдадзена ў “Мастацкай...”

Бай, лірнік, бай!

Бай, лірнік, бай!
Іншыя навіны

Нечакана для самога сябе адшукаў у дамашніх архівах размову з незабыўным Яўгенам Іванавічам Скурко, слынным Максімам Танкам.


“Мне пашчасціла працаваць разам з ім, калі ён узначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі – расказвае пісьменнік Уладзімір Ліпскі. – На ўсё жыццё аселі ў памяці і душы яго сяброўскія парады, мудрыя пажаданні і развагі. Роздум Максіма Танка пра дзіцячую літаратуру здаецца вельмі актуальным і для сённяшняй явы. Таму і перадаю сваю знаходку ў “ЛІМ”, з надзеяй, што з ёй пазнаёмяцца ўсе, хто працуе для дзяцей”.

У. Л.: Вы, Яўген Іванавіч, заклапочана гаварылі на з’ездзе пра заахвочванне творцаў пісаць для самага ўдзячнага чытача – дзяцей, усямерна падтрымліваць таленавітую моладзь, часцей наладжваць конкурсы для напісання новых кніг для дзяцей і юнацтва, большымі тыражамі выдаваць арыгінальныя кніжкі, з любоўю іх афармляць і ілюстраваць. Ідзе час, і хацелася б пачуць ваша слова пра новы крок дзіцячай літаратуры, узятыя ёю вышыні.

М. Т.: Новы крок для дзіцячай літаратуры – гэта цікавыя, самабытныя, карысныя кніжкі для нашых самых патрабавальных чытачоў. Поруч з прызнанымі майстрамі актыўна працуюць нашы маладзейшыя таварышы па пяры. Вось творы гэтых і многіх іншых аўтараў можна лічыць вышынёй, дасягненнем нашай дзіцячай літаратуры. Але ж, як кажуць, за гарызонтам паўстае новы гарызонт. Не можа не хваляваць, што мы усё ж мала маем захапляючых твораў для сучасных дзяцей. Чакаем, што на літаратурны Парнас узыдуць новыя таленты.

У. Л.: Яўген Іванавіч, вы зрабілі цудоўны падарунак нашай дзятве – выйшла з друку ваша кніга “Быліна пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні”. Юныя чытачы, іх бацькі, выхавацелі, настаўнікі ўзбагаціліся хрэстаматыйным падручнікам адначасна па педагогіцы, фальклоры, касманаўтыцы, фантастыцы. З’яўленнем гэтага твора вы паказалі, як і пра што трэба пісаць для сучасных маленькіх вундэркіндаў. Калі не сакрэт, як знайшлі сюжэт для казкі? Чаму героем абралі не кагосьці з традыцыйных лясных звяроў – ваўка, лісу, зайца, вожыка, – а маленькага Мураша Бадзіні?

М. Т.: Я не думаю, што мая “Быліна пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні” з’яўляецца нейкім адкрыццём у багатым жанры сучасных дзіцячых казак. Сюжэт гэты я выношваў даўно. У першым варыянце ў мяне Мураш Бадзіня быў вандроўнікам на зямлі, але падзеі ў космасе ўнеслі свае карэктывы і падказалі мне зрабіць яго касманаўтам.

Героем казкі выбраў Мураша таму, што гэты нястомны працаўнік у нечым, больш як усе лясныя жыхары, нагадвае чалавека – цікаўнага, нястомнага ў сваіх пошуках, вандроўках, імкненнях. Я сам вырас у лесе і часта любіў глядзець, як мурашы ўзводзяць свае буданы-мурашнікі, як яны пракладваюць свае сцяжынкі-дарогі, як яны гаспадараць у лесе і абараняюць яго ад розных шкоднікаў. Што да традыцыйных герояў-звяроў, дык яны, мне здаецца, досыць усімі намі “эксплуатаваліся”. Да ўсяго, мне хацелася напомніць, што хоць чалавек і цар прыроды на зямлі, але ў яе касмічных маштабах ён не большы за майго смешнага Мураша Бадзіню. Я рад, што мне ў нейкай меры ўдалося ў гэтым жанры наблізіцца да нашай сучаснасці, надзвычай багатай, але і складанай, калі гутарка ідзе пра яе адлюстраванне ў дзіцячай і не толькі дзіцячай літаратуры.

У. Л.: Многія пісьменнікі пішуць альбо спрабуюць пісаць казкі для дзяцей. I гэта, на мой погляд, станоўчая з’ява. Добра, што наша дзіцячая літаратура аздабляецца адным з папулярных жанраў – сучаснай казкай. Хацелася б, Яўген Іванавіч, пачуць вашу думку наконт сучаснай казкі. Гэта павінна быць тая ж традыцыйная, народная казка са звыклым пачаткам “жылі-былі” і шчаслівым канцом “І я там быў...”, толькі напоўненая нейкім новым подыхам і зместам? Альбо сучасная казка – гэта зусім новы літаратурны твор, у якім фантастыка і рэальнасць сінтэзуюцца самім жыццём, дзе могуць сумяшчаць свае дзеянні рэальныя героі і прыдуманыя?

М. Т.: Праблема сучаснай казкі не можа не хваляваць пісьменнікаў, бо мы жывём у часы неверагодных навуковых дасягненняў і адкрыццяў і перад намі стаіць праблема, як усё гэта ў паэтычнай форме данесці да дзяцей, зацікавіць іх лёсам і прыгодамі новых герояў, як гэта ўмелі калісьці рабіць нашы безыменныя творцы народных казак і нашы славутыя папярэднікі.

Як ствараць такія новыя сучасныя казкі, не парываючы з прыродай, жыццём, традыцыяй? Тут пакуль што і ў мяне больш пытанняў, прыблізных здагадак, як упэўненых адказаў на гэтыя пытанні.

Ясна адно: сучасная казка павінна, як і даўнішнія, абуджаць фантазію, захапляць прыгодамі сваіх герояў, заклікаць пазнаць яшчэ не пазнанае, прывіваць любоў да светлага, добрага, справядлівага і непрымірымасць да ўсяго, што гэтаму перашкаджае.

Яшчэ да таго, як навучыліся рабіць самалёты, чалавецтва ўжо лятала на казачным дыване-самалёце. Яшчэ да таго, як вынайшлі многія цудадзейныя лекі, героі казак зналі жывую ваду, што лячыла раны і нават уваскрашала мёртвых, яшчэ да таго, як мы глыбей пазналі прыроду, героі казак гаварылі на мове звяроў, птушак, дрэў. Казкі маюць выключнае выхаваўчае значэнне, асабліва ў тым узросце, калі чалавек пачынае пазнаваць жыццё і навакольны свет.

У. Л.: У вашых “Лістках календара”, Яўген Іванавіч, ёсць такія радкі: “Аднекуль з’явілася мелодыя. Яна кужэльнай ніткай пацягнула за сабой вобразы, вобразы-рыфмы, апошнія леглі ў верш. А ўвесь гэты абвал выклікала мелодыя забытай матчынай песні...” Нагадаю, Яўген Іванавіч, і прызнанне, якое вы зрабілі ў далёкім 1947 годзе ў “Казцы пра Мядзведзя”:

А там, за сасновым за лесам,
за борам,
Як золатам сінім,
іграюць азёры!
А глянеш навокал –
такая краіна:
Дзе ступіш – то рэха,
то казка, быліна...

Краіна тая адгадваецца проста – гэта ваш Нарачанскі край, ва¬ша калыска, ваша пажыццёвая ўлюбёнасць. Ён, той ваш край, бяздонны і невычэрпны на народную мудрасць, бо аж праз трыццаць гадоў вы ў “Быліне пра касмічнае падарожжа Мура¬ша Бадзіні” занатавалі зноў:

Дзе Нарач хвалі сініць
І звон стаіць птушыны,
Пачуеце вы гэту
Пра Мураша быліну.

Скажыце, Яўген Іванавіч, калі вы адчулі, што Нарачанскі край такі шчодры на казкі, быліны? Якую спадчыну народнай творчасці вы атрымалі ад маці?

М. Т.: 3 першымі сваімі казкамі кожны знаёміцца ў дзяцінстве. Расказваюць іх маці або нехта з блізкіх. І не дзіва, што месца свайго нараджэння кожны з нас доўга, а часам і ўсё жыццё лічыць пачаткам усіх пачаткаў, хоць з гадамі межы гэтай казачнай краіны ўсё больш пашыраюцца на ўсю Радзіму і нават на ўвесь свет.

Крыніца: газета "Літаратура і мастацтва", 29.06.2012

Чытайце таксама:

Навіны

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам